Пра цемру, фобiю i анёла

1.Прадмова.

Гэта дзіўна, але я заўважыла, што ён мяне вывучае. Наш новенькі. Метадычна і мэтанакіравана. Ён увогуле вельмі ўпарты, скрупулёзны і захрасаючы чалавек, я гэта адзначыла, калі мы пазнаёміліся. Я сказала тады адразу:
-Вам трэба бізнэсам займацца, у вас атрымаецца.
Заўсёды я ўсім даю характарыстыкі, нават калі мяне ніхто не просіць. Карацей кажучы, на другім сумесным дзяжурстве ён паставіў свой планшэт на стол і сказаў, што зараз мы будзем глядзець кіно. Тонам, не выносячым пярэчанняў. Я тады яшчэ нічога не падазравала і падумала, што ён намагаецца спадабацца, бо плануе доўгі час з намі працаваць. Які гэта быў фільм? “Людзі Ікс, Апакаліпсіс”. Фільм глядзела я, а ён цішком назіраў маю рэакцыю. А мне што? Я ўключыла клоўна і вырашыла з ім пасябраваць.
На чарговае дзяжурства ён прывалок здаравенны ноўтбук і мы ўрыўкамі глядзелі кіно “Анёлы і дэманы”. Я яшчэ пажартавала, что наступным разам ён павінен прынесці хатні кінатэатр і фатэль. Жарты жартамі, але калі ён ізноў паважна паставіў свой ноўт перада мной, я рытарычна запыталася:
-Катаванне апельсінамі?
Бо гэта ўжо было не смешна. Тым больш, што ён прапанаваў мне паглядзець быццам дакументальныя караткаметражкі пра звышнатуральныя з’явы. Тады я яму сказала проста ў вочы, што ніколі не гляджу жахі, што мне гэта забаронена і ў мяне фобія. І ўвогуле, што ў мяне ўжо галава трашчыць ад такой колькасці інфармацыі.
-Не, - сказаў ён. – Вы мусіце паглядзець. - Я аргументавана запярэчыла яму гэта ўключаць. Мы жорстка спрачаліся, пасля ён сказаў: -Толькі анёла, калі ласка. Я вам пакажу толькі анёла.
Гэта было жудаснае відовішча. Я разумею, што хутчэй за ўсё нейкае святло фар адлюстравалася ўначы ў відэакамеры каля супермаркета, але я хіба збялела, заплюшчыўшы вочы. Ён зразумеў і зашпіліў ноўт. І пачаў мне распавядаць пра нейкую дзяўчыну, якая выратоўвае людзей, спыняючы рукамі здалёк розныя рэчы накшталт аўтамабіля ці цялежак. І тады да мяне дайшло! Я разрагаталася з палёгкай. І патлумачыла яму, што ўсе гэтыя чуткі, што вакол мяне карагодамі ходзяць, не маюць ніякай падставы. Што я не анёл, а звычайная дурнаватая цётка і дзівосаў рабіць не ўмею. Што еўрапейскія парамедыкі выйграЮць заклады, што пры любых умовах завядуць сэрца. Гэта пытанне тэхнікі. І гэтак далей.  А далей… далей мы паехалі на выклік у цэнтр горада, да галоўнага касцёла, хаця той раён належыць іншай падстанцыі. Там як раз пачыналася імша, і натоўп спяшаўся ўнутр, старанна абыходзячы бруднага чалавека ў дзіравых шкарпэтках без абутку, які ляжаў на сходах і стагнаў:
-Я Хрыстос!
-Што, прызямліўся? У Гародні. – Я ніколі ў кішэню за словам не лезла, гэта праўда. Толькі за пальчаткамі. І вось пад звычайную людскую лаянку мы зацягнулі яго ў машыну і пачалі агляд. Ён ухапіў мяне за руку і кажа:
-Я Хрыстос! Пашкадуй мяне!
-Ты ж мая перапёлачка, ты ж мой небарачка, - дурасліва прамовіла я, мераючы яму ціск.
-Я паміраю. Я павінен памерсці. Дапамажы мне памерсці.
-Ёсць адпаведны шпіталь, - сказала я машынальна, разглядаючы карыяграмму. – Толькі я не ўпэўненая, што вас туды возьмуць. Здароўе надта добрае.
У прыёмным пакоі нас сустрэлі не надта ветліва. Чамусці наш Хрыстос нікому не падабаўся. Але ўсе прысутныя стаялі ціхенька з круглымі вачыма і слухалі ягоную чуллівую малітву. Мой даследчык паглядзеў на мяне (пільна так) і кажа:
-Ён блюзнерыць. Нельга, чалавеча, ты парушаеш запаведзь.
-Нічога ён не парушае. Усё адпаведна пісанню.
Трэба сказаць, што стаяла надвор’е небывала спякотнае і сонечнае. І раптам моцны парыў ветру страсянуў шыбы, неба ў момант завалаклі невядома адкуль наляцеўшыя свінцовыя хмары і ўдадатак пякельна грыманула!
-Трэба браць, - з чорцікамі ў вачах сказала я натапыранаму загадчыку прыёмнага аддзялення. – Анягож, Гасподзь злуецца!
“Ну, пачалося!” – прачытала я разам з захапленнем у вачах свайго новага напарніка. Карціна алеем!

2. Цемра.

З фобіяй цемры ўпершыню я пазнаёмілася ў дванаццацігадовым узросце.  Тады мы з сяброўкай хадзілі ў школьную музыкальную студыю. Яна меркавала, што ўмее добра спяваць і танчыць, а я пайшла з ёй проста так, “за кампанію”. Мы па нотах завучвалі выкананне музыкі на клавішах, якія зваліся “іонікамі”, і спявалі папсовыя песенкі ў мікрафоны, акампаніруючы адна адной. Наш кіраўнік не надта за намі назіраў, мы шмат чаго абіралі і рабілі самадзейна. Месца гэта было вельмі атмасфернае, трэба сказаць: цёмны пакой, нафаршыраваны ўсялякай апаратурай, у тым ліку відэа. Таму туды часцяком прыходзілі вучні старэйшых класаў паглядзець кіно з відэакассет. Што гэта было за кіно, я не ведаю, бо, як правіла, нам напяльвалі на галаву навушнікі з камандай:
-Так, малыя – адвярнуліся!
І мы сядзелі, сканцэнтравана тыцаючы пальцамі ў чорна-белае. Кожная спробка падгледзець узнагароджвалася пендалем, таму мы амаль не матляліся. Амаль. Раз-пораз нам дазвалялася “прысутнічаць” на прасмотрах, калі яны не лічыліся крымінальнымі. Менавіта так я паглядзела “Кашмары на вуліцы Вязаў”, урыўкамі, выкручваючы галаву. Каб я тады ведала, што гэты фільм цалкавіта перайначыць маё жыццё!
Я памятаю той позневосеньскі вечар у падрабязнасцях, бо калі я самотна йшла дамоў сярод цьмяна-жоўтых, цераз адзін сляпых ліхтароў, наваколле ажыло. Палеглая лістота бяжала за мной “зубасцікамі”, у паветры кажанамі лятала чорнае павуцінне, дакранаючыся да майго твара і валасоў, а паўсюль адчувалася чужынская прысутнасць, якая назірала за мной тысячамі вачэй. Жуда!
Далей усё было вельмі сумна, я не тое што не магла спаць у цемры, я нават не магла знаходзіцца днём ў адзіноце ў памяшканні, бо мне падавалася, што ў суседнім пакоі з грукатам рухаюцца рэчы. Я не магла зачыніць дзверы ў прыбіральні ці ваннай, бо тады невымоўнае канцэнтравалася і пужала мяне да непрытомнасці, да смерці. Добра, што я тады не звар’яцела, бо каб у мяне з’явіліся галюцынацыі, я б хіба памерла на месцы. Калі гэта пачуццё страха страшэзнага навальвалася на мяне, ахоплівала і прасочвалася ў глыбіню, я нават не супраціўлялася, проста трымалася з усёй сілы за жыццё і ясны глузд. “Я пацярплю, і яно пройдзе”,- думала я тады, скамянеўшы і сціснуўшы зубы.
Спачатку мяне завялі да нейкага прафесара-псіхіятра. Ён запытаўся:
-Ну, і чаго ты баішся?
-Не ведаю.
-Не бойся. – Сказаў ён шчыра і ветліва, засмяяўся і прымяніў лячэбнае паляпванне па плячу. Я гэтым прыёмчыкам таксама карыстаюся на сённяшні дзень, а ёсць яшчэ заахвочвальнае паляпванне, але гэта ўжо іншая тэма.
Потым мяне завялі да нейкай бабкі-вядзьмаркі, яна катала яйка па маёй спіне і грудзях, а потым выліла ў ваду воск над маёй галавой.
-Яна спужалася сабакі, - сказала яна маёй маме і паказала абрыс сабакі, у які ператварыўся воск. Я ўзлавалася неведама як, і заенчыла, што яна шарлатанка, што я люблю жывёлу і яшчэ ніколі мяне сабакі не кусалі, і ніякія гэта не сабакі мяне страшаць. Ярасць мая не мела межаў. Я ўвогуле тады была нейкая тузаная і нэрвовая. У няшчаснай бабулькі закалаціліся рукі ад крыўды, яна пляснула ваду мне пад ногі і загадала мне вымятацца “к чарцям сабачым”. Потым я яшчэ шмат часу абуралася і бунтавала. Тым не меньш, лягчэй мне не рабілася і я паступова прызвычаілася жыць са сваёй фобіяй, у пакутах і ледзь выносным стрыманні напятай стралы. Каб толькі ўтрапёна не паляцець! Вельмі складана растлумачыць, як гэта бывае, калі ходзіш у цалкавітай адзіноце на напружаных дыбачках па невядомай грані вар’яцтва, ходзіш стала і прызвычаена, адусюль сцеражучыся штуршка ці стрэла.
-Клін клінам выбіваюць! – заявіла неяк мая сяброўка і прынесла мне дамоў фільм “Хадзячыя мерцвякі”. Я памятаю, як на першых хвілінах у мяне зазвінела ў вушах, валасы заварушыліся на галаве, потым я затрэслася, нібы ў ліхаманцы, пачырванела, потым збялела, пасінела, а потым зайшла мая мама і шпурнула тую касету на падлогу. І сказала:
-Ніколі, больш ніколі ты не будзеш глядзець жахаў. Я табе забараняю. Хочаш, бойся сама. А пужаць людзей сваім выглядам я не дазваляю. – І заплакала. Хто хоць раз бачыў, як праз яго маці плача, той мяне зразумее.
Лёс сутыкнуў мяне яшчэ з адной псіхалагіняй, якая прапанавала мне намаляваць маю фобію, хутка і не задумваючыся. Я сама вельмі здзівілася, калі на паперы нібы сам сабой з’явіўся тлум людзей без твараў, сярод якіх некаторыя былі ў капялюшах. Яна таксама здзівілася і неяк неўпэўнена загадала мне зрабіць гэтыя постаці смешнымі:
-Намалюй ім павытарапленыя вочы, акуляры, крыжыкі пластыраў, клоўнскія насы, вушы да дзвярэй, валахатыя ногі, труселя ў кветачкі.
-Вы што!- Вохнула я тады, адмаўляючы, - Яны ж абразяцца і ўзлуюцца! Помста будзе.
Неяк так атрымоўвалася, што я сваю ўнутраную цемру песціла і мілавала, супрацьпастаўляючыся ўсім спробкам мяне выратаваць. Але!
Іншым разам я думаю, што анёлы існуюць. І калі хто ў патрэбе, той абавязкова з імі сутыкнецца, можа і не ўцяміўшы, з кім мае справу. Сапраўды, я так думаю, бо я бачыла і адчувала не што-небудзь, а эфект. Анёл гэта эфект, паважанае спадарства.

3. Анёл.

Гэта здарылася ў цягніку, у плацкартным вагоне. Мне тады было ажно 17 год і я летам паехала да свайго брата ў госці, скончыўшы здаваць экзамены. Усё было як заўжды, сонечна і яскрава, але хіба пайшоў дождж, якога я не заўважыла, бо ў апошні момант у вагон заляцеў хлопец, мокры з ног да галавы. Ён сядзеў і смяяўся ўва весь рот, гледзячы на мяне, а вада цякла на падлогу з яго чорных кучаравых валасоў. Потым са свайго месца ён перасеў проста да мяне і пажаліўся:
-Глядзі, у мяне джынсы ліняюць! – і прад’явіў мне далоні, запэцканыя сіняй фарбай. Тады мы пачалі рагатаць удваёх, я дапамагла яму выцірацца, а потым мы пазнаёміліся і разгаварыліся і ў момант пасябравалі. Кім ён быў? Фельчарам хуткай дапамогі. Сапраўды, я не падманваю. Яго завуць Кірыла. Ён і зараз жыве ў Брэсце.
Ехаць нам абодвум было далёка, таму мы сядзелі і размаўлялі бесцырымонна пра ўсё на свеце. І я яму распавяла пра сваю фобію, проста так, падрабязна, як нікому. І ён быў першы чалавек, які мне паверыў і паставіўся да ўсяго вельмі сур’ёзна.
-Гэта ўсё вельмі сур’ёзна, - сказаў ён. – Табе ні ў якім разе нельга баяцца. Ты сваім жахам можаш адчыніць дзверы ў той свет.
-У які яшчэ той свет? – Запыталася я зацікаўлена з мурашкамі ў патыліцы.
-Дык ты нічога не ведаеш, хіба. Дзіўна, - ён перагарнуў свой білет і пачаў маляваць ручкай нейкую схему. – Глядзі. Мы, людзі, тутака. Вось звяр’ё. Ніжэй духі. Потым пекла. Некалі ты была ў пекле, твая падсядомасць гэта памятае. Яно сапраўды існуе, гэта вельмі небяспечная з’ява. Ты мусіш утрымлівацца ад палохання, бо інакш прывядзеш іх адтуль сюды, а яны гэтага жадаюць як няведама што. Калі твой жах матэрылізуецца ў нашым свеце, гэта будзе гамон. А гэта магчыма.
Ён вучыў мяне шпарка і самаўпэўнена, мы спрачаліся, хваляваліся, сварыліся ўвесь вечар і пачатак  ночы пад грукат колаў. У яго былі адказы на ўсе мае пытанні, а пытанні ў мяне огого, мяне настаўнікі заўсёды баяліся, а аднагрупнікі пазней далі маім пытанням мянушку “каронныя”.
Потым мы некаторы час стаялі, моўчкі хістаючыся, ў чорным тамбуры і глядзелі адзін аднаму ў вочы.
-Слухай, – сказаў ён, - я б цябе пацалаваў, безумоўна. Але ў мяне вяселле праз два тыдні.
Мы ізноў пачалі рагатаць, складваючыся папалам і літаральна з’язджаючы па сценках. Мы сябе адчувалі нейкімі вясёлымі таямнічымі змоўшчыкамі. А потым дзверы адчыніліся, і я пайшла ў цемру, каб болей нічога і нікога не баяцца. Як адрэзала, паважанае спадарства.
Не, вядома, у мяне і цяпер здараюцца кароткачасовыя прыступы невымоўнай жуды, але я навучылася з імі змагацца. Бо ўсю моц свайго страху я перавярнула ў процілеглым накірунку. А фільмы жахаў я не гляджу. Мама мне забараніла.

4. Пасляслоўе. Міраж.

Дарэчы, у нашай школьнай музыкальнай студыі асабіста мне калектыўна абралі песню групы “Міраж” “Музыка нас связала”.  Я вучылася яе спяваць, прытанцоўваючы. Увогуле Таццяна Аўсіенка ў нашай дзявочай суполцы лічылася знакавай зоркай, усеагульным ідэалам; я добра памятаю  прыгажуню на плакаце, на якую я нават не марыла быць падобнай. А яшчэ, аднойчы на канцэрце мы з самой Таццянай абмяняліся пільнымі поглядамі, калі я прынясла ёй кветкі. Але, можа, мне гэта толькі падалося…
Дык вось, тую школьную студыю закрылі са скандалам пасля першага нашага з сяброўкай выступлення. Яшчэ добра, што яно адбылося проста перад навагодняй дыскатэкай, а не на якім-небудзь сур’ёзным  мерапрыемстве. Па-першае, у мае часы на дыскатэку можна было пайсці не раней, чым у 14 год, а нам было ледзь па 12, нагадаю. Па-другое, у мяне была новая сукенка, чорная з бляскам, нібы скураная, цалкавіта абцягваючая знізу да поясу, а зверху з пашыранымі плечыкамі ў заклёпках. Тую сукенку мой бацька “ўхапіў” на працы, выпадкова. Аб чым ён тады думаў, я не ведаю, але мне дазвалялася чамусці яе апранаць. Каб прыкладна вам, даражэнькія чытачы, ўявіць гэта відовішча, я ўдакладняю: аднойчы летам я пайшла ў гэтай самай сукні на дыскатэку ў вясковы клуб з сяброўкамі, а насустрач нам шпацыраваў тамашні ксёндз. Мае мясцовыя дзяўчынкі так разгубіліся, што папросту адышлі ад мяне і павярнулі ў завулак, каб той ксёндз хаця б не падумаў, што мы ходзім разам. Яны мяне саромеліся, а я йшла ў адзіноце, гледзячы таму святару проста ў вочы. Ён заўсміхаўся і сказаў:
-Што, кінулі цябе? Распусніца!  - І зарагатаў вельмі прастадушна. Папросту склаўся папалам. Ён на той момант ужо ведаў, што я выправіла адну памылку. Гэта проста анегдот, панове! Карацей кажучы, вітаючы каталіцкага святара, трэба гаварыць: “Няхай будзе ўсхвалёны Ісус Хрыстос”, а па польску “Нех бэндзе похвалёны Езус Хрыстус”. А святар тады адкажа: “На векі векув, амэн!”
Дзяўчаты ці то не дачулі, ці то пераблыталі, і замест “нех” гаварылі “не”. І што атрымоўвалася?
-Не бэндзе похвалёны Езус Хрыстус.
-На векі векув, амэн.
Ахаха! Яны яшчэ са мной спрачаліся, са мной, паліглотам! І нават запыталіся ў яго, небаракі.
Дык, вернемся да таго выступлення. Трэба сабе ўявіць, як на сцэну выходзіць піянерка, выдатніца, старшыня савета атраду, гордасць школы. У баявым макіяжы. І робіць прыкладна вось так:

https://www.youtube.com/watch?v=dnnztDex_Pk

Усё, я дапісваю з-пад стала, бо хто назірае за прыгодамі Ілоны, можа разглядзець у кліпе, як Чэ выплясвае з гітарай, а Геній з клавішамі.


Рецензии
Анёл усё правільна сказаў))
Дарэчы, упершыню чую, каб фільмы жахаў выклікалі фобію, яны ж самі па сабе фобія. Для мяне прынамсі. Жахі штосьці роднаснае шаманству - каб пазбавіцца ўласных страхаў, трэба прыдумаць нешта яшчэ больш жудаснае.

А Таіска мне штота какта. Я Лёньчыка люблю, і Таляна)))

Усё, пайшла ДР святкаваць.

Нероли Ултарика   30.06.2016 00:07     Заявить о нарушении
Сур'ёзна? А. О. Разгубілася ажно.
Блін.(шнарыць кішэні)
Чорт.(чухае ў патыліцы)
А што, пусты канверт ужо нічога не каштуе?
)))
Са святам!
Эээ. Лёньчика.(включила Фею)
Ай, ладна. І Таляна. Шкада, ці што.
Запальвай, дзіця маё.)))
Йуху.)))

Пайшла на работу.

Има Иро   30.06.2016 17:33   Заявить о нарушении
Добра, потым трупы памагу расчляняць, як што, і пазбыцца памагу, чотам.
Як што, я тутака заўтра.

Има Иро   30.06.2016 17:43   Заявить о нарушении