Аблава
– Паскуды!.. – прагаварыла я, утаропіўшыся ў змрок. Ненавіджу, калі ў мяне крадуць хвіліны сну. Жывём, нібы ў канцлагеры, дзе ў любы момант у твой барак могуць уварвацца вертухаі з вобыскам. Не ўпусціць іх немагчыма. Цераз квартал адгэтуль жыў чалавек, які не адчыніў штурмавікам "гестапіка" падчас адной з аблаў. У адплату яны выбілі дзверы і разграмілі кватэру дашчэнту, а гаспадара павалілі на падлогу і скакалі па ім, пакуль у яго не раскрышыліся ўсе рэбры, і цела зрабілася плоскім, як у камбалы.
Я здрыганулася, калі зарыпелі вонкавыя дзверы. У калідоры барака штосьці зашастала. Маёй першай думкай было: сусед-алкаш вярнуўся дадому. Паспеў неяк праскочыць, перш чым квартал ачапілі. Зараз стане перціся да сабе ў кватэру, лаючы жонку апошнімі словамі. Звычайная ягоная імпрэза... Хвіліны ішлі, але з-за дзвярэй не даносілася ні гуку. У калідоры панавала грабавая цішыня. Памёр ён там, ці што?
Вокрыкі сілавікоў былі ўсё бліжэй. Я ўжо чула лясканне вінтовак і тупат мноства ног, абутых у берцы. Адкінуўшы коўдру, я сядзела на ложку ў адной фланелевай кашулі. Сэрца шалёна калацілася. Я зразумела, што ў барак зайшоў старонні чалавек. Мабыць, з тых, каго зараз гоніць гэтая зграя. Калі ён спадзяецца перачакаць тут аблаву, то гэта не добрая ідэя. "Гестапік" зазірае ў кожны дом, а адсюль няма выйсця. Ён проста загнаў сябе ў пастку.
Я сунула ногі ў валёнкі – узімку масніцы заўжды ледзяныя, колькі б я ні паліла ў печы – крадком, на дыбачках наблізілася да дзвярэй і прыклала да іх вуха. Затым я адамкнула замок і асцярожна вызірнула ў калідор.
– Ёсць хто? – спытала я напаўголаса.
Маўчанне. Было цёмна, хоць пальцам у вока, але я ведала – ён там.
– Чуеце? Не трэба стаяць у калідоры. "Гестапікі" зараз заявяцца, а тут няма дзе схавацца, – гаварыла я шэптам.
Мае вочы трохі прызвычаіліся да цемры, і я разгледзела чалавека, які стаяў, прыціснуўшыся да сцяны. Я працягнула яму руку.
– Хадземце. Ну, хутчэй! Я магу дапамагчы.
Убачыўшы, што ён вагаецца, я схапіла яго за рукаў, уцягнула ў пакой і зачыніла дзверы.
Упусціць у дом уцекача падчас аблавы – заведамае самагубства, таму дзейнічаць трэба было хутка, каб не паспець спалохацца. У кватэры мелася схованка, пра якую сілавікі не маглі ведаць.
Баракі будаваліся спехам як часовае жыллё, ніякіх скляпоў ці камор у іх не прадугледжвалася. Пограб мы зладзілі самі, калі жыла яшчэ маці. Каля сцяны паміж акном і печчу без дай-прычыны правалілася была падлога. Мы з маці асцярожна знялі масніцы, якія трэснулі, і зазірнулі ў падмосце. Фундамент пад домам прасеў, утварыўшы яміну крокі ў тры шырынёй і такую глыбокую, што ў ёй можа было стаяць, выпрастаўшыся амаль у поўны рост. Звяртацца да рамонтнікаў мы не сталі, вырашыўшы пакінуць усё, як ёсць. Пражывём як-небудзь так. Калі гэтая халупа сыдзе пад зямлю, то халера яе бяры. Не шкада. Мы сяк-так прыштукавалі дошкі на месца і кінулі зверху ліст фанеры. Пры жаданні ўся канструкцыя лёгка разбіралася. Падчас адключэнняў электрычнасці, якія здараліся даволі часта, мы выграбалі з халадзільніка прадукты, складвалі іх у пакет і прывязаўшы за вяроўчыну, спускалі ў яму пад падлогай. Нават у летнюю спёку там цудоўна захоўваліся свежае малако і рыбін фарш, якія мы куплялі на рынку.
Укленчыўшы, я адкінула фанеру, якая закрывала пралом у падлозе. З падмосця дыхнула холадам. На імгненне ў пакоі стала светла – у акно ўдарыў прамень пражэктара. Я ўзняла вочы і зірнула на чалавека, які стаяў перада мной. На ім былі армейскія чаравікі і зімовы камуфляж-"лічба" – так апранаецца ледзь не палова Мінска. Адзежа ваеннага крою робіць чалавека безаблічным – сустрэўшы на вуліцы, я наўрад ці б звярнула на яго ўвагу. Перш чым зноў запанавала цемра, я паспела разгледзець, што валасы ў яго бляклага колеру, які завецца русым, вочы ці то шэрыя, ці то блакітныя, а позірк насцярожаны, але не злы.
Я паказала на адтуліну ў падлозе і сказала коратка:
– Туды!
– Падкоп у Амерыку? – ён укленчыў поруч мяне і зазірнуў у падмосце. – Чорт, тут цёмна. Ліхтарык ёсць?
Я пакруціла галавой.
– З ліхтарыкам нельга. Святло будзе прабівацца скрозь шчыліны ў масніцах.
– Лагічна, – пагадзіўся ён. Гаворка выдавала ў ім усходніка – штосьці няўлоўнае ў інтанацыях, у вымаўленні літар. Тутэйшыя гучаць па-іншаму, хоць прапаганда кажа, быццам розніцы ніякай.
Уцекачу прыйшлося скінуць верхнюю вопратку, каб праціснуцца ў "пограб". Я прамаўчала, убачыўшы пад камуфляжнай курткай пісталет у кабуры. Ён быў усё-такі драпежнікам.
Драпежнікам, за якім гоняцца шалёныя сабакі.
"Яны цябе не атрымаюць," – сказала я ў думках. Прыштукаваўшы масніцы на месца, я зірнула на куфар, які стаяў пад вешалкамі ля дзвярэй. Сусед быў прывалок яго аднекуль і аддаў за бутэльку "на дровы". Куфар мне падабаўся – сіні з чырвонымі бутонамі і жоўтымі завіткамі, у краме такое не купіш. У ім былі складзеныя ручнікі і пасцельная бялізна. Я ўперлася ў куфар далонямі і не без цяжкасці ссунула яго з месца. Напружваючы цягліцы, я штурхала грувасткую скрыню, пакуль яна не стала наўпрост над “пограбам”, закрыўшы паламаныя масніцы. Цяпер уцякач быў у надзейным сховішчы, але адначасова ў пастцы. Нішто не перашкаджала мне выдаць яго сілавікам, калі тыя заявяцца з ператрусам.
Яны не прымусілі сябе чакаць.
Пачуўшы грукат у дзверы, я запаліла электрычнае святло і пайшла адчыняць. Я помніла, што бывае з тымі, хто не адчыніць. Пакуль ішоў вобыск, я сядзела на ложку, закруціўшыся ў коўдру. Сілавікі працавалі традыцыйнымі тройкамі – трое "гестапікаў" у балаклавах і столькі ж стралкоў-апалчэнцаў, узброеных вінтоўкамі. Я не надта здзівілася, угледзеўшы ў гэтай зграі свайго брата. Мы бачыліся тыдзень таму, напярэдадні Новага года. Не думала, што зноў сустрэнемся так скора. Ян стаяў каля дзвярэй з вінтоўкай наперавес і рабіў выгляд, што мяне не ведае. На ім была маска з тканіны, якую ён нацягнуў да самых вачэй, нібы ў спадзеве, што так я яго не пазнаю. Смешны, дальбог. Дзякуй, хоць не ўдзельнічаў у пагроме. Балаклаўшчыкі шныпарылі па кутах, варочалі мэблю, вывальвалі на падлогу змесціва шуфлядак. Адчынілі пячныя дзверцы і пасвяцілі туды ліхтарыкам. Сагналі мяне з ложка і скінулі матрац, як быццам пад ім мог нехта хавацца. У кагосьці з іх была ўключаная рацыя – з абрыўкаў перагавораў я зразумела, што шукаюць тэрарыстаў-падпольшчыкаў, спецслужбы выйшлі на канспіратыўную кватэру, але пакуль што не ўзялі ні аднаго, і проста зараз па ўсім горадзе ідуць аблавы.
Я ўпотайкі зірнула на брата і пахаладзела. Ён пільна глядзеў на размаляваны куфар. "Гестапікі" паднялі вечка скрыні, павыкідвалі адтуль просціны ды наўлечкі і адышліся. Пра "пограб" ведаў толькі Ян. І канешне, ён не мог не заўважыць перастаноўкі: дурацкі куфар, праз які дзверы кепска адчыняліся, перасунуўся да сцяны, раўнютка на тое месца, дзе быў пралом у падлозе. Думаю, у той момант Ян зразумеў усё, але не сказаў ні слова.
Ператрус заняў не больш за паўгадзіны. Напрыканцы "гестапікі" знялі мяне на фотакамеру на фоне разгромленай кватэры (для справаздачы, ці што?), і адзін з іх прагыркаў на ядранай трасянцы: "Звініце за беспакойства!" Астатнія заржалі. Сыходзячы, Ян стараўся не сустракацца са мной позіркам.
Праз хвіліну за сцяной пачуліся гвалт і адборная лаянка. Сусед усё-такі быў дома. Распачалася валтузня, загрукатала мэбля, якая перакульвалася – пэўна, няшчасны ідыёт сп’яна палез у бойку з "гестапікамі". Нема загаласіла кабета. Нешта грузна павалілася на падлогу, і з-за сцяны сталі даносіцца здушаныя енкі і размераныя ўдары, як быццам кагосьці азвярэла мясілі берцамі. Я закрыла вушы далонямі і прысела на краёчак ложка, адчуваючы млосць. На шчасце, хутка ўсё скончылася. Некага правалаклі па калідоры, на вуліцы бразнулі металічныя дзверы аўтазака, раўнуў матор, і ўсё сцішылася. Ад суседзяў не даносілася ні гуку, відаць, забралі абаіх.
Пачакаўшы з чвэрць гадзіны і пераканаўшыся, што аблава завершана і "гестапікі" больш не вернуцца, я наважылася адчыніць падмосце. Я адсунула куфар і працягнуўшы руку, дапамагла ўцекачу выбрацца са сховішча. Ён сеў на падлозе, прываліўшыся спінай да сцяны, вочы яго былі прыплюшчаныя, як у смяротна стомленага чалавека. Я маўчала. Чакала, пакуль ён сам загаворыць.
– Чорт, у вас там вада ўнізе, – сказаў ён нарэшце. – Крыніцы размываюць фундамент. Як вы жывяце на такой яміне?
– Быў у нас нармальны дом, ды адабралі, – адказала я.
– А зваць цябе як? – спытаў ён, зірнуўшы на мяне.
– Ольга.
– Ольга-Ольга, – паўтарыў ён, ківаючы. – Адна тут жывеш?
– Як маці памерла, то адна.
– А бацька дзе?
– Пасадзілі яго па палітычным артыкуле. Далі шасцёрку, адседзеў год.
– Амнісціравалі?
– Забілі ў ШІЗА, – сказала я і спахапілася: на халеру яму пра гэта ведаць? Мне стала ніякавата ад уласнай шчырасці. Я бачу гэтага чалавека першы і мабыць, апошні раз у жыцці, а разгаварылася, як перад папом на споведзі – калі б я толькі хадзіла ў царкву.
– Навялі табе тут парадак, – прамовіў ён пасля доўгай паўзы, проста каб нешта сказаць.
– Разбяруся, – адказала я, агледзеўшы вэрхал у кватэры.
– І часта ты так падстаўляешся? – спытаў ён.
– У якім сэнсе?
– Цягнеш у дом невядома каго. Пашчасціла табе натрапіць на мяне ды цвярозага, а калі б п'яны ці уркаган які?
Я хмыкнула.
– Бачыла я уркаганаў. Ты да іх не падобны.
Мы так нязмушана перайшлі на "ты", а я нават не ведала ягонага імя.
– Пайду я ўжо, мабыць, пакуль не развіднела, – ён падняўся і накінуў камуфляжную куртку, якую трымаў у руках. – І гэта самае, аркуш, аловак ёсць?
– Недзе былі.
Пакорпаўшыся ў рэчах, раскіданых па падлозе, я адшукала нататнік з алоўкам, падала яму.
– Пра "Дарогу жыцця" чула? – накрэмзаўшы алоўкам тэлефонны нумар, ён вярнуў мне нататнік. – Калі раптам спатрэбіцца тэрмінова з'язджаць...з краіны... звані, карацей.
– Каго спытаць?
– Хто-небудзь адкажа.
– Наўрад ці калі-небудзь скарыстаюся, – сказала я шчыра. – Але дзякуй...
– Чарноў, – сказаў ён з кароткай усмешкай. – Так і заві.
Ён сышоў, і я зачыніла за ім дзверы. Наступныя некалькі дзён я чакала, што па мяне прыйдуць. Я скаланалася ад жаху кожны раз, калі па вуліцы праязджаў аўтазак ці мікрааўтобус з ведамаснымі нумарамі. Чакала, што дзе-небудзь у краме, на працы альбо проста на парозе дома да мяне наблізіцца супрацоўнік спецслужбаў і ўзяўшы пад локаць, скажа: "Нам трэба задаць вам некалькі пытанняў". Але нічога не адбывалася. Жыццё ішло сабе ды ішло. Ян мяне не выдаў. Мне здавалася, што гэта трохі зблізіла нас з братам. У нас з'явілася агульная таямніца. Пра начную аблаву мы больш не згадвалі – ні калі сустрэліся зноў на Масленку, ні ў Вялікдзень, ні ў доўгія майскія святы, ні ў восеньскі Дзень Уз'яднання, калі брат завітаў да мяне пасля парада. Мы абое старанна рабілі выгляд, што нічога не здарылася. Апошні раз мы пабачыліся ў лістападзе, калі другі месяц запар доўжылася ваеннае становішча, а па ўсёй акрузе зноў ішлі аблавы, бо быў забіты афіцэр службы бяспекі. Потым быў эшафот і нашы ўцёкі.
Свидетельство о публикации №216081001983
----
И за дальними морями чужими
Не уставала звенеть,
То же звонкое вызванивая имя,
Варяжская сталь в византийскую медь.
Нероли Ултарика 10.05.2023 14:54 Заявить о нарушении