Эшафот

У верасні ў Паўночна-Заходняй акрузе адзначылі Дзень Уз'яднання, як вядзецца, з парадам і феерверкамі, а ўжо ў кастрычніку было абвешчана ваеннае становішча. На маім жыцці гэта ніяк не адбілася, хіба што па радыёкропцы цяпер няспынна трансліраваліся ваенна-патрыятычныя песні ўпярэмешку з навінамі пра дыверсіі і ракетныя абстрэлы, ды ў прамовах прапагандыстаў стала больш істэрыкі. Адключыць радыёкропку было немагчыма, але калі мне назаляла іх балбатня, я накідвала на скрыню старую коўдру, як на клетку з папугаямі, каб заглушыць гук. Мне насамрэч было абыякава. Вайна пачалася, калі я была дзіцём. Чалавецтва магло завяршыць яе за тыдзень, але працягвала карміць пачвару аж да сёння. Прапагандысты збольшага мелі рацыю, кажучы, што ва ўсім вінаваты Агульны Захад. Вайна можа скончыцца толькі разгромам Імперыі, а Захад гэтага не хоча, бо невядома, якім зробіцца свет пасля такой перамогі. Так растлумачыў мне бацька, калі быў жывы, і гэта стала для мяне адзінай праўдай. Навін я не слухала, таму што ўсе яны былі ілжывыя.
Непакоіла мяне толькі мабілізацыя, якую чакалі з дня на дзень. Мой брат быў апалчэнцам Цывільнай гвардыі – хутчэй стражнікам, чым жаўнерам. Супраць прафесійнай арміі "цывілы" нічога не вартыя, але іх першымі кінуць на лінію фронту як гарматнае мяса. Заставалася спадзявацца, што Яна гэта не закране, таму што ён служыў у Алеся Валогі – чалавека, набліжанага да ўлады, які да таго ж даводзіўся сваяком губернатару. Найвышэйшая каста, дзе не дзейнічаюць законы. Людзей Валогі ваенкамат чапаць не стане (пераконвала я сябе), а значыць, майго брата не адправяць на бойню. Калі б я ведала, да чаго ўсё ідзе, то з песняй бы праводзіла яго на перадавую, адтуль ён бы вярнуўся без вачэй, стаў бы героем вайны, а я сястрой героя, і наша квітнеючая Радзіма, нарэшце, даравала б нам за тое, што мы былі дзецьмі палітзэка. Нядаўна я сказала пра гэта Яну, і мы абое смяяліся, да нас вярнулася здольнасць смяяцца, хаця нічога яшчэ не скончылася, і самую цёмную часіну мы перажываем проста зараз, але мне больш не страшна, страшна калі з эшафота здымаюць целы і цягнуць іх у яму, запоўненую вапнай, а да ўсяго астатняга можна прыцярпецца. Што да Валогі, то я не веру ў добрыя намеры нежыці, проста абставіны склаліся так, што сярод сабе падобных ён быў пацучыным воўкам, і гэта выратавала нам жыцці. Аднак я забягаю наперад. Калі я ўжо ўзялася за гэты аповед, то буду ісці па парадку.

Быў лістападаўскі свінцовы вечар. Я цыравала вопратку, седзячы каля стала. Час быў яшчэ не позні, але за вокнамі панавала апраметная цемра, слабая электрычная лямпачка не гарэла, а цьмела, у кутах пакоя ляжалі цені. Пачуўшы стук у дзверы, я здрыганулася так, што выпусціла з рук іголку. Страх перад няпрошанымі гасцямі, а таксама чорнымі машынамі з ведамаснымі нумарамі, сядзіць у падкорцы ў кожнага тутэйшага. Балазе палітычная паліцыя прыходзіць, як правіла, раніцай, гадзін у шэсць, калі ў кватэрах грамадзян уключаюцца радыёкропкі.
Якім жа было маё здзіўленне, калі, адчыніўшы, я ўбачыла на парозе брата. Я не чакала, што ён прыйдзе. Мы мелі звычай сустракацца ў святы (а сёння быў будны дзень), і перад тым, як завітаць, Ян заўсёды скідваў паведамленне на мой кнопачнік-дыназаўр, які ледзь-ледзь цягнуў праз працуючыя глушылкі, затое быў больш надзейным, чым сэнсарныя тэлефоны. Мусіла адбыцца штосьці надзвычайнае, каб Ян заявіўся пасярод працоўнага тыдня, нават не папярэдзіўшы. Першае, пра што я падумала – гэта мабілізацыя. Атрымаў-такі позву, вырашыў зайсці да сястры, развітацца перад этапам. Ці гэта ў зэкаў этап, а ў мабілізаваных яно завецца неяк па-іншаму?.. Разважаючы так, я паставіла на газніцу чайнік і выцягнула з буфета цукарніцу і брыкетаваную заварку. Пакуль я збірала на стол, Ян у дзіўным узрушэнні расхаджваў па пакоі, счапіўшы пальцы і нацягнута ўсміхаючыся. Можна было падумаць, што ён трохі п'яны, але паху алкаголю я не адчувала. Я бачыла, што яго штосьці гняце, але не хацела прыставаць з роспытамі. Засвістаў чайнік, я зняла яго з газніцы і заліла кіпнем заварку ў імбрыку.
– Дык што ў вас там здарылася – на вайну адпраўляюць? – спытала я нядбайна, расстаўляючы на стале посуд.
– Воля, ты памыляешся, калі думаеш, што мне на цябе напляваць, – сказаў Ян, быццам не пачуўшы пытання. Ён сядзеў за сталом, абхапіўшы далонямі кубак, і глядзеў проста перад сабой. Нават ў кволым святле электрычнай лямпы я бачыла змярцвелую бледнасць яго аблічча. Мяне зноў наведала жудаснае адчуванне, што перада мной нябожчык.
– Я ніколі так не думала, – схлусіла я, разліваючы па кубках чай, завараны, як падабалася нам абаім – чорны, нібы чыфір, і вельмі салодкі.
–Ты мне не чужая, – працягваў Ян. – Я заўсёды імкнуўся цябе падтрымаць, дапамагчы з грашыма. Я і зараз цябе не пакіну. У цябе будзе ўсё, што ты пажадаеш. Купім табе шаўковыя сукенкі і стужкі ў валасы. І каралі з антыкварнай крамы, помніш, з сінімі каменьчыкамі і зашпількай у выглядзе мятліка, ты неяк казала, што хочаш сабе такія? Яны ў цябе будуць. І дом. Купім табе нармальны дом, катэдж з гаражом, не тое, што гэтая развалюха...
– Пачакай, Ян, што ты вярзеш? – перапыніла я яго. – Адкуль у цябе грошы на катэдж з гаражом? У Маркі Шэлеха пазыку ўзяў?
Ён выдаў нервовы смяшок.
– У Веранікі досыць грошай, каб забяспечыць гэта ўсё.
У мяне пацямнела ўваччу. Вераніка. Сястра Валогі, жонка губернатара. Каханка майго брата. Ён мне сам пра ўсё расказаў, калі быў тут на свята Уз'яднання. Я спярша не паверыла, хаця людзі штосьці такое казалі. У краіне, дзе не існуе жоўтай прэсы, квітнеюць плёткі. Адміністратар кавярні, дзе я працавала, меў швагра, які меў знаёмага, які сябраваў з чалавекам, які служыў шафёрам у Драздах і ведаў усю паднаготную тамтэйшай эліты. У прыватнасці, пра "губернатаршу", якая, пасля таго як яе кінуў ейны "крамлёвец", закруціла раман са шпаной з Цывільнай гвардыі... Чорт! Я спадзявалася, што ў Яна хопіць розуму, каб парваць з гэтай жанчынай. Аднак іх адносіны працягваліся і мяркуючы па ўсім, зайшлі досыць далёка.
– Ян, я ў твае справы не ўмешваюся, жыві, як хочаш, – сказала я холадна. – Толькі растлумач мне вось што: з якой ласкі гэтая твая Вераніка стане аплачваць мае рахункі?
 – Таму што вы станеце сваячкамі, – проста адказаў ён.
– Сваячкамі? – перапытала я з недаверам. – Вы з ёй што, жаніцца надумалі?
Ён не адказаў, адно ўсміхнуўся.
– Так, а што наконт ейнага мужа? – працягвала я. – Яго куды дзенеце?
Ян з шумам падняўся з-за стала.
– Я дастаткова сказаў. Хутка ты сама пра ўсё даведаешся.
Ён схапіў куртку, кінутую на спінку крэсла, і паспяшаўся да выхаду. Я рушыла следам, каб зачыніць за ім дзверы. На парозе ён спыніўся і абняўшы мяне (што рабіў вельмі рэдка), нягучна прамовіў:
– Усё будзе добра. Воля, вось убачыш, усё будзе добра!
Калі ён пайшоў, я вярнулася да стала і ўзялася была за цыраванне, але неўзабаве адклала ніткі, бо ўсё валілася ў мяне з рук. Гутарка з братам выбіла мяне з каляіны. Я разумела, што яго ўцягнулі ў штосьці нядобрае, ён можа нарабіць глупстваў, а я нічым не змагу яму дапамагчы. Па радыёкропцы прагучаў гімн, адзначыўшы канец эфіру, і скрыня заглухла. У пакоі зрабілася ціха, толькі пад столлю трашчала, міргаючы, лямпа, а я ўсё сядзела ў нейкім здранцвенні, не адчуваючы часу, і сама не заўважыла, як заснула. Я помню, што сніла той ноччу, таму што сон быў незвычайным. Снілася музыка. Гучаў струнны інструмент, і хтосьці ў сне сказаў, што гэта лютня. Мелодыя была дзіўная – маркотная і пяшчотная адначасова, і пад музыку лютні нечы аксамітавы голас спяваў на мове, якой я не разумела.


Рецензии
Oh, my Heart, why art Thee weak
Oh, my Heart, how deep art Thy wounds
Thou who thought that love was life
Thou who thought love never dies

Cry out Thy sorrow
And seek to heal
Cry out Thy sorrow
And try to forgive

Нероли Ултарика   07.06.2023 21:05     Заявить о нарушении