Эшафот працяг
Дзе знаходзіцца Елісавецінскі манастыр, я ведала. Пару разоў на год я наведвалася ў іхнюю крамку, дзе купляла травяны крэм для твару і духмянае мыла, якое варылі манашкі. Апроч крамкі, на тэрыторыі манастыра месціліся дом паломнікаў, прытулак для сірот, вар'ятня і шпіталь для бяздомнікаў. Туды я і накіравалася.
Шпіталь размяшчаўся ў прысадзістым будынку, абсаджаным паўзасохлымі туямі. У бальнічным калідоры смярдзела хлёркай, паабапал цягнуліся дзверы з матавымі шыбамі. Каля сцяны стаяў ацынкаваны вазок, на якім ляжала зваленае ў кучу адзенне. Сярод скамечанага рыззя я ўгледзела зелянковую куртку і сіні армейскі швэдар, падобны на той, у які быў апрануты мой брат напярэдадні вечарам. Мне стала жудасна, і я адвяла вочы.
Па калідоры мне насустрач ішлі трое мужчын – адзін плюгавы, маленькага росту, двое з голенымі патыліцамі, падобныя да крымінальнікаў. Усе трое ў аднолькавых камінтэрнаўскіх пінжаках і чорных сонцаахоўных акулярах. Апошняе выглядала гратэскава, таму што сонца не было, і над горадам вісела набрынялае неба, як бруха. Грамілы з голенымі патыліцамі прайшлі міма, не звярнуўшы на мяне ўвагі, а плюгавы спыніўся і спытаў:
– Ольга Лімар?
Я кіўнула.
– Так.
– Выдатна. Значыць, зможаце забраць цела.
"Госпадзі!.." – мне хацелася закрычаць, але замест гэтага я прамовіла роўным голасам:
– Паслухайце, я не зусім разумею. Мне пазванілі з камітэта, сказалі тэрмінова прыехаць і толкам не патлумачылі, што здарылася.
Плюгавы крыва, вуглом рота, усміхнуўся, паказаўшы шараватыя разцы.
– Здарыўся замах на губернатара, – адчаканіў ён. – Узброены напад проста ў доме Яго Правасхадзіцельства. Дакладней, у доме ягонай жонкі, што не прымяншае маштабаў трагедыі. Вам ёсць што сказаць на гэты конт?
– Я нічога пра гэта не ведаю, – я ашаломлена глядзела на свайго суразмоўцу. Шэрымі ў яго былі не толькі зубы, але і валасы, і колер твару. Шэрая асоба ў літаральным сэнсе слова. Насуперак несамавітай знешнасці, ён быў, відавочна, галоўным у гэтай тройцы – пакуль плюгавы гутарыў са мной, абодва яго напарнікі пачціва чакалі каля выхаду.
– Брат не падзяліўся з вамі сваімі планамі? – спытаў ён, хітаючы галавой. – Абачліва з яго боку, аднак гэта не вызваліць вас ад адказнасці. Мяркую, вы ў курсе, што ў нас робяць з экстрэмістамі і членамі іх сем'яў.
– І што з ім зрабілі? – мой голас гучаў абыякава, хаця ўсярэдзіне ўсё рвалася на кавалкі.
– Строга кажучы, нічога экстраардынарнага, стандартная працэдура допыту. Хаця некаторыя імправізацыі мелі месца быць, – ён стомленым рухам зняў акуляры. Вочы ў яго былі нечакана яркія, фіялетавыя, як канцылярскае чарніла, і я зразумела, чаму ён хавае іх пад цёмнымі шкельцамі. Мой суразмоўца моцна касавурыў – левая зрэнка глядзела проста на мяне, у той час як правая, якая нібыта жыла сваім уласным жыццём, заехала за павека, агаліўшы палоску склеры.
"Валога, – здагадалася я. – Гэта Алесь Валога. Навошта ён тут?.."
– Ён назваў імя чалавека, які заказаў забойства, – сказаў Валога. – Я, прызнацца, быў крайне здзіўлены, аднак губернатара гэта задаволіла. Яго Правасхадзіцельства загадаў спыніць дазнанне і адправіўся адпачываць у адну са сваіх рэзідэнцый. Што тычыцца няўдалага забойцы, то я распарадзіўся, каб яго забралі з камеры і даставілі сюды. Пасля допыту ён не ў найлепшай форме... Дарэчы, калі вы з ім бачыліся ў апошні раз?
– Учора вечарам.
– Ён згадваў якія-небудзь імёны?
Ян назваў імя Веранікі, але я адказала:
– Ніякіх.
З хвіліну Валога моўчкі свідраваў мяне левым вокам – правае было нібы зацягнута бяльмом.
– Добра, – сказаў ён нарэшце і надзеў акуляры. – Калі жадаеце пабачыцца з братам, то ён у ізаляваным боксе далей па калідоры, апошнія дзверы налева. Толькі што ён атрымаў ін'екцыю марфіну. Паўтарыце гадзіны праз чатыры, шпрыц і ампулы на тумбачцы каля койкі. Гэта адзінае, што зараз можна для яго зрабіць.
Развярнуўшыся, Валога рушыў да сваіх напарнікаў, якія стаялі каля выхаду.
– Таварыш генерал-палкоўнік... – адзін з напарнікаў напаўголаса загаварыў з Валогай, нахіліўшыся да ягонага вуха. Утрох яны зніклі за дзвярыма.
Калі я ўвайшла ў ізаляваны бокс, у мяне перахапіла дыханне ад рэзкага паху дэзынфектараў. З парога я кінулася да акна і расчыніла яго ў пахмурны восеньскі ранак. Глыбока ўдыхнуўшы халоднае, сырое паветра, я сабралася з сіламі і азірнулася, каб убачыць тое, што я павінна была ўбачыць.
Ён нерухома ляжаў на койцы, як мёртвы. На ягонае аблічча быў накінуты кавалак тканіны, на якой праступалі барвовыя плямы. Ніякай медычнай дапамогі, як я зразумела, яму не аказвалі, а проста кінулі ў гэтую келлю з разлікам, што ён хутка дойдзе. Схіліўшыся над ім, я асцярожна адсунула ўбок тканіну, закарэлую ад крыві. "Гэта не ён. Не мой брат," – утрапёна паўтарала я пра сябе, утаропіўшыся на дзве разверненыя чорныя яміны там, дзе раней былі вочы. Працавалі нейкім вострым прадметам, імаверна, з металу, распаленага да чырвані. Вастрыё прайшло скрозь павека і вочны яблык, закрануўшы косці вачніцы. Чалавек з такімі пашкоджаннямі можа памерці на месцы ад болевага шоку. Хутчэй за ўсё, яны ўжо проста забаўляліся пасля таго, як усе імёны былі названыя. Ён быў у саколцы і нагавіцах, падкасаных да каленяў (верхнюю вопратку з яго здзерлі перад допытам), і па метках на ягоным целе можна было ўявіць, што з ім рабілі. На запясцях і шчыкалатках глыбокія раўкі – сляды ад сцяжак, а скура спрэс у язвах ад апёкаў. У катавальных камерах на Прэабражэнскай чалавека падчас допыту прыкручваюць да цынкавай лавы, затым у справу ідзе электрашокер ці проста аголены провад. Стандартная працэдура, як сказаў генерал-палкоўнік. Імправізацыі з вострымі прадметамі пачаліся пазней.
Рэшта дня прайшла, нібы ў сне. Не ведаю, як я здолела захоўваць спакой, магчыма, уключыліся нейкія ахоўныя механізмы. Я сядзела каля брата, трымаючы яго за руку, і час ад часу падносіла бутэлечку з вадой да яго засмяглых, абкусаных вуснаў. Ваду я папрасіла ў манашкі, якую я ўгледзела, калі вызірнула з бокса ў калідор.
– І яшчэ, калі ласка, прынясіце чыстыя бінты і пачак вільготных сурвэтак ці хаця б марлю, – дадала я так ветла, як толькі магла.
Манашка скрывіла рот, але пайшла і неўзабаве вярнулася з пластыкавым пакетам у руце, грэбліва працягнуўшы яго мне. Я прапанавала ёй грошы, але яна не ўзяла. У мяне было адчуванне, што робіцца гэта не праз міласэрнасць, а таму што такі быў загад Алеся Валогі, які з нейкай прычыны ўзяў мяне пад сваю апеку. Тое, што мяне дагэтуль не арыштавалі і не выклікалі на допыт, штосьці ды значыла.
Я сцерла кроў з ягонага твару, закрыла раны чыстымі бінтамі і стала чакаць, пакуль пройдуць чатыры гадзіны, каб зрабіць ін'екцыю. На тумбачцы ляжалі запакаваныя шпрыцы, медыцынскія іголкі і даўгаватая кардонка з ампуламі. Край кардонкі быў надарваны, адна пустая ампула валялася побач. Марфіну хопіць на суткі, а што далей? Я спрабавала ўявіць сваю будучыню. Калі Ян выжыве, жыццё будзе пеклам і для яго, і для мяне. Працу ў кавярні я страціла і новай не знайду. Хутка ў мяне скончацца грошы, і мне не будзе чым плаціць за жыллё. Мы з братам апынёмся на вуліцы, а наперадзе зіма. Я магу пайсці паслушніцай у манастыр. Такіх, як я, прымаюць ахвотна, рахманым сёстрам патрэбны бясплатныя работніцы. А хто будзе даглядаць Яна? Ёсць варыянт зрабіцца шлюхай у вясёлым квартале. І колькі я працягу – год, два, пяцігодку? Дзяўчаты з Юбілейнай згараюць хутка, як свечкі. А што будзе з Янам? Я ўспомніла была пра "Дарогу жыцця", але адразу ж адкінула гэтую ідэю. Ян не ў тым стане, каб прабірацца цераз зачыненую мяжу. Жорсткая іронія. Нумар для сувязі з падпольшчыкамі я вывучыла на памяць, а аркуш з нататніка, на якім ён быў запісаны, спаліла ў печцы. Я сумнявалася, што калі-небудзь ім скарыстаюся, але само веданне заспакойвала, давала нейкую ўпэўненасць: што б ні здарылася, заўсёды ёсць выйсце – проста ўзяць тэлефон, набраць паслядоўнасць лічбаў, і хто-небудзь абавязкова адгукнецца... "Вось і здарылася, а звярнуцца па дапамогу немагчыма, – думала я з горыччу. – Выйсця няма, проста няма. Тупік. Лепш бы нам увогуле не нараджацца..."
Спакваля за вокнамі згусціўся змрок, і вакол шпіталя запаліліся ліхтары. У боксе меўся столевы плафон, але святла я не ўключала, сядзела ўпоцемку. Я здрыганулася, калі Ян загаварыў. Мне здавалася, што ён у забыцці.
– Што, Ян? – перапытала я, схіліўшыся над ім. Ягоны голас гучаў вельмі ціха.
– Капсула.
Ён расціснуў далонь. Я ўбачыла празрысты крышталік, падобны да кулона на тонкім ланцужку. Асцярожна ўзяўшы яго ў рукі, я павярнулася да акна, у якое трапляла святло ліхтара з вуліцы. "Кулон" быў не са шкла, як мне падалося спачатку, а з матэрыялу накшталт тонкага пластыку, унутры аграненага корпуса віднелася даўгаватае цёмнае зерне – уштукаваная капсула.
– Ян, адкуль гэта? – спытала я, вяртаючы яму крышталік. На імгненне нашы рукі сутыкнуліся ў цемры.
– Валога аддаў, – ён гаварыў павольна, з цяжкасцю вымаўляючы словы, але з абсалютным спакоем, як чалавек, для якога ўсё вырашана. – Яны ўсе маюць пры сабе атруту на выпадак арышту. Людзі, набліжаныя да губернатара. Ты не ўяўляеш, у якім страху яны жывуць.
– Цыяністы калій?
– Лепш. Мадыфікацыя. Дзейнічае імгненна, ты проста не паспееш нічога адчуць.
– Як думаеш, гэтай штукі хопіць на дваіх? – прамовіла я. У тую хвіліну мне сапраўды здавалася, што смерць будзе найлепшым выйсцем. І для мяне, і для Яна.
– Воль, ты чула? – спытаў ён раптам.
Пад акном штосьці шастала. Бальнічны бокс размяшчаўся над цокальным паверхам, даволі высока над зямлёй. Па карнізе хтосьці хадзіў, занадта вялікі для кошкі.
– Вось і чорт лезе ў хату, – сказала я, устаючы. У палаце не было чым дыхаць ад хлёркі, таму акно заставалася прыадчыненым, нягледзячы на холад. Я падышла да акна, каб зачыніць яго, але не паспела я ўзяцца за раму, як у падваконнік учапілася нечая рука. Над карнізам паказалася ўскалмачаная галава, потым плечы. У святле ліхтара я ўгледзела вяснушкаваты твар з кашэчымі вачыма. Ён усміхаўся.
– Якой халеры?! – вырвалася ў мяне.
– Ты Ольга? – спытаў незнаёмец.
– Так, – адказала я збянтэжана.
Хлопец падцягнуўся на руках і сеў на падваконніку, звесіўшы ногі на вуліцу. На выгляд яму было гадоў шаснаццаць, не больш.
– Даруй, што напужаў. У калідоры відэакамеры, а я іх не люблю. Паўлюк я, ну, Павел. Служба неадкладнай эвакуацыі...так бы мовіць. Ну ты разумееш.
– "Дарога жыцця"? – спытала я, секунду падумаўшы, – Але як...
– Як вы тут жывяце, маць вашу, божыя людзі! – пачулася ў калідоры. – Заліліся карболкай па самыя вушы. Яшчэ мярцвячынай смярдзіць тут. На вентыляцыйную сістэму грошы шкадуеце, а ў ігуменні ў кабінеце дыван з ворсам, што, думаеце, не ведаем, не бачылі хіба? Падатковага інспектара б па вашы душы. Ну, чэрці!..
Дзверы расхінуліся, і на падлогу ўпала палоска святла з калідора.
– Чарноў? – я зрабіла была крок да чалавека, які стаяў на парозе, і спынілася ў замяшанні. – Як вы даведаліся?
– Прывітанне, Ольга, – прамовіў ён, праігнараваўшы маё пытанне. – Збірайся, паедзем.
– Куды?
– У бяспечнае месца. На сядзібу, – адказаў замест яго Павел, ці то Паўлюк. Ён сядзеў, разгойдваючыся, на падваконніку. Расхістаная дошка пагрозліва рыпела.
– Пачакайце... Чарноў! Нікуды я не паеду, – сказала я рашуча.
Я вырашыла, што яны хочуць забраць мяне, а Яна кінуць тут.
– Глупства, – сказаў расеец. Ён наблізіўся да койкі, на якой ляжаў Ян, і схіліўшыся, зазірнуў яму ў твар. – Стах Ваўчок, значыць? Ну, хай будзе.
Ён рыўком падняў Яна з койкі і паставіў на ногі, прытрымліваючы за плячо.
– Вось так. Пайшлі! – сказаў Чарноў і павалок яго да выхаду.
Я падхапіла бінты і ампулы з марфінам (яшчэ спатрэбяцца) і паспяшалася за імі. Краем вока я бачыла, як Паўлюк саскочыў з падваконніка на карніз і знік у цемры. Калі мы ішлі па калідоры, рахманыя сёстры спалохана ціснуліся да сцен і праводзілі нас доўгімі позіркамі.
За агароджай шпіталя нас чакала машына – абшарпаны белы корч з "левымі", хутчэй за ўсё, нумарамі. Трохі воддаль у цені, куды не сягала святло ліхтароў, я разгледзела дзве постаці – Паўлюк і худы чарнавусы мужчына, апрануты ў скураную куртку. У яго на плячы вісела важкая сумка накшталт тых, з якімі ходзяць паштальёны.
– Ольга, гэта Коган. Ён з нашых, – паведаміў Паўлюк.
Чарнавусы ўсміхнуўся.
– Маё шанаванне, Ольга! Я чуў пра вас...пра вашага брата. Гэта быў смелы ўчынак.
– Давайце хутчэй, – прагаварыў Чарноў.
Расеец падцягнуў Яна да машыны і адчыніў дзверы. Удваіх мы ўладкавалі яго на заднім сядзенні. Я падсунула брату пад галаву плоскую аўтамабільную падушку, накінула на яго шэрую коўдру, якую прыхапіла з бальнічнага бокса (наша квітнеючая Радзіма вінная мне непамерна больш) і шэптам спытала: "Ян, мне сесці побач?" Ён адказаў: "Не трэба".
– Прышпіліся, – сказаў Чарноў, абыходзячы машыну. Значыць, павядзе ён.
– А вы не едзеце? – я зірнула на Паўлюка з Коганам.
– У нас яшчэ справы ў горадзе, – адказаў Коган, паляпаўшы далонню па сумцы. – Пасля на кальцавую, там нас падхопяць. Не хвалюйцеся, з гэтым усё чотка, не ў першыню так ездзім. А, дарэчы...
Ён сунуў руку ў сумку, дастаў адтуль аркуш паперы і працягнуў мне.
– Улётачка вось, з уласнай друкарні, – сказаў ён, трохі бянтэжачыся. – Пад ранак увесь раён будзе імі абклеены, няхай "гестапікі" пабегаюць.
Я бегла зірнула на ўлётку: уверсе "Жыве!" буйным шрыфтам, побач стылізаваная зорка, ці то кветка з тутэйшага арнаменту, пасярэдзіне герб у выглядзе конніка з мячом у руцэ, а ўнізе стужкі – белая, чырвоная, зноў белая.
– Вы ж разумееце, што за гэта могуць арыштаваць выпадковых людзей? – спытала я сур'ёзна.
– Іх і так арыштоўваюць, – адказаў Паўлюк, махнуўшы рукой. – Стах Ваўчок жа не дрэмле.
Ужо другі раз за сёння прагучала гэтае імя. Я паціснула плячыма:
– І чаго ўсе носяцца з гэтым Ваўчком? Як быццам ён існуе на самай справе.
"Караль Стах Ваўчок" быў новым тварэннем дзяржаўнай прапаганды. Апошнія тыдні пра яго вяшчалі з кожнага праса, то-бок, радыёкропкі. Тэрарыст з польскімі (а якімі яшчэ?) каранямі, найміт заходнікаў (ясная рэч), нацыяналіст, садаміт (куды ж без гэтага?), ненавіснік Імперыі, арганізатар забойства элітнага маёра і кіраўнік падпольнай тэрарыстычнай сеткі ў Паўночна-Заходняй акрузе. Карацей кажучы, чарговы "шэдэўр" спецслужбаў, зляпаны нагэтулькі тупа і тапорна, што я адчувала пякучы сорам кожны раз, калі чула гэтую лухту.
– А вось губернатар не сумняваецца ў яго існаванні, – сказаў Коган. – Ольга, ваш брат назваў гэтае імя падчас допыту. Караль Стах Ваўчок, заказчык забойства. Губернатар паверыў. Пры іншых абставінах я сказаў бы, што гэта смешна. Прабачце.
*
Я сядзела, прыхінуўшыся лбом да шыбы, і глядзела ў ноч. Брат, здавалася, спаў, улёгшыся на сядзенні. У салоне было гарачавата, я сцягнула свой восеньскі плашч і заштурхнула яго сабе пад ногі. Радыё не працавала, цішыню парушаў толькі гуд рухавіка. Мяне не пакідала пачуццё, што гэта ўжо адбывалася ў маім жыцці – мы едзем на машыне скрозь восень і цемру, і ніяк не можам дабрацца дадому.
Чарноў сачыў за дарогай, яго рука ляжала на стырне. Ён быў у кашулі з кароткімі рукавамі, і я бачыла метку на ягоным перадплеччы, падобную да прамянёвага апёку – літара "К" і ланцужок лічбаў. Штосьці турэмнае?
– Чарноў, ты так і не патлумачыў, як вы даведаліся, – сказала я. – Сёння я толькі ўспамінала пра "Дарогу жыцця", але нікому не званіла. Значыць, альбо тэлепатыя, альбо вас хтосьці накіраваў. Алесь Валога, так?
Расеец прамаўчаў, што я палічыла за станоўчы адказ.
– Я так і думала. Валога. Даўно на яго працуеш?
– Для цябе гэта самае важнае зараз? – адказаў ён, не адрываючы вачэй ад дарогі.
Я пахітала галавой. У тым, што падпольшчыкаў кантралююць спецслужбы, не было нічога дзіўнага. Незразумелымі заставаліся матывы генерал-палкоўніка. "Навошта Валога нам дапамагае?" – вось пра што варта было б спытаць.
З паўгадзіны мы ехалі па асфальтаванай дарозе, потым збочылі на прасёлкавую, дзе не было ліхтароў. У нейкай глухмені між раллёй і яловым лесам Чарноў спыніў машыну – перакурыць. Я папрасіла ў яго цыгарэту.
– Курыш? – спытаў ён.
– Увогуле не. Сёння выключэнне.
– Цяжкі выдаўся дзень, разумею.
Ён працягнуў мне пачак, я ўзяла адну, асцярожна, каб не павяло з адвычкі, зацягнулася і здзівілася, адчуўшы мятны смак – цыгарэты былі з ментолавым араматызатарам, які перабіваў нікацінавую горыч.
– Доўга яшчэ ехаць? – спытала я.
– Гадзіны праз паўтары будзем на сядзібе. Там ёсць людзі з медыцынскай адукацыяй, зробяць усё, што трэба, – ён кінуў недапалак у каляіну, дзе стаяла вада. – Мне часам сніцца, быццам мне выдзіраюць вочы, ды так рэалістычна, бляха, што прачынаюся ад уласнага выцця. Больш за ўсё баюся аслепнуць. Нават памерці не так страшна.
– Не дачакаюцца.
Мы вярнуліся ў машыну і праз паўтары гадзіны язды ў апраметнай цемры апынуліся на забалочанай пустцы, над якой удалечыні лунала кропка святла.
Свидетельство о публикации №216101501373