Тройца

Следчы ізалятар знаходзіўся на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Кастрычніцкай, усяго цераз квартал ад гасцініцы, у якой спыніўся Інспектар. Каля параднага ўваходу чакаў "джылі" з шафёрам, але Інспектар пажадаў прайсціся пешкі, каб крыху размяцца і глынуць свежага паветра перад тым, як занурыцца ў смурод і затхласць казематаў. Калі ён спусціўся ў вестыбюль, са скуранога фатэля падхапіўся чалавек у тактычным камуфляжы з нашыўкай у выглядзе дзвюх шасцерань. З нагруднай кішэні ягонай падшыванай курткі вытыркалася рацыя – сувязі ў горадзе дагэтуль не было. Зрабіўшы крок наперад, мужчына выцягнуўся па стойцы "зважай", прыставіў руку да скроні і адрапартаваў:
– Камандзір атрада народнага апалчэння Сяргей Няўдаха!
– Вольна, – адказаў Інспектар, пільна яго разглядваючы.
Камандзір быў сярэдняга росту, даволі мажны, з бялёсымі валасамі, якія ўжо пачыналі радзець. Аблічча ён меў круглявае, губы тоўстыя, нос кірпаты, а вочы маленькія і хітраватыя. Тутэйшы да мозгу касцей. Гаварыў Няўдаха з моцным мясцовым акцэнтам, што выклікала ў Інспектара невыказнае раздражненне. Чым далей ад Мінска, тым горш абстаялі справы ў тутэйшых з чысцінёй маўлення.
Няўдаха, які мусіў суправаджаць Інспектара ў следчы ізалятар, не здолеў схаваць кіслага выразу твару, калі даведаўся, што ісці прыйдзецца пешшу. Камандзір апалчэння разлічваў праехаць гэтыя пару соцень метраў па-багатаму, у ведамасным аўто з персанальным кіроўцам. Спусціўшыся з прыступак гасцініцы, яны рушылі па ходніку, ачышчаным ад снегу і пасыпаным пяском з соллю – Інспектар наперадзе, Няўдаха адстаючы на паўкроку. Рэдкія мінакі, угледзеўшы ўніформу палітычнай паліцыі, адводзілі вочы і імкнуліся непрыкметна перабрацца на іншы бок вуліцы.
– Гэта вы кіравалі сённяшнім рэйдам? – удакладніў Інспектар.
– Так точна! – з гатоўнасцю адказаў Няўдаха. – Ад ночы на нагах, за суткі шчэ ні разу не прылёг і вось толькі зараз быў прысеў, добра, што ў фатэль, а не на шконку.
Няўдаха коратка рагатнуў і пацёр нос далонню.
– Колькі іх было? – спытаў Інспектар, прапусціўшы жарт міма вушэй.
– Чалавек дзесяць, – пасур'ёзнеў Няўдаха. – Шасцёра ўцекачоў і суправаджальнікі з "валынамі", чатыры як мінімум. Рабяты ў маім атрадзе надзейныя, але тут, прама скажу, разгубіліся, бо яны, падлы, адстрэльвацца пачалі. Вядома, на вучэннях падобныя пытанні адпрацоўваюцца, аднак ніхто не чакаў, што нешта такое можа адбыцца ў жыцці. Экстрэмісты ж, як правіла, не супраціўляюцца – проста кладзі іх мордай у асфальт ды вяжы сабе, насвістваючы. А гэтыя страляць надумалі, зусім асатанелі. Я сваім крыкнуў: хто назад паверне, таго адпраўлю пад трыбунал! Ну, хлопцаў гэта падбадзёрыла, рванулі ў атаку. Кіламетра паўтара мы іх гналі цераз замерзлае балота, а як пачаўся лес, я загадаў спыніцца. Чорт знае, колькі ў пушчы партызанаў, яшчэ і ноч, а ў мяне правіла: байцамі задарма не рызыкаваць. Ніводнага не страціў, а з экстрэмістаў двух узяў, аднаго палонным, аднаго трупам. Я тую поскудзь сам заваліў, гэтымі вось рукамі, – ён ускінуў свае шырокія, пацямнелыя ад пораху далоні і энергічна імі пакруціў. – На трупе ксівы не было, то я на тэлефон яго засняў, для справаздачнасці. Не жадаеце зірнуць?
– Устрымаюся, – суха адказаў Інспектар. – Апазнанне праводзілі?
Няўдаха збянтэжана паскроб брыво пазногцем.
– Ніяк не, Ваша Благароддзе, – сказаў ён, кашлянуўшы. – Цела адсутнічае.
– Н-не зразумеў, – Інспектар пільна паглядзеў на камандзіра. – Што значыць "адсутнічае"?
– Вінаваты, Ваша Благароддзе, дапусціў пракол, – паспешліва загаварыў Няўдаха. – Пакуль з палонным разабраліся, даставілі яго спярша на базу, потым у СІЗА, а туды мэр прыехаў, мясцовае начальства ў поўным складзе, і перад кожным трэба адсправаздачыцца, а тут якраз антэну ламанулі, паляцела магістральная сетка. Карацей, пра забітага ўспомнілі, калі ўжо развіднела. Адправілі машыну, а яго ўжо няма, адно снег прымяты, дзе ён ляжаў, крывішчы наплыло і сляды навокал, бачна, што цела валаклі ў бок лесу. Экстрэмісты, сябрукі ягоныя, вярнуліся і труп забралі, больш няма каму.
– Вы дакладна ўпэўнены, што ён быў мёртвы, а не падняўся ды пайшоў на сваіх нагах? – скептычна спытаў Інспектар.
Няўдаха паківаў галавой.
– У мяне вінтоўка з разрыўнымі кулямі, а я страляў ва ўпор, яму лёгкія вынесла нахрэн, прабачце. Калі ён пасля гэтага і жыў, то нядоўга.
– Дайце зірнуць! – раздражнёна загадаў Інспектар.
Няўдаха выхапіў з кішэні тэлефон, які праз адсутнасць сувязі гадзіўся хіба што для гартання галерэі, і падаў яго Інспектару. Той з гідлівасцю паглядзеў на экран і вярнуў тэлефон уладальніку.
– Чарноў, – прагаварыў Інспектар. – Інфарматар Валогі. Дагнала-такі куля. А я спадзяваўся ўбачыць яго на шыбеніцы.
Няўдаха напружыўся.
– Вы яго ведаеце? – спытаў ён занепакоена. – Ён нейкай важнай быў асобай?
– Хутчэй няважнай, нікудышнай, я б сказаў, – бляклым голасам адказаў Інспектар. – Не пераймайцеся, вы ўсё зрабілі слушна. Годна адпомсцілі за сваіх загінулых таварышаў.
Няўдаха махнуў рукой.
– Ды якія яны нашы? Мінскія. Рэзервісты з Кашараў, атрад імя Івана Сусаніна. Ну то-бок, мы іх так празвалі, бо яны ў першы ж тыдзень ухітрыліся з навігатарам у балоце захраснуць. Ваякі! – ён цокнуў губамі. – Прыслалі нам атрад для ўмацавання пазіцый, а на справе з іх адно замінішча, яны ж нічога тут не знаюць, сунуцца, куды не просяць, і таварыш Няўдаха ім не ўказ, яны, бач ты, маюць сваё камандаванне. Патрулі вунь былі зладзілі, па два-тры карабінеры, як у сталіцы. А я адразу гавару: тут вам не Мінск, а партызанская пушча, не распыляйцеся, бо гэтак, на два-тры, вас і апрыходуюць. Неа, не паслухалі, а я нібы ў ваду глядзеў.
Інспектар прамаўчаў. Балбатня камандзіра пачынала яго стамляць. Ён незаўважна сунуў руку за пазуху і намацаў партабак ва ўнутранай кішэні. Яго апанавала вострае жаданне зрабіць зацяжку, хоць ён не так даўно курыў. Дробка мешані ніколі не бывае лішняй... "Пазней," – сказаў ён сабе.
Перайшоўшы скрыжаванне з непрацуючымі пасля ранішняй дыверсіі святлафорамі, яны заглыбіліся ў вузкі і доўгі, як гарматнае жарало, сквер. Выкладзеная пліткай дарожка між ніцымі ялінамі ўпіралася ў бетонную, жаўтушнага колеру агароджу, паўзверх якой цягнуліся віткі калючага дроту. Над металічнымі дзвярыма вісела барвовая шыльда з выявай візантыйскага арла ў каронах і надпісам, прадубліраваным па-беларуску: "Следчы ізалятар №..." Такія двухмоўныя таблічкі былі часткай мясцовага каларыту накшталт свята ўраджаю альбо савецкіх назваў вуліц у кожным райцэнтры. Нацыянальнай мовай ніхто з тутэйшых не карыстаўся, нават тыя з іх, што былі прызнаныя экстрэмістамі.
– Хвіліначку, – сказаў Няўдаха. Ён паднёс да твару хрыпячую рацыю і коратка далажыўся. Дзверы ізалятара мілагучна блямкнулі і адчыніліся.
*
– Колькі ў вас вязняў, не лічачы палоннага? – спытаў Інспектар.
– Тры, Ваша Благароддзе, – адказаў начальнік СІЗА. – Двое мясцовых, затрыманыя сёння за п'яны дэбош, і адзін заезджы гастралёр, які прадаваў грамадзянам расцёртую ў парашок крэйду пад выглядам патэнтаванага сродку для мужчынскай...
– Гэтыя падрабязнасці мяне не цікавяць.
Яны ішлі па бетонным калідоры пад мярцвячым святлом столевых лямп – афіцэр палітычнай паліцыі, камандзір апалчэнцаў і турэмшчык у форменным кіцелі. Паабапал цягнуліся шэрагі браніраваных дзвярэй з наглуха зачыненымі акенцамі. Пахла хлёркай і хімічным араматызатарам. Перад візітам Інспектара тут старанна памылі і папырскалі асвяжальнікам, каб перабіць турэмныя пахі. Інспектар палічыў гэта дурасцю – ва ўстанове, дзе людзей мэтанакіравана гнояць жыўцом, не павінна духменіць фіялкамі. Большасць камер пуставалі. Напярэдадні амаль усіх арыштантаў этапавалі ў абласны цэнтр, каб вызваліць месца для палітычных. Назаўтра была запланаваная маштабная аблава ў горадзе, а таксама ў прылеглых населеных пунктах.
– Асоба палоннага ўстаноўлена? – спытаў Інспектар.
Начальнік СІЗА пахітаў галавой.
– Высвятляецца, Ваша Благароддзе. Узніклі некаторыя цяжкасці. Дакументаў пры ім, канешне, не было.
– Адбіткі пальцаў?
– Мы адправілі запыт у цэнтральную базу, але адказу пакуль не атрымалі па незалежных ад нас абставінах. У выніку дыверсіі пашкоджана станцыя сувязі, у бягучы момант вядуцца рамонтныя работы.
– А сам ён што?
– Маўчыць.
– І вы не здолелі развязаць яму язык?
– Складаны выпадак, Ваша Благароддзе.
– Складаны, о, складаны? – паўтарыў Інспектар. На яго бледнаватым абліччы ўпершыню за сённяшні дзень затрымцела ўсмешка. – У Галоўнага ўпраўлення кожны выпадак – архіскладаны, але няма такіх, да каго не знайшлося б адмычкі.
Турэмшчык і камандзір апалчэння абмяняліся хуткімі позіркамі. Інспектар не мог не заўважыць збянтэжанасці абодвух.
– Ён мяне ледзь не прыкончыў, – прагаварыў Няўдаха. – Адкрыў, разумееце, хаатычны агонь з абрэза вінтоўкі, не прыцэльваючыся, наўздагад. У мяне проста над вухам прасвістала, аж валасы заварушыліся. Прыйшлося аглушыць яго прыкладам.
– Калі ён хаатычна, як вы гаворыце, страляў па ўсім, што рухаецца, то як вы здолелі да яго падабрацца? – з недаверам спытаў Інспектар.
– Ну... – пачаў быў Няўдаха, але начальнік СІЗА, зрабіўшы крок наперад, паслужліва адчыніў перад Інспектарам дзверы, да якіх была прыкручана таблічка – аднамоўная: "Нормальное положение дверей – закрытое".
За дзвярыма з нармальным становішчам – зачыненае знаходзілася памяшканне для допытаў. Абсталяванне было аскетычнае: просты стол і пара крэслаў з металічнымі ножкамі, белыя, як у бальнічнай палаце, сцены без акон, затое з вялізным, нібы кінаэкран, люстрам-"шпіёнам". Прыглушана гудзелі столевыя плафоны. Паблісквала настольная лямпа, стылізаваная пад карбалітавыя свяцільні, што стаялі ў кабінетах НКВД за часамі Саветаў. Маладая квітнеючая дзяржава ўспадкавала найлепшае ад абедзвюх Імперый – царскай і сацыялістычнай. Апроч таго, карбалітавая лямпа была не проста аксесуарам, але і працоўным інструментам. Падчас допытаў рэзкае, сляпучае святло накіроўвалі проста ў твар падазраванаму, каб хутчэй зламаць яго псіхалагічна і выбіць прызнанне.
Пад люстрам каля стала застыў навыцяжку ўзброены ахоўнік. Палонны экстрэміст сядзеў на крэсле, паклаўшы на стол рукі ў кайданках і нахіліўшы галаву. Ён быў апрануты ў цывільны камуфляж – свайго роду паўсядзённую ўніформу, у якой ходзіць большасць мужчынскага насельніцтва акругі. Зелянковая куртка выглядала паношанай і быццам з чужога пляча. Армейскія чаравікі без шнуркоў. Шнуркі ляжалі побач на стале разам з іншымі канфіскаванымі рэчамі, якіх было не так шмат: рэмень са спражкаю, папяровыя насоўкі, напалову пусты блістар фенібуту, пачак астраханскіх лакрычных ледзянцоў...
– Цікава, – прамармытаў Інспектар, узяўшы са стала тонкі сярэбраны ланцужок, на канцы якога пагойдвалася аграненая празрыстая сляза з цёмнай сарцавінай.
Атрапас – сінтэтычны яд, мадыфікацыя цыяніду ў капсулах, стылізаваных пад біжутэрыю, быў дзіўнаватым і бязглуздым вынаходствам айчыннай "абаронкі", неўзабаве знятым з вытворчасці. Капсулы-кулоны, рэшткі старой партыі, аж дагэтуль прадаваліся з-пад крыса. Дастаць іх было складана і каштавала немалых грошай – невыпадкова атрапас называлі "збаўленнем арыстакратаў".
– З палоннага знялі, Ваша Благароддзе, – паведаміў Няўдаха. – Ён страляў у бок атрада, заціснуўшы капсулу ў зубах. Гэта, відаць, новы звычай у экстрэмістаў – трымаць пры сабе атруту, каб жывымі не здавацца.
Камандзір апалчэнцаў муляўся каля дзвярэй. Начальнік СІЗА, заклаўшы рукі за спіну, засяроджана разглядваў сваё адлюстраванне ў "шпіёне". Узброены ахоўнік стаяў з непранікальным, як у гульца ў покер, тварам. На душы ва ўсіх было неспакойна. Напрактыкаваным вокам Інспектар прыкмеціў агульную напружанасць, якая проста вісела ў паветры. Пэўна, з гэтым арыштантам сапраўды меліся нейкія складанасці.
– Адкуль гэта ў цябе? – спытаў Інспектар, пагульваючы ланцужком.
Палонны маўчаў. Інспектар цярпліва чакаў адказу. Паўзу, якая пачынала зацягвацца, парушыў начальнік СІЗА. Павярнуўшыся да палоннага, ён злосна выклікнуў:
– Чуеш, вісельнік, да цябе звяртаюцца! Капсулу дзе ўзяў?
– Падарунак каханай, – адказаў той, не падымаючы галавы.
– Арыгінальна, – холадна сказаў Інспектар. Ён акуратна паклаў капсулу на стол і спытаў ужо больш жорстка:
– Імя?
– Караль Стах Ваўчок, – адказаў палонны.
Інспектар шумна ўздыхнуў і пацёр пераноссе кончыкамі пальцаў.
– Мяркую, гэты адказ недакладны. Паспрабуем яшчэ раз, – Інспектар наблізіўся да палоннага і схапіўшы яго за валасы, рвануў уверх. – Імя! – гыркнуў ён і раптам адхіснуўся.
На яго ўтаропілася застыглае, безжыццёвае аблічча з дзвюма западзінамі замест вачэй.
Інспектар не першы год служыў у палітычнай паліцыі. У катавальні Галоўнага ўпраўлення траплялі і бязногія калекі, і смяротна хворыя, і слабыя на галаву вар'яты. Інспектар лічыў гэта справядлівым (законы Квітнеючай Радзімы аднолькавыя для ўсіх), аднак з падобным кантынгентам ён не працаваў, адчуваючы натуральную агіду да ўсяго нездаровага і нежыццяздольнага. У справаздачы, якую палкоўнік Язеў паспеў атрымаць да таго, як у горадзе абсеклі сувязь, не гаварылася ні слова пра фізічны стан палоннага. Гэта было безумоўнай подласцю, каб не сказаць дыверсіяй. Інспектар зноў адчуў нясцерпнае, да спазмаў у глотцы, жаданне закурыць. Дробка мешані вярнула б яму душэўную раўнавагу...
– Чаму не папярэдзілі?! – загрымеў Інспектар.
– Гэта не мы. Было ўжо так, калі яго ўзялі, – панура прамовіў Няўдаха.
– А вы, таварыш Тур? – Інспектар павярнуўся да начальніка СІЗА. Той стаяў, уцягнуўшы галаву ў плечы, і ў яго лютых, глыбока пасаджаных, як у неандэртальца, вачах чытаўся непадробны страх. – Дзе ваш прафесіяналізм? Што вы наогул робіце на пасадзе кіраўніка пенітэнцыярнай установы, калі вы не ў стане саўладаць з калекамі ды юродзівымі?
– Прыносім ізвіненія за дастаўленыя няўдобствы, – сказаў палонны на жудаснай трасянцы.
– А ну, заткнуўся! – раўнуў начальнік СІЗА. Інспектар зрабіў яму знак замаўчаць. Калі гэтыя ідыёты не ўмеюць ладзіць допыты, ён ім пакажа, як працуе Галоўнае ўпраўленне.
Паклаўшы на стол чамаданчык, з якім не расставаўся, Інспектар падсунуў крэсла і ўсеўся насупраць палоннага так, каб іхнія твары знаходзіліся на адным узроўні.
– Ці ўсведамляеш ты, дзе знаходзішся? – спытаў Інспектар.
– Усведамляю, – адказаў палонны, гэтым разам без ценю акцэнту на чыстай, бездакорна правільнай мове Імперыі.
– Цудоўна. Значыць, ты павінен разумець, што ў тваіх інтарэсах з намі супрацоўнічаць і не вымушаць нас ісці на жорсткія меры.
– А мне ёсць што губляць?
На абліччы, пазбаўленым вачэй, складана расчытаць эмоцыі, але Інспектар гатовы быў паклясціся, што палонны хмыліцца. Ён задуменна паглядзеў на карбалітавую лямпу, потым на сляпога і павольна пахітаў галавой.
– Разумееш, любезны, – роўным голасам пачаў Інспектар. – Не існуе такога дна, пад якім не было б новага дна. Якім бы кепскім ні было тваё становішча, мы з лёгкасцю можам яго пагоршыць. Напрыклад... – палонны таргануўся, калі Інспектар грэбліва, рукой у пальчатцы, дакрануўся да тыльнага боку яго далоні. – Напрыклад, раструшчыць табе пальцы на абедзвюх руках, фалангу за фалангай. Нам нават не спатрэбіцца адмысловае абсталяванне, досыць дзвярэй у гэтым кабінеце. Затым табе выдзеруць язык і кінуць сабакам. А потым, добра, мы адпусцім цябе. Мажліва, ты здолееш дабрацца да сваіх сяброў-экстрэмістаў, у чым асабіста я сумняваюся. Не варта думаць, што гэта пустыя пагрозы, бо перад табою маёр палітычнай паліцыі, не апошні чалавек у Галоўным упраўленні. Калі б ты меў вочы, я паказаў бы сваё пасведчанне. Прыйдзецца паверыць на слова.
Палонны прыбраў са стала рукі ў кайданках і адсунуўся, уціснуўшыся ў спінку крэсла. Інспектар скрывіў губы ў халоднай усмешцы.
– Гляджу, цябе ўразіла згадка пра Галоўнае ўпраўленне, – сказаў ён са здзекам. – Мабыць, табе знаёмыя камеры допыту на Прэабражэнскай? Ці не там ты пакінуў свае вочы, прыяцель?
Сляпы маўчаў, але Інспектар бачыў, што яго калоціць, нібы ў трасцы, а ягонае бяскроўнае аблічча зрабілася папяліста-шэрым. З задавальненнем Інспектар адзначыў, што натрапіў на болевую кропку. Цяпер гэты вісельнік скажа ўсё.
– Імя? – спытаў Інспектар.
– Ян...Лімар, – адказаў палонны, запінаючыся.
– Ужо лепш, – Інспектар пахвальна кіўнуў. – Наступнае пытанне: адкуль капсула?
– Аддалі.
– Хто аддаў?
– Алесь Валога.
Інспектар знерухомеў. Справа набывала нечаканы абарот. Далейшая гутарка мелася быць не для старонніх вушэй.
– Гаспада, – прамовіў Інспектар, не зводзячы позірку з палоннага. – Памяшканне разлічана на двух чалавек, тут сабралася пяцёра. Папрашу ачысціць.
– Есць! – выпаліў Няўдаха і з палёгкай выскачыў у калідор.
Начальнік СІЗА, спахмурнелы і злы, абвёў цяжкім позіркам турэмнага ахоўніка, які стаяў па стойцы "смірна", і сказаў яму гучным шэптам:
– Чуў, скаціна? Выйшаў адгэтуль!
– Парадачкі, – уздыхнуў Інспектар, калі за імі зачыніліся дзверы. Трэ будзе разабрацца з гэтымі кадрамі. Камандзір апалчэння занадта дзёрзка сябе паводзіць, а начальнік СІЗА не спраўляецца з абавязкамі. Абодва яўна не на сваім месцы. Ён асабіста прасочыць, каб у Мураўёў-Віленскі выправілі камісію для праверкі вайсковай часткі і следчага ізалятара – ох, і паляцяць жа ў кагосьці галовы! Гэтым ён зоймецца пазней, а пакуль што... Інспектар адчыніў чамаданчык, гучна шчоўкнуўшы замкамі.
– У мяне ў руцэ дыктафон, – сказаў ён палоннаму. – Зараз я ўключу запіс і буду задаваць табе пытанні. Твая задача – адказваць выразна і па сутнасці справы. Я жадаю пачуць ад цябе ўсё, што ты ведаеш пра Алеся Валогу. Ну, ты гатовы да шчырай гутаркі, альбо спачатку пальцы ў дзверы?
– Не рабіце нічога, – ціха адказаў палонны. – Я ўсё скажу.
– Адразу б так.
Інспектар уключыў дыктафон.
*
Калі допыт быў скончаны і палоннага адвялі ў камеру, Інспектар не стрымаў уздыху палёгкі. Сцягнуўшы пальчаткі, ён прыплюшчыў вочы і пацёр сабе скроні кончыкамі пальцаў. Інспектар пачуваўся поўнасцю выматаным, але ў той жа час задаволеным, нібыта ён увесь дзень перасоўваў скрыні з залатымі зліткамі. Асцярожна, як найвялікшую каштоўнасць, ён паклаў у чамаданчык дыктафон і зашчоўкнуў замкі. Кампрамат на Валогу, які так доўга і марна шукаў палкоўнік Язеў, цяпер у яго руках.
Выклікаўшы ахоўніка, Інспектар стомленым голасам спытаў, ці аднавілася ў горадзе сувязь. Бесправадная сетка дагэтуль ляжала, але рамонтнікам сяк-так удалося наладзіць тэлефонны кабель. Начальнік СІЗА, які не прамінуў з'явіцца, правёў яго ў свой кабінет, дзе меўся стацыянарны тэлефон з селектарам. Пасля некалькіх безвыніковых спроб Інспектару ўдалося звязацца з рамонтным цэхам, куды пасля аварыі адтранспартавалі гелікоптар. Верталётчык, узяўшы трубку, млява далажыўся, што праз радыёперашкоды выйшла з ладу адна высокатэхналагічная дэталь, на шчасце, у горадзе знайшліся адмыслоўцы, якія проста зараз робяць усё магчымае, але наладка зойме пэўны час, імаверна, прыйдзецца заказваць камплектуючыя са сталіцы.
– Я зразумеў. Заставайцеся на сувязі. Адбой! – Інспектар ударыў па рычажку і прыняўся набіраць міжгорад.
Дазваніцца да Мінска ў гэты дзень яму не выпадала. Пасля пары гудкоў на тым баку проваду нешта шчоўкала, і ў слухаўцы распачыналася жудаснае трашчанне, скрогат і гукі, падобныя да замагільнага вухкання. Інспектар паклаў трубку і кінуўшы разгубленаму турэмшчыку:
– Адпраўляйце дэпешу! – выйшаў з кабінета.
Калі Інспектар пакінуў будынак следчага ізалятара, над горадам згусціўся змрок і на вуліцах запаліліся ліхтары. Інспектар у знямозе прыхінуўся да бетоннай агароджы. Ягоныя рукі злёгку дрыжэлі, калі ён намацваў у кішэні партабак. Выняўшы самакрутку, ён пстрыкнуў запальнічкай і прагна, з усхліпам зацягнуўся смалістым дымком. "Жыццё наладжваецца," – сказаў ён сабе. Яго больш не бянтэжыла перспектыва затрымацца ў гарадку да раніцы. Гасцініца тут нішто сабе, кампрамат пры ім (Інспектар з пяшчотай паглядзеў на чамаданчык, як трымаў у руцэ), цяпер можна не спяшацца. Ён ужо прыняў рашэнне, што перад палкоўнікам Язевым ён адсправаздачыцца пазней. Найперш ён звяжацца з адміністрацыяй Губернатара і запросіць аўдыенцыю. Яго Правасхадзіцельству не цярпіцца дазнацца, хто быў арганізатарам змовы, якая ледзь не каштавала яму жыцця. Наўрад ці ён узрадуецца, калі пачуе імёны – што ж, хтосьці павінен сказаць горкую праўду. Гэта жонка яго Вераніка, у дзявоцтве Валога, і ейны вырадак-брат.
Зрабіўшы новую зацяжку, Інспектар нетаропка рушыў да сквера, які аддзяляў ізалятар ад вуліцы. На ўваходзе ў яловую алею ён спыніўся перад стэндам з партрэтамі злачынцаў у вышуку. У самым цэнтры сярод рабаўнікоў і ашуканцаў красавалася шыракаскулая фізіяномія з чорнымі вусамі і валасамі да плеч – архівораг, экстрэміст з экстрэмістаў, няўлоўны лідар падпольнай тэрарыстычнай групоўкі Караль Стах па мянушцы "Ваўчок". У Інспектара скрывілася пагардліва верхняя губа. Ён-то ведаў, што перад ім не фотаздымак рэальнага чалавека, а выява, згенераваная нейрасеткамі. Прычым штучны інтэлект не вельмі стараўся – атрымалася нешта сярэдняе паміж героямі мінулых сезонаў: Атручальнікам водаправода, Мінёрам смеццевых бачкоў і Шпіёнам у жаночым парыку, з якімі доблесна змагалася (і перамагла) служба бяспекі. Асобы на імя Караль Стах "Ваўчок" ніколі не існавала. Ён быў чарговым праектам Камітэта бяспекі, створаным у кабінетах ідэолагаў для застрашвання чэрні. Дзейнасць спецслужбаў была строга засакрэчаная. Усе гучныя справы, якія траплялі ў навіны, мелі толькі ўскоснае дачыненне да рэчаіснасці і былі, па сутнасці, інсцэніроўкамі з тапорным сцэнарыем і кардоннымі персанажамі. Пра "тэрарыстаў-падпольшчыкаў" і іхняга грознага важака загаварылі мінулай восенню – Караля Стаха тады абвінавацілі ў забойстве маёра спецслужбаў. Не прайшло і месяца, як гэты злыдзень стаў фігурантам новай справы – замаху на жыццё Губернатара. Група ўзброеных да зубоў тэрарыстаў (паведамлялася ў навінах) пад кіраўніцтвам "Ваўчка" акружыла рэзідэнцыю, у якой знаходзіўся Яго Правасхадзіцельства. Нягоднікі не здолелі нават наблізіцца да сваёй мэты, таму што іх сустрэў спецназ Камітэта бяспекі і прыняў агонь на сябе. Пасля працяглага напружанага бою ўсе тэрарысты былі нейтралізаваныя, апроч Караля Стаха, які кінуў сваіх баявых таварышаў і знік. З гэтай нагоды Яго Правасхадзіцельства выступіў на тэлебачанні са сціслай прамовай, падчас якой вынес падзяку службе бяспекі і Алесю Валогу асабіста. Гісторыя атрымалася нагэтулькі рэзананснай, што адрэагаваў нават Самадзержац, даслаўшы Губернатару кароткае паведамленне, у якім было толькі тры словы: "Следи за собой".
У рэчаіснасці падзеі разгортваліся некалькі іначай. "Тэрарыст" быў усяго адзін, дый той няўдалы, яго літаральна схапілі за руку на месцы злачынства, пасля чаго ён быў дастаўлены ў камеру допыту на Прэабражэнскай. Допыт праводзіў непасрэдна палкоўнік Язеў у прысутнасці Губернатара і генерал-палкоўніка Валогі.
Інспектар адчуваў сябе абражаным тым, што таварыш палкоўнік схаваў ад яго падрабязнасці гэтай справы. Аб якой стабільнасці можна казаць, калі начальнік Галоўнага ўпраўлення не давярае свайму першаму намесніку? З іншага боку, таварыш палкоўнік меў грунтоўныя прычыны трымаць усё ў тайне, хаця б з гледзішча прафесійнага гонару. Працэдура допыту пайшла не па пратаколе, у Яго Правасхадзіцельства здалі нервы, у выніку ад затрыманага нічога не дабіліся. У выйгрышы аказаўся толькі Валога, якому па збегу акалічнасцей пашчасціла адкруціцца.
Пасля замаху Губернатар не паказваецца на публіцы, увесь час праводзячы ў адной са сваіх аддаленых рэзідэнцый. Ягоная жонка трэці месяц запар лечыць меланхолію ў элітным пансіёне ў Эміратах. Хітра прыдумана. Мажліва, гэта была ідэя Алеся Валогі – пасля правальнай змовы ўцячы куды падалей "на юга". Паклапаціўся аб бяспецы сястры, пытанне, чаму ён сам застаўся? Разлічвае, што ніхто не дакапаецца да праўды?
– Неабачліва, Валога, – мармытаў Інспектар, як быццам той мог яго чуць. – Твой кілер-няздара здаў цябе з усімі вантробамі. Цябе павесяць на галоўнай плошчы як экстрэміста, а я станцую тотэнтанц пад шыбеніцай. Гамон табе, Караль Стах!
Зацягваючыся самакруткай, Інспектар перайшоў скрыжаванне і скіраваўся да гасцініцы. Пад вечар ажылі гарадскія святлафоры, але ўштукаваныя ў іх камеры відэаназірання заставаліся адключанымі. У дамах утульна свяціліся вокны. Халадала, раз-пораз задзімаў калючы сівер. Прахожыя падымалі капюшоны і паскаралі крок. Перад уваходам у гасцініцу Інспектар спыніўся, каб дакурыць. Калі папяроса датлела да муштука, ён пасля кароткага вагання выхапіў з партабака новую і прыкурыў ад недапалка, паабяцаўшы сабе, што гэтая – апошняя на сёння.
Каля ўваходу прытармазіла жоўтая таксоўка. Інспектар рассеяна назіраў, як з машыны выходзяць манашка ў бабровым футры паўзверх расы і дзяўчынка гадоў трынаццаці, апранутая ў казённае паліто, з-пад якога выглядваў падол карычневага форменнага плацця. Манашка расплацілася з шафёрам і падхапіўшы пад руку дзяўчынку, стала падымацца па прыступках гасцініцы.
Інспектар здрыгануўся, калі дзесьці побач пачуліся гукі музыкі. Узняўшы вочы, ён з неўразуменнем агледзеўся. Пад ліхтаром насупраць уваходу ў гасцініцу стаяла тройца – мужчына і дзве дзеўкі. Мужчына, высокі і станісты, быў апрануты ў чырвоны з золатам кафтан і такую ж шапку, якая вельмі пасавала да ягоных доўгіх і чорных, як крыло гругана, валасоў. У руках ён трымаў струнны інструмент накшталт гітары з авальным корпусам і кароткім грыфам. Дзявіцы, адна рыжая, другая ў хустцы, накручанай на галаву на манер турбана, стаялі спінамі да Інспектара, які збянтэжана разглядваў іхняе ўбранне – аголеныя плечы, вузкія гарсэты, спадніцы да зямлі, выцвілы чырванаваты аксаміт, скамечаныя карункі. Мужчына ў кафтане ўдарыў па струнах і заспяваў даволі прыемным, аксаміцістым голасам:
Я бачыў воўка, лісу і зайца,
Я бачыў, як яны танцавалі –
Утраіх вакол дрэва –
Я бачыў воўка, лісу і зайца,
Утраіх вакол дрэва,
Вакол зялёнага куста.
Інспектар нахмурыўся. Нацыянальная мова, канешне, не была пад забаронай, аднак пачуць яе можна было хіба што на фальклорных святах. Здавалася абсалютна неймаверным, каб хтосьці заспяваў па-беларуску проста так, на вуліцы райцэнтра ў вечар буднага дня. Ці мае гэты трубадур дазвол ад гарадской адміністрацыі, і ці ўзгоднены ягоны рэпертуар з камісіяй па культуры?
– Малады чалавек! Мужчына! – аклікнуў яго Інспектар.
Музыка падняў галаву ад сваёй дзіўнаватай гітары, і Інспектар убачыў ягонае аблічча ў аблямаванні чорных валасоў – даўгаватае, бледнае, якое можна было б палічыць прыгожым, калі б не бяльмо на правым воку. Інспектара перасмыкнула. "Шанцуе мне сёння на сляпых ды крывых, – сказаў ён сабе. – Што за дзень такі?.."
Тут цёмна ва ўсе часы года,
І з глузду з'ехаць можна тут,
Тут цёмна ва ўсе часы года,
І з глузду з'ехаць можна тут!
Звінелі струны. Адна з дзевак прытанцоўвала, другая пляскала ў ладкі ў такт мелодыі. Нешматлікія прахожыя ішлі міма, апусціўшы вочы долу, і як быццам не чулі.
Я цэлы месяц нічога не бачыў,
Як тую зграю ля куста.
Нам нічога не застаецца,
Як бачыць зайца, лісу й ваўка.*
– Грамадзяне, я папрасіў бы... – пачаў Інспектар, узвысіўшы голас.
Аднавокі прыціснуў далонь да струн, абарваўшы спеў. Абедзве дзеўкі павярнуліся тварам да Інспектара. Такіх брыдкіх пачвар ён яшчэ не бачыў. Рыжая мела нейкую жудасную дэфармацыю сківіцы, якая рабіла яе падобнай да гіены. Яна хмылілася, дэманструючы частакол вострых, жаўтлявых зубоў. Тая, што ў турбане, рысы твару мела прапарцыянальныя, але яе вельмі псаваў чорна-белы грым, праз які яна выглядала, як труп, што некалькі гадзін праляжаў на санцапёку і ўжо пачаў тухнуць.
Інспектар зажмурыўся. Калі ён расплюшчыў вочы, музыка і жанчына-гіена прапалі. Пад ліхтаром засталася дзявіца ў грыме. Яна заўсміхалася і рушыла да Інспектара, на хаду сцягваючы з галавы турбан. Па яе аголеных плячах рассыпаліся сівыя, як у старой каргі, пасмы, хаця дзеўка была ў самым росквіце.
– Не-не, мне непатрэбныя твае паслугі! – паспешліва сказаў Інспектар.
Усміхаючыся, дзеўка наблізілася ўшчыльную, і Інспектар з жахам усвядоміў, што яна не ў грыме – гэта быў натуральны колер яе скуры. Не паспеў ён апамятавацца, як дзеўка працягнула да яго сваю тонкую, бледную руку і лёгенька пляснула яго па шчацэ. Інспектар адхіснуўся, ледзь не выпусціўшы самакрутку. Дзеўка знікла.
– Гэта трызненне, – прамармытаў Інспектар, трымаючыся за шчаку.
 Ён зразумеў, што з ім толькі што здарылася галюцынацыя, альбо сон наяве – такое бывае ў спажыўцоў мешані, якія не знаюць меры. Бадай, досыць на сёння зелля, а то і праўда можна з'ехаць з глузду. Было б крыўдна загрымець у вар'ятню цяпер, калі чакаюць вялікія справы. Інспектар занепакоена прыадчыніў чамаданчык. Дыктафон быў на месцы. Пропуск да маёй кар'еры, сказаў ён сабе. Новыя зорачкі на пагоны, а магчыма, чым чорт не жартуе, пасада начальніка Галоўнага ўпраўлення. Палкоўніку Язеву даўно пара на адпачынак. Ён так і не акрыяў пасля баявога ранення і робіць промах за промахам. Зацягнуўшыся ў апошні раз, Інспектар патушыў недапалак аб край вулічнай урны і падняўся ў вестыбюль гасцініцы.


* Пераклад Testamentum Terrae


Рецензии