Кветка цнатлiвасцi

Многа вады выцекла ў Свіслач-раку з той пары, як мясцовыя ўлады канчаткова вырашылі нацыянальнае пытанне і паставілі тлустую кропку ў дыскусіях аб тым, на якой мове павінны быць шыльды. За гэты час Мінск пахарашэў, прырос казармамі, публічнымі дамамі і набыў рэпутацыю ўзорнай сталіцы федэральнай акругі. Жыццё віруе, казіно-манаполіі працуюць з ночы да рання, штомесяц адчыняюцца ўсё новыя кавярні і ўсякага роду ядальні, рэберныя для гурманаў, сушачныя для эстэтаў, шынкі, корчмы, піўныя, чарачныя, закусачныя, сталовыя і буфетныя на любы густ і гаманец. Іншай культуркі для грамадзян не прадугледжана. Ды ім і не трэба. За пяцігодкі чыстак тут сфармавалася стэрыльнае грамадства накшталт калоніі інфузорый-туфлікаў, якія боўтаюцца ў паддоне піраміды Маслоу і рахмана спажываюць усё, што ім падсоўвае цэнзура. З гледзішча ўлад, сярэдні грамадзянін мусіць быць задаволены: чыстае неба, мірныя вуліцы, базавыя патрэбнасці закрытыя, чаго табе яшчэ трэба, сабака?
 – Сабака! – прамармытаў скрозь зубы расеец і зацягнуўся самакруткай.
Ён стаяў на набярэжнай, аблёгшыся на бетонны парапет. Ваду ў рацэ спусцілі – чысцілі дно, аголенае рэчышча смярдзела ракушкамі, пад мостам грувасцілася туша экскаватара з загрузлым у твані каўшом. Шарэла. Горад дранцвеў у зімовым прыцемку. Цёмны парк на тым беразе навісаў гнятліва, як цыклапічны зікурат. Агні і гукі вялікага горада тухлі пад золкай імжой. Увесь снег, што выпаў напярэдадні, растаў, ператварыўшыся ў гразь. А гразь у голы лёд пад нагамі маёра, сказаў у думках расеец і дадаў услых:
– Чорт бы яго пабраў!
Яму не падабаўся гэты горад. У тым жа Брэсце неяк свяжэй. У Мінску не прапхнуцца праз турыстаў з метраполіі, якія пруцца сюды натоўпамі, асабліва ў Новы год і на майскія, каб падыхаць "савецкім паветрам", згуляць у казіно, з'есці дранік са смятанай у "Васільках" і ў абавязковым парадку выказаць захапленне чыстымі вуліцамі – прынамсі, за апошняе ўжо хочацца прыстукнуць. Здаўся ім гэты Мінск. З больш-менш прыстойнага тут толькі цэнтральны раён, а навокал панэльныя гета са скрынямі гандлёвых цэнтраў і паркамі-катлаванамі. Глядзець няма на што, спрэс навадзел у крыварукім выкананні, крамлі з фанеры, Патрыяршыя без сажалак, пунсовы ветразь (пропіссю: адзін) у загарадцы з КПП для ідэалагічна правільных Асолей, а ты любуйся з-за парэбрыка, быдла. Не, у Брэсце ўсё-такі свяжэй.
Над набярэжнай заміргалі, разгараючыся, ліхтары. У электрычным святле бліснулі беленыя ліштвы музейнай хаты РСДРП, а крыху воддаль па-над вершалінамі вербаў завіднеліся брыжастыя вежкі сталінскай высоткі. У цемры над дахамі ўспыхнулі павучыныя вочы тэлеантэны.
Вуліца Камуністычная была з нешматлікіх мінскіх лакацый, што захавалі сваё ўласнае, няхай крыху вычварнае, аблічча. Прынамсі, гэты яе адрэзак паміж будынкам Міністэрства абароны і Плошчай Перамогі. Адна палова вуліцы забудавана гмахамі, другая засаджана дрэвамі – цяністы сквер і стромкі спуск да ракі, апранутай у бетон. Забудова ў стылі савецкага ампіру з ягоным пафасам і імкненнем згрэбці ў адну кучу ўсе дасягненні архітэктурнай думкі: грэцкія ратонды, карынфскія калоны, рымскія порцікі, барочныя віньеткі, гатычныя шпілі і пентаграмы, высечаныя ў граніце. Гістарычны кантэкст у дадатак, для тых, хто разумее: тут нарадзілася Руская Рэвалюцыя і жыў забойца Кенэдзі. Усё разам стварае адмысловую аўру, якой няма больш нідзе ў горадзе. Калі Д'ябал раптам вырашыць наведаць Мінск (вясной, у час неймаверна гарачага захаду), яго першае аб'яўленне народу адбудзецца менавіта тут.
Расеец паднёс да вачэй дапатопны кнопачны тэлефон, які трымаў у руцэ, і прыжмурыўшыся, зірнуў на цьмяна падсвечаны экран з лічбамі гадзінніка. Без асаблівай надзеі ён націснуў хуткі набор і пачуўшы звыклае "абанент недасягальны", скінуў выклік.
– Чорт бы яго пабраў, – напаўголаса паўтарыў расеец. Ён з агідай зрабіў апошнюю зацяжку і кінуў самакрутку цераз парапет. Пракрэсліўшы ў паветры чырвоную дугу, недакурак пляснуўся ў рачную твань і зашыпеў. Зелле ўпершыню не прыносіла задавальнення, адно млоснасць да рвотных спазмаў.
Ён падцягнуў да падбароддзя замок камуфляжнай курткі, глыбей насунуў капюшон (зімовая золь працінала да вантробаў) і сунуўшы рукі ў кішэні, рушыў у бок праспекта.
Цэнтральная артэрыя Мінска зіхцела агнямі і грымела аўтамабілямі. Па ходніках крочылі грамадзяне, выфранчаныя і ўзрушаныя ў прадчуванні зямных уцех. Быў вечар пятніцы, а гэта значыць, што хутка ўсе будуць п'яныя.
Спыніўшы таксоўку, расеец уладкаваўся на заднім сядзенні і знарок нядбайна кінуў:
– На Юбілейную!
Шафёр ухмыльнуўся, бліснуўшы залатымі зубамі (туркмен, не іначай) і прамармытаў штосьці па-свойму, мабыць, не зусім прыстойнае. Пэўна, ён працаваў тут даўно і добра ведаў тапаніміку Мінска з усімі мясцовымі артэфактамі. Назва "Юбілейная" ў мінчукоў атаясамлівалася не з аднайменнай плошчай альбо станцыяй метро, але з размешчаным паблізу кварталам таўнхаусаў з шлагбаўмамі і рэстаранамі, куды асобы маладзейшыя за васямнаццаць гадоў не дапускаюцца.
– Ехай давай, – з прыкрасцю сказаў расеец. Ён нічога не меў супраць гастарбайтараў, але гэтыя панаехалыя пасля сваіх джамахірый пачуваюцца ў Мінску, як у раі, і нахабяцца праз меру. І гэты туды ж, вунь, фіксы залатыя ўставіў, што ў яго на радзіме не ўхваляецца, яшчэ і хмыліцца, падлюга.
Шафёр даў па газах, і таксоўка паімчала па праспекце міма паркаў і "сталінак", балюстрад з манументальнымі вазамі і ліхтарамі на ўзорыстых цокалях. Расеец адкінуўся на сядзенні і безуважна ўтаропіўся ў акно. Пасля выпаленай дозы ў галаве злёгку шумела. У роце стаяў паскудны смак, як быццам накурыўся махоркі, змешанай з сасновым пілавіннем. Хвіліны ішлі, а эфект не наступаў. Яму даводзілася чуць, што пасля прыступу снападобных галюцынацый можа паявіцца неўспрымальнасць да зелля. Такое рэдка, але здараецца.
Зелле, рэчыва, мешань, мікс – бясколерны крышталічны парашок няяснага складу, які гоняць нібыта з Усходу (па іншых звестках – з паўднёва-заходняй граніцы). Лічыцца танізуючым сродкам, у афіцыйным продажы адсутнічае, але яго можна набыць з-пад прылаўка ў любым шалмане. Парашок у адвольных прапорцыях змешваецца са звычайным тытунём (адгэтуль назва – мешань) і забіваецца ў самакруткі. На мешані шчыльна сядзіць ледзь не кожны другі, і толькі некаторыя зазнаюць яе пабочнае дзеянне, якое па-навуковаму завецца анейроідам, а па-простаму мерачаннем. Праўда, у адрозненне ад класічнай "хваробы шаманаў" усё выглядае даволі бяскрыўдна, чалавек проста ляжыць бервяном і сузірае прасторы Сусвету. Пытанне ў тым, якім будзе абуджэнне. Хтосьці адыходзіць ад галюцынацый без наступстваў, быццам і не было нічога, іншыя зарабляюць злаякасную шызафрэнію з імклівай дэградацыяй і распадам асобы.
"Чорт, не гэта, не!.." – мысленна прастагнаў расеец. Ён расшпіліў куртку, сунуў руку пад талстоўку і скрывіўся, намацаўшы шнар – доўгі няроўны равок уздоўж рэбраў правей ад страўніка. Ён гатовы быў паклясціся, што яшчэ ўчора гэтай штукі не было. Ён не меў метак на целе, апроч турэмных. Рубец, нібыта даўно загоены, не прычыняў болю, але нерваваў неймаверна.
Ён намагаўся аднавіць у памяці падзеі, што адбыліся напярэдадні, пасля таго, як яны пакінулі сядзібу і рушылі ў бок мяжы. Двое ўцекачоў, два праваднікі. З сабой абрэзы вінтовак, заплечнікі, электрычныя ліхтары (час – глухая ноч). Мелкі – отрак Павел з сядзібы – быў у гэтай кампаніі, у прынцыпе, лішні. Расеец вадзіў людзей цераз мяжу сам-адзін, без памагатых. Мелкі ім проста навязаўся: "Пайду я з вамі, штосьці прадчуванні ў мяне нядобрыя". Бажавольны. Расеец быў рэзка супраць, бо не прывык працаваць у звязцы, дый з Паўла той яшчэ напарнік, нядаўна быў вылучыўся, нарваўся на патрульных. Але Гілярыя, гаспадыня сядзібы, настаяла: няхай ідзе! З ёй расеец спрачацца не стаў, сабе даражэй, сказаў толькі Мелкаму, каб перад вачыма не маячыў, іначай ён за сябе не ручаецца.
Калі разважаць лагічна, то далей падзеі разгортваліся, імаверна, так. Перад самай мяжой яго напаткаў прыступ снападобных галюцынацый (анейроіду, мерачання, пабочкі). Ён злавіў вясёлыя карцінкі і адключыўся. Уцекачоў далей павёў Мелкі, яго ж клапатліва адцягнулі ў бліжэйшы лясок і паклалі пад сасной, так бы мовіць, пад зялёнай. Там ён і апрытомнеў на досвітку, без зброі, без грошай, без сродкаў сувязі і з поўным неразуменнем, на якім ён, уласна кажучы, свеце. Найгоршым было тое, што з абуджэннем гарачкавыя відзежы не расталі, як сон, але заселі ў памяці намёртва, больш яркія і рэчаісныя, чым сама рэчаіснасць.
Іх ўзялі ў кальцо і адстрэльвалі, нібы ваўкоў у загоне. Рабяты пайшлі на прарыў. Беглі пад свінцовым дажджом, валіліся долу, тварам у жоўклую траву, што пахне снегам і балотнай гніллю, падымаліся, беглі. Толькі б да лесу.
Снег плавіцца. Зелянявыя святлівыя палосы крэсляць начную імглу. Абапёршыся аб калена, ён заганяе новую абойму ў абрэз. Узняўшы вочы, бачыць перад сабой дула вінтоўкі. Салдат у камуфляжы – прысадзісты, з прамяністай усмешкай сельскага ідыёта – цэліцца яму проста ў твар: "Ну што, змагар, капітуляцыя?" Ён кідае абрэз і ўзняўшы далоні, павольна падымаецца на ногі. Салдат усміхаецца. Стрэл.
Болю ён не адчуў. Яго проста адкінула на спіну і прыгваздала да зямлі. У роце з'явіўся смак жалеза.
Салдат стаіць над параненым і глядзіць, як той курчыцца на прыцярушанай снегам траве, выхаркваючы кавалкі ўласнага лёгкага разам з крывёй. Потым, насвістваючы, прымаецца шнарыць у параненага па кішэнях, выцягвае тэлефон, круціць яго ў руцэ і прыхільна ўгукнуўшы, хавае сабе за пазуху. "Сволач, марадзёр", – хрыпіць паранены. Ён спрабуе прыўзняцца, але глеба пад ім хістаецца, расплываецца смаляной ямай, і яго цягне некуды ўніз, у апраметныя прорвы, дзе звіваюцца і шыпяць залатавокія гадзюкі, варушыцца бледнае карэнне, цягнучыся да чорных крыніц, і Падземныя Жыхары рыюць сабе лёхі сярод крохкіх зжаўцелых костак і раструшчаных чарапоў. Уніз-уніз-уніз...
Дрыгва. Яны крочаць вузкай сцяжынкай па топкай, зацярушанай снегам імшары. Над багнішчам сцелецца шчыльны туман. Пад нагамі мёрзлы журавіннік з буйнымі ягадзінамі, якія ў начным змроку выглядаюць чорнымі. Туман глушыць гукі, лезе ў глотку, як вата, забіваючы лёгкія. Цяжка дыхаць. У роце смак жалеза. Дзіўна, як яму ўдаецца ўтрымацца на нагах.
Яна крочыць наперадзе, тонкая і гонкая, плыве ў шызай смузе, быццам не кранаючыся зямлі. На ёй кажух з апушкай, зімовая спадніца з тоўстага палатна і ваўняная хустка, якая закрывае галаву і плечы. У руцэ старасвецкі бляшаны ліхтар. Полымя свечкі за вясёлкавым шкельцам дрыжыць і ападае, але не гасне. Час ад часу яе постаць губляецца, знікае ў тумане, і тады бачны толькі агеньчык, які лунае па-над дрыгвой. Ён ідзе след у след, адстаючы на некалькі крокаў. Пад імхом хістаецца зыбкая глеба. Паабапал сцяжынкі ляжаць вокны прорваў, над якімі стаўбамі стаіць смуга, а ў чорнай вадзе варушыцца штосьці жывое, глядзіць у імглу россыпам бляклых вачэй...
Калі дапусціць, што салдафон з ружжом, падзенне ў трусіную нару і наступныя пятлянні па балотах былі трызненнем, то і шнар гэты – род галюцынацыі, а гэта значыць, што ён дагэтуль не ў сабе. Не дзіва, што новая доза не падзейнічала. Ён ад папярэдняй яшчэ не адышоў.

Каля Верхняга горада таксоўка павярнула направа і мінуўшы саборы і ратушу, выехала на Паркавую магістраль. Абмялелая чорная рака выгіналася паміж каменных берагоў, пабліскваючы, нібы змяіная скура. На тле начнога пахмурнага неба ўздымаліся падсвечаныя чырвона-зялёным хмарачосы з раскінутымі паміж імі паветранымі экранамі, на якіх ішла несупынная трансляцыя рэкламных і патрыятычных ролікаў.
 "Што, калі ўсё гэта нерэальна?" – разважаў расеец. Мажліва, ён дагэтуль ляжыць пад небам Аўстэрліца, то-бок, пад сасонкай на палескіх балотах, і падае з адной галюцынацыі ў наступную... І Валога знік, чорт бы яго пабраў. Днямі генерал-палкоўнік выказаў асцярогу наконт уцечкі інфармацыі – у "гестапіку" штосьці знаюць, магчымыя правакацыі. Раніцай ён не адказваў на званкі, а гэта вельмі нядобры знак. Калі Валогу ўзялі і падпольная сетка разгромленая, то...
– Мне хана! – услых сказаў расеец і спахапіўся, скосу зірнуўшы на шафёра. Той быццам і не чуў, круціў сабе баранку ды глядзеў на дарогу. Па аўтарадыё мясцовая зорка эстрады мурлыкала пад гітару, ці то пад лютню, лірычную песню, ухваленую Саветам па справах моладзі, Камісіяй па культуры і Свяшчэнным Сінодам.
Не даязджаючы да возера, таксоўка павярнула налева, абмінула будынак гатэля, пакружыла па стромкіх вуліцах Татарскай слабады (у Мінску цікавыя перапады вышынь) і спынілася каля абгароджанага квартала з КПП, над якім вытыркалася камера відэаназірання. Шафёр заглушыў матор і абвясціў на найчысцейшай рускай:
– Юбилейная, вашбродь!
За часамі Першай Імперыі губернскі Мінск славіўся сваімі вясёлымі кварталамі. Пасля Уз'яднання ўсё вярнулася да сваіх каранёў. Да падобных рэчаў тутэйшыя ставіліся памяркоўна, балазе казіно і стаўкі на спорт квітнелі тут яшчэ ў эпоху суверэнітэту. "Лас-Вегас, ёлкі!.." Адзначыўшыся на прапускным пункце, стылізаваным пад будку гарадавога з шлагбаўмам, расеец апынуўся на запаветнай вулачцы, выкладзенай тратуарнай брукаванкай і асветленай ліхтарамі, насуперак чаканням, не чырвонымі, а жоўтымі. Паабапал размяшчаліся катэджы і таўнхаусы "пад мадэрн", некаторыя з якіх выглядалі даволі годна, дарма што навадзел – драўляныя бэлькі, аканіцы, дахоўка, каваныя балкончыкі і парэнчы на высокіх ганках. Вуліца бязлюдная, ні гуку ні руху, так адразу і не скажаш, што трапіў у вясёлы квартал. Усё адбываецца ўнутры будынкаў за шчыльна зачыненымі дзвярыма і зашмаргнутымі шторамі, у пакоях, абабітых аксамітам, куды ніколі не зазірае сонца і ў кадках стаяць электрычныя дрэвы са святлівымі кронамі.
Калі ён крочыў па вуліцы, у вокнах дамоў прыўзнімаліся шторы, а на ганках, як прывіды, з'яўляліся жанчыны ў бліскучых плаццях, з яркімі валасамі і ўдасканаленымі тварамі. Пластыка рабіла іх безаблічнымі – ва ўсіх аднолькава пульхныя вусны, даўгаватыя вочы, гладкая, як цэлулоід, скура, туга нацягнутая на скулы. Гэтыя жывыя лялькі не абуджалі ў ім ніякіх пачуццяў. Калі якая-небудзь з іх спрабавала з ім загаварыць, ён адварочваўся і паскорваў крок.
 Прайшоўшы вуліцу амаль да канца, расеец збочыў у невялікі, абсаджаны туямі тупік, пераскочыў цераз лужыну, прыхопленую лёдам (прыкметна пахаладала) і апынуўся перад асабняком з чарапічным дахам і фахверкавым фасадам. Вонкавая лесвіца вяла на другі паверх, дзе размяшчаліся ўваходныя дзверы. З ажурных парэнчаў звешваліся кашпо са штучнымі геранямі. Ружовы ліхтар у форме рамбоіда асвятляў масіўную шыльду, абвітую медным плюшчом:
КВЕТКА ЦНАТЛІВАСЦІ.
Ён счакаў хвіліну, каб даць сябе разгледзець у камеру сачэння, схаваную над уваходам, і рушыў да лесвіцы. Ледзь ён паспеў узяцца за парэнчы, як дзверы расхінуліся, выпусціўшы вонкі гоман галасоў, звон келіхаў і брэнканне раяля, і на лесвічную пляцоўку выплыла гаспажа Лілея ўласнай персонай – гаспадыня асабняка і аматарка мілых каламбураў. Яе складаную прычоску з кудзерак і завіткоў (якія ў залежнасці ад настрою мянялі колер з агніста-рудога на абсідыянавы чорны праз усе адценні блонду) вянчаў бутон белай лілеі. Сімвал нявіннасці на чале блудніцы, адначасова намёк на ейнае імя і назву ўстановы – дзёрзка і з глыбокім сэнсам, шкада, ацаніць маглі не ўсе, бо мала хто з заўсёднікаў квартала разбіраўся ў мове кветак.
Непрыкметным рухам паправіўшы гарсэт, які ціснуў ёй у таліі, гаспажа Лілея працягнула да госця руку ў доўгай мярэжыстай пальчатцы, пры гэтым запясце яе какетліва скруглілася. З узростам яна стала набываць пышныя формы, але ейныя запясці і шчыкалаткі заставаліся такімі ж далікатна тонкімі, як у юнацтве.
Гаспажа Лілея пражыла бурлівае жыццё – перамагала ў конкурсах прыгажосці, вальсавала з моцнымі гэтага свету, служыла ў эскорце, хіба што ў космас не лятала. Размяняўшы саракоўнік, яна ўзяла ліцэнзію ў Камітэце маралі, арандавала асабняк на Юбілейнай і занялася прадпрымальніцтвам. І хаця жыццёвы досвед зрабіў яе некалькі цынічнай, сэрца яе не счарсцвела і захавала здольнасць да шчырых пачуццяў.
– Анатолій Дзмітрыевіч! – праваркатала яна, ззяючы ўсмешкай.
– Быццам бы, – рассеяна адказаў той.
Узяўшы яго за руку, яна падабрала падол фіялкавай, пад колер вачэй, сукенкі і шамоцячы спадніцамі, пацягнула за сабой па лесвіцы ўверх.
Гэты маршрут расеец ведаў на памяць і мог прайсці яго з заплюшчанымі вачамі. Спярша гасцёўня, абсталяваная з прэтэнзіяй на югендшціль: канапы, крэслы і столікі з фларальнымі завіткамі, люстры ў выглядзе бутонаў з каляровага шкла, электрычныя свечкі ў разгалістых кандэлябрах. Сцены і падлога абабітыя ліловым плюшам. У глыбіні залы барная стойка з моцнымі напоямі і лёгкімі закускамі. У куце кадка з фальшывай пальмай, абкручанай дыёднымі гірляндамі, і раяль. Набрыялінены хлюст у атласнай камізэльцы, нацягнутай проста на голы торс, наігрывае мелодыі жорсткіх рамансаў. Бліжэй да поўначы на сцэну выйдуць клоўнэсы і танцоркі кардэбалету. (У свой час гаспажы Лілеі каштавала шмат высілкаў, каб выбіць у цэнзараў дазвол на культурна-забаўляльную праграму ў духу французскіх кафэшантанаў, што не адпавядала традыцыйным славянскім каштоўнасцям. Дапамаглі сувязі і хабар). На канапах і за столікамі суквецце прыгажунь, апранутых, як гаспадыня, у доўгія сукенкі з гарсэтамі. Поруч кліенты ў расшпіленых каўнерыках, яшчэ нешматлікія, бо час не надта позні. Праз нейкія пару гадзін тут будзе тлум, і гвалт, і сад зямной асалоды. Гаспажа Лілея плыве скрозь залу, вітаючы гасцей лёгкім кіўком галавы. Гарачая прыхільніца Сярэбранага веку, яна скрупулёзна прадумала дызайн інтэр'ераў і склала спіс строгіх правіл для дзяўчат, якія тут працуюць: убранні і прычоскі ў стылі арт-нуво, мінімум касметыкі і ніякай пластыкі, апроч гіялуронавых ін'екцый. І хаця большасці кліентаў, асабліва пасля кілішка-другога беленькай, абсалютна ўсё роўна, хто там скача на сцэне і ўва што апранутыя дзевачкі, сярод мясцовых заўсёднікаў ёсць інтэлектуалы, якія разумеюць. Гаспажа Лілея паварочваецца да расейца, які ідзе следам за ёй, і адорвае яго пяшчотнай усмешкай.
Прайшоўшы па дыяганалі гасцёўню, яны спыняюцца перад арачнай нішай у сцяне. Гаспажа Лілея адсоўвае цяжкую парцьеру, за якой хаваецца мармуровая лесвіца з чатырма прыступкамі і плюшавым паласам. Плафон у столі струменіць пыльнае святло. Лесвіца вядзе плаўна ўверх да наступнай нішы, таксама занавешанай парцьерай. Мінуўшы гэты плюшавы грот, ці то тунэль, яны трапляюць у доўгі, цьмяна асветлены калідор з двума шэрагамі шчыльна зачыненых дзвярэй, з-за якіх не даносіцца ні гуку. Дыван на падлозе глушыць крокі. Мерна гудуць матавыя свяцільні. У канцы калідора ліфт з ажурнай рашоткай. Лёгкі рух рукі, рашотка адсоўваецца ў бок, і яны ўваходзяць у прасторную кабіну з люстранымі сценамі. Мякка падскочыўшы, кабіна праязджае пару метраў угору і спыняецца. Яны выходзяць у вузкі калідорчык, цьмяна асветлены вулічным святлом, што пранікае ў вузкае акенца пад столлю. Тут толькі адны дзверы, дыхтоўныя, з меднай ручкай і драўлянымі філёнгамі. Гаспажа Лілея паварочвае ключ у замку і штурхае дзверы. З цемры пакоя на іх патыхае даўкім водарам парфумы, пудравага пылу і завялых кветак. Працягнуўшы руку, гаспажа Лілея націскае выключальнік на сцяне, і ў іх над галовамі ўспыхвае люстра.
На мансардавым паверсе пад чарапічным дахам размяшчаецца спальня з ванным пакоем, прызначаная для абслугоўвання віп-кліентаў. Спальня, як усё ў гэтым доме, абсталяваная паводле густаў гаспадыні: пераважаюць лілейна-белыя і фіялкавыя колеры, большую частку памяшкання займае ложак, вакол якога, нібы спадарожнікі вакол планеты, групуюцца разьбяныя атаманкі, пуфікі і столікі з пакручастымі ножкамі. У нахіленую столь над ложкам уштукавана вялізнае люстэрка. Акно шчыльна завешана гардзінамі і шторамі. Чужароднай у гэтым гняздзечку кахання выглядае толькі скрыня Народнага вяшчальніка, што лепіцца да фіялкавых шпалер, як раздзьмуты чорны павук. Чыноўнікі Грамадскага нагляду штоквартальна прыходзяць з праверкай і аглядаюць памяшканні. За няспраўныя Вяшчальнікі (альбо іх адсутнасць) пагражае штраф, а то і канфіскацыя. Што зробіш, такія парадкі. Кліенты прызвычаіліся і не зважаюць. Некаторым нават падабаецца. Агрэсіўная рыторыка і пахабныя жарты прапагандыстаў абуджаюць у грамадзянах скоцкія інстынкты, што часам дае нечаканы эфект памацней за віягру.
Апынуўшыся сам-насам з каханкам, гаспажа Лілея больш не хавала сваіх пачуццяў.
– Толік! – яна парывіста кінулася да яго ў абдымкі, з нястрымнай жарсцю прыціснулася сваімі вуснамі да ягоных і раптам замёрла. "Ды ё-маё!" – вылаялася яна ў думках, адчуўшы знаёмы смаліста-саладжавы смак. Зноў гэтая дрэнь. Законам, канешне, не забаронена, але чорт пабяры! Ад міксу (латынізаваная назва не так рэжа вуха, як "мешань") яе каханак робіцца нікуды не вартым. Затое ў ім абуджаецца талент прамоўцы. Ужо хто-хто, а яна ведае. Пару разоў ёй даводзілася выслухваць гэтыя яго маналогі да рання. Пад уздзеяннем зелля ён сябе зусім не кантралюе і вярзе такое, што вушы вянуць. Экстрэмізм і крамола як яны ёсць. У Толіка былі б сур'ёзныя праблемы, калі б ён натрапіў на гестапікаўскую падсцілку мадам Сорэкс, якая "стучыць" у палітычную паліцыю, а тыя заплюшчваюць вочы на ейны падпольны бізнес... Балазе гаспажа Лілея не такая, сваіх кліентаў яна сілавікам не здае. І цярпенне ў яе анёльскае. У гэтым сэнсе Толіку моцна пашанцавала. "Не, дыскатэкі сёння не будзе. Хаця..." – адхіліўшыся, яна зазірнула яму ў вочы. Пасля ўжывання міксу зрэнку растарашчвае так, што вока выглядае суцэльнай чорнай дзіркай. Зрэнкі ў яго былі не пашыраныя, радужкі звычайнага колеру – блакітна-шэрыя, светлыя да празрыстасці. Пэўна, зелле яшчэ не падзейнічала.
– Толік, вось навошта так рабіць? – прамовіла яна з мяккім папрокам. – Ведаеш жа, што потым будзе блага. Эх, аблудная душа.
Яна ўзялася за "сабачку" замка ягонай камуфляжнай курткі і пацягнула ўніз.
– Стаміўся я, Лілея, смяротна, – прагаварыў ён, гледзячы міма яе.
Яна паківала галавой.
– То нічога. Зараз адпачнём.
Гаспажа Лілея сцягнула з яго куртку і акуратна паклала яе на атаманку.
– Што піць будзеш? – спытала яна.
– З ільдом, – адказаў ён безуважна.
– Ясна.
Гаспажа Лілея развярнулася на абцасіках і рушыла да бара-лядоўні, уштукаванага ў сценную нішу каля ложка. Расхінуўшы дзверцы, яна зняла з палічкі два шкляныя келіхі і трымаючы іх у далонях, прыдзірліва акінула позіркам шэрагі бутэлек, якія стаялі навыцяжку, нібы жаўнеры перад марш-кідком. Спыніўшы выбар на марачным "Крышталі", яна выцягнула з бара бутэльку і аднесла яе на прыложкавы столік.
– Я зараз, – сказаў расеец. Рыпнулі дзверы ваннага пакоя, зашумела вада.
Гаспажа Лілея расставіла на століку келіхі, вярнулася да бара, адчыніла лядоўню і выняла адтуль пластыкавы кантэйнер з кубікамі лёду. Злёгку пастукаўшы кантэйнерам аб край століка, яна высыпала ў келіхі лёд, адкаркавала бутэльку і ўзяўшыся за рыльца, стала напаўняць іх бурштынавай вадкасцю.
– Толік! – паклікала яна. Дзверы ў ванную былі прыадчыненыя. Расеец схіляўся над ракавінай і адцягнуўшы пальцамі край ніжняга павека, уважліва разглядваў у люстэрку ўласныя зрэнкі. Яны заставаліся нармальнага памеру. Зелле не дзейнічала.
– У цябе ўсё добра? – занепакоена спытала гаспажа Лілея.
– У мяне дзірка ў лёгкіх, – змрочна адказаў расеец. – Не магу накурыцца.
– Жарты ў цябе, канешне, – хмыкнула гаспажа Лілея. – Ідзі сюды!
Яна ўселася на краі ложка і прынялася нетаропка, пальчык за пальчыкам, сцягваць з рук пальчаткі. Уздыхнуўшы, расеец уладкаваўся поруч, узяў са століка напоўненыя келіхі і падаў адзін гаспажы Лілеі.
 – У цябе сапраўды стомлены выгляд, – спагадліва сказала яна, прымаючы ад яго келіх. – Непрыемнасці на рабоце?
– Не тое слова! – ён выдаў здушаны смяшок. – Паехаў быў у камандзіроўку, знялі з цягніка, тэлефон адціснулі.
– Сур'ёзна?
– Збольшага.
Ён дзынкнуў донцам свайго келіха аб край ейнага і выпіў залпам. Гаспажа Лілея толькі прыгубіла, як птушка клюнула. У пакоі рабілася горача. На сцяне курлыкаў Народны вяшчальнік. Адключыць яго было немагчыма, адно прыкруціць гук да мінімуму.
– Кожны раз, калі гляджу на гэтую штуку, хочацца выдраць шнур, – прагаварыў расеец.
– Да псіхолага звяртаўся? – пацікавілася гаспажа Лілея.
– Не. Можам паўтарыць?
Ён працягнуў гаспажы Лілеі пусты келіх. Яна боўтнула туды "Крышталю", і расеец выпіў не чокаючыся, гэтым разам павольна і са смакам, у два глыткі.
– Чай зямны азербайджанскі, найлепшы ў Галактыцы, – прамармытаў ён.
– Гэта мінскі каньяк, – запярэчыла гаспажа Лілея.
– Як думаеш, дзе зараз наш губернатар? – раптам спытаў расеец.
Гаспажа Лілея напружылася: "Пачынаецца!.."
– А мне якая справа? – адказала яна абыякавым голасам. – Працуе з дакументамі, напэўна.
– Па вяшчальніку так гавораць?
Ён падхапіў са століка бутэльку, плёснуў у келіх, адпіў глыток.
– Фляга ў яго свішча, – гучна сказаў расеец. Гаспажу Лілею перасмыкнула. – Яго Правасхадзіцельства і раней быў не алё, а пасля таго выпадку зусім кепскі стаў. На яго ж замах быў, ты чула?
– Штосьці такое перадавалі, – унікліва адказала гаспажа Лілея.
– Па скрыні лухту вяшчаюць, – расеец выцягнуў з келіха падталы кубік лёду, кінуў яго ў рот і з хрустам разгрыз, як арэх. – Узброены напад, тэрарысты – такога, канешне, не было. Так, блажэнны адзін з валынай, і тое не выгарала, асечка. Губернатару, лічы, пашанцавала, але замах яго падкасіў. На глебе перажытага пачалася ў яго манія пераследу. Ну, шыза, калі па-простаму. Ён думае, што яго хоча забіць Караль Стах па мянушцы Ваўчок. Губернатар зачыніўся ў сваёй дальняй рэзідэнцыі, сядзіць там з восені, нікога да сабе не пускае, акрамя пары давераных асоб. Кажуць, пад канторкай хаваецца. І знаеш, што самае смешнае? Мы з ім знаёмыя, са Стахам Ваўчком гэтым. Яго насамрэч завуць Станіслаў Воўчак, дысідэнт тутэйшы, у Польшчу збег. А пра "тэрарыста" гэбня прыдумала, каб народ пужаць.
– Толік, мне гэта зусім не цікава.
– Затое ў Крамлі зацікавіліся! Самадзержцу данеслі, што губернатар у неадэкватным стане. З Масквы адкамандзіравалі ўрача-псіхіятра пад выглядам духоўніка. Губерантар прыняў яго ў сваёй рэзідэнцыі – святарам ён пакуль яшчэ давярае. Яны душэўна пагутарылі гадзінкі чатыры, і ўрач зрабіў заключэнне: шыза, як і было сказана. Па факце Яго Правасхадзіцельства адхілены ад пасады, Паўночна-Заходняй акругай кіруюць служба бяспекі і палітычная паліцыя. Гэта часова, пакуль у Крамлі не абвесцяць афіцыйна новага губернатара. З кандыдатурай ужо вызначыліся. Хочаш ведаць, хто ён?
– Не хачу, – гаспажа Лілея паднялася на ногі і правяла далонямі па сцёгнах, нібы папраўляючы спадніцу. – Толік, я ж сказала, што мне гэта нецікава. Калі ты не перастанеш, я пайду, будзеш спаць адзін.
Ён паглядзеў на яе доўгім позіркам і ціха прамовіў:
– Застанься. Лілея, ну прабач! Я дурак.
– Больш не будзеш пра палітыку?
– Не буду.
– Вось і слаўна, – голас яе пацяплеў.
 Адступіўшы на крок, яна стала павольна расшнуроўваць гарсэт. Расеец рыўком скінуў з сябе талстоўку і прыняўся здзяваць чаравікі. Гаспажа Лілея з прыхільнасцю агледзела жылісты торс пад ваеннай футболкай. Мужык у выдатнай форме, хоць на перадавую. Дый гаспажа Лілея не дзяжа, мае чым пахваліцца: свежае аблічча, амаль не кранутае пластыкай (гіялуронка не лічыцца), цела ў тонусе дзякуючы рэгулярным заняткам у спортзалі, мышцы не калышуцца пад скурай, як кісель, але ляжаць тугімі жгутамі, а худзець ёй неабавязкова, мужчыны любяць, калі ёсць за што патрымацца. Яна аслабіла папружку, і спадніцы з шалясценнем упалі ёй пад ногі. Гаспажа Лілея засталася ў пунсовым станіку, майтках і карункавым паяску, да якога мацаваліся панчохі на падвязках.
– Ці падабаецца табе тое, што ты бачыш? – грозна спытала яна. Гэта была гульня, у якую абое гулялі з асалодай.
– Я ў захапленні, – ён схіліў галаву.
– Хлусіш!
Рэзкім рухам яна штурхнула яго на ложак і па-кашэчы забралася следам.
– Лілея...
– Прыбяры рукі! – цыкнула яна. – Я сама.
Яна ўселася на ім зверху, абхапіўшы каленямі, і прасунула далоні яму пад футболку. Ён сцепануўся.
– І-і-і, якая ты халодная!
– Зараз сагрэемся.
Схіліўшыся над каханкам, яна прынялася асыпаць яго кароткімі, падобнымі да ўкусаў, пацалункамі, спускаючыся ўсё ніжэй.
– Ого! – яна спынілася, адчуўшы вуснамі доўгі няроўны шнар. След ад кулі, ці што? – Дзе гэта цябе?
– На калчакаўскіх франтах, – ён скрывіўся і прыціснуў далоні да скроняў, як быццам яго напаткаў прыступ мігрэні. – Не гавары толькі, што ты таксама гэта бачыш.
Яна пацепнула плячыма.
– Канешне, бачу. Дзіўна, я не помню гэтага шнару. А выглядае так, быццам ён у цябе даўно.
– Разумееш, у мяне зараз цяжкасці з усведамленнем рэчаіснасці, – сказаў ён, утаропіўшыся ў люстраную столь. – Я не ўпэўнены, што ўсё гэта адбываецца ў рэальнасці. Ці існуеш ты сапраўды, альбо ты мроя, убудаваная ў агульную карціну трызнення.
– Н-не разумею, – яна пакруціла галавой. – Толік, я сапраўдная! Не верыш? Дык я дакажу.
Яна слізганула ўніз.
– Ой, ёлкі! – выгукнуў расеец і інстынктыўна паклаў далонь ёй на патыліцу. Яна ўзняла галаву і зірнула на яго з хітраватай усмешкай.
– Ну, як там з успрыманнем рэальнасці? Бачу, што лепш. Значна лепш.
Прыўзняўшыся, яна вярнулася ў паставу конніка і расшпіліла станік. Спружыны ложка зарыпелі. Народны вяшчальнік на імгненне заглух, затым з яго пластыкавага чэрава данесліся першыя акорды "Танца Мантэкі і Капулеці". Пачалася трансляцыя "новакласікі" – жанру, папулярнага ў маладых інтэлектуалаў, калі прапагандысты чытаюць свае тэзісы манатонным рэчытатывам пад фрагменты класічных твораў, закальцаваных і прапушчаных цераз дысторшн.
 "Когда ночь беспросветна, приходит Герой – огнь бытия, трумфальное Солнце..."
Не ўслухваючыся ў словы, яна рухалася ў рытме музыкі.
– Лілея, чорт!
 Адчуўшы яго далоні на сваіх сцёгнах, гаспажа Лілея пераможна ўсміхнулася.
– Так! – вырвалася ў яе. – Та-а-ак!
У імгненне, калі яе накрывала гарачая хваля, люстра заміргала, а прапагандыст у скрыні залямантаваў не сваім голасам. У той вечар на мясцовай падстанцыі быў зафіксаваны скачок напружання, пасля якога ўсе вяшчальнікі ў горадзе звар'яцелі і пракрычаўшы экстрэмісцкі слоган: "Мае суайчыньнікі любяць, як пуга прыгожа сьвішчыць, ім так падабаецца біцца ілбом аб плястмасавы шчыт!"*, арганізавана памерлі.

Зняможаныя, яны раскінуліся на скамечанай пасцелі. Люстра была патушаная, пакой напаўняла мяккае ружаватае святло начніка. З нетраў вяшчальніка даносілася мернае шыпенне і трэск – "белы шум". Падобны выпадак адбыўся з пяцігодку таму, калі ў перадаючую антэну шандарахнула маланка. Праўда, тады хутка ўсё наладзілі. "Трэ будзе паведаміць у Грамадскі нагляд, няхай прышлюць рамонтнікаў, – лянотна разважала гаспажа Лілея. – Не хапала толькі нарвацца на штраф. Ай, халера іх бяры! Заўтра, усё заўтра".
Яна прыгарнулася да каханка і ўзняўшы вочы да люстэрка ў нахіленай столі, залюбавалася адбіткам – два пераплеценыя целы, бледныя на ліловых просцінах, яе жарыя кудзеркі (гэтым тыднем яна вырашыла быць рудавалосай), пераблытаныя з ягонымі пасмамі колеру льну. Гэта выглядала прыгожа.
– Яны жылі, прышпіленыя да столі, – прагаварыў расеец. Ён завёў руку за галаву і ўтаропіўся на адлюстраванне. – Быў у мяне відзеж, Лілея. Учора.
– Сур'ёзна? – яна злавіла ягоны позірк у люстэрку.
– Я ішоў па дрыгве, ноччу, у тумане. Дарогі не відаць, толькі наперадзе кропка святла.
Ён запнуўся. Нельга, немагчыма выкласці ўсё да літары, аб нечым лепш прамаўчаць. Кропка святла ў імгле – не балотны агеньчык лунае, гайдаецца ліхі ліхтар. Не дзяўчына – падлетак, маленькая, тонкая, крочыць не азіраючыся, вядзе за сабой цераз багну. Ён жа пазнаў яе ўрэшце і ўсё парываўся аклікнуць, ды голас як адняло.
– Неўзабаве я выйшаў на сухое мейсца, – працягнуў ён услых. – Штосьці накшталт вострава пасярод балот. А там хата стаіць.
– На курыных ножках?
– Ды не, зруб звычайны. Бачна, што стары, бярвенне ўчарнелае. Снег на страсе і сумёты па самыя вокны. У доме гарыць святло. Я зазіраю ў акно і бачу сябе. Мёртвым.
– У труне? – гаспажа Лілея глядзела на яго, аблёгшыся на падушку. Позірк яе быў журботны.
– На стале ці то на лаве, ляжу ўвесь сіні і ў крывішчы. Нада мной стаяць людзі і чытаюць нараспеў, малітвы ці што, слоў не разабраць.
– А потым?
– Потым правал. Не помню ні халеры. Апрытомнеў у лесе за брэсцкай трасай. Раніца ўжо была.
– Дык гэта там у цябе тэлефон спёрлі? – гаспажа Лілея пахітала галавой. – Кідай ты гэтую дрэнь. Дачакаешся, што мешань спаліць табе мазгі.
Расеец прамаўчаў.
– А да горада ты як дабраўся? – спытала яна.
– Выйшаў на дарогу, там фура спынілася. Вадзіла трапіўся нармальны, да Мінска падкінуў.
Ён не сказаў, што яго абудзілі галасы і хрыпенне рацый. Расплюшчыўшы вочы, ён не адразу ўсвядоміў, дзе ён. Спярша яму падалося, што ён ляжыць на ложку ў сельскай хаце, над ім нізкая столь з перакрыжаванымі бэлькамі, са столі звісае сплецены з саломы "павук", які пагойдваецца і павольна круціцца вакол сваёй восі. Праз імгненне відзеж разваліўся, скрыжаваныя бэлькі ператварыліся ў пераплеценыя сасновыя галіны, зацярушаныя снегам. Ён быў падхапіўся на ногі, але зараз жа кінуўся долу, угледзеўшы ў прасвеце між дрэвамі постаці людзей у зелянковай уніформе. На лясной просецы стаяў ваенны ўсюдыход з накінутай на яго маскіровачнай сеткай, поруч патрульныя з вінтоўкамі за плячыма, адзін з іх гаварыў з кімсьці па рацыі, пэўна, з камандаваннем.
Расеец адступаў павольна, крок за крокам, пару разоў гатовы праваліцца скрозь зямлю, калі пад нагу трапляла сухая галіна. Адышоўшы на прыстойную адлегласць, ён рвануў скрозь гушчар так, як быццам за ім гналіся нячысцікі.
З гадзіну ён праблукаў па лесе, сяк-так арыентуючыся па сонцы, што блякла свяціла скрозь снегавыя хмары. Пачуўшы шум трасы, ён скіраваўся ў той бок і неўзабаве выйшаў на дарогу. Міма яго з ровам праносіліся грузавыя машыны, у іх з-пад колаў ляцелі пырскі і камякі карычневай гразі. Пакуль ён стаяў на абочыне, разважаючы, ці лавіць спадарожную альбо вяртацца на сядзібу пешшу, адна з фур прытармазіла і кіроўца расхінуў дзверы – сядай!
Да Мінска ехалі моўчкі, толькі напачатку расеец, збіваючыся, распавёў легенду, якую выдумаў на ляту: напярэдадні выпівалі з таварышамі на Зыбіцкай, пайшоў па ўздагон, што было далей, помніць смутна, якім чынам апынуўся на шашы пад Брэстам, не ведае. Вадзіцель фуры, худаваты дзяцюк з іржанымі вусамі і моцным тутэйшым пранонсам, адно паківаў галавой і сказаў разважліва: "Бывае".
Кіроўца ссадзіў яго каля "Мінскай брамы" і прасігналіўшы на развітанне, паехаў далей у бок Чыжоўкі. Расеец махнуў рукой услед машыне, якая аддалялася, і ў думках пажадаў усіх даброт гэтаму дабрадзею, чыйго імя ён так і не спытаў.
Далей ён дзейнічаў па адпрацаванай схеме: прайсці на вакзал, адшукаць камеру захоўвання, арандаваную на імя Алеся Валогі, убіць па памяці лічбавы шыфр, узяць з камеры звязку ключоў. Спусціцца ў падземны пераход, падняцца на прыпынак, сесці ў электробус, што рухаецца па цэнтральным праспекце, сысці на Плошчы Перамогі, затым пешшу ўгару міма "сталінак", збочыць у малапавярховы квартал, які лічыцца "элітным". Пункт пропуску, ідэнтыфікацыя па сятчатцы, дом са згладжанымі вугламі, пад'езд, другі паверх. Выцягнуць з кішэні ключы, адчыніць дзверы і нарэшце выдыхнуць.
Кватэра Валогі, па факце – службовае жыллё для ягоных агентаў, сам генерал-палкоўнік тут не паяўляецца. Аскетычна абсталяваны пакоік выглядае, як нумар недарагой гасцініцы: канторка, ложак, крэсла, шафа для вопраткі. Белыя сцены, шэрае дывановае пакрыццё. Жалюзі. Над ложкам Народны вяшчальнік. У шуфлядзе крэдытка і тэлефон. На кухні запас кавы, чаю і цукру. У ваннай гарачая вада.
Ён запусціў кававарку, прайшоў у душ, на хаду скідваючы вопратку, і доўга, з асалодай стаяў пад пякучымі струменямі, пакуль не зірнуў на сябе ў люстэрка. Шнар. У яго стралялі, ён паміраў, потым уваскрэс, устаў і пайшоў, і незразумела, ці то ён дагэтуль у мройным сусвеце, ці то адбылося ўварванне мроі ў зямную рэчаіснасць. Дайграўся, адным словам. Казаў яму Воўчак – завязвай з рэчывам, яно выесць табе глузды. "Дзе Воўчак?" У Крулеўстве Польскім ваш Воўчак, не дацягніцеся.
Спахмурнелы, ён выйшаў з ваннай, апрануўся, выцягнуўшы з шафы новы камплект адзежы, бо ягоныя кашуля і швэдар (толькі цяпер заўважыў) былі падзіраўленыя і запэцканыя засмяглай крывёй. Пёрся ж цераз увесь горад у такім выглядзе, і ніхто слова не сказаў, падумалі, напэўна, што алкаш, па сіньцы ўвязаўся недзе ў панажоўшчыну, едзе дадому пахмяляцца – звычайная справа, бывае. Ён наліў кавы ў кубак і не спяшаючыся выпіў яе без цукру. Як бы ён ні адцягваў непрыемны момант, але трэба было званіць начальству і рабіць справаздачу. Ён узяў з шуфляды тэлефон і набраў нумар Валогі.
Першы выклік генерал-палкоўнік скінуў, на другі не адказаў, пасля забарахліла сувязь. Званкі не праходзілі, на экране тэлефона з пяці заставалася адна кволая рыска, дый тая пагражала згаснуць. Выдавала на тое, што збой быў маштабны. Тлумачэнняў ніякіх не давалі, па скрыні вяшчалі пра суботнікі і ўдарныя будоўлі, сеціва працавала, але старонка мясцовых навін не абнаўлялася ад учора. Падключэнне праз прыватную сетку нічога не дало, толькі на адным з экстрэмісцкіх сайтаў прамільгнула паведамленне, што ў Брэсцкай вобласці блэкаўт, пашкоджана базавая станцыя, імаверна, правакацыя спецслужбаў. Ён глушыў каву кубак за кубкам, рассеяна гартаў электронныя старонкі і час ад часу правяраў, ці аднавіўся сігнал – усё глуха, сувязь "ляжала". За акном пачало шарэць. Ён успомніў, што з раніцы не курыў. Трэба выйсці купіць пачак цыгарэт. І сёе-тое памацней. Дробка мешані зараз будзе не лішняя. Ён накінуў куртку, сунуў у кішэнь крэдытку, тэлефон і выйшаў у шэрыя прыцемкі.

– Дурацкі нейкі сёння дзень, – сказаў расеец, прыплюшчыўшы вочы. – Яшчэ і сувязь ляжыць.
– Нешта робяць, – гаспажа Лілея падсунулася бліжэй і прыхінулася шчакой да ягонага пляча.
– Мне так пагана было на душы. Лілея... – у раптоўным парыве ён сціснуў яе ў абдымках, зарыўшыся тварам у рудыя локаны, што духмянілі цынамонам і сухімі кветкамі. – Дзякуй табе за ўсё. Калі б не ты, я б здох даўно, напэўна.
Яна павольна ўсміхнулася і адказала з цеплынёй у голасе:
– У Мінску ніхто не памірае, тут толькі сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю. Ат, крамола ўсё гэта, нецікава. Давай спаць. Заўтра ўсё наладзіцца.

Гаспажа Лілея прачнулася ад цішыні. У пакоі было прахалодна, і яе аголеныя плечы азяблі. Яна падцягнула коўдру да падбароддзя і расплюшчыла вочы. Начнік на сцяне яшчэ гарэў. Скрозь аконную штору тачылася няпэўнае ранішняе святло. Расеец, ужо апрануты, сядзеў на краі ложка і зашнуроўваў чаравікі.
– Вітаная будзь, ратаўніца аблудных душ! – сказаў ён з урачыстасцю. Толік у сваім амплуа – выстаўляецца, а вочы смяюцца.
Гаспажа Лілея соладка пацягнулася і села, закруціўшыся ў коўдру. Пажоўклы бутон кветкі-цёзкі выслізнуў з яе валасоў і ўпаў на падушку. Яна абыякава змахнула бутон на падлогу.
– Колькі часу? – спытала гаспажа Лілея.
– Пачатак дзявятай.
Яна ўзяла з прыложкавага століка тэлефон у бэзавым чахольчыку, па звычцы кранула экран, каб прагледзець паведамленні і здзівілася, убачыўшы пустое поле, пасярэдзіне якога марудліва круцілася кольца.
– Сувязі так і няма, – паведаміў расеец. – Заадно сетка адвалілася. Поўны блэкаўт.
Ад акна пацягнула ледзяным холадам. Гаспажа Лілея сцепанулася і падабрала пад коўдру босыя ногі. У ёй варухнуўся застарэлы падспудны страх, што пераследаваў яе з юнацтва, з тых самых часоў, калі ў горадзе прападаў інтэрнэт і барахлілі тэлефоны, па дварах насіліся штурмавікі ў чорных касках, а па начах чулася страляніна. Аблавы ладзяцца і цяпер, але недзе на ўскраінах. Людзі прывучыліся не заўважаць рэпрэсій – калі ў адным з кварталаў ідзе зачыстка, горад працягвае жыць сваім звыклым жыццём.
– Ну і халера з імі! – гучна сказала гаспажа Лілея. Яна адкінула коўдру, сунула ногі ў пантофлі, якія выцягнула з-пад ложка, і адсунуўшы дзверцы шафы-купэ, прынялася перабіраць плечкі, на якіх віселі ейныя сукенкі і халаты. Яе душыла трывога, а гэты занятак супакойваў. Накінуўшы свежую сарочку і ранішняе плацце колеру пыльнай ружы, яна павярнулася да расейца. – У нас тут унутраная тэлефонная лінія. Зараз закажам сняданак у нумар.
– Гэта лішняе. Лілея, мне пара, – ён пацягнуўся за курткай, якая ляжала на атаманцы.
– Нават кавы не вып'еш?
Расеец адмоўна пахітаў галавой.
– Ісці мне трэба, праўда. Спярша да Маркі Шэлеха, перацерці сёе-тое, пасля адразу на цягнік.
– Усё цябе бура ганяе, – уздыхнула гаспажа Лілея. – Куды гэтым разам, калі не сакрэт?
– У Свірск.
– Гэта каля Мядзеля?
– Каля Іркуцка. Сібір.
Бровы яе падскочылі.
– Ого! А я думала... Неяк па-тутэйшаму гучыць. І што ты забыў у тым Свірску?
– Нада, – коратка сказаў ён і з трэскам зашпіліў "маланку" на куртцы.
Гаспажа Лілея падціснула вусны. Не хоча гаварыць, ну што ж. Ён увогуле неахвотна гаворыць пра сябе і свае справы. Пэўна ёсць што хаваць. Не дзіва, з яго крымінальным мінулым. Восем гадоў на зоне, гэта вам не абы-што.
– Я не да бабы туды еду, ты не думай, – усміхнуўшыся, ён дакрануўся вуснамі да яе лба. – Мне будзе не хапаць цябе, Кветка Цнатлівасці.
– Пачакай! – яна схапіла яго за руку, спяшаючыся выказаць думку, якую даўно выношвала. Магчыма, зараз не лепшы момант, але другога шансу можа і не выпасці. – Мы з табой знаёмыя ўжо цэлую вечнасць...
– Два гады, – удакладніў ён.
– Я проста мушу табе сказаць, што я вырашыла згарнуць бізнес. Цягам года я перадам справы сваёй кампаньёнцы і зажыву, нарэшце, для сябе. Дык вось, чаму б нам не пажыць разам? – выпаліла яна.
– З кім, з кампаньёнкай?
– Толік, я пра нас з табой! Будзем жыць для сябе, так, як мы хочам. Рабіць, што нам падабаецца. Любіць, як мы ўмеем. У сваім доме на ўлонні прыроды. Я прыгледзела ўчастак каля Мінскага мора. Там рай, пясчаны бераг і сосны, амаль што Балтыка. І катэджы такія прыгожыя, як белыя палацы.
Да яго, нарэшце, дайшло. Ён збянтэжана правёў рукой па валасах і засмяяўся.
– Жаніцца, значыць, завеш. Мяне, крымінальную морду?
– А што тут такога? – з жарам сказала яна. – Ты добры чалавек. Я не знаю і не жадаю знаць, што ты натварыў у мінулым, бо ты за ўсё заплаціў поўнасцю. Восем гадоў, хіба гэтага мала? А наперадзе цэлае жыццё!
– Гэта немагчыма.
– Але чаму? Я...недастаткова добрая для цябе?
– Не ў гэтым справа.
– А ў чым тады?! – яна парывіста ўчапілася яму ў плечы. – Ты едзь, едзь, куды табе трэба, а як вернешся, пойдзем распішамся, потым у царкву. Табе каторая больш падабаецца? Мне тая, што на Старажоўцы. Там курганы, брама, булачкамі пахне. Мо ў ёй і павянчаемся?
– Лілея, не, – ён адвёў яе рукі. – Ты не зразумела. Я надоўга з'язджаю. На пяцігодку як мінімум.
– Тады паехалі разам! – гаспажа Лілея ўсведамляла, што ў ніякую Сібір яна не паедзе, але яе ўжо несла на ўсіх ветразях. – У мяне сваякі недзе пад Іркуцкам, продкі былі ссыльныя з Лагойска, яшчэ за імператарам Аляксандрам Другім. Я, лічы, сама сібірачка.
– Лілея, ты не зможаш са мной павянчацца! Я – "палітычны".
Запанавала цішыня. Гаспажа Лілея стаяла, як саляны слуп, прыціснуўшы далоні да рота, і глядзела на яго шырока расхінутымі вачамі.
– Паслухай... – расеец зрабіў быў крок да яе, але яна адхіснулася ад яго, як ад пракажонага, з агідай і жахам.
– Я не хачу больш цябе бачыць. Сыходзь! – сказала яна ледзяным голасам і адвярнулася.
– Вось так, значыць? – расеец акінуў позіркам прыцемнены пакой, жанчыну, якая не глядзела на яго, і не знайшоўшы, што тут можна яшчэ сказаць, развёў рукамі. Ён моўчкі паклаў на прыложкавы столік пару грашовых купюр і ціха, не развітваючыся, выйшаў.
Застаўшыся адна, гаспажа Лілея дала волю пачуццям. Спалох і разгубленасць змяніліся лютасцю. Яна схапіла з ложка падушку і шпурнула яе ў зачыненыя дзверы. Госпадзі, палітзэк! Ён падманваў яе ўвесь гэты час, казаў, што адседзеў па крымінальным артыкуле. Гэта так подла, нізка! Ён жа ведаў, што яе могуць арыштаваць за сувязь з "палітычным". Угледзеўшы на століку грошы, яна раз'юшана скамячыла іх і раздзерла на шматкі. Нічога ёй ад яго не трэба! Падманшчык, хлус, лішэнец...
Яна спынілася, пераводзячы дух. Выгляд парваных банкнот, раскіданых па падлозе, ацверазіў яе. Вось гэта было яўна лішняе. Гаспажа Лілея адчула прыкрасць да самой сябе – дакацілася, паводзіцца, як малалетняя істэрычка, што губляе галаву ад кахання ці гневу. Удых-выдых, спакойна! Зараз яна прыме гарачую ванну, закажа ў нумар сняданак і вып'е вялікі кубак кавы, моцнай-моцнай і без цукру. Аб астатнім яна падумае заўтра.
Патушыўшы начнік, яна адсунула шторы. Ноччу выпаў снег. З акна мансарды вуліца квартала была як на далоні. Прыбраныя, нібыта лялечныя, домікі з вастраверхімі чарапічнымі дахамі і гірляндамі з лямпачак на фасадах, брукаванка, ліхтарні, дрэвы ў бетонных вазонах – усё зрабілася белым-белым і такім чыстым на тле глыбокай ранішняй сіні.
– Як прыгожа! – прашаптала яна ў захапленні.
Нечакана і без бачнай прычыны ў яе зашчыпала ў носе, заснежаная вуліца паплыла перад вачыма, і гаспажа Лілея расплакалася.

------------------------------
* Альгерд Бахарэвіч


Рецензии
Однажды утром в Вавилоне пошел густой снег

Нероли Ултарика   18.01.2025 00:12     Заявить о нарушении