З цемры
– Сволач!.. – вылаяўся ён, уціскаючыся ў падлогу. Хуткая рэакцыя была яго перавагай, замарудзіў бы на хвіліну, прашыла б трасёрам.
З блокпаста вялі хаатычны агонь па натоўпе, які ашалела ратаваўся ўцёкамі. Па-над гармідарам разнёсся роў каманды: "Страляць у паветра!" Сяржант Няўдаха? Пэўна ён, раве, як лось, быццам няма ніякай пошасці. Гэта была ідэя маёра – перці таранам цераз блокпасты. У такіх выпадках апалчэнцы маюць права страляць на паражэнне. Праз шум і гвалт складана было штосьці разабраць, але выглядала на тое, што пайшла зачыстка. Страляніна сцішылася, раз-пораз толькі чуўся характэрны трэск – тых, хто не паспеў уцячы, гуманна дабівалі электрашокерамі. Не фатальна, ачомаюцца потым. "Разгон плошчы" – алгарытм, які байцы апалчэння ў абавязковым парадку адпрацоўваюць на трэніровачных палігонах, хаця здавалася малаімаверным, што гэты навык калі-небудзь спатрэбіцца ў жыцці. У Паўночна-Заходняй акрузе з усім відамі пратэстаў даўно скончана.
Прайшло даволі часу, як натоўп рассеяўся і зрабілася ціха. Ян заставаўся ў адчыненай машыне, якую ніхто не пільнаваў. Свядомы арыштант, казаў ён сабе, сядзіць і чакае, калі вернуцца канваіры. Мімаволі прыгадалася гісторыя Мяцяжу, ці Паўстання, якую ў тутэйшых школах выкладалі асобным прадметам. У клас прыходзілі ветэраны ўнутраных войск і расказвалі, як ладзіліся затрыманні падчас масавых беспарадкаў. Сілавікі закідвалі людзей у аўтазак, нібы дровы, і ішлі па новую партыю, а тым часам затрыманыя пакорліва сядзелі ў браніраваным фургоне з дзвярыма наросхрыст (аховы ніякай не было) і нават не спрабавалі збегчы. Помніцца, гэта апошняе яго асабліва бянтэжыла. Чаму, чорт іх дзяры, яны не збягалі?!
Пярэднія дзверы рыпнулі. Хтосьці, не кажучы ні слова, уладкаваўся на месцы кіроўцы і запусціў матор. Машына пайшла заднім ходам, затым павольна развярнулася і рушыла, здаецца, у горад. Чалавек, які сядзеў за стырном, захоўваў зацятае маўчанне. Наўрад ці маёр, той бы ўжо выдаў што-небудзь з'едлівае. Калі шафёр, то чаму без "начальства"? Маёр мог адпусціць машыну, а сам застацца каля блокпаста. Альбо кулю злавіў...хаця не, немагчыма. Апалчэнцы не нагэтулькі ідыёты, каб страляць у афіцэра палітычнай паліцыі.
Вадзіцель мякка затармазіў, заглушыў рухавік і заціх. Хвіліны ішлі, а з пярэдняга сядзення не даносілася ні гуку. У салоне стаяў шчыльны, да млосці, смурод жалеза. Так можа пахнуць чалавечая кроў у кантакце са скурай. Крыві, мяркуючы па ўсім, было да халеры, а шафёр падазрона маўчаў.
– Чуеце?.. – напаўголаса прамовіў Ян. Яму не адказалі. Ён пацягнуўся быў да вадзіцельскага крэсла і адхапіў руку, натрапіўшы на халоднае вуха. Шафёр не варушыўся. Ад яго пахла крывёй і брудам. Ян падаўся наперад і сцяўшы зубы, бо ўжо нудзіла, правёў пальцамі па ягоным твары – шчака, нос, слізкі вочны яблык. Сумневаў не было – за стырном сядзеў мярцвяк. Ян адхіснуўся.
– Прыехалі, – сказаў ён. Канваіры выбылі, арыштант вольны.
Вольны?
Падсунуўшыся да дзвярэй, ён намацаў ручку і асцярожна яе пацягнуў.З нягучным шчаўчком дзверы адчыніліся. Ухапіўшыся за сядзенне, Ян спусціў ногі на зямлю. Пад падэшвамі чаравікаў адчувалася абледзянелая тратуарная плітка. Нейкі час ён стаяў, трымаючыся за дзверы, і насцярожана прыслухваўся. Навокал панавала цішыня. Горад нібыта вымер. "Хутка яны," – ён мімаволі ўсміхнуўся пры гэтай думцы. Морава язва здольная выкасіць цэлы райцэнтр, але не такімі тэмпамі. Напалоханыя, разгубленыя гараджане сядзелі па кватэрах, зачыніўшыся на ўсе замкі, як быццам гэта магло абараніць іх ад эпідэміі. Магчыма, наўкол стаялі жылыя дамы, і жыльцы, прыхінуўшыся да вокнаў, моўчкі глядзелі на чалавека, які стаяў пасярод пустыннай вуліцы, учапіўшыся ў дзверы машыны.
Ян зрабіў колькі няпэўных крокаў і спыніўся. Выцягнуўшы рукі, ён пашукаў якое-небудзь апірышча, але вакол была толькі пустэча. Ён усвядоміў, што абсалютна не арыентуецца ў прасторы. Яго ахапіла паніка. Падалося нават, што зямля сыходзіць з-пад ног. Ён укленчыў, крануўшыся далонямі ледзяной коўзкай пліткі, і знерухомеў, спрабуючы заспакоіць дыханне. Затым павольна, крок за крокам, ён стаў адступаць да машыны, не ўпэўнены, што рухаецца ў правільным кірунку. Стукнуўшыся локцем аб металічны борт, Ян схапіўся за яго, як тапелец за бервяно. Лепш не адыходзіць ад машыны. Ён застанецца тут, пакуль не пачуюцца крокі і галасы. Тады ён паспрабуе аклікнуць мінакоў.
Ян апусціўся на ходнік каля машыны, прыхінуўшыся да кола. Заставалася толькі чакаць. Ён не ведаў, колькі прайшло часу. Горад заставаўся ціхім і бязлюдным. Адчуўшы дотык чагосьці халоднага і лёгкага на сваім абліччы, Ян зразумеў, што пайшоў снег. Ён накінуў на галаву капюшон курткі і падняў угору раскрытую далонь. Снег узмацняўся. Буйныя снежныя шматкі раставалі ў яго руцэ. Калі ў бліжэйшыя гадзіны не паявіцца ніводнага прахожага, справа дрэнь. Ноч на марозе можна і не перажыць. Раніцай санітары знойдуць машыну з двума трупамі – адзін за стырном, зрашэчаны кулямі, другі побач, засыпаны снегам. Але, з іншага боку, хіба ён не жадаў сабе смерці ўвесь гэты час?..
Ён схамянуўся, адчуўшы на сабе чужы позірк. Проста перад ім стаяў чалавек. Ян не ўлавіў гуку крокаў, як ні прыслухваўся – незнаёмец нібы вынырнуў з цемры, якая іх атачала. Ян чуў ягонае дыханне. У паветры лунаў тонкі, ледзь заўважны пах сандала.
– Хто гэта? – спытаў Ян.
Незнаёмец выдаў няўцямны смяшок: "Агх-хі!..", як быццам пытанне яго дужа развесяліла.
– Гэта тваё, – пачуў Ян.
Яму на калені ўпаў нейкі лёгкі прадмет. Пацягнуўшыся за ім, Ян адчуў пальцамі даўгаватую капсулу і тонкі ланцужок.
– А гэта ад мяне асабіста, – сказаў незнаёмец.
Запясце Яна абхапілі халодныя пальцы. На далонь яму лёг невялікі металічны дыск. Манета? Незнаёмец адышоўся. Ад яго пахла сандалам. Ян ведаў толькі аднаго чалавека, якому падабалася парфума з такім водарам.
– Валога? – прамовіў Ян.
Адказу не было.
– Вы тут? – спытаў Ян, узвысіўшы голас.
Маўчанне.
– Халера... – прамармытаў Ян. Ён машынальна сунуў манету ў кішэнь і падняўся на ногі.
– Я ведаю, што вы тут! – крыкнуў ён. – Не сыходзьце! Алесь...
Ян запнуўся, прыпамінаючы імя па бацьку свайго колішняга начальніка. Вылецела начыста. Зрэшты, генерал-палкоўнік не любіў, калі яго звалі па "отчастве". Валога і Валога.
– Чаго гарлапаніш, ноч на двары, – пачуўся асіплы, надтрэснуты голас.
Невядомы, цяжка ступаючы, абышоў машыну і прыняўся важдацца з пярэднімі дзвярыма. Алесь Валога некуды знік, іначай гэты тып з сіпатым голасам не стаў бы паводзіць сябе так нахабна... Калі гэта сапраўды быў Валога, у чым Ян ужо пачаў сумнявацца.
– Што ў нас тут, жмур? – дзелавіта сказаў сіпаты. Адчыніўшы машыну, ён зазірнуў унутр і зашнарыў рукамі па сядзеннях і пад імі. – А на пярэднім сядзенні ў нас – так, так, угу. Чамадан. У сэнсе, гаманец.
Чамаданчык маёра, здагадаўся Ян. А ў ім дыктафон з запісам учорашняга допыту. Кампрамат на Валогу. Калі запіс патрапіць у "органы", генерал-палкоўніку свеціць пажыццёвае ў лепшым выпадку, у горшым – шыбеніца на галоўнай плошчы. Ян усвядоміў, што ён усё яшчэ сціскае ў руцэ капсулу з цыянідам. Ён спехам абматаў ланцужок вакол запясця і асцярожна рушыў на голас, трымаючыся за барты машыны.
– Чуеце? Калі ласка, дапамажыце мне, – сказаў Ян.
Сіпаты рагатнуў.
– Ага, дапамогуць, зараз. Гэтыя, у рэспіратарах. Усім дапамогуць, – ён зноў замармытаў сабе пад нос: – Дык на чым мы спыніліся? А, чамаданчык. А ну-тка, адчыні свой... – зашчоўкалі замкі. – Гэта што за хрэнь? – сказаў ён азадачана. Ян выразна ўявіў, як дзядзька круціць у руцэ дыктафон і чухае сабе патыліцу. Наблізіўшыся да яго ўшчыльную, Ян рэзка схапіў яго за вопратку.
– Э, ты чаго?! – зароў той, рвануўшыся ўбок. Дыктафон выслізнуў у яго з рук і бахнуўся аб тратуарную плітку.
Дзядзька з праклёнамі кідаўся ва ўсе бакі і мясіў кулакамі паветра, спрабуючы вызваліцца, але Ян трымаў яго мёртвай хваткай. У запале барацьбы то адзін, то другі натрапляў на злашчасны дыктафон – пад нагамі храбусцела. Калі прылада і ацалела пасля падзення, то цяпер ёй дакладна прыйшоў гамон. Вось і ўвесь кампрамат, генерал-палкоўнік можа спаць спакойна. Ян ухапіў свайго праціўніка за руку і заламаў яму за спіну, потым з сілай штурхнуў яго наперад. Той уваліўся ў салон машыны, прыпячатаўшыся тварам да пасажырскага крэсла.
– Пусці, гадзёныш! – сіпеў дзядзька.
– Не магу, – адказаў Ян. – Ты збяжыш, а я тут здохну, як сабака.
– Ды каб ты тройчы здох, жывёла бязвокая! – ён затузаўся. Ян выкруціў яму запясце так, што затрашчалі сухажыллі. Дзядзька завыў ад болю.
– Ой, годзе, годзе, ты мне руку зломіш! – узмаліўся ён. – Скажы, што ты хочаш? Дадому цябе адвесці?
– Няма ў мяне дому, – адказаў Ян.
– А, дык ты з гэтых – калекі пераброжыя, божыя людзі? Што ж ты адразу не сказаў? Слухай, пусці! – у ягоным голасе з'явіліся міралюбныя ноткі. – Ёсць тут гасцінічка адна, акурат для вашага брата. Я адвяду цябе туды, адпусці толькі, лады?
– Прыйдзем – адпушчу, – паабяцаў Ян, моцна трымаючы яго за руку вышэй локця. – Руш наперад, а я за табой.
– От жа прынесла, даруй госпадзі, – дзядзька, крэкчучы, выбраўся з машыны і кісла спытаў: – Ну, хадзем, ці што?
Ён даволі доўга вадзіў Яна па гарадскіх вуліцах. Пару разоў, калі яму здавалася, што Ян аслабіў хватку, ён парываўся выдрацца і ўцячы. Зразумеўшы, што непажаданы спадарожнік ад яго не адчэпіцца, дзядзька здаўся. Яны ўвайшлі ў нейкі двор, мінуўшы гулкую арку, і падняліся па спадзістых, але дужа коўзкіх прыступках.
– Прыйшлі. Гасцінічка ў найлепшым выглядзе, – сказаў сіпаты. Ян пачуў, як ён калоціць у дзверы. Зарыпелі завесы.
– Шпакоўскі, зноў ты? – выклікнуў хтосьці з сярэдзіны будынка. – Сказана ж табе, ідзі дадому, алкаш хрэнаў! Сёння ў нас не наліваюць.
– Патрэбныя вы мне! – агрызнуўся той і прасіпеў напаўголаса, звяртаючыся да Яна: – Усё, хлопец, прывёў я цябе, куды абяцаў. Адпусці ўжо!
Ян расціснуў пальцы.
– Казлы! – крыкнуў дзядзька і кінуўся прэч, за ім ляпнулі дзверы.
Ян стаяў у нерашучасці. З глыбіні памяшкання даносілася рыпенне коек, надрыўны кашаль і храп. Паветра было гарачае і спёртае. Пахла хлёркай. Недзе побач гудзела і трашчала настольная лямпа.
– Ну, чаго стаў? Давай грошы і наперад, выбірай свабодную койку, – пачуў Ян бадзёры голас – той самы, што надоечы аблаяў ягонага спадарожніка "алкашом".
Ян зрабіў крок наперад і зараз жа наляцеў на драўляны стол.
– Сляпы, ці што? Тут я, тут! – чалавек пляснуў у далоні, каб абазначыць сваё месцазнаходжанне. – Нешта я цябе не прыпомню. Першы раз у нас? Я, значыцца, тут накшталт каменданта. А за пастой у нас плацяць рубель. Па-боску, праўда?
Пашукаўшы ў кішэнях, Ян намацаў манету і працягнуў яе "каменданту".
– Вось і слаўна! – Ян пачуў, як высунулася шуфлядка, і рубель са звонам паляцеў унутр. – Тут у нас, значыцца, спальні, выгоды на дварэ, кавы ў ложак не падаём. Кладзіся, спі. А, ты ж сам не дойдзеш.
"Камендант" схапіў Яна за рукаў, працягнуў яго цераз памяшканне і штурхнуў на адну з коек.
– Адпачывайце, гаспада. Як у найлепшых дамах, – сыранізаваў "камендант" і вярнуўся да свайго стала.
Ян сядзеў на койцы, адчуваючы смяротную стомленасць. Працягнуўшы руку, ён намацаў у сябе за спінай абшарпаныя шпалеры. Койка стаяла каля сцяны – ужо няблага. Ён скінуў чаравікі і падсунуў іх да металічнай ножкі, каб раніцай не прыйшлося шукаць. Калі ён сцягваў з сябе куртку, з кішэні штосьці выпала і, бразгочучы, пакацілася пад койку. Апусціўшыся на калені, ён правёў рукой па падлозе, абабітай ліпкім лінолеумам, і натрапіў на маленькі металічны дыск з рыфленай паверхняй. Рубель? Але ён толькі што аддаў яго "каменданту". Пэўна, той дабрадзей, якога Ян памылкова прыняў за Алеся Валогу, ахвяраваў не адзін рубель, а два, проста манеты зліпліся былі паміж сабой. Ян заціснуў манету ў руцэ і расцягнуўся на цыратовым матрацы. Коўдраў тут не было, і ён накрыўся сваёй курткай. Паляжаўшы так нейкі час, ён павярнуўся на бок і прыціснуўся лбом да сцяны. Як бы там ні было, у гэтай начлежцы лепей, чым у СІЗА. Шкада, паспаць не атрымаецца. Ён не можа спаць пасля таго, што з ім рабілі на Прэабражэнскай, хіба толькі са снатворным, а снатворнае адабралі ў каталажцы. Ладна, чорт з ім, можна проста так паляжаць. Невядома, што будзе заўтра, але прынамсі гэтую ноч ён прабавіць не на вуліцы.
*
Ян падхапіўся, пачуўшы выкрыкі "каменданта". Прыслухваючыся, ён прыўзняўся на локці. Храп сціх, вакол чуліся смяшкі і прыглушаныя галасы. Каля ўваходных дзвярэй нешта адбывалася. Зноў гэты, як яго, Шпакоўскі?
– Я сказаў, прэч адгэтуль! – крычаў "камендант". – Вось дзверы, вось парог, ідзі! Альбо плаці.
– Калі ласка... – пачуўся ціхі дзявочы голас. Голас не дзяўчыны – падлетка, амаль дзіцяці.
– Правілы для ўсіх аднолькавыя! – камендант грукнуў кулаком па стале. – Альбо плаці, альбо начуй на вуліцы.
– Там вельмі холадна, – сказаў дзявочы голас. – Магу я проста пастаяць каля парога?
– Гэта будзе каштаваць адзін рубель, – "камендант" быў непахісны. – Я ж не патрабую ў цябе "кацярынку". Усяго толькі няшчасны рубель. Што, яго так складана знайсці?
– Пусці ты яе, Пратас, – прабурчаў хтосьці на суседняй койцы. – Гэта ж зусім дзіця.
– Дзіц-я-я?! – зароў "камендант". – А бацькі яе дзе, я ў вас пытаюся? Нябось памерлі ад моравай язвы. Зараз перазаразіць тут усіх к чортавай мацеры. Усё, вымятайся!
Пачуўся ўскрык і гукі барацьбы – пэўна, "камендант" груба схапіў дзяўчынку і прыняўся выпіхваць яе за дзверы.
– Я заплачу за яе! – крыкнуў Ян.
– Чаго? – спытаў "камендант".
Ян сціскаў у руцэ манету.
– У мяне ёсць яшчэ грошы. Вазьміце.
Яго рука здрыганулася, манета саслізнула з далоні і са звонам пакацілася да стала "каменданта".
– Адразу б так, – прабурчаў той.
Канфлікт быў вычарпаны. Калі дзяўчынка праходзіла міма койкі Яна, ён пачуў нягучнае: "Дзякуй!"
Свидетельство о публикации №216102301050