Куратар
Ён стаяў над гранітнай плітой, бяссільна апусціўшы рукі, пасмы валасоў, вільготныя ад восеньскай імжы, ліплі да ягонага твару. Воддаль маячылі постаці ахоўнікаў – Адальгіз загадаў ім сысці з вачэй далоў. Наўкол раскінуўся цвінтар – цэлае поле каменных надмагілляў. Над могілкамі перашэптваліся на ветры чорныя кіпарысы і маркотныя вербы, пазбаўленыя лістоты.
Яму хацелася сказаць многае, ды ўсе словы страцілі сэнс.
Лілія паспяшалася са смерцю.
Ён дагэтуль кахаў яе і прабачыў бы ёй усё, нават здраду.
– Лілія, я не хацеў, каб усё скончылася менавіта так…
– Гэта проста кавалак граніту, Ваша Высокасць, ён вам не адкажа, – пачуўся голас у яго за спінай.
Здрыгануўшыся, Адальгіз азірнуўся. Перад ім стаяў незнаёмец, на выгляд жабрак. Ён хутаўся ў парыжэлы, заношаны да лахманоў плашч, з-пад капюшона, насунутага нізка на лоб, выбіваліся неахайныя чорныя патлы, абрамляючы вузкае і змярцвела-белае, без крывінкі, аблічча. Незнаёмец хмыліўся, агаляючы дробныя і вострыя, як у пацука, зубы. Адно ягонае вока было зацягнута бяльмом, другое, сіняе, як атрамант, глядзела пільна і хітра.
– Чаго табе трэба? – спытаў Адальгіз.
– А чаго шукае чалавек у гэтых палях скрухі? – адказаў той пытаннем на пытанне. – Аб жыцці ды смерці паразважаць, аб пакутах зямных і шчасці вечным, з каменем халодным ды безгалосым пагутарыць, – схіліўшыся, ён прачытаў надпіс, выбіты на гранітным надмагіллі. – Лілія Морн, нарадзілася ў годзе тысяча васьмідзясятым ад Усёспалення, памерла сёлета... Авохці, няўжо тая самая?
Незнаёмец утаропіўся на Адальгіза, так і свідруючы яго сваім адзіным вокам.
– Лілія – атрутная кветка, фаварытка каралевіча Адальгіза – спадкаемца кароны Семгалена, – незнаёмец пахітаў галавой. – Яна была шпіёнкай змеепаклоннікаў. Зманам пратачылася ў палац, тлуміла глузды свайму каханаму, пляла інтрыгі, цаляючы калі не на трон, то на высокую пасаду пры новым парадку. А калі змова была раскрытая і спроба перавароту задушаная, прыўкрасная Лілія, каб пазбегнуць пакарання, забіла сябе, увагнала востры штылет сабе ў сэрца. Адкуль ведаю? Дык у газетах прачытаў, – ён выдаў агідны смяшок. – Ужо гэтая свабода друку, ніякіх вам прыдворных таямніц, усё апублічаць, разбалабоняць. У Царградзе такога б не дапусцілі. Я маю на ўвазе газетныя плёткі, а што да палацавых пераваротаў, то ў Царградзе іх любяць і практыкуюць.
– А ты цяміш у дзяржаўных справах, я гляджу, – са змрочнай іроніяй заўважыў Адальгіз. – Табе б палітыкай займацца, а не валацужнічаць.
Незнаёмец замахаў рукамі ў пацешным жаху.
– Не-не, крый божа, я чалавек рахманы, законапаслухмяны, у палітыку не лезу! Рамяство ў мяне прыстойнае, начальствам ухваленае, у грамадстве шанаванае. Я варажбіт-вандроўнік, на рыззі, так бы мовіць, дзядоўнік. Чытаю будучыню па плямах на Сонцы. Калі жадаеце, Ваша Высокасць, магу і для вас пачытаць.
Адальгіз, якому гэты гаваркі папрашайка ўжо добра абрыд, адшукаў у кішэні срэбны талер.
– Вазьмі, – сказаў ён, працягваючы манету незнаёмцу. – І пакінь мяне ў спакоі.
– А вось талер цэнны – грошык неразменны, па зямлі пакоціцца, да гаспадара вароціцца, – сказаў жабрак, падкідваючы манету на далоні. – А зараз, калі ўжо вы заплацілі мне наперад, атрымайце прароцтва, Ваша Высокасць. Да зазімкаў вы будзеце смуткаваць па сваёй каханай. Скончыцца восень, прыйдзе месяц Снягоў, а там і Зімовы Сонцаварот, і ў мітусні свят высахнуць слёзы, сцішыцца сардэчны боль. У месяц Сцюжы да вас вернецца радасць, а ў месяцы Лютым вы станеце шукаць новага кахання. Прыйдзе вясна, снягі асядуць і пацямнеюць, зазвіняць капяжы, у дрэвах пабяжыць салодкі сок. Але саладзейшымі будуць вусны той, якой вы аддасце сваё сэрца, забыўшыся на Лілію – атрутную кветку.
Незнаёмец замаўчаў
– Надта далёка глядзіш, варажбіт, хоць і крывы на адно вока, – прагаварыў Адальгіз.
– Сцеражыся, як бы на абодва не акрывець, – адказаў той.
Юнак знямеў, ашаломлены такой дзёрзкасцю. А жабрак, пасміхаючыся, сунуў талер у кішэнь плашча і пайшоў прэч паміж надмагіллямі.
– Ды хто ты такі?! – крыкнуў яму ўслед Адальгіз.
– Агхі, – пачулася ў адказ. Гэтае імя прагучала, нібыта ўздых ветру ў кронах могілкавых вербаў.
Адальгіз змярцвеў, кроў адхлынула ад ягонага аблічча. Войска змеепаклоннікаў было разгромленае, іхнія жрацы ды шаманы выгнаныя далёка за Змяіныя ўцёсы, у самае сэрца Паўночнай багны, але Агхі – Чорны Змей, злавеснае бажаство падману і разбурэння, якога яны ўшаноўвалі, аж дагэтуль хадзіў па зямлі.
Абодва прароцтвы Агхі-Змея спраўдзіліся. Не прайшло і паўгода пасля смерці Ліліі Морн, як Адальгіз быў заручаны з прыгажуняй Ільматай, дачкой ваяводы з Дольнай зямлі. Яна так і не даведалася, што сэрца яе каханага калісьці належала іншай жанчыне. Кароль Барыслаў кіраваў дзяржавай яшчэ дзесяцігоддзе, і то былі гады міру і росквіту. Калі надышоў яго смяротны час, і Прывідныя ганчакі праводзілі душу старога караля ў царства продкаў, Адальгіз, малодшы з сыноў Барыслава, быў каранаваны на трон Семгалена. А неўзабаве..."
Яго ўзялі той жа раніцай на Юбілейнай, калі ён пешкі ішоў да метро (грошай заставалася ў абрэз, не да гламуру). Адбылося ўсё вельмі хутка: ён спыняецца на святлафоры, побач тармазіць сіні бусік, адтуль выбягаюць штурмавікі ў балаклавах, рэзкі вокрык, удар па каленах, вуліца перакульваецца, і ён усведамляе, што ляжыць плазам прыпячатаны да асфальту з заламанай за спіну рукой.
– Ну што, сука, падабаецца? – прагучаў над ім голас, знаёмы да млосці. З цяжкасцю павярнуўшы галаву, ён убачыў перад сабой ногі ў шнураваных берцах з запраўленымі ў іх калашынамі.
– Ідзі на хрэн! – выдыхнуў расеец і мімаволі сцяўся, чакаючы ўдару чаравікам у твар.
Палкоўнік Язеў толькі злосна рагатнуў:
– Правакуеш? Дарэмна. Не хвалюйся, мы цябе цэлым давязём.
Калі яго валаклі да машыны, ён паспеў акінуць позіркам вуліцу: пустыя тратуары, шматпавярховікі, снег, белае вецце дрэў, нібы атожылкі каралаў, на тле шэрага неба, неймаверна прыгожа... З крамкі на вуглу выйшаў мужычок у картузе з вушамі і паплёўся ў бок метро, трымаючы на адлёце важкі пластыкавы пакет. Паліцэйскі мікрааўтобус, побач з якім кагосьці "вінцілі", мужычок старанна не заўважаў. У тутэйшых гэта ўжо рэфлекс – у любой трывожнай сітуацыі прыкідвацца слепаглуханямымі. Як апосумы.
Сіні бусік імчаў цераз горад, праскокваючы скрыжаванні і ігнаруючы святлафоры (часам не да правіл), балазе вуліцы былі пуставатыя – у выходныя Мінск прачынаецца позна. Расеец сядзеў між двума канваірамі. Страху асаблівага не было, хутчэй тупая абыякавасць (цяпер-то дакладна – канец), да якой прымешвалася пэўная доля прыкрасці. У галаве круцілася фраза, пачутая аднойчы ад кагосьці з уцекачоў, якіх ён вадзіў цераз мяжу: "Чаму мы кожны раз прайграём? Кожны грэбаны раз?!" Кайданкі ў яго на запясцях былі сцягнутыя занадта туга, і кісці рук пачыналі нямець. Паморшчыўшыся, ён асцярожна варухнуў плячыма, і адразу ж яму ў бок уперлася дула пісталета.
– Не тузацца! А то куля ў печань, – прагугнявіў з-пад балаклавы адзін з канваіраў.
– Не сядзіцца, Чарноў? Раней трэба было думаць, – прагаварыў палкоўнік Язеў, павярнуўшыся на пярэднім сядзенні. Начальнік палітычнай паліцыі быў апрануты, як і ягоныя штурмавікі, у чорны трэніровачны касцюм, берцы і скураную куртку-пілот. Хіба што без маскі. Таварыш палкоўнік не хавае свой твар і да ворагаў нашай квітнеючай Радзімы выходзіць з адкрытым забралам – так, прынамсі, гаварылася ў прапагандысцкіх роліках, якія кругласутачна ганялі на вулічных экранах.
– Магу я даведацца, хто мяне здаў? – глухім голасам спытаў расеец.
– Кватэру тваю "паслі", – адказаў палкоўнік, нібы сплюнуў. – Камендант паведаміў, як толькі ты там аб'явіўся. Я ад учора з наружкай за табой хадзіў, думаў, да каардынатараў выведзеш. А ты па ****зях пайшоў.
"Ясна," – расеец з нечаканай цеплынёй успомніў пра Лілею. Гэта ўжо не мела значэння, але яго ўсцешыла, што на яго стукануў хтосьці іншы, а не яна.
– Чарноў, вось скажы, чаго табе не хапала? – гаварыў палкоўнік Язеў, усё больш заводзячыся. – Радзіма дала табе шанс. Прыстойны занятак пад крышай губернатара. Усё пры табе – грошы, дзеўкі, бухло, і што душа пажадае. Я зараз не як слядак у цябе пытаюся, а чыста па-чалавечы: чаго такога табе наабяцалі, што ты, этнічны рускі, перабег да... – ён запнуўся і вымавіў з высілкам, як быццам слова захрасала ў яго ў глотцы: – Бэ-чэ-бесаў!
Запанавала гнятлівая цішыня, нібы толькі што прагучала імя самога Антыхрыста.
– Заўчора на Кальварыйскай з'явіўся фашысцкі лозунг, – сказаў вадзіцель бусіка, не адрываючы вачэй ад дарогі. – Накрэмзалі з балончыка проста на будынку адміністрацыі. "Жыве" і гэтак далей. Выканаўцаў, канешне, знойдуць, але сам факт. Гадоў дваццаць такога не было.
– Адкуль вы ўсе лезеце? – палкоўнік Язеў з агідай зірнуў на расейца. – Маўчыш, сволач? Ну маўчы, маўчы. Хутка загаворыш, – палкоўнік адвярнуўся, мармычучы праклёны.
Мікрааўтобус спыніўся на гарбатай вулачцы перад прысадзістым будынкам са скошаным цокалем і дарычнымі калонамі ля ўваходу. Фасад быў пафарбаваны ў легкадумны ружаваты колер і аздоблены металічнымі дэкаратыўнымі балкончыкамі ды ляпнінай у выглядзе гірлянд. Пра злавеснае прызначэнне будынка нагадвалі толькі глухія жалезныя краты на вокнах ніжняга паверха. "Прэбражэнская, – асуджана падумаў расеец. – Лепш бы адразу ў лес павезлі".
Насуперак чаканню, яго не павялі адразу на допыт. Пасля кароткага вобыску затрыманага заштурхнулі ў камеру-ізалятар і нібыта забыліся на яго. Па адчуваннях, прамінула ўжо гадзіны тры ці больш – у гэтых бетонных блоках, куды не трапляе дзённае святло, а под столлю кругласутачна гарыць лямпа, пачуццё часу губляецца імгненна. І холадна тут, як у моргу. Падчас вобыску куртку ў яго адабралі, а талстоўка не надта ратавала. Абхапіўшы сябе за плечы, ён крочыў па камеры, ад сценкі да сценкі, так шпарка, як толькі было магчыма, але ніяк не ўдавалася сагрэцца. Яго калаціла дробнымі дрыжыкамі, не столькі з холаду, колькі ад нервовага напружання. Не хацелася пра тое думаць, але магчыма, гэтая камера – апошняе, што бачыў у сваім жыцці Ян Лімар. Без крыўды, той яшчэ прыдурак. Хлопец, здаецца, так і не зразумеў, што сур'ёзныя дзядзькі проста скарысталіся ім у сваіх гульнях. Нават калі б справа выгарала, ён не атрымаў бы нічога з таго, што было яму наабяцана. Усадзілі б свінец у галаву ды закапалі пад бярозкай, вось як гэта робіцца.
Вар'яцтвам было б верыць у добрыя намеры генерал-палкоўніка. У Валогі свая гульня. Ён дагэтуль не здаў падпольшчыкаў на Лубянку толькі таму, што чакае зручнага моманту. У Крамлі разглядаюць ягоную кандыдатуру на пасаду губернатара, і калі Самадзержац будзе вагацца, генерал-палкоўнік выхапіць гэты козыр з рукава: "Але-гоп, я раскрыў тэрарыстычную сетку!" Самадзержац будзе прыемна здзіўлены. Хітразробленая пачвара, што ёсць, то ёсць, вось толькі на падполле ён выйшаў праз Анатолія Чарнова, але той не меў выбару, праўда ж, не меў? Валога маніпулюе людзьмі, як звычайны гэбіст – шантаж сем'ямі, ціск праз родных і блізкіх, улюбёныя прыёмчыкі спецслужбаў. Няма ў Чарнова сям'і і не будзе, але ёсць дзіця ў прытулку, ніяк не абароненае, чым Валога і карыстаецца, трымае на кручку. Так, прынамсі, было да нядаўняга часу, калі наперадзе замаячыла магчымасць "саскочыць".
Напярэдадні апошняй сваёй нешчаслівай ходкі ён наведаўся ў Свята-Елісавецінскі манастыр, каб занесці грошы ігуменні. Не хабар, а негалосная дамоўленасць: ён плаціць начальніцы прытулку ў абмен на гарантыі, што выхаванка Дар'я Чарнова будзе атрымліваць належны догляд без "злоўжыванняў" і мець доступ да якаснай ежы, вопраткі, чыстай бялізны, гарачай вады, медыцынскай дапамогі і ўсяго неабходнага. Плаціў ён заўсёды наяўнымі. Як асоба з судзімасцю за экстрэмізм, ён не меў права адкрываць банкаўскі рахунак, а крэдыткі, якімі ён карыстаўся, былі аформленыя на іншае імя. Звыклы рытуал: ён моўчкі кладзе на стол пачак купюр, які ігумення нядбайным жэстам скідвае ў шуфляду. Яе шырокае, крыху азызлае аблічча пад чорнай хусцінай выглядае ненатуральна белым, нібы пасыпаным мукой. "Жадаеце з ёй пабачыцца? – пытаецца ігумення. – Тады паспяшайцеся, служба пачнецца праз пятнаццаць хвілін".
Калі ён выходзіў з кабінета ігуменні, яго апанавала адчуванне дэжа вю. Аднекуль з глыбінь памяці ўсплылі як быццам кадры з кінафільма, альбо сцэна з рамана, прачытанага калісьці даўно і ўжо забытага. Такі ж кабінет, ці то келля, на падлозе дыван з мяккім ворсам, у якім нага тоне па самую шчыкалатку, са столі звісаюць на ланцугах алейныя свяцільні, каля сцен важкія крэслы, абабітыя барвовым аксамітам, і старасвецкія кніжныя шафы, упрыгожаныя багатай разьбой, на паліцах за вясёлкавымі шкельцамі – скруткі пергаменту і карашкі кніг з назвамі на незразумелых мовах. Пасярэдзіне келлі два чалавекі – адзін, у манаскім убранні, стаіць, склаўшы рукі на грудзёх, другі сядзіць на краі крэсла, учапіўшыся ў падлакотнікі, і выгляд у яго няважны – падзёртая вопратка ў гразі і сажы, пад пазногцямі кроў, сам збялелы, як смерць.
"– Ці не жадаеце паспавядацца, Кесар?– пытаецца манах.
– Мне няма ў чым каяцца, – адказвае той, другі.
Манах уздыхае:
– Тады дазвольце мне памаліцца за вас.
– Як хочаш, – кідае другі. – Гасподзь больш не чуе нас, мы самі адвярнуліся ад яго. Зірні на нас, Нестар, хто мы цяпер, што сталася з усімі намі?
Уваходзіць кат, і салдаты з ім. У жароўні ляжаць металічныя пруты, распаленыя да чырвані. На дыван падае гарачае вуголле, прапальваючы дзіркі ў ворсе.
– Рабілі пераварот, дыванок сапсавалі. Эх, людцы, людцы.
Два чорныя ганчакі ляжаць на парозе і глядзяць на яго вачыма праайцоў."
– Анатолій Дзмітрыевіч, вы яшчэ чаго-небудзь хацелі? – нецярпліва спытала ігумення.
– Ды не. Прабачце, – схамянуўшыся, адказаў той і выйшаў з кабінета.
Ён стаяў каля ўваходу ў царкву з непакрытай галавой, як добрапрыстойны парафіянін, у той час, калі па прыступках падымаліся выхаванкі прытулку. Наперадзе паважна ступала рахманая сястра – чорнае ўбранне, бледны твар, вочы долу. Дзяўчынкі ішлі, пастроеныя парамі ў калону, у аднолькавых карычневых спадніцах і чорных паліцечках, на галовах белыя хусткі, завязаныя пад падбароддзем. Строй замыкала дзяўчына ў бясформенным цёмным пухавічку, шэрым сарафане і касынцы – пэўна, паслушніца. Дар'я крочыла ў сярэдзіне строю. Калі дзяўчынка праходзіла міма, ён прамовіў бязгучна, аднымі вуснамі: "Прывітанне, прынцэса". На імгненне яна ўзняла вочы, слізганула па ім абыякавым позіркам, не пазнаючы, і адвярнулася.
Ёй было тры, калі яго забралі. Ён вярнуўся праз восем гадоў, калі яна ўжо не помніла іншага жыцця, апроч як у прытулку ў атачэнні манашак. Цяпер ён старонні чалавек, выпадковы прахожы, пра якога яна зараз жа забудзецца. Падчас сваіх "спатканняў" з дачкой ён проста стаяў і глядзеў на яе здалёк, а пра тое, каб падысці, загаварыць, не ішло нават гутаркі. Дар'я не ведала пра гэтыя візіты. І не даведаецца ніколі, ён так вырашыў і ў сваім рашэнні заставаўся непахісным. Былы палітзэк з паражэннем у правах – менш, чым ніхто, няхай лепш яна лічыць сябе сіратой.
Спехам перахрысціўшыся, ён рушыў да брамы. Цягнік на Брэст адыходзіў праз гадзіну з чвэрцю, трэба было паспець на вакзал.
– Анатолій Дзмітрыевіч! – паклікалі яго.
Ён азірнуўся. Паслушніца, што суправаджала выхаванак на богаслужэнне, подбегам спусцілася з прыступак царквы і накіравалася да яго цераз выкладзены пліткай падворак.
– Чым абавязаны? – спытаў ён, па звычцы насцеражыўшыся. Ад незнаёмцаў, якія звяртаюцца да цябе па імі, не варта чакаць нічога добрага.
– Папрашу пяць хвілін увагі, справа тычыцца вас непасрэдна, – сказала паслушніца, наблізіўшыся. У сваіх манастырскіх апранахах яна выглядала зусім юнай – невысокая і тоненькая, з чыстым, нібы фарфоравым, абліччам, вузкімі ружовымі вуснамі і вялізнымі вачамі колеру блакітнага лёду. З-пад касынкі, туга завязанай на патыліцы, выбівалася пасмачка бялявых валасоў.
– Анатолій...магу я да вас так звяртацца? Вам не трэба больш прыносіць грошы ігуменні. Дар'я Чарнова адпраўляецца ў прыёмную сям'ю, – дзяўчына зрабіла паўзу і дапытліва паглядзела на субяседніка, нібы чакаючы ад яго нейкай рэакцыі. Расеец маўчаў. – Ад'езд цягам тыдня, хутчэй за ўсё ў пятніцу ці суботу, зразумела, у суправаджэнні выхавацелькі. Запланаваны цягнік да Масквы, затым Транссібам да Іркуцкай вобласці. Пункт прызначэння – горад Свірск. Сям'я добранадзейная, сямёра дзяцей, з іх трое прыёмныя. Ці не жадаеце зірнуць?
Дзяўчына паднесла да яго тэлефон, які выцягнула з кішэні пухавіка, і прынялася гартаць каляровыя фатаграфіі: шчаслівае сямейства – муж, жонка, дзеці – за абедзенным сталом, па дарозе ў царкву, на майскай дэманстрацыі, каля навагодняй елкі. Здымкі яўна не пастановачныя, зробленыя непрафесійна на тэлефон або лічбавую "мыльніцу" – проста паўсядзённае жыццё, якім яно павінна быць.
– Малодшы толькі пойдзе ў школу, старэйшы ўжо заканчвае вучылішча, – каментавала паслушніца. – Людзі, як бачыце, нябедныя, маюць свой дом, участак зямлі. Бацька трымае невялікае прадпрыемства па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Маці...
– Пачакайце, пачакайце, – расеец мякка адвёў яе руку, накрыўшы далонню экран тэлефона. – Як вас завуць?
– Яніна.
– Яніна, – прамовіў ён ціха. – Чаму пра ўсё гэта расказваеце мне вы, а не ігумення?
– Высокашаноўная матушка, імаверна, мае свае прычыны не гаварыць вам, – холадна адказала яна. – Але таварыш генерал-палкоўнік лічыць, што вы павінны ведаць.
– На Валогу працуеце? – наўпрост спытаў расеец. Дзяўчына прамаўчала. Яна спакойна глядзела яму ў вочы, і позірк яе быў калючы, бязлітасны, з утрапёным агеньчыкам, які, пэўна, быў у ранніх хрысціян і першых камсамолак. Ёй лёгка давалася роля паслушніцы. Некаторыя людзі створаныя для служэння ідэі, усё роўна якой.
– Зразумейце, для нас гэта стала такой жа нечаканасцю, як і для вас, – сказала Яніна. – Калі вы рэзка супраць, таварыш генерал-палкоўнік можа паспрыяць, каб працэс удачарэння быў скасаваны.
– Не трэба, – паспешліва адказаў расеец. Першае ўзрушэнне прайшло, і да яго вярнулася здольнасць разважаць цвяроза. Няхай усё ідзе сваім парадкам. У сям'і ёй будзе лепш, чым у прытулку. Далекавата, канешне, ды ўсё ж не за краем зямлі, цягнікі вунь ходзяць. Але чорт, як жа неспадзявана!..
– То-бок, пярэчанняў няма? – удакладніла Яніна.
– Ніякіх, – крыху адрывіста адказаў ён. – Дзякую за інфармацыю. Я магу ісці?
– Анатолій, яшчэ адно. Таварыш генерал-палкоўнік прасіў перадаць: гэтая ходка будзе апошняй.
Словы генерал-палкоўніка яна адчаканіла з асаблівым выразам, ледзь не па складах. З хвіліну расеец моўчкі глядзеў на фальшывую паслушніцу – яе фарфоравае аблічча было непранікальным, яна нават не змігнула, робат, а не чалавек – потым сказаў коратка:
– Добра.
– Поспехаў, – у тон яму адказала Яніна. Голас яе нібыта пацяплеў, пэўна, падалося, ім нікога не шкада, гэтым службістам, пачуццё эмпатыі – прыкмета прафесійнай некампетэнтнасці. Сыходзячы, ён адчуваў спінай ейны позірк і не азіраўся, памятаючы пра саляныя слупы, а ў скронях стукала: "Апошняя, апошняя, апошняя!.."
Праз гадзіну ён сядзеў у вагоне павышанай камфортнасці з мяккімі сядзеннямі, разеткамі для тэлефонаў і без тамбураў. У Паўночна-Заходняй акрузе паміж абласцямі пускаюць цягнікі штадлераўскага ўзору. У прыгарадзе дагэтуль бегаюць старажытныя сінія электрычкі з высачэзнымі вагонамі і скальнымі лесвіцамі, ускараскацца на якія магчыма, толькі маючы добрую фізічную падрыхтоўку. Савецкі карны дызайн як інструмент адсеву непаўнавартасных: тут месца для бадзёрых фізкультурнікаў, нямоглыя няхай сядзяць дома і не мазоляць вока будаўнікам светлай будучыні. "А зрэшты, – рассеяна разважаў ён, – тое ж, што ў нас, тое ж самае, толькі без нанатэхналогій..." У галаве ў яго ўжо склаўся план, у меру ідыёцкі, і таму ажыццявімы. Заўтра ён вядзе ўцекачоў цераз мяжу – лес, балота, дарога ўздоўж закінутай ЛЭП, "акно" ў агароджы, на тым баку чакаюць прадстаўнікі Дыяспары. Адпрацаваны алгарытм, які не дае збою нават падчас крызісаў і спецаперацый. З мяжы ён вяртаецца ў Брэст, дзень на зборы і ўвечары, не губляючы часу, на вакзал. Ён склаў маршрут, бегла прагледзеўшы карту і расклад цягнікоў: Брэст-Масква, Масква-Іркуцк, электрычка да Свірска. Білеты можна забраніраваць проста зараз, у вагоне ловіць сеціва. Горад на Ангары не такі вялікі, знайсці гэтых добрых самарыцянаў – новых апекуноў Дар'і будзе не цяжка. Зняць вугал недзе паблізу, працягнуць місію, якую ён сам на сябе ўсклаў: непрыкметна быць побач, глядзець, каб з ёй добра абыходзіліся, па неабходнасці падкідваць грошы... Так, прыйдзецца ўсё-такі праездам заскочыць да Маркі Шэлега, зняць дэпазіт. Сума набегла нічога такая, калі не надта шчыраваць, то хопіць акурат на пяцігодку, да паўналецця Дар'і. Што будзе далей, ён не загадваў, галоўнае, каб абяцанне генерал-палкоўніка не аказалася блефам, ад яго можна чакаць.
Падлога завібрыравала, вагон, нібы ўздыхнуўшы, плаўна крануўся з месца і пакаціў. Прыхінуўшыся да акна, ён глядзеў на шэрыя вежы Брамы Мінска, якія павольна адплывалі ўдалячынь разам з перонам, будынкам вакзала і прывакзальнай плошчай. Развітальны акорд сталіцы – карціна, якую ён назіраў дзясяткі разоў, пакідаючы горад, гэтым разам, магчыма, назаўсёды. З Мінскам яго больш нічога не звязвала.
Аксана казала, што Мінск немагчыма любіць, бо ў яго няма душы, Анатолій быў не згодны. Жывая душа ў Мінска ёсць, толькі яе трэба шукаць, пахаваную пад асфальтам, падобна быліннай Нямізе, якую загналі ў калектар, але не забілі. Калісьці ён любіў Мінск так жа шчыра, як цяпер ненавідзеў. Да арышту ён пражыў тут шэсць гадоў, але яго першая сустрэча з Мінскам адбылася значна раней.
Яму было дзевяць, ён толькі перайшоў у чацвёрты клас. Лета заканчвалася, жнівень каціўся ў восень, укарочваючы дні і дадаючы ўсё больш жоўтага колеру ў лістоту, і школа дыхала ў спіну. У той далёкі жнівень ён разам з бацькамі наведаўся ў госці да дзеда, які быў інжынерам шляхоў зносін на пенсіі і жыў у Мінску. Яны прыехалі цягніком "Рослаў-Калінінград". Дзед сустрэў іх на вакзале. У яго былі сівыя вусы і блакітныя, як у бацькі, вочы. Ад ягонага пінжака пахла тытунём і карвалолам. Зялёны аўтобус доўга вёз іх праз нейкія прамзоны, міма старога аэрапорта – велічэзная пустая прастора пасярод мегаполіса, будынак з калонамі, фантан, вецер звініць флагштокамі – да самай ускраіны. Дзед жыў у двухпакаёвай кватэры на дзявятым паверсе панэльнай высоткі. З балкона была відаць кальцавая дарога і поле, якое дзед называў "пустыром". У паветры вісела шызая смуга і пахла гарам – недзе пад Мінскам гарэлі тарфянікі.
Раён выглядаў дзіўнай копіяй Рослава – такое ж чыгуначнае палатно з бетоннымі агароджамі і вадапомпавай вежай, прыватны сектар, шэрыя панэлькі, жоўтыя двухпавярховікі, рака і высокі ўзгорак, зарослы дрэвамі, нібы рослаўскае гарадзішча. Гэтае мройнае падабенства спараджала пачуццё скажонай рэальнасці, як бывае ў сне – нібыта ідзеш па сваёй вуліцы і раптам заўважаеш, што дамы стаяць неяк не так, і вось гэтага павароту тут раней не было, і вадакачка з круглай зрабілася прастакутнай, а стары манастыр ператварыўся ў домік з белымі сценамі і зубчастымі вежкамі. "Гэта сядзіба генерала Курасава, – сур'ёзна тлумачыў дзед. – Ён забіў сваю жонку праз рэўнасць і з'ехаў на вайну, з якой не вярнуўся. З той пары наш раён так і завецца – Курасоўшчына". Белая сядзіба стаяла на гары, з якой была відаць рэчка, у люстраной роўнядзі адбіваліся прыбярэжныя вербалозы і паласатыя заводскія коміны пад чырвонымі каўпакамі. Рэчка плыла, звіваючыся, між зарослымі берагамі, пакуль не ўпіралася ў стромы земляны насып, падобны да крапаснога валу, і даўшы нырца ў бетонны жолаб, знікала ў апраметнай цемрадзі пад зямлёй. Па версе насыпу на галавакружнай вышыні цягнуліся, грукочучы, грузавыя платформы, і дыспетчарка з машыністам перагаворваліся па гучнай сувязі як быццам на эльфійскай мове – на адлегласці слоў было не разабраць.
Дзед любіў гэты горад і з задавальненнем паказваў унуку мясцовыя славутасці: Дом урада і помнік Леніну, шырокі і роўны, як танкавая дарога, праспект, парк Горкага з колам агляду, набярэжную з каменнымі вазамі, музей вайны, канцэртную залу, падобную да маўзалея, і плошчу Кастрычніцкую, такую вялізную і пустую, што, здавалася, пагукай, і пакоціцца рэха. "Ну як табе, Толік, падабаецца?" – пытаўся дзед. "Вельмі," – адказваў той з ветлівасці, але няшчыра, бо насамрэч было так сабе. Малому падабаліся старажытнасці, якіх у Мінску не было.
Пасля смерці бабулі дзед жыў у самоце, як сыч, але пра тое, каб вярнуцца ў родны Рослаў, не хацеў нават слухаць: "Мой Мінск, тут і памру!" Бабулю Толік не помніў, ведаў толькі, што яна была настаўніцай, як і ягоныя бацькі. Бабуля выкладала рускую мову і літаратуру ў тутэйшай школе і пісала апавяданні, якія друкаваліся ў літаратурна-мастацкім часопісе. Усе выпускі з бабулінымі апавяданнямі (іх было тры) дзед трымаў на кніжнай паліцы побач з творамі рускіх класікаў. Толік, канешне, папрасіў пачытаць. Дзед дазволіў. Апавяданні былі не вельмі доўгія і чыталіся лёгка. Першае – пра вайну і савецкіх лётчыц, другое пра рэвалюцыю (запомніліся матросы з дубальтоўкамі і маленькі сабачка, які ўцёк з-пад расстрэлу). Трэцяе, фантастычнае, яму асабліва спадабалася. Побач з Мінскам, гаварылася ў апавяданні, ці то пад ім, але дакладна на адной паралелі, існуе Іншы Мінск, падобны да сапраўднага, але не такі, бо час у ім ці то спыніўся, ці то рухаецца па мудрагеліста закручанай спіралі. У тым Іншым Мінску ўладу захапілі фашысты. Звычайныя мінчукі – хлопец з дзяўчынай, унукі партызан, праз адмысловую браму ў прасторы трапляюць з сапраўднага Мінска ў Іншы, дзе арганізоўваюць падпольны вызваленчы рух. Апавяданне нібы абрывалася на сярэдзіне і выглядала як пачатак, першая глава вялікай гісторыі. Бабуля, мабыць, і планавала пісаць працяг, ды не паспела.
Пэўна, гэты кароткі аповед зрабіўся натхненнем, штуршком да творчасці, бо менавіта тады ў яго пачаў складвацца вобраз горада, які быў падобны адначасова да Мінска і да Рослава, але быў чымсьці іншым, і існаваў ён не ў Расіі, не на гэтай нават планеце, а недзе ў іншым вымярэнні. І канешне, само сабой разумеецца, там трэба было ўсіх ратаваць ад фашыстаў.
У Мінску яны прабылі адзін тыдзень, ад выходных да выходных, і ўвесь гэты час у горадзе пахла гарам. Увечары з балкона дзевяціпавярховіка была відаць асветленая аўтадарога, нібы кальцо Сатурна, па той бок якога зеўраў абрыў у чорны космас. Стоячы на балконе, ён узіраўся ў пустыр, ахутаны цемрай, нібы ў спадзеве разгледзець пажар на балотах. Часам яму мроіўся ланцужок агнёў на даляглядзе, ці то ад пажараў, ці то ад вогнішч варожага войска. Неба над пусткай было поўнае зорак. Ён знаходзіў на небасхіле Вялікую і Малую Мядзведзіцу – два сузор'і, якія ён мог вызначыць, і прыдумваў імёны для тых, пра якія ніхто не ведаў – Жнец, Калясніца, Валасажары, Вялікі Змей – сузор'і ў небе над Іншым Мінскам, не ў нашым вымярэнні, але з ім на адной паралелі. Назаўтра быў вакзал, зубчастая Брама і цягнік на Рослаў, дзед з перона махаў ім рукой, і малы Толік ужо ведаў, што вернецца, бо Мінск яго зачараваў, злавіў у пастку, аблытаў шэрай сваёй магіяй, ці то моракам – назаўсёды.
Так і сталася, вярнуўся Толік праз энную колькасць гадоў, адвучыўшыся на інжынера, уладкаваўся, як некалі дзед, у Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі. За гэты час Мінск асабліва не змяніўся, хіба што шыльды перавесілі, ды на месцы строга аэрапорта паўстаў жылы масіў з гмахамі-тэрмітнікамі, у кожным з якіх можна размясціць цэлы райцэнтр. Часы былі неспакойныя, пасля спробы перавароту на чыгунцы ішлі чысткі, трэслі ўсіх – ад начальства да прыбіральшчыц на станцыях, але расейца ўзялі без пытанняў. Да яго доўгі час не было ніякіх пытанняў, бо жыў ён сумленна, законаў не парушаў, у палітыку не лез, і хто б мог падумаць, што ён спатыкнецца на роўным месцы. Яны ўмеюць ламаць цераз калена – ламалі і мацнейшых, і смялейшых за яго. Ён прызнаўся ва ўсім, чаго не здзяйсняў, падпісаў усе паперы, што яму падсоўвалі, хаця спярша, па наіўнасці, спрабаваў ім давесці, што гэта быў ілжывы данос. Проста-ілжывы-данос. І ўсё, і ўсё, і толькі гразь з-пад колаў. Жыццё паляцела з разгону пад адхон, і з той пары так і коціцца па нахіленай – восем год, дзевяць, дзесяць, ужо і даносчык здох, а ён так і ходзіць па гэтым крузе, як пракляты, скамарошнічае, каб не звар'яцець, грае ролю таго, кім ніколі не быў, хаваецца пад маскамі – не граху і не заганы, а звычайнымі, блазенскімі. Сёння круг замкнуўся, ён апынуўся там, з чаго ўсё пачыналася – у ІЧУ на Прэабражэнскай, і выдае на тое, што жывым ён адсюль не выйдзе. Гэтая ходка сапраўды стане апошняй, хоць і не так, як ён спадзяваўся.
Заляскаў замок, дзверы камеры расчыніліся.
– Чарноў, на выхад!
"Лілія...Лілея, сонейка," – млява падумаў ён, – "Ніхто ж не хацеў, каб усё скончылася менавіта так". Канвойныя ў балаклавах правялі яго па калідоры і заштурхнулі ў кабінет з голымі сценамі. Гарэла электрычнае святло, за акном з рашоткамі сінеў слюдзяны змрок – ці то ранні вечар, ці то ўжо раніца новага дня. Палкоўнік Язеў сядзеў за пісьмовым сталом, на якім была раскладзены папкі з паперамі. Палкоўнік быў у прыўзнятым настроі, у вуглах рота ззяла ўсмешка, якая выглядала іншароднай на гэтым абліччы, да якога намёртва прыкіпела маска бязлітаснай жорсткасці. Ззялі зорачкі на пагонах – грамадзяне прывыклі бачыць начальніка палітычнай паліцыі ў баявым камуфляжы, але гэтым разам ён надзеў кіцель.
– Сядзь, – кінуў палкоўнік.
Канвойныя падвалаклі расейца да крэсла, прыкручанага да падлогі, і адступілі, знерухомеўшы каля дзвярэй.
– Чарноў Анатолій Дзмітрыевіч, этнічны рускі, – са здзекам расцягваючы словы прамовіў палкоўнік. – Інжынер шляхоў зносін. Экстрэміст. Палітзэк. Кур'ер трансгранічных перавозак і інфарматар службы бяспекі. Пазыўны – "Белы". Н-да, больш тупога паганяла не прыдумаеш, але табе пасуе.
Расеец маўчаў, спрабуючы сцяміць, куды ўсё ідзе. Кайданкаў на яго не надзелі, дый тон палкоўніка быў збольшага добразычлівым. Такая перамена настрояў азначала толькі адно – з ім хочуць заключыць здзелку.
– Помніш маёра Жура? – спытаў палкоўнік. – Помніш, канешне, ён жа цябе пад манастыр падвёў. Знаю, знаю, ілжывы данос. Усе вы там бязвінна асуджаныя, проста сонм анёлаў.
– Не забіваў я яго, – прагаварыў расеец.
– Станіслаў Воўчак яго забіў, – адказаў палкоўнік, ківаючы. – А ты саўдзельнік, і тут табе не адкруціцца. Валога доўга цябе адмазваў, але ўсяму надыходзіць канец. Граждане, гражданочки, кончилась гуляночка!* – прадэкламаваў палкоўнік і адбіў пальцамі па стальніцы разухабісты матыў. – Таварыш Жур быў афіцэрам старой школы, на ім, можна сказаць, трымаўся ўвесь аддзел ФСБ па Паўночна-заходняй акрузе. Пасля ягонага зыходу тут распачаўся балаган. Прызначэнне Валогі на кіроўную пасаду было форменнай дыверсіяй. Я ад пачатку меў падазрэнне, што ён іншаагент, як выявілася, небеспадстаўна. Знаеш, дзе ён цяпер?
Палкоўнік узяў кароткую паўзу і не атрымаўшы адказу, працягнуў:
– Зліў цябе твой куратар, агент Белы! Звінціў за мяжу, як толькі пачуў, што запахла смажаным. Пад Мураўёў-Віленскім бэчэбэшнікаў павязалі, ты ў курсе? Яны ўжо даюць паказанні, зараз пойдуць такія кампраматы, што мама не гаруй. Чарноў, ты хоць усведамляеш, у якім ты дзярме? Ты ўжо зарабіў сабе на пяньковы гальштук, хаця, будзь мая воля, я б цябе не павесіў, а чвартаваў, сваімі рукамі. А Валозе нічога не пагражае, балта-чарнаморцы яго не выдадуць. Падстава дык падстава, праўда?
Мураўёў-Віленскі, адзначыў у думках расеец. Значыць, Мелкі не давёў іх да мяжы. Пасля той сутычкі на вузкакалейцы, калі былі забітыя двое апалчэнцаў, на гэты маршрут увогуле не варта было сунуцца. Праўда, ужо праз тыдзень Валога адсправаздачыўся перад губернатарам аб затрыманні групы "тэрарыстаў" (падстаўных, ясная рэч), якія "прызналіся" ў нападзе на патруль. У гэтую лухту не паверыў, здаецца, ніхто, нават Яго Правасхадзіцельства, але кірунак лічыўся бяспечным. Парашалі, называецца, і што б магло пайсці не так?..
– Калі б мы мелі доказы, што Валога – звычайны крымінальнік, – сказаў палкоўнік Язеў, – то дастаткова было б даць запыт у міжнародны вышук, і яго ў дваццаць чатыры гадзіны выперлі б на гістарычную радзіму з усімі вантробамі, яшчэ б і зверху прыплацілі. Заходнікі прымаюць змагароў з рэжымам, а макрушнікаў ім там не трэба. Падвойныя стандарты, такая загагуліна.
Палкоўнік замоўк, занурыўшыся ў думкі. Расеец употай зірнуў за закрачанае акно – змрок згусціўся, зрабіўшыся з сіняга дзягцярна-чорным. Значыць, усё-такі вечар суботы... Пярэдадзень Каты Праведнага. Глухая цемень перад світаннем, якога не будзе. Нашыя продкі бачылі палітычны тэрор і масавыя рэпрэсіі, потым кароткая адліга, і ўсё пачынаецца нанава, праклятая зямля, бясконцае хаджэнне па крузе, у які момант мы ўсе павярнулі не туды?..
– Чуў пра замах на губернатара? – раптам спытаў палкоўнік.
– Я не маю да гэтага дачынення, – адказаў расеец, мабыць, занадта паспешліва.
– А цябе ніхто і не абвінавачвае, на шыбеніцу ты пойдзеш не за гэта, – з'едліва сказаў палкоўнік. – Справа аб замаху прыпыненая па патрабаванні Яго Правасхадзіцельства, але я правёў уласнае расследаванне. Гэта заняло час, бо мне бракавала сведак і рэчдокаў, аднак я дакапаўся да сутнасці. Дык вось, гэта не палітычнае злачынства. Сячэш? Чысты крымінал, у сухім астатку бытавуха з той жа оперы, што панажоўшчына на кухні паміж сваякамі, толькі фігуранты чынам вышэй. Не было ніякай змовы. Губернатара заказаў хтосьці з членаў сям'і. Выканаўца вядомы, бачыў я гэтага гора-кілера, як цябе зараз, вось толькі ён ад'ехаў раней, чым паспеў назваць заказчыка.
Палкоўнік Язеў яўна не валодаў інфармацыяй. Ян Лімар афіцыйна лічыўся памерлым, ягоная сястра таксама. Першы нібыта сканаў падчас допыту, другая засілілася ў сарайчыку ў той жа дзень. Прынамсі, так значыцца ў фальшывым пасведчанні аб смерці. Валога загадаў абаіх вывезці на сядзібу і пераправіць за мяжу, як толькі Ян будзе здольны ісці на сваіх нагах. Ахвяра рэжыму, ёлкі зялёныя!..
– Не трэба мець лоб на сем пядзяў, каб зразумець, што заказчык – Алесь Валога. Ніякі экстрэміст не адчуваў да гаспадзіна губернатара нянавісці нагэтулькі глыбокай і бязмежнай, як гэты выраджэнец, няўдзячная жывёліна, пацук, які ўздумаў кусаць руку, што асыпае яго рэгаліямі і ўсімі дабротамі! – голас палкоўніка задрыжэў, вочы вільготна бліснулі. Расеец ашаломлена глядзеў на свайго суразмоўцу. Такога выбуху пачуццяў ад гэтага драўлянага салдата ён не чакаў. Тэза пра тое, што тутэйшыя ставяцца да губернатара, як да бацькі роднага, не была перабольшаннем – губернатара любілі, праўда, не ўсе.
– Па табе, Чарноў, шворка плача, але наша квітнеючая Радзіма дае табе апошні шанс, – перавёўшы дух, сказаў палкоўнік. – Прапаную табе выступіць сведкам па справе Валогі. Усё, што ад цябе патрабуецца, гэта пацвердзіць, што Валога планаваў чалавеказабойства праз асабістую непрыязнасць і з пачуцця помсты. Думай, толькі хутка. Калі згодны, то проста зараз атрымаеш інструкцыі і выйдзеш пад нагляд паліцыі. Калі не...
– Я не ведаю ўсіх акалічнасцей, – прамармытаў расеец. У роце раптам перасохла.
– А табе і не трэба іх ведаць, рабі паводле інструкцыі, і канец, – палкоўнік падсунуў да яго асадку і аркуш паперы. – Пагадненне аб супрацоўніцтве. Падпісвай і паедзеш у санаторый, курваў не абяцаю, але койка з матрацам будзе.
Расеец сядзеў з асадкай у руцэ, удаючы, што вывучае тэкст пагаднення, але ён нават не глядзеў у дакумент. Яго апанавала такая невыносная агіда, такая гідлівасць да самога сябе, што зводзіла зубы. У які момант ён даў ім падставу думаць, што ён "шасцёрка", якому ўсё роўна, на каго працаваць – на Валогу, Язева, чорта лысага? Ні ў вязніцы, ні пасля вызвалення (якое можна было назваць свабодай толькі ўмоўна) ён не апускаўся да стукачаства. Своеасаблівы кодэкс гонару, які ён парушыў толькі аднойчы, калі Валога даў зразумець: спецслужбы ведаюць, што ў Анатолія Чарнова ёсць дачка, на якую яму не напляваць. Тады яго было лёгка зламаць, але цяпер абставіны змяніліся. Дар'я ўжо ў дарозе, едзе цягніком на паўночны ўсход, дзе яе чакае спакойнае жыццё сярод добрых людзей, удалечыні ад гэтага паноптыкуму. Няма больш ні родных, ні блізкіх, праз якіх на яго можна ціснуць, зараз яго можна хіба што прыкончыць. Ён паклаў асадку на стол, адсунуў ад сябе паперу без подпісу і сказаў ціха, але выразна:
– Палкоўнік, ідзі на хер.
Начальнік палітычнай паліцыі ўсміхнуўся, і кіўнуўшы канвойным, падняўся з-за стала. Выдавала, што такі адказ яго цалкам задавальняе.
– Я гэта прадбачыў, што ж, прымаецца, – сказаў палкоўнік. – Крэцін ты ўсё-такі, агент Белы.
Калі яго, заламаўшы "ластаўкай", павалаклі па калідоры, ён пачуў, як палкоўнік, вызірнуўшы з кабінета, гукнуў:
– Грыня! Падгані арматурыны і газавую гарэлку.
Лесвіца вяла ў падвальны паверх, дзе размяшчалася камера допыту. Памяшканне з кафлянай падлогай і абшытымі гукаізаляцыяй сценамі нагадвала адначасова хірургічны блок і цэх для забою жывёлы – расейцу нават падалося, што падлога трохі нахіленая, як для сцёку крыві. Пасярод камеры стаяла металічная лава с папярочнай перакладзінай, звараная, імаверна, з фрагментаў турэмных нараў. У куце пераносны генератар, ад якога цягнуцца правады. Каля сцяны ацынкаваны стол, на ім чыгунная гарэлка на падстаўцы, падключаная да газавага балона. Вентыль быў выкручаны на максімум, шыпела сіняе полымя, на рашотцы гарэлкі ляжалі крыж-накрыж кавалкі арматуры з завостранымі канцамі, якія ўжо распаліліся да чырвані. Можна было пачынаць крычаць – загадзя, у прадчуванні, але эмоцыі адключыліся, ён проста адзначаў падзеі з абыякавасцю старонняга назіральніка: вось, значыць, як гэта робіцца.
Асуджанага цягнуць да крыжападобнай канструкцыі, на хаду здзіраючы з яго вопратку, затым, аголенага да пояса, кладуць спінай на вузкі насціл, рукі раскінутыя на перакладзіне, запясці і шчыкалаткі замацаваныя рамянямі. Апошні штрых – адмысловая скаба, альбо клямар, у які заціскаюцца скроні і лоб. Канвойныя сыходзяць, пакінуўшы яго распрастаным на лаве, нібы ў анатамічцы, пад святлом столевых лямп, такім рэзкім, што фізічна балюча, на сятчатцы адпячатваюцца чырвона-зялёныя плямы. Ян не расказваў, што з ім рабілі ў камеры допыту, яго трэсла пры адной толькі згадцы пра Прэабражэнскую. Расеец спадзяваўся, што над ім лёс злітуецца, і ён памрэ ад шоку, калі ў яму вочы стануць заганяць жалеза.
Бразнулі дзверы, пачуўся гучны, бадзёры голас палкоўніка Язева:
– Так, Мурлік, сёння затрымаюся, – палкоўнік з кімсьці гаварыў па тэлефоне. – Беляшы пастаў на падагрэў. Не, не чакай, кладзіся. Усё, давай. Цалуйчакі!
Ён змоўк і прыняўся насвістваць. Скасіўшы вочы, расеец краем зроку ўгледзеў палкоўніка, які, без кіцеля, у кашулі з закасанымі да локця рукавамі, схіляўся над газавай гарэлкай.
– Цела чалавека – дасканалы інструмент, на ім можна выканаць цэлую сімфонію болю, ці, калі хочаш, крыку, – дзелавіта сказаў палкоўнік, перабіраючы металічныя стрыжні рукой у вогнетрывалай пальчатцы. – Тое ж самае, што граць на аргане – гучна, ціха, грамчэй, яшчэ грамчэй. Я ў гэтым плане Паганіні.
– Язеў, ты хворы! – выклікнуў расеец.
Палкоўнік пахітаў галавой.
– Э, не, гэта ты зараз будзеш хворы. І памрэш ты не хутка, не спадзявайся. Я чалавек цярплівы, у адрозненне ад Яго Правасхадзіцельства.
Палкоўнік выцягнуў з агню абрэзак арматуры з завостраным краем, які свяціўся вішнёвым, і трымаючы яго рукой у пальчатцы, устаў над чалавекам, распластаным на крыжападобнай лаве. Расеец мімаволі зажмурыўся – неяк прыкра было ўсведамляць, што гэтае мурло стане апошнім, што ён бачыць у сваім жыцці. Ён чакаў найгоршага, але нічога не адбывалася. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў над сабой палкоўніка. Ён стаяў, апусціўшы арматурыну, і пазіраў зверху ўніз на сваю ахвяру.
– Навіны для цябе ёсць, Чарноў, – павольна прагаварыў палкоўнік. – Хацеў быў пакінуць на закуску, потым думаю: не, скажу зараз, пакуль ты ў адэкватным стане, бо калі мы з табой скончым, для цябе ўжо нічога не будзе мець значэння. Ты як, білеты да Свірска купіў ужо? Можаш здаваць. Ніхто нікуды не едзе.
– Што? – перапытаў расеец, не верачы сваім вушам.
Палкоўнік рагатнуў.
– Думаў, ты тут самы разумны? У мяне інфарматары ў Свята-Елісавецінскім манастыры, у Валогі таксама, але мае працуюць больш аператыўна. Днямі ў манастыр наведвалася мадам Сорэкс, бардэль-маман з Юбілейнай. Мадам абслугоўвае кліентаў з адмысловымі густамі, ну знаеш, Садом і Гамора, гэтае ўсё. Заказчыкі спрэс эліта – кіраўнікі, банкіры, суддзі, буйныя прадпрымальнікі. Яны ўсе ў нас на алоўку, бруд брудам, затое лаяльнасць гарантаваная. У мадам Сорэкс бізнес наладжаны, яна працуе са спецінтэрнатамі ды прытулкамі для дзяцей палітзэкаў. Генетычнае смецце, хто іх там лічыць? Так што, вось так вось. Прыстроіла мадам тваю Дар'юшку, ды толькі не ў прыёмную сям'ю, а табе інфарматар дэзу таўкнуў. Развялі вас, валогаўскіх, як сынкоў.
– Ты...брэшаш, ты... – здушана прагаварыў расеец. Яму бракавала паветра, у горле, у грудзёх смаліла, нібыта ў глотку залівалі расплаўлены свінец. Ён не заплакаў, проста зрабілася цёмна.
Яна ідзе па дрыгве, маленькая, крохкая, у руцэ ліхтар мігціць і вось-вось згасне, а наўкол вокны прорваў, у чорнай вадзе варушыцца тагасветная навалач. Ён крочыць следам, спрабуе яе аклікнуць: "Дар'я!", ды голас не слухаецца.
"– Забі яе, выражы ёй язык, прынясі мне, – гаворыць сюзерэн. – У гэтым краі маўчаць павінны ўсе, нават немаўляты".
Аксана смяялася з яго, бо ён не наважваўся ўзяць немаўля на рукі, баяўся, што не ўтрымае, упусціць.
Не ўтрымаў.
"– Ты прынёс, што я прасіў?" – сюзерэн бярэ скрываўлены скрутак з рук старога вяльможы, які схіляецца перад ім. Разгарнуўшы скрутак, сюзерэн падносіць яго да вачэй і пільна разглядае тое, што ляжыць усярэдзіне – так спрактыкаваны ювелір вывучае камень-самацвет, каб вызначыць, сапраўдны ён альбо падроблены. Аблічча сюзерэна скажаецца ад агіды, і ён рэзкім рухам кідае скрутак у камін, у якім палае бярозавае паленне.
– Вось і ўсё, Адальгіз, ад цябе больш нічога не засталося, – кажа сюзерэн, гледзячы ў агонь. – Ты мусіш быць удзячным мне, братка. Маімі стараннямі вашае сямейства ўз'ядналася, і ў царстве мёртвых вы цяпер усе разам – ты, твая шлёндра і ўсе твае вырадкі".
– Сюзерэн, сюзерэн, ты трапіш у пекла, і Падземныя зжаруць тваё змяінае сэрца!.."
– Стала Дар'юшка малалетняй шалавай, і проста зараз з ёй забаўляецца адзін вычварэнец – аматар маленькіх дзяўчынак, а ў астатнім узорны грамадзянін з высокай, між іншым, пасадай, – сказаў палкоўнік Язеў. – Пашанцавала дзеўцы, як на мяне, бо лепш прыстойны папік, чым бацька-лішэнец...
Палкоўнік не дагаварыў, бо будынак страсянуўся ад глухога, але магутнага ўдару. Пад падлогай пракацілася пругкая хваля, мігнулі свяцільні. Палкоўнік, чартыхнуўшыся, шпурнуў арматурыну на рашотку гарэлкі і кінуўся да дзвярэй.
– Грыня, што там? – крыкнуў ён, высунуўшыся ў калідор.
Ягоны вокліч патануў у грукаце стрэлаў. Білі з аўтаматычнай зброі – у калідоры і недзе наверсе. Пад гром кананады звінела шкло, чулая складаная лаянка, пару разоў штосьці грукнула так, што затрэсліся сцены. Праз вэрхал было цяжка зразумець, ці то пачаліся пазапланавыя вучэнні, ці то ў горад увайшлі балта-чарнаморцы, і па будынку садзяць з танкаў Альянсу. Страляніна спынілася. З калідора данесліся прыглушаныя галасы, затым характэрны гук, нібы зашчоўкнуліся кайданкі. Хтосьці залямантаваў істэрычным дыскантам: "Кончаныя жывёліны! Плесня!" Грымнуў рогат. Зноў галасы і тупат ног, якія хутка аддаляліся, пакуль не сціхлі. Запанавала цішыня. Дзверы камеры рыпнулі, па кафлянай падлозе зашоргалі крокі.
– Язеў? – крыкнуў расеец. Ён глядзеў проста перад сабой, ад сляпучага святла столевых лямп з вачэй беглі слёзы. – Язеў, сука, я ж ад цябе не адстану! Здохну, але не супакоюся. З магілы падымуся, чуеш? Буду прыходзіць і ўдзень, і ўначы, пакуль ты не звар'яцееш к грэбанай мацеры, паскуда!..
– Таварыш палкоўнік не чуе, тут вельмі добрая гукаізаляцыя, – адказалі яму. Голас знаёмы. Ну канешне, танальнасці гэтыя сарданічныя, не зблытаеш ні з кім.
– Валога? – расеец адчуў, як халодныя пальцы слізганулі па ягоных запясцях і шчыкалатках, аслабляючы рамяні. Явіўся збаўца, як гэта кранальна, у той самы момант, калі асуджаны хоча толькі аднаго – памерці хутчэй. – Валога, ідзі ў пекла са сваімі інфарматарамі! У Свірск яны сабраліся. Свірск, маць іх! – паўтарыў ён з нервовым смяшком. – Дзе Дар'я? Валога! Дзе яна?
– Дар'я ў бяспецы, ёй нічога не пагражае, – пачуўся спакойны адказ. – Пытанне яе аховы я ўзяў пад уласны кантроль.
Зразумеўшы, што рамяні яго больш не трымаюць, ён рыўком прыўзняўся. Памяшканне адразу ж звалілася ў штопар – падлога выслізгвала з-пад ног, сцены разгойдваліся і беглі па коле, нібы на зламанай каруселі. Ён паспешліва ўхапіўся за краі лавы і прыплюшчыў вочы, змагаючыся з млосцю.
– Добра ж цябе апрацавалі. Нічога, ачуешся. Перадапошні, каго я знімаў з гэтай канструкцыі, быў у значна горшым стане, – генерал-палкоўнік гаварыў у звычайнай сваёй кплівай манеры без кроплі спагады.
Расеец сядзеў, сціскаючы скроні. Карусель спынілася, але ўваччу ўсё яшчэ стаялі барвовыя плямы. Узняўшы позірк, ён застыў у збянтэжанасці. Перад ім быў не Алесь Валога. Хтосьці іншы – гатычна танклявы, доўгі і гнуткі, па-скамарохаваму апрануты ў яркае і бліскучае, з ненатуральна белым, нібы нафарбаваным бяліламі абліччам, падобным да маскі тэатра Но.
– Ты хто, госпадзі?! – хрыпла спытаў расеец.
– Зусім ніякіх асацыяцый? – адказаў той, пасміхаючыся. – Нават неяк крыўдна, то-бок, я хацеў сказаць, забаўна.
Расеец прыціснуў далоні да твару і з сілай пацёр павекі, як чалавек, які толькі што абудзіўся ад сну.
– Вінаваты, таварыш генерал-палкоўнік, – прагаварыў ён невыразна, сам здзіўлены гэтым кароткім абмарачэннем. Канешне, Валога, толькі разадзеты, як на парад. Не звыклы камінтэрнаўскі пінжак, не кіцель з зорачкамі, а багатае ўбранне а-ля рюс: стралецкі пунсовы кафтан з залатым гафтам і зашпількамі, у колер шапка з апухай, зухавата ссунутая набок. У гонар чаго ён так выфранціўся?
– Што, заврот гловы**? Бывае. Апраніся, Чарноў, не магу глядзець на цябе ў тваёй прыгажосці, – Валога падпіхнуў да яго пару чаравікаў і скамечаную вопратку, якая кучай ляжала на падлозе, і адвярнуўся, заклаўшы рукі за спіну.
Расеец з цяжкасцю падняўся з лавы і агледзеўся. Гарэлка на цынкавым стале была адключаная, металічныя стрыжні хутка астывалі. Побач ляжала пара пальчатак для мангала ў чорна-чырвоную палоску і стаяла пластыкавая бутэлька "Дарыды" – рэчы выключна мірныя, паўсядзённыя. Катаванні даўно сталі руцінай накшталт пасядзелак на прыродзе. Схапіўшы бутэльку, ён сарваў корак і прагна, ледзь не са стогнам, зрабіў вялізны глыток. Ён толькі зараз адчуў, што проста памірае ад смагі. Вада была цеплаватая, але ён не зважаў, піў і не мог спатоліцца, пакуль бутэлька не апусцела напалову.
– Я думаў, вы ў балта-чарнаморцаў, – прагаварыў расеец, аддыхаўшыся.
– А чаго не ў варага-печанегаў? – хмыкнуў Валога, не абарочваючыся. – Дэзынфармацыя, якую мы ж і распаўсюдзілі.
– Я спрабаваў з вамі звязацца, – сказаў расеец і адпіў яшчэ пару глыткоў.
– Так, я бачыў твае ўваходныя, – Валога кіўнуў патыліцай. – Не мог адказаць, бо быў на прыёме ў Самадзержца. У Маскву лятаў, толькі што з аэрапорта.
Вось яно што. Зразумела цяпер, адкуль кафтан – падарунак з царскага пляча. І падарунак, пэўна, не адзіны. Што там наконт ярлыка на княжанне? Паставіўшы бутэльку на стол, расеец сунуў ногі ў чаравікі і спехам нацягнуў талстоўку.
– А Язеў дзе? – спытаў ён.
– Арыштаваны за антыдзяржаўную дзейнасць, – адказаў Валога.
– Ён? Антыдзяржаўны?
Валога павярнуўся да расейца і паблажліва ўхмыльнуўся, сустрэўшыся з ягоным недаверлівым позіркам.
– Ведаў бы ты, якія я выклаў на яго кампраматы. Каардынатар нацыянал-адраджэнскага падполля, агент Урада ў выгнанні, сябар тэрарыстычнай фракцыі "Брыгада Пара-Левановіча", і гэта толькі пачатак спіса. Уражаны быў нават Самадзержац, які, як вядома, у свой час служыў на Лубянцы і бачыў усякае.
– Але ж гэта бязглуздзіца.
– А якая розніца? – Валога паціснуў плячыма. – Пасля шаснаццаці гадзін допыту таварыш палкоўнік прызнаецца ва ўсім, што яму закідаюць. Усе прызнаюцца, ці не так?
Расеец прамаўчаў. Валога агледзеў яго з галавы да ног і здаволена кіўнуў.
– Гляджу, ты ўжо ў форме, выдатна. У суседнім двары пад аркай стаіць машына. Даедзеш да Брэсцкай вобласці, дарогі могуць быць перакрытыя, але на чырвоных нумарах цябе прапусцяць без пытанняў. Калі натрапіш на кардоны каля Мураўёў-Віленскага...ты штосьці хацеў спытаць? – перапыніўся ён, узняўшы брыво.
– Таварыш генерал-палкоўнік, мне паведамілі, што гэтая ходка будзе апошняй, – з націскам прамовіў расеец.
– Пагадзіся, ходка была поўным правалам, – Валога ўхмыльнуўся вуглом рота. – Ты не даставіў бежанцаў у пункт прызначэння, дык вярні іх хаця б на сядзібу. Гэта ты ў стане выканаць?
– Яны на волі? Язеў сказаў...
– Збрахаў. Захраслі ў прыгранічным горадзе. Проста вывезі іх адтуль, і будзеш вольны. Да таго моманту я застаюся тваім куратарам. Яшчэ пытанні?
– Дзе Дар'я? – спытаў расеец пасля секунднай паўзы.
– У нас, – унікліва адказаў генерал-палкоўнік.
– Я магу з ёй пабачыцца?
– Пабачышся пазней. Спачатку Мураўёў-Віленскі.
"Чорт!.." – расеец моўчкі вылаяўся, разумеючы, што Валога зноў уцягнуў яго ў свае гульні, і ні адмовіцца, ні выгандлеваць нейкія ўступкі немагчыма.
– Слухаюся, таварыш генерал-палкоўнік, – сказаў ён услых.
– От заладзіў – таварыш ды таварыш. Бяры ўжо вышэй: Ваша Правасхадзіцельства! – Валога зірнуў на чалавека, які стаяў перад ім, і рассмяяўся, бачачы ягоную збянтэжанасць. – Сёння роўна апоўдні па маскоўскім часе, у сценах старажытнага Крамля, з рук Імператара Усея Русі, няхай кіруе вечна, дараваная мне была губернатарская пячатка, а з ёю права вяршыць суд, раздаваць тытулы і распараджацца, прабач за канцылярызм, тактычнай ядзернай зброяй, размешчанай на тэрыторыі акругі. Самадзержац так расчуліўся, што падняўся са свайго вазка і без намёку на паралюш, ні любое іншае праяўленне немачы, заключыў мяне ў абдымкі і расцалаваў у параксізме смяротнай любові. Я быў ужо ў самалёце, які браў кірунак на Мінск, калі мне далажылі, што пасля майго зыходу Самадзержац доўга расхаджваў па кабінеце, паціраючы рукі і напяваючы сабе пад нос песню нямецкіх жаўнераў часоў каланіяльных войнаў наступнага зместу: "Nach Afrika, Nach Kamerun, Vivat, Nach Kamerun", што сведчыла аб найвышэйшай ступені задаволенасці. Узрадуйцеся і ўзвесяліцеся, дзеці Паўночна-Заходняга Краю, бо маеце новага губернатара! – ён паднёс да вачэй левую далонь і дадаў напаўголаса, нібы ў задуменні: – Была б у мяне мроя, займеў бы я невыказна больш.
"Крануўся на радасцях", – без іроніі падумаў расеец. Валога быў прыроджаны прытворшчык – таксама свайго роду маска, ламае камедыю, і паспрабуй здагадайся, што ў яго наўме. Але гэтым разам, магчыма, упершыню за ўвесь час, ён выглядаў шчырым.
– Я магу ісці...Ваша Правасхадзіцельства? – асцярожна спытаў расеец.
– Знаю, што ты мяне не любіш, але не я быў архітэктарам тваіх нягод, – адказаў той, свідруючы яго сваім жудасным позіркам – невідушчая правая зрэнка зайшла за павека, і здавалася, што вока зацягнута бяльмом. – Так, Чарноў, можаш ісці.
Не зводзячы вачэй з новага губернатара (хапіла розуму не пытацца, куды дзеўся папярэдні), расеец павольна адступаў, пакуль не ўпёрся спінай у дзверы – на шчасце, было незачынена. У калідоры ён ледзь не запнуўся аб безжыццёвае цела, якое ляжала ўпоперак уваходу, мабыць, хтосьці з канвойных, вызначыць не выпадала, бо было цёмна – адзін са столевых плафонаў, пабіты, не гарэў, другі трашчаў, канвульсіўна міргаючы.
– Чарноў, ты? – аклікнулі яго з лесвіцы.
– Ужо не ўпэўнены. Здароў, Коган! – адказаў расеец без каліва здзіўлення. Зміцер Коган, сувязны мінскага падполля, з якім яны часам перасякаліся на "Дарозе жыцця" – значыць, і ён таксама. Працуе на Валогу. Проста цікава, пытаўся ён у сябе, у Паўночна-Заходняй акрузе застаўся хоць адзін грамадзянін, якога яшчэ не завербавалі спецслужбы?
– Ну ты цэлы, ісці можаш? То хадзем! – Коган знакам паказаў рушыць за ім і знік за дзвярыма.
– Коган, я магу нават лезгінку, танцуй, Магадан, – прагаварыў расеец. З гэтай камеры людзі выходзяць не ў поўным камплекце, дакладней, іх выносяць, але сёння пашанцавала.
Узбегшы па лесвіцы, на выхадзе ён рэзка спыніўся і ледзь быў не павярнуў назад. Каля дзвярэй стаяў спецназавец у чорным камуфляжы і масцы – у руках аўтамат ствалом уніз, палец каля спускавога кручка. Такія ж постаці ў чорным маячылі на другім канцы калідора і каля лесвіц, што вялі на верхні паверх.
– Чарноў, усё нармальна, гэта свае, – напаўголаса сказаў Коган.
У будынку панавала цішыня, але ўсё сведчыла пра нядаўнюю бойню: сцены здзіраўленыя кулямі і запырсканыя субстанцыяй, падобнай да вішнёвага сіропу, падлога ў барвовых падцёках, у паветры завісь з парахавога дыму і пылу ад тынкоўкі. Дзверы кабінетаў былі парасхінаныя, за імі віднелася перакуленая м э б л я, раскіданыя ў беспарадку паперы і панішчаная аргтэхніка. Смярдзела жалезам.
– У вас тут што, пераварот? – шапнуў расеец, крочачы побач з Коганам.
– Трохі ё, – Коган заўсміхаўся, ягоныя зубы бліснулі з-пад чорных вусоў. У сваёй цывільнай скуранцы, з-пад якой выглядваў тоўсты швэдар, штанах колеру хакі і вязанай шапачцы ён выглядаў бы, як просты рабацяга з прадмесця, калі б не аўтаматычная вінтоўка ў яго за плячыма. – Самадзержац падпісаў указ аб ліквідацыі "гестапіка", то-бок, аддзела па барацьбе з экстрэмізмам. Аддзел перастаў выконваць свае абавязкі і сам зрабіўся рассаднікам экстрэмізму ды замежнай агентуры. Вінаватым назначаны палкоўнік Язеў. Мы, уласна, прыбылі праводзіць ліквідацыю, а гэтыя ідыёты надумалі адстрэльвацца. Прыйшлося ўжыць спецсродкі.
– Вы – гэта хто? Валогаўскія?
– Валога наш, – важка прамовіў Коган.
– Такі "ваш", што здаў падполле? – не стрымаўся расеец.
– Ніхто нікога не здаваў, усё працуе, – спакойна адказаў Коган і дадаў, пасмейваючыся: – Адкуль я ведаю, што ён там падсунуў Самадзержцу.
Яны спыніліся каля кабінета з голымі сценамі, дзе з мэблі былі толькі стол і пара крэслаў. На стале ў беспарадку ляжалі рэчы – камуфляжная куртка, шнуркі ад чаравікаў, розная дробязь і нават гаманец, з якога выглядвалі некранутыя грашовы купюры.
– Тваё? – спытаў Коган. – Забірай.
Расеец накінуў куртку, астатняе рассоваў па кішэнях – усё, што адабралі былі падчас вобыску, акрамя тэлефона, тэлефон канфіскавалі, дый халера з ім, усё роўна сувязі няма, ці ўжо аднавілі?
– Коган, што там з сувяззю, ляжыць? – спытаў ён.
– Цэпеліны паднялі, перадача сігналаў праз паветраныя станцыі, наземныя дагэтуль мёртвыя, – адказаў той. – Сур'ёзную дыверсію зладзілі, не па-дзіцячы.
– А гэта хіба не вы?
Коган энергічна патрос галавой.
– Не мы. Прынамсі, генерал-палкоўнік загаду не аддаваў.
Апошнія крокі да выхаду даліся няпроста, час нібы запаволіўся, ён раптам спужаўся, што ніколі адгэтуль не выйдзе. Калі ён узяўся за дзвярную ручку, у галаву прыйшоў вобраз чалавека, які тануў і ўжо амаль захлынуўся, але дакрануўшыся дна, рвануўся з апошніх сіл і стаў павольна падымацца да паверхні, дзе цеплыня і святло, і гульня сонечных блікаў.
Штурхнуўшы дзверы, ён выйшаў на ганак. На яго абрынуліся тлум і бляск ажыўленай сталічнай вуліцы. Зноў адчуўшы кружэнне ў галаве, ён ухапіўся за калону, якая падпірала ганак, і прагна ўдыхнуў чыстае, халоднае паветра. Быў вечар суботы, горад ззяў агнямі, ходнікі былі запоўненыя людзьмі, якія гаманілі, смяяліся, і ўзнімаючы тэлефоны, рабілі здымкі маляўнічых прысадзістых домікаў з падвеснымі ліхтарамі і рознакаляровымі фасадамі. Тое, што адбывалася за сценамі будынка палітычнай паліцыі, іх не датычылася, магчыма, яны нават не чулі страляніны.
Прэабражэнская – пешаходная вуліца ў гістарычным цэнтры Мінска, аблюбаваная турыстамі з метраполіі, якія едуць у Паўночна-Заходнюю акругу, каб пакаштаваць "еўрапейскасці". Тут вечнае свята і Новы год, гірлянды і агеньчыкі, адкрытыя тэрасы і разняволеныя натоўпы, якія шпацыруць, расцякаючыся па корчмах ды кавярнях, дзе няспешна гартаюць вінную карту, заказваюць прасека, ружовае і плоскі белы, адпраўляюць на кухню карбанару (к няшчасцю, перасоленую), паглынаюць пірожныя з крэмам і не здагадваюцца, што вось тут побач, за два крокі ад іх, у будынку са скошаным цокалем знаходзяцца катавальныя ямы, дзе людзей жыўцом раздзіраюць на кавалкі, а крыкаў не чутно, бо вельмі добрая гукаізаляцыя, а чаго не бачыш і не чуеш, таго як быццам і не існуе.
– Благаславенны той, хто жыве ў няведанні, – прагаварыў ён нягучна.
– Чарноў, ты тут застацца вырашыў? – Коган крануў яго за плячо. – Хадзем!
Яны збеглі з прыступак і рушылі ўверх па стромкай вулачцы, поўнай народу. Ні на яго, ні на Когана, які ішоў з вінтоўкай на плячы, прахожыя не звярталі ўвагі. Цэнтр горада часта патрулююць узброеныя вайскоўцы, і стваламі тут нікога не здзівіш. Прывыклі.
Не дайшоўшы да канца вуліцы, яны павярнулі направа і спыніліся каля прастакутнай аркі ў сцяне дома, якая вяла ў цёмны дворык. Пад аркай стаяла чорная "Джылі" з чырвонымі нумарамі.
– Корч наменклатурны прэміюм-класа, – пракаментаваў Коган. – На такім усе блок-пасты пройдзеш без затрымкі.
– Пачакай, Коган. Што за блок-пасты, адкуль? – спытаў расеец. Ужо другі раз за сёння ён чуў пра перакрытыя дарогі.
– Валога табе не сказаў? – здзівіўся Коган. – У Мураўёў-Віленскім моравая язва.
– Вось, сволач! – выгукнуў расеец.
– Мінулай ноччу быў першы выпадак, з раніцы горад ужо зачынены, – гаварыў Коган. – Ад насельніцтва хаваюць, канешне, але інфармацыя ўжо пайшла праз свабоднае Сеціва... Не, а праўда, чаму ён табе не сказаў?
– Ладна, праехалі, – стомлена сказаў расеец. Куратар у сваім амплуа – выправіў у зону заражэння і нават не папярэдзіў, хаця не, намякнуў-такі на кардоны, а пра астатняе сам здагадаешся, агент Чарноў. У любым выпадку, ніхто не прымусіць яго перціся ў зачумлены горад, пакуль не знімуць каранцін.
– Ну, няхай шчасціць! – па-тутэйшаму сказаў Коган.
Расеец моўчкі кіўнуў у адказ. Яны развіталіся поціскам рук. Уладкаваўшыся за стырном, расеец уключыў запальванне, на прыборнай панэлі загарэліся індыкатары. Коган, штосьці ўспомніўшы, пастукаў у бакавую шыбу. Расеец апусціў акно.
– Ледзь не забыўся, от жа, галава дзіравая. Валога прасіў перадаць, – Коган выцягнуў з-пад скуранкі папку-скорасшывальнік з празрыстым верхам і прасунуў яе ў акно.
– Гэта што? – спытаў расеец.
Коган паціснуў плячыма.
– Не знаю. Я не глядзеў.
Расеец узяў папку, у якую быў укладзены стосік раздрукаваных на прынтары аркушаў, штосьці накшталт курсавой работы студэнта, і бегла зірнуўшы на тытульнік, паклаў папку на пасажырскае сядзенне.
– Дзякуй, Коган, – сказаў ён збянтэжана
– Няма за што, – адказаў той і адступіў у цень аркі.
Зачыніўшы акно, расеец нейкі час сядзеў у здранцвенні, трымаючы рукі на стырне. Поруч ляжаў рукапіс на пяцьдзясят старонак, які ён лічыў незваротна страчаным. Казка для дзяўчынкі – гісторыя пра чароўнае каралеўства, у якім яна будзе прынцэсай. Ён узяўся за кнігу, калі нарадзілася Дар'я. Пісаў у вольны час, якога было не так многа, работа ішла страшна марудна, па абзацы, па радку на тыдзень, але спяшацца не было куды. Казку пра сябе Дар'я прачытае сама, калі падрасце. Ён не быў прафесійным пісьменнікам (Аксана жартавала, што ён выбраў не тую прафесію), таму выходзіла не ідэальна, а часам даволі крыва, але гэта была асалода тварэння. У іх з'явілася новая забава – гуляючы з малой па Мінску, у звыклых краявідах шукаць абрысы іншага горада, таго, што знаходзіцца Па-Той-Бок.
"Старажытная сталіца каралёў, горад на трох стромкіх узгорках, размешчаных у выглядзе кароны. Горад, дзе храмы такія высокія, што здаецца, быццам іхнія ігольчатыя шпілі чапляюць аблокі. Горад з брукаванымі вулачкамі, такімі вузкімі, што на іх з цяжкасцю раз'едуцца два вершнікі, і з шумнымі кірмашовымі плошчамі, такімі прасторнымі, што месца хопіць і гандлярам, і музыкам са скамарохамі, і натоўпам народу, які весяліцца. Горад з беласнежнымі вежамі, каванымі мосцікамі па-над змяістай ракой і каляровымі сцягамі, што лунаюць на цёплым летнім ветры..."
Дар'я любіла гэтую гульню. Ёй падабалася ўяўляць сябе прынцэсай, якой належыць цэлае каралеўства. Вечарамі, перад тым, як аднесці ў ложак, ён ставіў яе на падаконнік, і яна, у піжаме, басанож, зачаравана глядзела скрозь шыбы на гарадскія бледныя зоры, урачыста прамаўляючы назвы нетутэйшых сузор'яў:
– Жнец, Калясніца, Валасажары, Вялікі Змей!
Рукапіс канфіскавалі пасля першага арышту, калі загінула Аксана, а Дар'ю забралі. Пазней ён часта шкадаваў, што не спаліў гэтыя раздрукоўкі – агідна было ўсведамляць, што іх чытаюць рэжымныя вертухаі, поўзаюць вачыма па радках, вышукваючы крамолу. Дзесяць год рукапіс праляжаў недзе ў архівах, а сёння вярнуўся да свайго творцы.
– Вар'яцтва, – прагаварыў расеец. – Ды прападзі ўсё пропадам!..
Ён запусціў матор. Выязджаючы з-пад аркі, у люстэрку задняга агляду ён убачыў Когана, які стаяў, узняўшы далонь у знак развітання. Чарапашым ходам машына выкацілася з вузкай, стромай вулачкі на Паркавую магістраль і набіраючы хуткасць, накіравалася ў бок кальцавой. Дарога была свабодная, на скрыжаваннях мерна мігалі святлафоры. Паміж гмахамі на паветраных экранах струменіліся лічбавыя выявы сцягоў – Імперыі і губерні. Высока над дахамі ў пахмурным небе флегматычнымі рыбінамі віселі дырыжаблі. Пачынаўся снегапад. Ноч абяцала быць доўгай.
______________________________
*Шансанье Дзмітрый Данер
**Тут: абмарачэнне розуму (польск., скаж.)
Свидетельство о публикации №216102401322