Мройнiк
Вярнуўшыся ў лагер паўстанцаў, ён расказаў Ваўчку пра сваю знаходку. Камандзір быў замкнутым і змрочным чалавекам, які рэдка ўсміхаўся, але выслухаўшы аповед Памвы, ён прыняўся рагатаць. "Генератар, – ледзь вымавіў Ваўчок паміж прыступамі смеху. – Ёлупень ты, гэта ж генератар!"
Смерць не лунае ў паветры, смерць хаваецца ўсярэдзіне жалезных нітак, тлумачыў Караль Стах Ваўчок. Выйсці да мора магчыма толькі цераз Паўночную багну. Дзюны берагавой лініі ад Самгіцкай касы да Паўночнай багны аблытаны Цёрнам – густой сеткай з жалезных нітак, ушпіляных шыпамі. Па сетцы ўверх і ўніз бягуць сінія агеньчыкі, якія трашчаць. Варта толькі дакрануцца да Цёрну, і цела стане торгацца і курчыцца ў вар'яцкіх скоках, скура ўчарнее, кроў ператворыцца ў лой, і плоць будзе гарэць, нібы свечка, пакуль не аголяцца косці. Цёрн – гэта пагібель. Цёрн – сімвал улады Рамейскай імперыі. Цёрн закрывае выхад да мора.
Абгароджаная пляцоўка, якую ты бачыў у лесе – гэта сілавая станцыя з генератарам, гаварыў Ваўчок. Такія станцыі размяшчаюцца ўздоўж узбярэжжа Паўночнага мора. Яны-то і сілкуюць Цёрн, накіроўваючы ў яго смяротны агонь. Генератары працуюць на бізантытавых стрыжнях.
Бізантыт, альбо цар-камень, здабываюць у базальтавых пустынях на поўдні Рамейскай імперыі і вязуць па рэйкавай дарозе на жалезныя млыны, дзе вырабляюць бізантытавыя стрыжні. Аднаго стрыжня дастаткова, каб забяспечыць электрычнасцю невялікі горад. Яны прыводзяць у рух гіганцкія фабрыкі. З іх робяць начынку для бомб.
Калі з генератара выцягнуць стрыжань, ён заглухне, і тады ўчастак Цёрну працягласцю ў некалькі міль згасне. А згаслы Цёрн не больш небяспечны, чым звычайны калючы хмызняк.
Памва быў чалавек вельмі просты. Невядома, ці шмат ён зразумеў з таго, што тлумачыў Ваўчок, але галоўнае ён засвоіў цвёрда: Жалезнаму Дракону можна ўспароць бруха і выдраць ягонае чорнае сэрца. І тады Цёрн памрэ.
***
Пад уязным знакам горада Мураўёў-Віленскі размяшчаўся каранцінны пост. Шаша была перакрыта бетоннымі блокамі і металічнымі загародамі. Вялікія жоўтыя плакаты папярэджвалі пра пагрозу эпідэміі. Адна паласа шашы была вызваленая для руху ваеннай і грузавой тэхнікі, а таксама для машын на чырвоных нумарах, якія прапускалі без дагляду. На другім баку дарогі ўтварыўся корак з легкавых аўтамабіляў, які расцягнуўся на добры кіламетр. Каля прапускнога пункта і перад агароджай тоўпіліся людзі. Праверкі на КПП ішлі марудна. Людзі нерваваліся. Хадзілі чуткі, што пошасць дасягнула "крытычных маштабаў", у горадзе шмат памерлых (дакладную лічбу, канешне, ніхто не называў), і ў найбліжэйшы час праход для цывільных закрыюць поўнасцю.
Каля шлагбаўма, трымаючы вінтоўку руляй уніз, стаяў і сумаваў дзяжурны. Набліжалася перасменка, дванаццаць гадзін на нагах даваліся ў знакі – хіліла на сон, вінтоўка муляла плечы, маска намокла, замінаючы дыхаць, і ён сцягнуў яе сабе на шыю. Каб развеяцца, дзяжурны ўзяўся быў лічыць па галовах людзей, якія тоўпіліся каля КПП, збіўся, пачаў нанава, адчуў, што ў яго зліпаюцца вочы і кінуў гэтую справу. Перахапіўшы зброю, ён прыняўся страявым крокам расхаджваць уздоўж шлагбаўма. От жа сабачая работа, разважаў ён пра сябе, і што характэрна, выхлапу нуль. Запісаўся вось у апалчэнне, думаў зажыць па-людску – ага, зараз! Жалаванне слёзы, палову з'ядае арэнда, з жонкай крэдытаў гэтых ільготных панабіралі – рамонт на дачы, тэлефоны, пралка, малых у школу сабраць, зноў-такі. Корч вось толькі справіў новы, хоць і ўжываны. Дзяжурны змрочна паглядзеў на чараду машын, якія чакалі праверкі. Харошыя машыны, адзначыў ён, не мясцовае лам'ё і не кітайскія пачвары, што праз пяцігодку ператвараюцца ў іржавы друшляк. Спрэс санкцыёнка, Раўчык вунь стаіць, побач Бээмвэха і, прабачце, Пэўгеот, пытанне – адкуль? Кантрабандай гоняць, не іначай, у памежных раёнах заўсёды так было...
Ён ажывіўся, убачыўшы на дарозе армейскі джып, які рухаўся па свабоднай паласе ў бок пункта пропуску. Перад шлагбаўмам джып прытармазіў, не заглушаючы матор. Абышоўшы машыну, дзяжурны нахіліўся да акна і бегла агледзеў салон: вадзіцель у ахоўным касцюме, нацягнутым паўзверх ваеннай формы, поруч яго пасажыр, апрануты ў цывільную "лічбу", дапоўненую недарэчнай лыжнай шапачкай. У сябе на каленях пасажыр трымаў ёмістую квадратную сумку накшталт рыбалоўнай, хаця выглядала сумнеўным, што ён накіроўваецца ў зачумлены горад з мэтай парыбачыць.
– Радавы Юзэф Жаба, – прадставіўся дзяжурны і паднёс далонь да скроні. – Пжалце дакуменцікі!
– Суровы ты, радавы Жаба, і жук не праляціць, – скаламбурыў вадзіцель, паказаўшы пасведчанне ўнутраных войскаў. – Парадак?
– Так точна, таварыш сяржант! – адчаканіў дзяжурны і перавёў позірк на пасажыра. У ягоным абліччы было штосьці птушынае – кручкаваты нос, завостранае падбароддзе, запалыя шчокі і маленькія круглыя вочы, якія бегалі. Ён сядзеў, прыгорбіўшыся і абхапіўшы сумку абедзвюма рукамі, што ўзмацняла ўражанне. Рыхтык сцярвятнік у гняздзе. – Дакуменцікі, пжалце!
Тонкія вусны "сцярвятніка" скрывіліся ва ўсмешцы. Ён грэбліва, двума пальцамі, выняў з кішэні барвовы пашпарт і працягнуў яго ў прыадчыненае акно. Ніводзін мускул не варухнуўся на твары дзяжурнага, калі ён, разгарнуўшы зашмальцаваную вокладку, угледзеў унутры новенькую храбусткую "пяціхатку". Долі секунды было дастаткова, каб узважыць усе "за" і "супраць", ацаніць магчымыя рызыкі і зрабіць свой выбар. Купюра непрыкметна перавандравала яму ў рукаў. Ён вярнуў пасажыру пашпарт і адышоўся.
– Парадак, таварышы, можаце ехаць!
Шлагбаўм падняўся, і джып, раўнуўшы маторам, пакаціў у бок горада. Дзяжурны павярнуўся спінай да камер відэаназірання і асцярожна пераклаў грошы сабе ў кішэнь. Пару гадоў таму, яшчэ да ўступлення ў Цывільную гвардыю, ён меў няшчасце апынуцца ў зоне заражэння. У той час ён працаваў у канторы па меліярацыі і часта бываў у камандзіроўках. Успышка эпідэміі заспела яго ў раённым гарадку пад Магілёвам, куды ён прыехаў па службовым заданні. Горад зачынілі на каранцін, і ўжо назаўтра на вуліцах паявіліся карабейнікі, падобныя на дастаўшчыкаў ежы – сціплыя і ўвішныя, з важкімі сумкамі-кантэйнерамі на шлейках. У народзе іх завуць "чумнымі барыгамі". Унутры кантэйнераў, загорнутыя ў пузырыстую плёнку, ляжаць шкляныя ампулы з сывараткай, якая спыняе развіццё моравай язвы. Процічумны прэпарат вырабляецца ў падмаскоўнай лабараторыі, там жа захоўваецца на складзе, у ачаг заражэння дастаўляецца санітарным дырыжаблем, і насельніцтва атрымлівае яго бясплатна. Для тых, хто не хоча чакаць дырыжабль (які невядома калі будзе), ёсць магчымасць набыць выратавальную ампулу ў барыгі. Цана пытання – прыкладна тры сярэднія зарплаты, але жыццё, як гаворыцца, даражэй. Суб'ект у лыжнай шапачцы заплаціў істотную суму за праезд цераз блокпост, але гэта дробязь у параўнанні з тым, колькі ён заробіць у зачумленым горадзе, прадаючы прэпарат. "Ну, а чаго, я ж не краду, самі прапануюць, – разважаў дзяжурны, пагладжваючы храбусткую купюру. – Калі разабрацца, то добрая справа робіцца, усё-такі. Хацеў бы я ведаць, колькі адвалілі сяржанту..."
– Куды лезеш? А ну, назад! – гаркнуў ён, убачыўшы, што да паднятага шлагбаўма сунецца нейкі недаростак. Той адступіў на крок і ўтаропіўся на дзяжурнага. На выгляд хлопцу было гадоў шаснаццаць. Апрануты ён быў, як сельскі калдыр – кажух, збітыя армейскія чаравікі, відаць, з барахолкі, і шапка-аблавуха, з-пад якой выбіваліся рудыя кудлы. У зубах у яго была заціснутая палоска лакрыцы.
– Братка, пусці ў горад, дзеўка ў мяне там, – сказаў недаростак.
Дзяжурны рагатнуў:
– Што ў цябе за дзеўка, чучала?
Недаростак паціснуў плячыма.
– Ды як ва ўсіх – з хвастом, каўбасу любіць.
– Ты што, прыпылены? – западозрыў дзяжурны.
Недаростак уцягнуў у рот лакрычную цукерчыну і павольна разжаваў. Выгляд у яго быў азадачаны.
– Я дадому хачу, – сказаў ён.
– Вось гэта бачыш? – дзяжурны паказаў на чаргу машын каля пункта пропуску. – Станавіся ў хвост і чакай. На КПП пакажаш даведку, што ў цябе тут прапіска і дзеці плачуць, тады, можа, прапусцяць. Даведка з выканкама ёсць?
Хлопец паматляў галавой.
– Ды не, толькі з Вілейкі, – сказаў ён журботна. – А кума нашага камбайнам пераехала.
– Яно і відно, – прамармытаў дзяжурны. Хлопец быў яўна блазнаваты, от жа прынесла пад канец змены. Калі толькі – тут ён пахаладзеў ад здагадкі – калі толькі гэты прыдурак не бачыў, як ён прымаў хабар ад барыгі. Зараз, чаго добрага, пачне плявузгаць языком дзе папала, і "пятнашка" ў Жодзінскай калоніі гарантаваная, калі адразу не шыбеніца. Не помнячы сябе ад спалоху, дзяжурны сарваў з пляча вінтоўку і накіраваў яе на недаростка.
– Малы, абрыд ты мне! Давай, валі адгэтуль, а то башку адстрэлю.
Хлопец падаўся назад, пасля павольна развярнуўся і, азіраючыся, паклыпаў па абочыне прэч. Дурань дурнем, а зброю разумее. Дзяжурны ўздыхнуў з палёгкай і сунуў руку ў кішэнь – купюра была на месцы. Не, на самай справе, сумленнаму чалавеку ўжо падзарабіць нельга? Усе так робяць, паўсюдна, без магарычу нікуды не сунься, а губернатару пляваць, прахалоджваецца ў сваіх рэзідэнцыях, губернатарша з Эміратаў не вылазіць, усё за нашы падаткі... Так, адставіць экстрэмісцкія мыслеканструкцыі! – спахапіўся ён. – Ну і дзянёк, аж у галаве закруцілася, думкі ўсякія лезуць. Балазе да змены дзяжурства засталося ўсяго нічога, яшчэ чвэрць гадзінкі і на бакавую!
– Што там, Паўлюк? – спытала Ольга, калі той вярнуўся з блокпаста.
– Ды безнадзейна, – ён з агідай здзеў шапку-аблавуху і закінуў яе ў машыну. Пакоцаны белы Аўдзі з плямкамі іржы на капоце стаяў на абочыне ў самым хвасце чарады машын, што расцягнулася па трасе, знікаючы за паваротам. – Без даведкі не прапускаюць, а фіктыўную рабіць часу няма. На блокпасту "цывілы" з паліцаямі, далей на дарозе патрульныя машыны. Пустка вакол горада прастрэльваецца, і відэакамеры кругом. Не пралезеш нават паўзком.
Хлопец выпрастаў з-пад каўняра кажуха капюшон шэрай байкі і нацягнуў яго сабе на галаву.
– З сывараткай што-небудзь высветлілася? – спытала дзяўчына.
– Пытаўся ў вадзіл, усё глуха. Можа, дырыжабль прама сёння прыйдзе, можа, цераз тыдзень. Ты ж ведаеш, як гэта робіцца. Пакуль у Масковіі ўсе паперкі праштампуюць, тут палова горада здырдзіцца.
Ольга ўздыхнула і паглядзела на неба, дзе збіраліся снегавыя хмары. Яна сядзела на пасажырскім крэсле, спусціўшы ногі на зямлю. У армейскай вопратцы, якая была ёй крыху завялікая, з коратка абрэзанымі валасамі яна магла сысці за хлопца-падлетка. Яны з братам напраўду былі, як блізняты.
– Я ўсё гэта дапусціла, – сказала яна роўным голасам. – Проста кінула яго там.
Паўлюк пахітаў галавой.
– Ты ні пры чым, гэта ён псіхануў.
– Часам я нібыта сама жадала яму смерці, – прагаварыла дзяўчына, не гледзячы на яго. – Разумееш, гэта такія арэлі, з надзеі ў роспач. Бывала, вы размаўляеце, альбо ты штосьці расказваеш, ён маўчыць, але слухае.
– А потым кажа, што я прыпылены і просіць заткнуцца і зваліць, – хмыкнуў Паўлюк.
– Табе неяк удавалася яго расштурхаць, а гэта галоўнае. У такія хвіліны мне здавалася, што ён пачынае патроху ажываць, што цяпер усё будзе добра. А назаўтра ён зноў тварам да сценкі, а мне хочацца выць ад безвыходнасці, – голас здрыгануўся, яна развяла рукамі ў нейкім адчайным жэсце. – Я штораніцы прачыналася ў страху, што знайду яго мёртвым з капсулай у зубах, і ў той жа час я гэтага чакала, таму што смерць сапраўды стала б збаўленнем. Ведаў бы ты, як я ненавідзела сябе за гэтыя думкі. І зараз ненавіджу.
– Ні думкі, ні словы нічога не значаць, учынкі важней, – разважліва сказаў хлопец.
У яе вырваўся здушаны смяшок.
– І якім быў мой учынак? Кінула брата пад кулямі, а сама збегла.
– А што было рабіць, сілком валачы?
Ольга прамаўчала. Ступіўшы да машыны, Паўлюк адчыніў заднія дзверы і падцягнуў да сабе заплечнік, які ляжаў на сядзенні.
– Я б зараз гарбаткі жахнуў. Холадна, халера!
Ён раскрыў заплечнік і выняў адтуль тэрмас і алюмініевы кубак. Адкруціўшы накрыўку, Паўлюк плёснуў у кубак гарачага духмянага напою і працягнуў дзяўчыне.
– Будзеш? Чабор і скрыпень, з цётчыных запасаў.
– А давай, – Ольга ўзяла кубак, абхапіўшы яго далонямі, і адпіла глыток. – Смачная. Дзякуй цётцы.
Паўлюк наліў сабе гарбаты ў накрыўку, паднёс яе да вуснаў і раптам знерухомеў.
– Воля, я вось што падумаў, – сказаў ён. – Вяртайся на сядзібу. Падкіну цябе на машыне і адразу назад.
– Што ты збіраешся рабіць?
– Дачакаю цемры і буду прабівацца ў горад.
– Ты ж казаў, што гэта немагчыма.
– Паспрабую праз мрою.
– Паўлюк, толькі не пачынай, – стомлена сказала дзяўчына.
Ён пільна зірнуў на яе.
– Ты нават зараз не хочаш паверыць? – спытаў ён, усміхаючыся. – Пасля таго, як ты сама там была і ўсё бачыла?
– Я не знаю, што я бачыла, – з упартасцю ў голасе адказала яна. – Мы рухаліся да мяжы, нарваліся на ваенных, пачалася страляніна, мы адпаўзлі ў гушчар, дачакалі, пакуль усё сцішыцца і балотамі вярнуліся на сядзібу, удваіх, таму што брата забралі, а Чарнова падстрэлілі. Усё.
– Расеец быў жывы, калі мы цягнулі яго з таго ляда, – сказаў Паўлюк і сербануў з накрыўкі.
– Мы і яго кінулі, у выніку. У лесе здыхаць.
– Воля, ты ж ведаеш, што гэта не так.
Упершыню пасля няўдалай ходкі яны загаварылі пра Мрою. Ольга пазбягала гэтай тэмы, як быццам паміж сутычкай з апалчэнцамі і вяртаннем на сядзібу нічога не адбылося. Рыса, уласцівая тутэйшым (а мабыць, усім людзям наогул): сустрэўшы нешта дзіўнае і невытлумачальнае, рабіць выгляд, што гэтага не існуе. "Якія ж яны ўпартыя," – падумаў хлопец. Ён падхапіўся на ногі, паставіў тэрмас на капот і захадзіў уздоўж машыны з накрыўкай у руцэ.
– Некаторыя рэчы існуюць адначасова ў двух вымярэннях – нашым і мройным, – гаварыў ён з інтанацыяй настаўніка, што тлумачыць някемлівым вучням найпрасцейшую тэму, якую тыя ніяк не могуць засвоіць. – Маскіровачная завеса вакол сядзібы – цянёты сну, цётка Гілярыя цягне іх з мроі проста сілай думкі. Вядзьмарскія рытуалы самі па сабе не маюць сэнсу, а толькі дапамагаюць настроіцца на патрэбны лад...злавіць хвалю, разумееш? З мроі можна пазычаць не толькі розныя прадметы, але і жывых істот. У вербалозах каля сядзібы часам паяўляюцца чорныя ганчакі-прывіды. Цётка Гілярыя заклікае іх з мроі, калі трэба аднадзіць чужынцаў ці наадварот, абараніць уцекачоў, што ў самоце ідуць цераз пусткі. Помніш, я неяк спрабаваў табе гэта растлумачыць, а ты нават слухаць не стала.
– Прабач, але я тады падумала пра мікс. Ну, мешань. Ад яе бываюць падобныя відзежы.
– Адкуль ты ведаеш? Прабавала гэты шмурдзяк?
– Ды не, людзі кажуць.
– І не прабуй, паскудства гэта. Мне ўсё не давала спакою адна думка – ці можна самому трапіць у мройны сусвет? Не ў сне і не ў марах, а так, як ты ёсць, у зямным абліччы. Проста адчыніць дзверы між прасторамі і ўвайсці. Цётка казала, што тэарэтычна такое магчыма. У экстрэмальнай сітуацыі, напрыклад, калі ёсць прамая пагроза жыццю, адбываецца гранічнае напружанне сіл эмацыйных, душэўных, фізічных...выкід адрэналіну і ўсё такое...у такіх выпадках мройнік здольны прабіць пралом у прасторы і вырвацца ў мрою. Загваздка ў тым, што ніхто яшчэ так не рабіў, нават Мройнік-Творца. Невядома, якія могуць быць наступствы.
Паўлюк дапіў гарбату і надзеў накрыўку на тэрмас.
– Нас узялі ў кальцо і сталі расстрэльваць проста ва ўпор – куды ўжо экстрэмальней, – цяпер ён гаварыў у сваёй звыклай манеры, дапамагаючы сабе размашыстымі жэстамі, калі апісваў асабліва маляўнічыя сцэны. – Але скачок у мрою атрымаўся не тады, а пазней, калі яны пагрузіліся ў машыны і з'ехалі, пакінуўшы параненага на лядцы. Мы падбеглі, ён быў ужо ў адключцы, у яго кроў ішла горлам, я выхапіў з кішэні пакет з лакрычнымі ледзянцамі і стаў вытрасаць іх на снег, ты глядзела на мяне, як на ненармальнага, а ў яго лёгкае прастрэлена, трэба было закрыць рану плёнкай, няхай нават пакетам. Мы пацягнулі яго да лесу, і тут я ўсведамляю, што ўсё дарэмна, ён без жартаў сабраўся памерці, і нічога нельга зрабіць, хіба толькі шукаць паратунку ў мроі. Усё адбылося неяк само сабой. Я ўявіў Паўночную багну і прагаварыў у думках першае, што прыйшло да галавы: "Жнец, Калясніца, Валасажары, Вялікі Змей". І мы апынуліся ў мройнай прасторы, усе трое. Толькі не гавары пра мешань, калі ласка. Калі б гэта была галюцынацыя, мы б не маглі бачыць адно і тое ж.
– Ужо і не ведаю, што гаварыць, – дзяўчына сумна ўсміхнулася. Яна сядзела, паклаўшы на калені рукі з заціснутым у далонях кубкам. – Я проста хачу ўбачыць іх жывымі. Абодвух.
– У Анатоля свой шлях, мажліва, мы больш не перасячомся, – Паўлюк упершыню назваў расейца па імі, а не па прозвішчы, як звычайна. – Вось ужо не думаў, што калі-небудзь буду па ім сумаваць. Адмарозак хаацічаскі, – сказаў ён на сакаўной трасянцы і ціха засмяяўся. – Ты здзівішся, але ён мройнік. Дакладней, быў ім калісьці, але яго нібыта блакірнула. Чалавек проста страціў здольнасць мроіць. Гэта, мабыць, самае жахлівае, што можа здарыцца. Я б не змог так жыць. Без мроі.
Яны замоўклі, пачуўшы гуд рухавіка. На дарозе паказаўся абцягнуты брызентам грузавік, які накіроўваўся ў горад. Да кузава была прымацаваная таблічка "Людзі". Уздоўж бартоў пад брызентавым тэнтам сядзелі маладыя хлопцы, амаль падлеткі, з аднолькава падголенымі скронямі і нашыўкамі Цывільнай гвардыі на ўніформе зямлістага колеру.
– Пэўна, зменны атрад паехаў, – прагаварыла Ольга, гледзячы ўслед грузавіку.
– У мройнай прасторы ёсць горад, дакладная копія Мураўёў-Віленскага, – нягучна сказаў Паўлюк. Ягоны позірк блукаў недзе за даляглядам. – Там зараз чума, горад ахоўваюць узброеныя гвардзейцы, па перыметры працягнута жалезная сетка з шыпамі, па ёй бяжыць сіні агонь, які забівае ўсё жывое. Сетка сілкуецца ад генератара, калі яго вывесці з ладу, сіні агонь згасне, і тады можна будзе разрэзаць сетку і прабрацца ў горад.
– Гэта і ёсць твой план? – пацікавілася дзяўчына.
– Пакуль што нічога не ясна, але я буду з гэтым працаваць.
– Адзін?
– Так будзе лепш. Разумееш, Воля... Калі Ян злавіў моравую язву, яму ўжо нічога не дапаможа. А калі ён жывы, то я аб ім паклапачуся. Мы з ім неяк ладзім, хоць ён і апалчэнец. Па дакументах яго ж не звальнялі з Цывільнай гвардыі, так?
– Па дакументах нас ужо на свеце няма, – сказала дзяўчына. Вусны яе задрыжэлі, нібыта яна вось-вось расплачацца, але вочы засталіся сухімі.
– Ну, Воля, не смуткуй, – Паўлюк паклаў руку ёй на плячо і злёгку сціснуў. – Я што-небудзь прыдумаю. Не бывае такога, каб нічога не прыдумалася. Пакуль мроя са мной.
Свидетельство о публикации №216102600492