Гаспадары вулiц
– Ян, гэта ж імперыял! Дзесяць рублёў жалезам! – выклікнула яна з захапленнем і апамятаўшыся, крыкнула ўслед дабрадзею, які ўжо знік за дзвярыма царквы: – Дзякуй, добры чалавек, благаславі вас Гасподзь!
– Спадзяюся, сапраўдны, а не фальшыўка, – сказаў Ян. Ён сядзеў на прыступцы, прываліўшыся да каменнай агароджы і паклаўшы кій сабе на калені. Капюшон курткі, звычайна сцягнуты ледзь не да падбароддзя, каб хаваць абязвечанае аблічча, ён скінуў на спіну. Няхай глядзяць, пакуль ёсць чым. Не падабаецца? Тады няхай плацяць.
– Не думала, што гэта так проста, – Дар'я разглядвала манету, якую трымала на далоні.
– Для каго як, – адказаў Ян. – Не смейся толькі. Зрабі няшчасны твар, а то падаваць не будуць.
– Добра, зараз! – дзяўчынка падціснула вусны і ўскінула бровы домікам, як актрысы тэлеспектакляў, але зараз жа пырснула са смеху.
– Божае дзіця, цешыцца жыццём і не ўсведамляе глыбінь катастрофы, – уздыхнула, выходзячы з царквы, мажная парафіянка ў лісіным футры і працягнула дзяўчынцы грывеннік. – Вазьмі, мілая, памаліся за мяне і маіх крэўных.
– Блаславі вас Бог, сударыня, буду маліцца! – паабяцала Дар'я.
"Гульня ў жабракоў" пайшла жвава. Парафіяне не скупіліся: на паперць падалі цалковыя і паўрублі, калі-нікалі трапляліся дзесяцірублёвыя імперыялы. Дар'я збірала манеты і складвала іх у пірамідкі. Ніколі ў жыцці яна не пачувалася такой багачкай. Выхаванкам прытулку мець наяўныя грошы не дазвалялася.
– Ян, тут столькі грошай! Куды б іх скласці?
– У кішэнь, хіба што.
– Слухай, зусім забылася. У мяне ж ёсць!
Яна сунула руку пад паліто і пашукаўшы ў кішэнях чорнага школьнага фартуха, выцягнула невялікую торбачку на шнурку, расшытую сінім і чырвоным бісерам і ўпрыгожаную круглымі люстранымі шкельцамі.
– Хочаш зірнуць? – Дар'я падала Яну торбачку. – Дзяўчынкі шылі са старэйшай групы. У мяне з рукадзеллем так сабе. Манашкі кажуць, рукі не адтуль растуць. Ніводнага шва не магу роўнага зрабіць, хоць ты трэсні.
– На памяць аб прытулку? – спытаў Ян, прабягаючы пальцамі па кручаным шнурку.
– У падарунак гаспадзіну Падлепрыку.
– Нават так?
– Сястра Марфа сказала, што ён вельмі прасіў. Яму падабаюцца такія штучкі. І ведаеш, успомнілі ў апошні момант. Мы ўжо сядалі ў машыну, і тут сястра Марфа як плёсне рукамі: "Ах, госпадзе божа мой, сувенір!" Яна паклікала выхавацельку, і тая пабегла з ключамі ў клас па рукадзеллю. Там у шафе пад замком ляжаць вышытыя кашалі, торбачкі, хусткі, нават лялькі. Дзяўчынкі робяць, а манашкі прадаюць на дабрачынных кірмашах і ў манастырскай крамцы. Кажуць, такія рэчы добра разыходзяцца. Выхавацелька схапіла першае, што ёй трапілася пад руку – бісерны кашалёчак і подбегам прынесла яго да машыны. Сястра Марфа сунула кашалёчак мне ў кішэнь і загадала аддаць яго гаспадзіну Падлепрыку, ды не забыцца сказаць, што гэта я вышывала. Калі я спытала, ці абавязкова хлусіць, яна раз'юшылася: "Проста скажы і ўсё! Так трэба".
– Якое ж паскудства, – прагаварыў Ян, вяртаючы кашэль.
– Па шчырасці, і мне не вельмі падабаецца, – пагадзілася Дар'я. – Занадта многа бісеру і шнурок не ў колер, але ўзоры выбірае ігумення, а дзяўчынкі робяць, як ім скажуць.
– Напэўна, у гэтага Падлепрыка штучак такіх поўная шуфляда, – з агідай вымавіў Ян, думаючы пра сваё. – Нябось разглядвае цішком і шнарыць у сябе ў штанах.
– Чаго?
– Нічога, Дар'я, – схамянуўся Ян. – Задумаўся вось.
– А што ты казаў пра штаны?
– Ну, гэта... Гаспадзін Падлепрык схаваў бы твой падарунак у кішэні штаноў і забыўся пра яго. Добра, што вы з ім не сустрэліся. Давай, складвай манеты.
Старанна пералічыўшы грошы, Дар'я ссыпала іх у кашэль і зацягнула шнурок.
– Ян, гэта неймаверна, у нас сотка з капейкамі! – паведаміла яна.
– Рэальна сотка? – з цікавасцю перапытаў Ян. Нішто сабе масць пайшла. Шкада, час не засеклі, але па адчуваннях, мінула не больш за гадзіну. Для жабракоў-пачаткоўцаў зусім не пагана.
– Мо пойдзем ужо? – спытала дзяўчынка.
– Трэба застацца, – адказаў Ян. – Яшчэ гадзінка, і будзе ўжо дзве сотні, а там і тры.
– Хопіць нам і гэтага, – запярэчыла дзяўчынка. – Я ў грошах трохі разбіраюся, ты не думай...
– Новапрыбыўшыя? – праскрыгатаў хтосьці.
Здрыгануўшыся, Дар'я падняла вочы. Перад імі стаяў немалады высокі чалавек у каракулевай шапцы і зашмальцаваным паліто з бабровым каўняром. Ён быў кульгавы і абапіраўся на мыліцу. У яго за спінай маячылі двое. Адзін быў худы, з шызай шыяй, у картузе і цяльняшцы, што выглядвала з-пад расшпіленага ватніка. У руках у яго быў мантажны ломік, якім ён гуляў, як жанглёр – падкідваў у паветра і хвацка лавіў за дзяржальна. Другі быў прысадзісты і таўставаты, з галавы да ног апрануты ў камуфляж колеру асфальту. Пусты правы рукаў быў запраўлены ў кішэнь, а ў левай руцэ ён трымаў паліцэйскі гумовы дручок і мяркуючы па ўсім, умеў з ім абыходзіцца.
– Добры дзень, – разгублена сказала Дар'я.
Не адказаўшы на прывітанне, Высокі чалавек абвёў ацэньваючым позіркам дзяўчынку і сляпога.
– Навічкі, значыцца, – сказаў ён, ківаючы. – Да вашага ведама, тут цэнтральная вуліца Мураўёў-Віленскага, і працоўнае месца на ёй каштуе сотню. Гэта першапачатковы ўнёсак, надалей дваццаць пяць працэнтаў ад штодзённага прыбытку. Унёсак можаце аплаціць адной "кацярынкай" альбо капейкамі насыпаць, на ваш выбар. У нас тут дэмакратыя.
Высокі чалавек скрывіў вусны ў нядобрай усмешцы, Жанглёр і Камуфляжны ў яго за спінай з гатоўнасцю заржалі.
– Заплаці ім, Дар'я, – шапнуў Ян.
Дзяўчынка прыціснула да грудзей кашэль і адмоўна пакруціла галавой, з выклікам утаропіўшыся на Высокага. Уздыхнуўшы, ён выняў з-за пазухі акуляры ў рагавой аправе і ўсталяваў іх у сябе на носе.
– Не трэба капрызіць, дзіця маё, – праскрыгатаў ён, гледзячы на яе скрозь квадратныя прыцемненыя шкельцы. – Капрызных у нас забіваюць арматурай, каб вы разумелі.
Жанглёр заўсміхаўся і шматзначна правёў ломікам сабе ўпоперак горла. Камуфляжны ўзняў дручок і са свістам хвастануў ім у паветры.
– Дар'я, аддай ім грошы! – сказаў Ян.
Ледзь не плачучы, дзяўчынка вытрасла з кашаля манеты і адлічыўшы сотню, працягнула ў жмені Высокаму чалавеку.
– Мілае дзіця, – сказаў той, ссыпаючы манеты сабе ў кішэнь.
Ён развярнуўся і ў суправаджэнні двух галаварэзаў пакульгаў да жабрака, які сядзеў трохі воддаль на прыступцы. Не чакаючы, пакуль яны падыдуць, жабрак выняў патрапаны гаманец і прыняўся паспешліва адлічваць даніну.
– У нас засталося толькі восемдзясят капеек, цяпер прыйдзецца пачынаць усё нанава. Калі б мы не былі такімі сквапнымі і сышлі раней, нам хапіла б і на ежу, і на начлег! – з горыччу сказала дзяўчынка.
– Нічога, Дар'я, новых назбіраем, – адказаў Ян.
"Нікчэмнасць, дурань чортаў! – дадаў ён у думках. Прыўзняўшы руку, ён запусціў пальцы сабе ў валасы. – Што б ні рабіў, выходзіць нейкая лажа. І ўсё жыццё так..."
Сонца хілілася на адвячорак. У царкоўным двары была ўсталяваная каваная вежка з гадзіннікам, які адбіваў час. Калі адзваніла тры, на вуліцы паказаўся невялікі атрад апалчэнцаў у чумных масках. За імі нястройнай калонай ішлі мужчыны ў цывільнай вопратцы, якія неслі на плячах рыдлёўкі. Прыпыніўшыся перад царквой, усе прыняліся хрысціцца і адбіваць паклоны.
– Што яны збіраюцца рабіць? – шэптам спытала Дар'я, коратка апісаўшы тое, што бачыла.
– Ідуць капаць траншэю, то-бок, братнюю магілу, – адказаў Ян. – Будуць хаваць памерлых ад пошасці.
Адзін з апалчэнцаў аддзяліўся ад атрада і ўзбегшы па лесвіцы, штосьці сказаў старой, якая гандлявала свечкамі. Паціснуўшы плячыма, яна падхапіла свой раскладны столік і знікла ўнутры царквы.
– А гандлярка свечкамі? Навошта яны прагналі гандлярку? – выпытвала Дар'я.
– Таму што такія парадкі. Падчас эпідэміі забаронена гандляваць на вуліцы.
– А жабраваць можна? Вунь, гэты салдат пайшоў і на нас нават не глянуў.
– Пашанцавала нам, – сказаў Ян, запозна скеміўшы, што трэба было схаваць твар пад капюшонам. Строга кажучы, ён цяпер – збеглы тэрарыст, а пазнаць яго вельмі лёгка. "Ідыёт самы настаяшчы!" – прагучаў у яго ў галаве голас Алеся Валогі, які часцяком пераходзіў на трасянку, калі ўпікаў сваіх падначаленых. Ян прасунуў руку пад каўнер швэдра і дакрануўся да тонкага ланцужка ў сябе на шыі. "Гэта тваё," – сказаў той незнаёмец, аддаючы яму капсулу з атрутай. Ён гучаў, як Валога, ад яго пахла тым самым брыдкім адэкалонам, якім карыстаецца Валога, але гэта яўна быў хтосьці іншы, падобны да генерал-палкоўніка, але не ён.
Праз гадзіну на вуліцы паказаліся калёсы, запрэжаныя парай калматых жуброней. На калёсах ляжалі штабялямі чорныя мяхі. Жуброней вёў за аброць чалавек у цывільнай вопратцы з хусткай на твары замест рэспіратара. Услед за калёсамі крочыў санітар у ахоўным касцюме і масцы. Драўляныя колы рыпелі і грукаталі па плітках ходніка. Мінакі маўкліва ціснуліся да сцен дамоў, праводзячы калёсы доўгімі позіркамі. Сумная працэсія рухалася ў тым жа кірунку, куды гадзіну таму прайшоў атрад далакопаў.
– Яны ідуць у бок могілак, – сказала дзяўчынка. – Хаваць, пэўна, вырашылі ўсё-такі там. Значыць, могілкі знасіць пакуль што не будуць.
Людзей каля царквы паменела, і падавалі ўжо не так шчодра – імперыялы больш не трапляліся, адно капейкі ды цалковыя. Нейкая добрасардэчная жанчына працягнула Дар'і кавалак пірага, начыненага сырам і шпінатам. Дзяўчынка разламала пірог надвое і палову аддала Яну.
Пачынала шарэць. Дар'я ўжо не адчувала ні голаду, ні стомленасці, адно санлівасць. Балазе ад холаду ратавала паліто, ахвяраванае невядомым дабрадзеем. Дзяўчынка падняла каўнер, каб не мерзлі вушы, падкурчыла ногі, накрыўшы іх доўгімі крысамі, і схавала пальцы рук у рукавы, як у муфту. Мароз мацнеў. Дыханне ператваралася ў аблачынкі пары.
– Ян, у цябе шэрань у валасах, – сонна прамовіла дзяўчынка. У здранцвенні яна назірала, як нейкі чалавек, праходзячы міма, раптам захістаўся і ўчапіўся за ліхтарны слуп. Яго званітавала жоўцю, і ён у курчах паваліўся на зямлю. Ніхто не асмеліўся наблізіцца да яго, каб дапамагчы. Неўзабаве ён заціх. Вакол скурчанага цела ўтварылася пустая прастора. Людзі абыходзілі яго здалёк, стараючыся не глядзець у гэты бок. Дзесьці праз паўгадзіны з'явілася двое санітараў у касцюмах біяаховы. Схіліўшыся над памерлым, яны зацягнулі яго ў чорны пластыкавы мех, паклалі на насілкі і панеслі.
Гадзіннік на вежцы адзваніў пяць. Запаліліся вулічныя ліхтары. З царквы выйшлі апошнія наведвальнікі. П'яненькі дзячок з бразгатам зачыніў за імі дзверы. Жабрак, які сядзеў на прыступках паперці, падняўся на ногі і прыняўся збіраць рэчы – пацёрты кілімок, бляшаную конаўку, кардонную скрынку. Потым, накульгваючы, ён падышоў да Яна і дзяўчынкі.
– Першы раз тут? – спытаў ён надтрэснутым голасам. – Ідзіце ўжо, сёння падаваць больш не будуць.
– Паслухайце, добры чалавек, – звярнуўся да яго Ян, упершыню не адчуўшы збянтэжанасці. З жабраком яны былі як роўныя. – А скажыце, дзе тут можна паесці?
– Карчма "Каравульны", – адказаў замест яго дзячок. Ён навесіў на дзверы царквы замок і няўклюдна тыцкаў ключом, не трапляючы ў замочную адтуліну. – У мінулым шынок "Паўстанец", але іх нармазі... нармалізавалі.
Прыцэліўшыся, ён увагнаў ключ у замок і тройчы са шчоўканнем пракруціў.
– Цяпер тут карчма дабрачынная пры царкве, – сказаў дзячок, хаваючы ключ у кішэнь пухавіка, надзетага паўзверх расы. – Пускаюць усіх, толькі спіртное сурова забаронена.
Дзячок вытрымаў паўзу і важка дадаў:
– Таму я туды не хаджу.
Свидетельство о публикации №216102600918