Гава

 - Глянь, Ґава ідзе!
 
  Васьмігадовы падлетак штурхнуў лакцём свайго сябра і паказаў рукой у канец вясковай вуліцы, па якой ішла жанчына, апранутая ў плюшоўку. Галава была абвязана хусткай, з пад плюшоўкі выглядаў край спадніцы, з якой высоўваліся крываватыя ногі ў снягоўцах. Жанчына ішла павольна, разглядваючы дамы і двары. Але шэрыя вочы пазіралі без усякіх эмоцый. Маленькі лоб не напружваўся ад думак, а з пярэстай хусткі  высоўваліся звіслыя пухнатыя шчокі.

 - Ґава, Ґава! – закрычалі хлапчукі.
 
  Жанчына спынілася, глянула ў бок падлеткаў. На яе твары адлюстравалася нейкая думка, вочы палыхнулі агнём, па целу прабеглі дрыжыкі. Кабета затупала нагамі і закрычала нешта незразумелае: “Буды-буды-буды-буды!”. Хлапчукоў нібы ветрам сагнала. Гавай у вёсцы пужалі дзяцей. А дарослыя жанчыны і нават маладзіцы, калі не задавальняліся сваёй вопраткай ці прычоскай казалі:” Ну, буду як Ґава”.
 
  Ґава зўявілася ў вёсцы перад вайной. Яе яшчэ малой пакінулі цыганы ці  бадзялыя людзі. Па свойску гаварыць не ўмела, нешта мармытала незразумелае і пазірала ваўчанём. Знайшліся міласэрныя людзі, прытулілі, далі сапраўднае імя, навучылі людской гаворцы, ну і, вядома-ж працаваць. Па-за вочы яе называлі Гавай. Так і жыла яна сярод людзей, рабіла ўсё, што ад яе патрабавалі. Мяняліся гаспадары, жыццё ішло сваёй чаргой, вырасла  Ґава ў дарослую жанчыну. Яе часта клалі ў мясцовую бальнічку. Усё-такі ложак, кормяць як-ніяк. А Ґава дапамагала кухарцы на кухні чысціць бульбу, ці санітаркам у палатах рабіць прыборку. Калі ў вёсцы спраўлялі вяселле ці радзіны і нават памінкі, Ґава засёды наведвала іх. І ўрэшце, калі захмялелыя госці ішлі на вуліцу весяліцца, Ґава садзілася за стол. Ёй налівалі шклянку салодкага віна, бо гарэлку не дужа любіла. Падсоўвала да сябе вясельныя прысмакі той пары: халоднае, кілбасу-ватрябянку, вінагрэд і ела, сколькі змагла.  І пад канец, з’еўшы некалькі лыжак густога кісялю ў дадатак к аладкам са смятанай і макам, ішла глядзець, як госці скачуць. Стаяла каля плоту і пазірала на натоўп. Калі-нікалі хтосцьі з падпітых мужчын запрашаў Гаву на павольны танец. Хлапчукі цешыліся са збянтэжанага сына дзівака- мужчыны: “Вунь, твой бацька з Гавай танцуе!”.
 
  Канчаліся пагулянкі і людзі разыходзіліся. Але не ішла дадому Ґава. Хтосьці з мужчын вёў яе за пуню ці на паплавы. Хадзілі чуткі, што мужчынам падабалася Ґава, бо яна была гарачая як попел і траслася калатуном. Як заўважыў аднойчы мясцовы брыгадзір на падпітку: “Нашы бабы так не ўмеюць”. Каму толькі асалода, а каму яшчэ і турботы. Ґава часта хадзіла цяжарнай і нараджала дзяцей. Немаўлят адбіралі пры выпісцы і адпраўлялі ў дом малечы. І Ґава ізноў з’яўлялася ў вёсцы, працягвала жыць яе праблемамі і святамі. Аднойчы хтосьці пусціў плётку, што бачылі як Гаву вёў у цемру мясцовы прыгажун Іван, які працаваў шафёрам. У Івана былі закаханы амаль усе дзяўчаты вёскі. Але замуж пакуль ні адну не браў. Ды вось узяла яго спакуса пацешыцца з Гавай. Так гэта было ці не, але хутка Ґава зацяжарыла і нарадзіла яшчэ адно дзіця.
 
  Як раз у тую пару прыслалі ў вёску маладую фельчарку Зосю. Прыхожая, бялявая і зграбная, яна адразу спадабалася мясцовым жыхарам. Палажыў на яе вока і Іван. Яны пачалі сустракацца, і хутка іх адносіны прывялі да прадказальнага фіналу – шлюбу.
 
  Рыхтаваліся да вяселля. Усё рабілася, як заўжды – выкуп нявесты, рэгістрацыя ў сельсавеце і само вяселле. Камусьці прышла ў галаву думка зрабіць падстаўной нявестай Гаву. І традыцыя будзе не парушана і пацеха людзям нейкая. У гаспадароў, дзе квартэравала Зося, рыхтаваліся да выкупу. У самым дальнім пакоі дзяўчаты апраналі нявесту, а у першы пакой прывялі Гаву. Ці тлумачылі ёй, што яна будзе іграць жартоўную ролю, ці сур’ёзна сказалі, што будуць замуж аддаваць, невядома. Але твар яе пасвятлеў - яна быццам аддавала сябе ў рукі невядомаму лёсу. Падстаўную нявесту апранала Ўладзя, дачка гаспадара дома, ды яе сяброўка. Надзелі на Гаву старую белую сукенку-начнуху, аздобленую фальбонамі з марлі, павеслі стракатыя пацеркі. На галаву прычапілі вянок з белых штучных руж са звісаючым кавалкам гардзіны.

 - Будзеш у нас лялечкай, будзеш кралечкай! – прыгаворвала Ўладзя, замазваючы пудрай рэдкае рабацінне на Гавіным твары. Затым падфарбавала ёй вусны чырвонай памадай і папырскала на шыю адэкалонам “Кармэн”.

 - Вось, ідуць ўжо! – сяброўка Ўладзі высунулася ў вакно.

  Гаву павялі ў сенцы да выхаду.

 -  Нявесту пакажыце! – крыкнуў сябар жаніха.

 - Задарма не аддамо – Уладзя высунулася з дзвярэй і вывела на ганак Гаву.
  Жаніх і яго кампанія здранцвелі. Праз некалькі імгненняў раздаўся рогат.

 - Дык гэта твая нявестка Зоська? Нешта не пазнаць – крыкнуў сябар жаніха.
 
  Іван стаяў разгублены, але потым адапхнуў Гаву і прамармытаўшы: “Чорт ведае што?”, пайшоў у дом. Ґава стаяла ў разгубленасці, не разумеючы, што рабіць у такім выпадку, пакуль Уладзя з сяброўкай не адвялі ў бок і не пачалі суцяшаць адрынутую нявесту.
 
  Хутка на ганку з’явіўся Іван з Зосяй. Нявеста была ў прыгожым вясельным строі і свяцілася ад шчасця.Ґава здзіўлена разглядала маладую. Праз некалькі імгненяў на твары адлюстравалася роспач і крыўда. Па тулу пайшоў калатун. Ґава затупала нагамі і грозна загыркала: “Буды-буды-буды-буды!”.Маладыя спешна пайшлі да варотаў. Зося спужана азірнуласяі ды пабегла побач з Іванам. І тут Ґава падняла камяк сухой гразі і кінула ў Зосю. Маладая войкнула і стала абтрэсваць шлюбны строй.

 - Спыніце нарэшце гэтую дурніцу! – крыкнуў Іван і вясельная кампанія вышла за вароты.

  Гаву за рукі трымалі жанчыны, яна лаялася незразумелымі словамі , потым суцішылася і пачала стагнаць. Уладзя, як магла супакойвала Гаву: “Ты -лялечка, ты – кралечка!”. Але Ґава вырвалася і пабегла праз агарод  на паплавы. Адтуль чуліся крыкі роспачы і стогны. Ґава нібы адчула, што рэальнасць больш жорсткая, чым яна думала да гэтай пары.
 
  Жанчыны пабеглі да старой варажбіткі Альжбеты. Трэба было неяк ратаваць Гаву, суцішыць яе, каб не адбылося большай бяды. Альжбета пайшла на паплавы і знайшла Гаву каля балотца  Яна сядзела, абняўшы трухлявы корч, і нешта ціха мармытала.

 - Пойдзем, дзіцятка, пойдзем, золатка! – Альжбета ўзяла Гаву пад руку і павяла яе ў свой дом. - Вось якую з цябе смешку зрабілі! Хацелі пацешыцца людзі і цябе самую пацешыць. А вось як вышла. Ты ўжо не крыўдуй на людзей. Яны не хацелі табе ліха.
 
  Дома Альжбета напаіла Гаву зёлкамі і пакінула ў сябе жыць. З таго часу Ґава цуралася мужчын і не хадзіла на вяселлі. Так і жылі яны абедзьве – Ґава і Альжбета, пакуль апошняя не памерла. Гаву потым прытулі іншыя людзі.
Іван з Зосяй праз паўгода пасля шлюбу з’ехалі з вёскі і ўладкаваліся недзе ў райцэнтры. Хадзілі чуткі, што ў іх так не было дзяцей.

  Праз некаторы час ў вёсцы адкрылі дом састарэлых, дзе і пасялілі Гаву. Там яна дажывала свой век , пакуль ціха не памерла ў сваім ложку. Хто бачыў яе ў той момант, казалі, што памерла яна з усмешкай на твары.


Рецензии