Багна. Зiма

Зіма ў гэты год выдалася лютая. Паўночную Багну скавала марозам, прорвы замерзлі, а вада ў Доўгім возеры пацямнела і зрабілася цяжкай, як ртуць. Я хадзіла па шарпаку з бяроставым кошыкам за поясам і збірала мёрзлыя журавіны, ярка-чырвоныя на белым снезе. Калі я абмінала прорвы, то бачыла пад ільдом багнікаў, якія падымаліся з дна. Іх незлічоныя рукі-хабаткі млява варушыліся, а бляклыя вочы глядзелі на мяне з-пад коркі лёду, нібы праз шыбы загрузлай у балоце хаты.
У яловых лясах вакол Багны блукалі калматыя ўлумы. Па начах чутно было, як трашчыць ломкі ельнік пад цяжарам важкіх цел, а іх журботныя енкі разносіліся далёка па-над дрыгвой.
Калі бралася на золак і неба над Багнай пачынала ружавець, старая Суовахі выпраўляла мяне карміць ганчакоў-прывідаў. Я брала ў сенцах кош, даверху напоўнены дымлівай свежанінай, і ішла па снезе да даўгаватай дашчанай будыніны, размешчанай у глыбіні сухой выспы. Там жыла наша Зграя. Ганчакі лашчыліся да маіх ног, а я карміла іх мясам балотных хогаў – нізкарослых вастравухіх вепрукоў з шэрай шчэццю і загнутымі жоўтымі ікламі.
Паўночную Багну ахоўваюць мярэжы Мроі і сем ганчакоў Зграі. Але найлепшы сродак аднадзіць чужынцаў – гэта застрашлівыя чуткі пра ерэтыкоў-змеепаклоннікаў, якія нібыта жывуць сярод балот. Кажуць, што ерэтыкі селяцца ў ямах пад дзірваном і харчуюцца жабамі, якіх раздзіраюць пазногцямі і глытаюць жыўцом. Баюць таксама пра страшны храм-капішча, складзены з трухлявых калод. У тым храме сядзіць велізарны змей, якому ерэтыкі штодня ўзносяць малітвы і скормліваюць жывых немаўлят. А поруч капішча стаіць зямлянка, у якой жыве злая ведзьма – гаспадыня Паўночнай Багны і жонка змея, з якім яна кладзецца ў адзін ложак і нават мае ад яго дзяцей-змеянят. Сапраўды, такое здольна напалохаць. Прывесці сюды можа толькі поўны адчай, калі чалавек страціў усё, акрамя жыцця, і не мае ўжо сіл, каб баяцца.

Людзі беглі ў Паўночную Багну хто паасобку, хто цэлымі сем'ямі. Сярод іх не было ніводнага злачынцы, але кожнаму пагражаў арышт ці шыбеніца за ўчынкі, якія ў іншыя часы лічыліся б годнымі. Святар, які заклікаў парафіян да міласэрнасці. Дабрадзей, які на свае грошы купляў ежу і вопратку для зняволеных. Студэнт, які выхапіў з вогнішча пару кніжак, што падлягалі спаленню за крамольны змест. Школьны настаўнік, які вучыў сваіх гадаванцаў думаць. Жанчына, якая насіла жалобу па прынцэсе Семгалена, забітай немаўляткам разам з бацькамі, каралём і каралевай, і цяпер іх забойца сядзіць на троне, а каралеўства больш не існуе.
Уцекачы не затрымліваліся тут надоўга. Патаемнымі сцежкамі яны ішлі па дрыгве, пасля цераз хмурныя дзюны, парослыя паўзучым сасоннікам, і абмінуўшы закінутыя рыбацкія селішчы, па самыя стрэхі засыпаныя пяском, выходзілі на пустынны бераг. З-за мора прыходзіў жалезны карабель без ветразяў і з грукатам кідаў лесвіцу каля разбуранага форта. Уцекачы падымаліся на борт. У жалезным чэраве раздзімаўся пякельны агонь, і карабель, працуючы вінтамі, нёс людзей па хвалях за край зямлі – туды, дзе ляжыць чужы і нязведаны кантынент Йіх-Іліт...
Плыць за мора пагаджаліся не ўсе. Некаторыя заставаліся тут, у Багне. Дарога дадому была для іх зачынена, вяртанне азначала б смерць. Яны сяліліся на лясістым узвышшы сярод балот, па той бок Доўгага возера, насупраць сухой выспы, дзе стаіць наша хата. Мы завём іх "суседзямі". Сябе яны завуць Выгнанцамі і кажуць, што яны тут часова. Трэба толькі пачакаць, а там ці то сюзерэн памрэ, ці то ў Царгорадзе распачнецца чарговая смута, рамейцам стане не да былых калоній, і вось тады Выгнанцы вернуцца дадому. Іх чаканне доўжыцца ўжо трынаццаты год, а сюзерэн жыве ды смяецца, а Царгорад стаіць над Парфіравым морам, нібы скала.
Дарога ў Багну вядзе цераз воды. З поўдня балоты атачае рака Вужалка, з поўначы – мора, за якім ляжыць кантынент Йіх-Іліт, дзе будуюць жалезныя караблі, якія могуць плаваць і па вадзе, і па небе. Над Вужалкай-ракой лунае Мроя – шчыльны бялёсы туман, які несупынна рухаецца, змяняючы форму. У туманных глыбінях нараджаюцца дзівосныя, а часам жахлівыя відзежы, ад якіх чалавек можа страціць розум. Аб зыбкія мярэжы Мроі ломяцца крылы рамейскіх лятальных машын, а самаходныя браніраваныя амфібіі губляюць кіраванне і падаюць у бяздонныя віры. Каб перабрацца на той бераг, трэба заплаціць лодачніку на пераправе. Я трапіла ў Паўночную Багну тым жа шляхам, што ўсе выгнанцы – па вадзе, у чоўне перавозчыка. Пра гэта я ведаю са слоў іншых, а сама не магу помніць, бо тады я была немаўлём.
У першыя гады кіравання Братазабойцы ўцекачоў было многа. З цягам часу іх менела, а зараз амаль што не стала – добра, калі пройдзе два-тры чалавекі за год. Так адбываецца ў любой краіне, якой кіруе тыран – хто не ўцёк, таго забілі, каго не забілі, той прыцярпеўся і стаў усім задаволены. Збольшага.

Людзі, якія прыйшлі да нас гэтай зімой, не былі ўцекачамі.

Быў позні вечар, калі ў дзверы пагрукалі. Я ўзяла з паліцы ліхтар і запаліўшы кнот, выйшла ў сенцы. На парозе стаяла дзяўчына з валошкавымі вачамі і валасамі колеру раллі, з ёй побач юнак гадоў шаснаццаці, рудавалосы і з рабацінкамі на твары. Трэцяга яны прыцягнулі на саматужных насілках, зробленых з кавалкаў дрэва, прасунутых у рукавы нейкага кажуха.
Узняўшы над галавой ліхтар, я разглядала чужынцаў. Дзяўчына здалася мне смутна знаёмай, нібыта мы дзесьці бачыліся раней. Юнак нечым нагадваў майго зводнага брата Альвэ, хіба толькі Альвэ валасы меў чорныя, як у свайго бацькі, а гэты быў руды, як лісіца. Абое былі ў вопратцы накшталт вайсковай – штаны і курткі зелянковага колеру і шнураваныя грубыя чаравікі, якія носяць жаўнеры. Юнак быў узброены стрэльбай, падобнай да рамейскай "вужніцы", толькі з кароткім, нібы спілаваным, ствалом. Насілкі яны апусцілі на зямлю. Паранены ляжаў нерухома, белы, як смерць, яго дыханне было частым і перарывістым, вусны ссінелі, у кутках рота чарнела засмяглая кроў. Хлопец зрабіў крок наперад і запытаў, ці дома гаспадар. Я адмоўна пахітала галавой:
– Гаспадара няма, ёсць гаспадыня.
Гаспадара – майго прыёмнага бацьку – дома заспець не так проста. Ён жыве асобна і ў Багне паяўляецца нячаста. Доўгі час мне здавалася, што так і павінна быць, і толькі ад Выгнанцаў я даведалася, што муж і жонка звычайна жывуць разам і супольна выхоўваюць сваіх дзяцей. Калі я спытала ў Суовахі, чаму ў нас па-іншаму, яна засмяялася: "Калі б мы ўвесь час таўкліся ў адной хаце, Хільдэгерд, я б сама яго выгнала. Абрыд бы мне наш дзядзька Алех, як каноплі!"
У дзяцінстве я звала яго "дзядзька Алех", таму што не ўмела вымавіць ягонае сапраўднае імя – збег літар, якія шыпяць на змяінай мове. Я пасталела, а дзіцячая мянушка засталася. Дзядзька Алех не супраць і знаходзіць гэта забаўным. Ён малады – прынамсі, выглядае маладым, прыгожы – яго не псуе нават бяльмо на воку, якое ён хавае пад пасмай валасоў, а добры ён ці злы, я не магу сказаць, бо вельмі мала яго ведаю.
Я хацела была пазваць Суовахі, але яна сама выйшла ў сенцы і паклала далоні мне на плечы, быццам баронячы. Зрэшты, начныя госці не выглядалі небяспечнымі. Я бачыла перад сабой людзей, якія шукаюць дапамогі.
Хлопец сказаў, што яны паўстанцы. Б'юцца за свабоду Каралеўства Семгален, а кіруе паўстаннем ваяр-мройнік, чалавек з народа Караль Стах па мянушцы Ваўчок (ні імя, ні мянушка мне нічога не гаварылі, дый пра паўстанне я чула ўпершыню). З сярэдзіны восені войскі сюзерэна адціскалі паўстанцаў на поўнач, да берагоў ракі Вужалкі. Далей пачыналася Багна, і адступаць не было куды. Гэта быў план сюзерэна – загнаць "мяцежнікаў" у пастку і вынішчыць усіх, акрамя іхняга правадыра, якога загадана было ўзяць жывым. Для Ваўчка сюзерэн прыдумаў адмысловую кару: жывым падвесіць за ногі і засмажыць на ціхім агні. Сюзерэн спяшаўся, бо ў Царгорадзе выказвалі незадаволенасць і недвухсэнсоўна намякалі: калі цяперашні кіраўнік Паўночнай правінцыі не ў стане задушыць мяцеж, то мабыць, варта прызначыць новага?
Напярэдадні адбылася жорсткая бойка з жаўнерамі, гаварыў хлопец. Атрад паўстанцаў узялі ў абцугі і сталі расстрэльваць з рамейскіх "вужніц" – снег так і кіпеў ад куль. Ваўчок здолеў прарваць акружэнне і адвесці сваіх людзей у Змяіныя ўцёсы, што высяцца па-над Вужалкай-ракой, як гадзючыя зубы. Паўстанцы зараз у бяспецы, але ёсць страты. Вось гэты чалавек (юнак паказаў на параненага, які нерухома ляжаў на насілках), наш сябар і брат па зброі, зараз паміж жыццём і смерцю. У атрадзе няма лекараў, таму было вырашана рушыць у Паўночную Багну, дзе, паводле паданняў, жывуць ці то ведзьмары, ці то шаманы, якія маглі б...
– Годзе хлусіць! – абарвала яго Суовахі. Дзяўчына, якая стаяла ўбаку, здрыганулася, юнак жа калі і збянтэжыўся, то выгляду не падаў. – Пасля падзення Ліндале ў краіне ціша і спакой, – з непрыхаванай іроніяй гаварыла вядзьмарка. – Ніякіх бунтаў, усё квітнее, народ шчаслівы і задаволены. Незадаволеныя даўным-даўно згінулі ў вапняных ямах, а іхнія галовы згнілі на коллі. Якія паўстанцы, дзіцятка, адкуль?
– Калі ніхто не пратэстуе, гэта не значыць, што ўсе задаволеныя, – запярэчыў хлопец. – Партызанская барацьба ідзе ўжо даўно. Мы пазбягалі адкрытых сутычак, але праз здраду нас выкрылі, і прыйшлося брацца за зброю.
– Чым далей тым цяжэй – партызаны! – вядзьмарка прыкрыла вочы далонню. Яе душыў смех. – Трынаццаць гадоў народ маўчаў, а чаго толькі з ім не рабілі – катавалі, рабавалі, вешалі, адбіралі і памяць, і мову. Нічога, прыцярпеліся. А тут глядзі ты, ні з пушчы ні з поля цэлы партызанскі рух! Што здарылася, людцы? Чым вы так натхніліся?
"Суовахі выпрабоўвае яго, – мільганула ў мяне ў думках. – Наўмысна спрабуе збіць яго з тропу – выкруціцца ці не?" Праўду кажучы, я крыху турбавалася за гэтага "паўстанца", бо ён мне падабаўся. Зрэшты, трымаўся ён годна, нібыта разумеў, што гэта іспыт.
– Раней мы не бачылі выйсця, не ведалі, за што нам змагацца, – сказаў хлопец. – Цяпер усё змянілася. Пагалоска ідзе, што прынцэса Семгалена, якую быццам бы забілі ў маленстве, насамрэч жыве.
– Хто кажа? – сурова спытала Суовахі.
– Караль Стах па мянушцы Ваўчок, – прагучала ў адказ. – Ён бачыў прынцэсу Семгалена ў сваіх мроях.
– Мроя? Мроя?! – выклікнула вядзьмарка. – І дзеля гэтага вы змагаецеся і паміраеце?
Яна глядзела на хлопца так, нібы той выдаў страшнае блюзнерства.
– Я бачыла людзей, якія натоўпамі выходзілі на вуліцы ў спадзеве зрынуць тырана, – працягвала вядзьмарка. – Яны не мелі ні правадыроў, ні зброі, ні яснага разумення, што будуць рабіць, калі дасягнуць сваёй мэты. У іх была толькі мроя. Шалёная, дзёрзкая мроя, якая вяла іх за сабой. Ведаеце, што стала з гэтымі людзьмі?
Рудавалосы юнак маўчаў. Дзяўчына кранула яго за рукаў і ціха сказала:
– Няма сэнсу. Пайшлі адгэтуль.
– Застаньцеся! – уладна прамовіла вядзьмарка. Яна зрабіла нявызначаны рух рукой і дадала ўжо мякчэй:
 – Сузор'і абнавіліся.
Я ўзняла вочы і стала ўзірацца ў глухое чорнае неба, на якім не свяціла ніводная зорачка. Свет, створаны Богам-Творцам, не ёсць застыглым у сваёй дасканаласці, яго можна змяняць і дабудоўваць. Да гэтага здольны не кожны чалавек, але мройнік ад нараджэння, які мае незвычайнае ўяўленне, каб стварыць новыя існасці, і моцную волю, каб увасобіць іх у жыцці. Дзядзька Алех так можа, Суовахі, пэўна, таксама, хоць яна ніколі не карысталася гэтым уменнем.
Не так важна, што насамрэч здарылася з людзьмі, якія стаялі на парозе нашай хаты. Прынамсі адзін з іх быў мройнікам, і ён не хлусіў, калі гаварыў пра "мяцежнікаў". Паўстанцкі рух у заняволенай краіне быў яго мрояй, досыць магутнай, каб перакроіць сусвет. У такіх выпадках кажуць, што абнавіліся сузор'і. Гэта значыць, што воляю мройніка мяняецца светабудова, і плынь гісторыі бярэ новы кірунак.

Параненага занеслі ў хату і паклалі на высокую лаву, якую выцягнулі на сярэдзіну пакоя. Суовахі, узяўшы нажніцы, разрэзала на ім закарэлую ад крыві кашулю і ледзь зірнуўшы на рану, сказала, што прабіта лёгкае. У грудзіне з правага боку зеўрала адтуліна з чорнымі краямі, з кожным уздыхам з яе са свістам выходзіла паветра і барвовай пенай закіпала кроў. Рамейскія кулі, трапляючы ў цэль, разрываюцца на кавалкі, і раны ад іх вельмі кепскія. Гэты чалавек напраўду быў між жыццём і смерцю.
 Я прынесла цёплай вады з вываркі і падала вядзьмарцы кавалак чыстага палатна. Намачыўшы палатно ў вадзе, яна схілілася над параненым і стала змываць кроў вакол раны. Поруч круціліся і дурэлі Калеў з Ёлі, якія абудзіліся, і загнаць іх зваротна ў ложак не было магчымасці. Альвэ гучна спытаў, хто пойдзе з ім у лядоўню па зеллі. Малыя навыперадкі кінуліся ў сенцы, як былі, у шкарпэтках ды кашулях для спання, але старэйшы брат іх спыніў, прымусіўшы абуцца ў валёнкі і накінуць кажухі. Да лядоўні, нізенькай доўгай будыніны з трыкутным дахам, трэба было ісці праз цёмны двор па дарожцы між гурбамі снегу. Калеву было шэсць гадоў, Ёлі пяць, іх навучанне пачнецца праз год, а зараз тое, што адбывалася, было для іх прыгодай.
Калі Альвэ з малодшымі братамі пайшлі, Суовахі жэстам паклікала мяне да сабе і шапнула мне пару слоў. Я падышла да буфета і адчыніўшы дзверцы, стала выкладваць на стол прысмакі – жытнёвыя праснакі з кменам, цвёрды бурштынавы сыр, кавалак учорашняга пірага з капустай і грыбамі, кавалак сённяшняга з яблыкамі, запечаную гародніну, арэхавы хлеб, чорны борцевы мёд. Запарваць гарбату не было калі, і я наліла ў кубкі халоднай крынічнай вады. Напрыканцы я паставіла на стол пару гліняных талерак, паклала відэльцы з драўлянымі ручкамі і павярнулася да чужынцаў, якія чакалі, седзячы на лаве каля акна. У Семгалене прынята дзяліцца ежай з людзьмі, якія прыходзяць да цябе ў дом. Як і чакалася, яны сталі адмаўляцца. Тады я сказала ім словамі вядзьмаркі:
– У Тагасвеце нельга спажываць ні ежы, ні пітва, але мы не ў Тагасвеце. Мы ў мройнай прасторы, якая не робіць чалавеку ніякай шкоды. Бярыце і ежце, гэта не зменіць вас.
Хлопца не прыйшлося запрашаць двойчы. Уладкаваўшыся за сталом, ён падсунуў да сабе адзін пірог, другі, адхапіў скрылік сыру і ўзяўся за ежу. Дзяўчына, павагаўшыся, узяла кубак і адпіла глыток вады. Яна скінула з сябе цёплую зелянковую куртку, застаўшыся ў кашулі з кароткімі рукавамі. Пастава ў яе была хлапечая – тоненькая, але моцная, з цягліцамі, як напятыя вяроўкі. Я глядзела на яе так, што гэта было ўжо няветліва, балазе яна не заўважала, паглыбленая ў свае думкі. Нарэшце я сцяміла, чаму яна здалася мне знаёмай. Чалавека, падобнага да яе, я бачыла ў сваіх снах. Падабенства было, як паміж крэўнымі – братам і сястрой, альбо нават блізнятамі.
Бразнулі дзверы, у хату ўбеглі Калеў ды Ёлі, пакідаючы снежныя сляды на падлозе. Следам увайшоў Альвэ, у яго на плячы вісела палатняная торба з вышытым чырвоным васьмірогам. Малыя шумна распраналіся, скідвалі валёнкі. Альвэ выцягнуў з торбы васьмікантовую бутэлечку з сіняга шкла, якую ўзяў у лядоўні, і прыняўся грэць яе між далонямі. Я ведала, што там. У сіняй бутэлечцы захоўвалася вядзьмарскае зелле з пялёсткамі Кветкі-Мроі.
У свята Сярэдзіны лета, самай кароткай ноччу ў годзе, Паўночная Багна ззяла агнямі. Набліжалася поўнач, але было светла, у празрыстым небе, як скрозь лёгкую смугу, блішчэлі зоры, на гары ў сялібе Выгнанцаў палалі вогненныя колы, і зыбкае полымя адбівалася ў вадзе Доўгага возера. На сухой выспе перад домам вядзьмаркі гарэла вогнішча. Над агнём стаяў трыножнік і звісаў з ланцуга медны кацёл, у якім шыпела, закіпаючы, варыва. Вядзьмарка памешвала ў катле паліраванай галінкай амялы, Альвэ перакульваў над пасудзінай адну склянку за другой, дадаючы ў зелле ўсё новыя складнікі: расцёртае ў парашок карэнне балотнай лілеі, ачышчаны яд рагатых гадзюк, пылок кветак з Месяца, што лунае ў пустэчы і выпадае на зямлю з травеньскімі росамі, застыглы тлушч стужыкаў – вялізных вугроў, якія жывуць у глыбокіх прорвах, маюць серабрыстую скуру без лускі і галовы, падобныя да конскіх. Складнікаў многа, а галоўны з іх – Кветка-Мроя, якая цвіце круглы год, а ў свята Сярэдзіны лета набывае асаблівую моц. Агністы бутон с васьмю завостранымі пялёсткамі, якія трапяталі, як жывыя, сыплючы халоднымі іскрамі, дадавалі ў апошнюю чаргу, пасля чаго кацёл здымалі з агню і ставілі пад паветку студзіць. На досвітку настоенае зелле раскладвалі ў каляровыя склянкі і неслі ў лядоўню, дзе яно захоўвалася да наступнага лета.
– Можна мне? – прамовіла я.
Альвэ зірнуў на вядзьмарку, тая кіўнула, і ён працягнуў мне сінюю бутэлечку. Я зняла з яе шкляны корак, і пакой напоўніўся востра-салодкім жывічным водарам – так пахне ў сасновым лесе ў спякотны летні поўдзень. Наблізіўшыся да параненага, я нахіліла бутэлечку над развернутай ранай. Зелле, якое і выглядала, як жывіца – празрыстае і цягучае, выцягвала заразу з крыві і загойвала разарваныя жылы і раструшчаныя косці, але гэтага было недастаткова, каб вярнуць да жыцця чалавека, чыя душа ўжо блукае па берагах падземнай Рудзіцы між Жалезных скал. Я засяроджана пазірала на рыльца, адлічваючы павольныя кроплі – адна, другая... На трэцяй вядзьмарка, якая стаяла побач, нягучна прамовіла:
– Досыць.
Я аддала ёй бутэлечку з зеллем і адышлася ад чалавека, які ляжаў у забыцці. Я наўмысна не глядзела на ягонае аблічча, таму што баялася пазнаць.
– Цяпер ты, Альвэ! – сказала вядзьмарка.
Яна ўселася на ўслончыку і паклікала малых. Тыя падбеглі да маці, уладкаваліся паабапал яе і прыціхлі, з цікаўнасцю ўтаропіўшыся на старэйшага брата. Альвэ хваляваўся. Яму ўжо даводзілася ратаваць людзей – тых з Выгнанцаў, хто цяжка захварэў, пакалечыўся праз нешчаслівы выпадак або трапіў пад кулі, ратуючыся ад жаўнераў сюзерэна, – але разам з маці-вядзьмаркай ці пад яе наглядам. Сёння Альвэ мусіў паказаць, што ён засвоіў за гады навучання.
Альвэ абвёў вачыма пакой, паглядзеў на чужынцаў і сустрэўшыся позіркамі з рудавалосым юнаком, ледзь заўважна кіўнуў яму. Затым, павярнуўшыся да параненага, Альвэ ўзяў яго за руку і паклаў далонь яму на лоб. З хвіліну Альвэ засяроджана маўчаў, пасля загаварыў ціхім, хуткім шэптам:
Сярод плыняў крывавай Рудзіцы,
Ля падножжа ўцёсаў жалезных,
Узвышаецца голая выспа,
На той выспе хаціна крывая.

Прыплюшчыўшы вочы, я ў думках паўтарала за ім словы заклёну:

Страшны Ману сядзіць у запеччы,
Па Рудзіцы раскінуў ён сеткі,
Ловіць Ману грэшныя душы
Ды ў жалезны кацёл іх кідае.

Падлога закалыхалася, і я прыхінулася да печы, каб утрымацца на нагах. У мяне перад вачыма паўстаў вобраз чорнага сонца, аблямаванага тонкім абручом, які свяціўся, нібы распаленае дабяла жалеза. Унізе сківіцай цмока вытыркаліся скалы, па якіх беглі барвовыя выбліскі, і між спадзістых берагоў, усеяных не камянямі, але згусткамі засмяглай крыві, імкнула свае цяжкія плыні Рудзіца-рака.
Крочыць Мройнік берагам цёмным,
Цераз плыні ідзе ён бродам,
Узыходзіць на голую выспу,
Дзе жыве гаспадар Рудзіцы.
На сярэдзіне ракі ўзвышаецца каменная выспа, пасярод выспы высокі паркан, на паркане рагатыя чарапы, за парканам хаціна на чатырох пахіленых слупах, а навокал замшэлыя стоды, разбітыя жорны ды счарнелыя косткі ці то людзей, ці то жывёл. Насустрач Мройніку выходзіць Ману – гаспадар крывавай ракі, калматы і кашчавы, з барадой да калень, адрослымі, як у мерцвяка, пазногцямі і западзінамі вачніц, у якіх шугае зялёнае полымя. Мройнік пачціва схіляе галаву перад жахлівым старцам і пакорліва просіць аддаць яму душу, якая адышла ў Тагасвет заўчасна, і яе зямны шлях яшчэ не скончаны.
Страшны Ману смяецца-рагоча –
Ходзіць ходырам хата крывая,
На рацэ падымаюцца хвалі.
Ману не жадае аддаваць душу, якую злавіў у сеткі ды падвесіў на круку, каб неўзабаве кінуць яе ў кацёл і з'есці. Тады Мройнік прапануе ўгоду: абмяняць душу на сярэбраны талер, ды не просты, а зачараваны, які немагчыма ні згубіць, ні размяняць. Жахлівы старац, ахвочы да звонкай манеты, лагаднее і пагаджаецца, і Мройнік разам з уратаванай душой вяртаецца ў зямны свет.
Два цені рухаліся берагам, адыходзячы ўсё далей. Чорнае сонца нібы пацяжэла, ад святлівага абруча пацягнуліся ў бакі два тонкія вусы, яны даўжэлі, выгіналіся дугой, набываючы абрысы двух чорных крылаў, акрэсленых па контуры сляпучым ззяннем. Крылы раскінуліся над гарызонтам і павольна, нібы лянуючыся, зрабілі магутны ўзмах. Я глядзела, зачараваная, а крылы размерана хадзілі ўверх-уніз, з кожным узмахам неба перакульвалася, і сонца то ляцела ў прадонне, то ўзносілася ў вышыні, дзе зеўрала цемра.
Я расплюшчыла вочы. У хаце панавала цішыня, на стале шыпела, мігаючы, газнічка, пад столлю пагойдваўся саламяны "павук". Альвэ, які схіляўся над параненым, узняў галаву. На ягоным твары, збялелым ад хвалявання, ззяла пераможная ўсмешка.
– Будзе жыць! – гучна сказаў Альвэ.
Вядзьмарка паднялася з услона, абняла за плечы Калева, ласкава ўскудлачыла валасы Ёлі.
 – Ну што, дзеці, – сказала яна крыху стомлена. – Можаце ганарыцца братам. Цяпер ён сапраўдны мройнік-вядзьмар!
 Параненага перанеслі ў ложак. Дыханне яго стала роўным і глыбокім, аблічча паружавела, рана ў грудзіне зацягнулася, пакінуўшы ледзь заўважны шнар. Вочы яго заставаліся заплюшчанымі, але гэта было ўжо не цяжкае забыццё – прадвеснік смерці, а гаючы сон.
Чужынцам прапанавалі заначаваць у свабодным пакоі, у якім жыў дзядзька Алех, калі прыходзіў, але яны адмовіліся, пажадаўшы застацца каля параненага. Я адвяла ў ложкі малых, якія, набегаўшыся ды набраўшыся ўражанняў, засыналі на хаду, і паднялася ў свой пакой на мансардзе.
 Сон не ішоў. Я ляжала пад лапікавай коўдрай, як на іголках, у галаве гуло ад думак. Найлепшы сродак ад бессані, які заўсёды дапамагаў – заплюшчыць вочы і ўявіць, як ты паступова, пачынаючы з кончыкаў пальцаў на нагах, пагружаешся ў цёплую ваду – гэтым разам не спрацоўваў. Урэшце я адкінула коўдру і паднялася. Чыркнуўшы запалкай, якая затрашчала, як мне падалося, на ўсю хату, я запаліла свечку ў паліваным падсвечніку. У начной сарочцы, са свечкай у руцэ я спусцілася па драўлянай лесвіцы ў святліцу, дзе начавалі нашы госці. Дзяўчына спала на лаве, накрыўшыся курткамі. Рудавалосы юнак уладкаваўся проста на падлозе, прываліўшыся спінай да сцяны і ўраніўшы галаву на грудзі. Асцярожна ступаючы, каб нікога не абудзіць, я наблізілася да ложка параненага. Стаўшы над чалавекам, які спаў, я захіліла далонню полымя свечкі і стала ўзірацца ў ягонае аблічча. Не ён. Гэта быў не той чалавек, якога я бачыла ў сваіх снах. Я вярнулася ў свой пакой на мансардзе і задзьмула свечку.
 Чужынцы пакінулі Багну перад світаннем. Усе трое. Паранены апрытомнеў і падняўся на ногі, як нічога ніякага. Я спала і не чула, як яны сыходзілі. Мне было прыкра, што я не ўстала, каб развітацца, і нават не спытала імёны гэтых людзей, якіх – як мне здавалася ў той час – я больш ніколі не ўбачу.


Рецензии