Я, зорка Зiнедзiн Зiдан

Хто такі Зінедзін Зідан і чаму я ўвогуле да яго прымазваюся? Ён нарадзіўся ўва Францыі, паходзячы з Алжыру, адкуль бацькі ягоныя эмігрыравалі, уцякаючы ад вайны. Я не ведаю, ці бываў ён калі на сапраўднай радзіме і ці ведаў ён дакладна гісторыю, але нешта мне падказвае, што так.
Зінедзін нарадзіўся таленавітым футбалістам і быў запрыкмечаны яшчэ ў дзяцінстве. Найлепшай яго якасцю была надзвычайная і ўпартая здольнасць працаваць над сабой.
Я не ведаю дакладна, ці былі ў яго праблемы, звязаныя з ягоным арабскім паходжаннем, але нешта мне падказвае, што так. Вядома, фізічная прыгажосць, моц і цвёрдая воля добра бароняць ад цкавання, але мінуць звычайнай знявагі праз кпіначкі і жарцікі гэта не дапамагае.
Зідан зрабіў раскошную спартовую кар’еру футбольнага нападаючага. Каб аднойчы, на чэмпіянаце свету 2006 году бліскуча завяршыць яе, уваліўшы галавой у грудзі Марка Матэраццы. За гэты ўчынак Зінедзін быў выдалены з гульні і з асалодай назіраў, як без яго зборная Францыі прайграе чампіянат. Што ж зрабіў той Матэраццы? Нейкімі брыдкімі словамі абразіў Зідана на поле бойкі.
Можа, гэтая абраза сталася апошняй кропляй, я не ведаю. Але відавочна, што Зідану было ўсё роўна, ці выйграе тая Францыя той чэмпіянат, ці не. Па барабану. Каб яшчэ ў гэты час цярпець ад некага абразы. Зараз! Сам сабе і ўсяму свету ён даказаў, чаго каштуе. А Францыя…
Справа ў тым, што доўгі час Алжыр быў французскай калоніяй, а нават на тэрыторыі Алжыру Францыя праводзіла шматлікія выпрабаванні ядзернай зброі, перавышаючае Хірасіму і Нагасакі ў некалькі разоў. Тая вайна, ад якой збеглі бацькі Зінедзіна, была вайной за незалежнасць, паміж іншым.
Я не ведаю дакладна, што ён асабіста адчуваў на тым матчы, але я магу здагадвацца, што яму было прыемна. Прысягаю, ён трыўмфаваў унутры і пасмяхаўся. Я гляджу на яго прыгожы валявы твар і хачу так думаць.
Ён прыўкрасна адпомсціў за свой казачны, неіснуючы, незалежны Алжыр, грамадзянінам якога ён заставаўся ўвесь час у глыбіні сваёй генэтычнай памяці.
Улічваючы ўсё вышэй напісанае, я перасцерагаю Рэспубліку Беларусь, у якой я сёння жыву ад бясконцага абражвання сваіх грамадзян несправядлівасцю, глупствам і хамствам. Некалі гэтыя здзекі перапоўняць чашу цярплівасці, а нават у нейкі нечаканы рашаючы момант.
Напрыканцы людцы пачнуць успамінаць, хто яны такія і адкуль паходзяць. Прысягаю, ім ёсць што ўцяміць. Што тады застанецца ад краіны, калі яе жыхары перастануць быць яе грамадзянамі?
Атрымаўшы чарговы здзек ад дзяржавы, раптоўна я пачала сябе адчуваць іншаземкай. Я пакінула саромецца размаўляць па-беларуску, каб хоць як паказаць сваю адасобленнасць ад наваколля. Я мяркую, што сучаснай Рэспубліке Беларусь я ўвогуле нічога не вінаватая. І ўсе мае дасягненні – гэта толькі мае дасягненні, якія я стаўлю выключна сабе ў заслугу. Часам нават мне здаецца, што ўсё, што я ўмею і ведаю, я раблю насуперак шматлікім перашкодам. Менавіта таму мяне ўвогуле не цікавяць аніякія праекты, конкурсы і мерапрыемствы – мяне не цікавіць, што мая краіна пра мяне думае. Тая самая краіна, якая давяла большасць насельніцтва на сваёй тэрыторыі да ганебнага стану.
Я Зінедзін Зідан, які ўнутрана пасміхаецца і чакае магчымасці падставіць краіну, у якой жыве. Я вельмі хачу адпомсціць за сваю ўнутраную сапраўдную незалежную Беларусь, якой не існуе, а нават больш, я здагадалася, каму, калі і як адпомсціць, бо сёе-тое з гісторыі я таксама ведаю. Відавочна, я набываю дадатковую адукацыю з неймавернай хуткасцю.
Не трэба быць геніем, каб зразумець усю пачварнасць сітуацыі.
Пакуль адзінае, што асабіста я магу супрацьставіць дзяржаве – мая ўласная незалежная дасканаласць. Я вымушана бясконца працаваць над сабой, каб быць унутры сваёй казачнай незалежнай сапраўднай Беларусі лепей за тых, хто застаецца ў цемрашальскай сучаснай РБ.
Мая зброя – глузд, годнасць, гонар і здаровы смех. Злы смех.
Ха-ха.


Рецензии