genius loci

калісьці ўсё вяртаецца
як дысідэнт з выгнання
і ад неспакою бяссонага
падскокваеш з самага рання
калі яшчэ цёмна ў вокнах
на агонь ставіш імбрык у пяць
засяроджаны нібы святар
надоўга сядаеш пісаць
вершаў няпрошаных стос
урывак з апавядання
потым гэтак жа пішаш
забыўшыся на сняданне
артыкулы навуковыя
пра семдзесят трэці ў Чылі
калі вайскоўцы чырвоных
так добранька правучылі
вясна крыві і надзеі
чырвоны змяніўся шэрым
нібыта нямецкая сталь
гадзіннік шоргат паперы
на сталінскай кухні якая
памерамі са стадыёны
тры тысячы гэта статыстыка
статыстыка нават мільёны
святло засяроджана льецца
праз абажур чырвоны
які сімпатычна глядзіцца
хоць класіка гэта зялёны
і ўсё ж паток надзвычайны
бо ён напаўняе праз меру
так што цяпер падхапіўшыся
ты вылятаеш за дзверы
прытым паліто апрануўшы
у стылі Палітбюро
выходзіш з высокай аркі
кіруючы ў бок бістро
крокамі сямімільнымі
ноутбук прыхапіўшы пад паху
і нос узняўшы як хорт
ад замагільных пахаў
праз вуліцу Мінабароны
ля аркі бюро прапускоў
у іншасвет найлепшы
для ведзьмаў альбо мастакоў
якія без радыёвышкі
чуллівы да дзіўных хваляў
што ў паралельным свеце
ці ў часе даўно заблукалі
ну вось замаўляеш каву
для наталення смагі
працягваеш пераклад
пра чорнае сонца Прагі
так гэта ўжо шаленства
і тлумачэння няма
але верыш стала і горача
што ўсё гэта не дарма


Рецензии