Зорка

У нейкай дагэтуль невядомай далечыні зьзяе зорка. Зіхаціць танюткімі промнямі і позірк, павольна рухаючыся па нябесным абшары, чапляе яе на імгненьне. І аднекуль у сэрцы нараджаецца сум, штосьці безнадзейнае здаецца нясе тая сустрэча. Але ж, гэта толькі патаемнае адчуваньне, якому лепей не адчыняць дзьверы ў думкі. Бо незямная самота адразу ў свёй неабсяжнасьці можа амаль зьнішчыць на месцы ўсялякую істоту. Калі ж ты мусіш зрабіцца празрыстым і даць прайсьці скрозь сябе таму жалобнаму стогну, то жыцце захаваецца на пэўны час. Толькі ты ўжо ніколі не застанешся ранейшым. Позірк адвечнага адаб`ецца сівізной у тваіх вачах. Нічога ніколі не вернецца. Толькі наперад, толькі там, недзе за дальлю, можа крануць цябе што шукаў і дагэтуль ня мог знайсьці. Кропкай адліку, абсалютным нулём, апошняй кропляй стане той крок, пераломны й неўтаймаваны. Так, гэта ў цябе, гэта ў мяне, гэта ў сусьвеце. Ільдзісты водблеск адгукнецца надзвычайнай цеплыней. Тое магчыма. Толькі час й імкненьне ведаюць шляхі. І няхай жорсткім будзе сьвет, так нават лепей. Хутчэй прыйдзе ўсьведамленьне. Бо нягоды робяць мудрэйшымі нескарыўшыхся ім. А тыя неспадзяваныя промні застануцца ў сэрцы. І колькі б ні крочыў потым па жыцці, яны не зьнікнуць паволі. Яны працялі цябе наскрозь і выпалілі знутры памяць аб сабе, неўміручую, як боль. Як сум, як смутак, як шчасьце. Мімалетнае, імгненнае сваей насалодай й незабыўнае ў сваім сусьветнам адчаі.

     Але, аб чым гэта я? Што гэта я кажу? Даруйце. І не бярыце ў галаву. Кожнаму – свае.
     Адно выратуе – каханьне. Ва ўсіх яго іпастасях, тварах і абліччах.
                18-19.11.2001г.


Рецензии