Глыбакаводная

"Тут ціск, як у Марыянскай упадзіне".
Ева Вежнавец.



Я – глыбакаводная рыбіна.

Я жыву ў цемры ля самага дна, і мне тут добра. За мільёны гадоў эвалюцыі мой арганізм ідэальна прыстасаваўся да жыцця ва ўмовах каласальнага ціску, прымусу і тэрору. Натуральны адбор зрабіў мяне шэрай і плоскай – так я магу занурыцца ў донны глей і стаць незаўважнай для драпежнікаў.

Хаця сама я – драпежніца. Я вельмі небяспечная для тых, хто меншы за мяне і слабейшы за мяне. Мне нікога не шкада, і мяне ніхто не пашкадуе.

У мяне ёсць ліхтарык, але ён свеціць толькі мне. У нашай западзіне, куды не сягаюць сонечныя промні, не прынята дзяліцца сваім святлом.

Мы, глыбакаводныя рыбы, жывём кожная ў сваёй хатцы, якая заўсёды з краю. За тым краем ёсць яшчэ адна западзіна, страшна глыбокая і чорная, і там жыве Невымоўны Жах. Прыемна ўсведамляць, што ёсць на свеце прорвы нават горшыя, чым наша.

Кажуць, недзе там, наверсе, ёсць каралавыя водмелі, дзе свеціць сонейка і гуляюць касякі пярэстых рыбак, якія нічога не баяцца, бо нават драпежнікі там лагодныя і памяркоўныя. Але мне там няма чаго шукаць. Я, шэрая і плоская, магу існаваць толькі пад уціскам, і мяне разарве на кавалкі, калі я ўздумаю падняцца на паверхню.

Так кажуць старыя, вельмі старыя рыбіны, аброслыя ракушкамі, нібы каростай пражытых гадоў, і з ліхтарыкамі, пацьмянелымі ад жыццёвай мудрасці. І яны, безумоўна, маюць рацыю. Мы, глыбакаводныя рыбы, ніколі не жылі нармальна, і ўжо не варта пачынаць.


Рецензии
Цікавы сімвал. Ўспрымаю гэты аповяд як суцэльную метафару. Спадабалася!

Артур Грей Эсквайр   24.04.2017 09:53     Заявить о нарушении
Сапраўды метафара. Дзякуй за разуменне!

Нероли Ултарика   25.04.2017 21:13   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.