Шэрачка з машэрачкай-3

-Даўно я сябе так добра не адчуваў. Які невымоўны спакой…
Сухарлявы прылізаны мужчына ў элеганцкім смокінгу млява разваліўся ў фатэлі, паклаўшы абедзве рукі на падлакотнікі і выцягнуўшы наперад ногі ў завужаных нагавіцах і бліскучых лакавых туфліках. Нягледзячы на фрывольную позу, чырвоны кушак на ягонай таліі нават не паморшчыўся, а беласнежная кашуля не мела аніводнай складачкі. Сіні цень атачаў яго твар і постаць, толькі на носіках туфляў міргацелі аранжавыя блікі.
-Ведаеш што? Я нават курыць кінуў. І ніводнага прыпадку, ніводнага. Уяўляеш?
Яго маўклівы суразмоўца сканцэнтравана нахіліўся да маленькага ноўта, пільна ўглядаючыся ў экран, і жвава перабіраў пальцамі клавіятуру. Дзелавітасць ягоную падкрэслівалі шматлікія яскравыя агеньчыкі, якія хуценька пераскоквалі з вачэй на гузікі, гадзіннік і залатую пячатку на безыменным пальцы, коўзаліся, пасмейваючыся па чорным вечку ноўт-бука, танцавалі на плячах і каленях па пакамячаным ільняным строі, а потым губляліся ў валасах. Новыя агеньчыкі нараджаліся ў мармуровым каміне, насычаным нейкай дзівоснай чорнай вадкасцю, і зачаравана аддавалі сваё летуценнае жыццё і цікаўскую цеплыню гэтай лядаватай шэрай асобе з цвёрдым пакрыўленым ротам. Побач на стальніцы зіхацеў залачоны кандэлябр, але знічкі ў ім даўно пазатухалі.
-Не сумуеш? – позірк на хвілінку адарваўся ад манітору і пасміхаючыся, торкнуўся ў сіні цень насупраць.
-Я змяніўся, ты не разумееш.
-Ну, ну.
Расслаблены адкінуў галаву і заплюшчыў вочы, каля паўгадзіны здавалася, што ён спіць. Раптам шоргат па клавіятуры спыніўся, а нават  агеньчыкі збянтэжана знерухомелі.
-Ты паглядзі, хто знайшоўся!
Элеганцкі падскочыў, нібы раптоўна ўвольненая спружына, нібы пантэра ў джунглях, нібы трус у хмызняку…
Ілона прыснула на працы, завінуўшыся ў шырокі бушлат і паклаўшы далоньку пад галаву. Перад вачамі ў яе паплыло, завіравала, пайшло хвалямі, прасунуўшыся праз якія з’явіліся дзве галавы, адна ў белай шырокай абалонцы, другая ў чорнай. “Чаго гэта яны, хусткі паапраналі, ці што?” – падумала Ілона абыякава. Чорны нешта горача ўтлумачваў беламу ў вуха, а той пільна ўзіраўся ў Ілону.
-Чакай, яна нас бачыць.
-Дурань, ці што? – Чорны павярнуўся і ўтаропіўся ў Ілону.
-Задзяўблі. Адчапіцеся. – Ілона высілкам волі намагалася прачнуцца.
-Чакай, мне трэба табе сказаць… - Бялявы зароў, але не паспеў. Ілона ўздыхнула з задавальненнем, перакулілася на другі бок і падумала машынальна: “Не хачу. Не жадаю болей, не буду. Не буду, і ўсё.”
-Як яна гэта робіць? – Расчаравана прамармытаў былы белы, набываючы адваротна свой кушак і смокінг.
-Я трымаю, трымаю. Вось я табе! – Былы чорны шэрым пакамячаным клубком напружана націснуў на ўсе кнопкі запар і груба злаяўся. Ілона навярнулася з кушэткі, падхапілася і пабегла. Адныя дзверы, другія, потым па сходах удол, а там апошнія дзверы і зверам скочыўшая на плечы цемра, густая як кісель, не варухнуцца, ні заенчыць, ні дыхнуць. “Надакучыла паміраць. Кожны раз адное і тое ж. Нудзень.”
Экран замігцеў, выбухнуў зоркай і счарнеў. Праз імгненне ўключыўся ізноў, паказаў язык, зарагатаў маршчынамі, паказытаўся сівым вожыкам натапыраных валасоў і ляснуў вечкам, зачыніўшыся. Некаторы непрацяглы час панавала маўчанне.
-Што за хрэнь? Немажліва. Гэта што, той самы? Ён жа ў навуковым ізалятары, пад аховай.
-Андрэй, трэба паведаміць. – Містэр элегантнасць з дрыготкай у руках пацягнуўся да старажытнага тэлефоннага апарату, чорнага і бліскучага, з адтулінамі для пальцаў на празрыстым дыску.
-Не, ні ў якім разе, не! – пачалася барацьба, панове пападалі на падлогу, працягваюцы жорстка мутузіць адзін аднаго. Кандэлябр зваліўся і ляснуў некага па галаве, не разбіраючыся. У той самы час цяжкія дубовыя дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў нехта трэці.
З-за канапы павысоўваліся дзве раз’юшаныя галавы, адна з якіх доўжыла быць прылізанай.
-Забаўляецеся? – Трэці страсянуў чорнымі валасамі, усміхаючыся. І прысвіснуў, адчыніўшы маленькі бар, - нават не пілі! А за кампутар пакаранне.
-Слухай, боўдзяла, ты ўсё ведаеш, з навуковага ізалятару магчыма ўцячы?
-А што, навукоўцаў нешта некалі стрымала?
-Яна яму навошта?
-Не ведаю. – Кучаравы паціснуў плячыма. – Перасадзіў яе на іншае месца ў лядовай арэне, у іншым радзе. Нешта падлічвае.
-І што яна там робіць?
-Волатаў вышывае.
-Кабетка. Цьху.
-А што. Мясцовая хакейная каманда чэмпіён сезону.
-Бва-ха-ха-ха! Сезону! – Той, каго паклікалі Андрэем, пачаў біцца галавой аб падлогу. – Сезону! Каманда мары. Бва-ха-ха! Некалі наша была найлепшай, наша. – Ён перавярнуўся на спіну і пачаў качацца, енчучы нешта бессэнсоўнае. Элеганцкі падышоў да чарнявага і сціпла тоўкся поплеч.
-Ты ёй хаця б аддзякаваў? – ціха запытаўся апошні.
-З пекла? Якім чынам?
…Ілоне прыснілася, што сыночка ўзялі ў зборную краіны. Яна прачнулася бязмежна шчаслівая, у захапленні і ў сонечным святле, салодка пацягнулася і прамовіла:
-Дзякуй, Аўгуста!


Выпадковая знаходка, рэдагавана ў 22-19. Ахерэць, ну.
http://www.youtube.com/watch?v=C0yGLW81BmM


Рецензии