Дух лесу

Што-што, а суніцы ў нашым лесе вядуцца. Пакуль ідзеш па духмянай сцяжынцы, хочаш-не хочаш, а назбіраеш мімаходам шурпатых ягадак у далоньку, пакачаеш, палюбуешся – і ў рот, найчасцей дзіцяці, але раз-пораз і сабе. Так і падміргваюць здалёк яскравыя ліхтарыкі, насычаныя водарамі і сокамі з самых запаветных нетраў зямлі! А калі паглыбіцца ў гушчар, дык і адарвацца немагчыма, чэрпай сабе прыгаршчамі чырвоны нектар, насалоджвай прагу і смейся з задавальнення.
Але ў той год не саспелі ў лесе суніцы: ці то сухавата і спякотна было, ці то запазнелыя маразы панішчылі пяшчотныя кветачкі, невядома. Таму і мінакі на сцяжынцы трапляліся больш сумныя і маркотныя, здавалася, яны нешта пагублялі, а што – дакладна не ведалі.
Я таксама йшла ў задуменні праз лес, занадта шпарка і неўтаймавана, з усхваляванай душою, можа пакрыўджаная нечым, а можа разгубіўшыся з якой навалы, не памятаю. Але раптам з-за маляўнічага пянька вылецеў вялікі круглы чорны чмель і марудна-марудна паляцеў наўпрост перада мною, з тоўстым-тоўстым аксамітным гудам. Рух ягоны нават складана было палётам назваць, да таго ён быў нязграбны і павольны. Я з павагаю запыніла хаду і саступіла каралеўскі шлях гаспадару лесу, але той доўжыў упарта ляцець проста пад маімі нагамі, не зварочваючы. Я здзівілася і вырашыла пайсці за ім, бо мне падалося, што чмель нешта мне асабіста пажадаў паказаць.
І сапраўды, калі я сышла за ім са сцяжынкі і зрабіла некалькі крокаў праз хмызнякі і разнатраўе, то неўзабаве ўбачыла сапраўдны цуд: маленечкі таямнічы кусток з буйнымі налітымі суніцамі, адзіны на ўвесь лес. З’ела я тыя ягадкі з такой асалодаю, што ўся мая журба растапілася ў гэтым дзівосным смаку, які нарадзіўся ў лесе выключна дзеля мяне! Ці якая каралеўна калі-небудзь адчувала нешта падобнае?
Маёй шчырай падзякі чмель той можа й не пачуў, але мне хочацца думаць, што ён назіраў за мною з-за якой галінкі, з добрай-добрай усмешкай сапраўднага духу лесу.

Фотка аўтаркай зроблена, але чмель не той!


Рецензии
Спадар чмель:)Страшна хочацца лета.

Нероли Ултарика   29.04.2017 15:04     Заявить о нарушении
Ужо, ужо, ужо.

Има Иро   30.04.2017 15:56   Заявить о нарушении