Тараканы, глава 17-26, Эпiлог
Яго звалі Варава. Ніколі па імені Пракоп, тым больш па імені па бацьку — Данілавіч, а менавіта па прозвішчу, якое, быццам дурную метку, гадоў трыста насілі мужчынскія прадстаўнікі яго роду. Так было запісана ў метрыках. Прыляпілася прозвішча, як закляцце, бо якое б імя не выбіраў па святцах мясцовы поп — не прыжывалася, быццам бы і не было зусім імён у людзей — адно прозвішча: Варава, разбойнік… А які ж ён разбойнік? Вось хоць бы ён, Пракоп Данілавіч, — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны баявымі медалямі і ордэнам, заслужаны дзеяч прафсаюзаў, а ўсё адно, як і ранейшыя прадстаўнікі пашкоджанага роду — Варава.
Адно суцяшала старога ваяку, што ён апошні з мужчынскага роду, не пакінуў пасля сябе сыноў, дзве дачкі толькі, дый тыя нягеглыя, на ім і захлынецца прозвішча з чарваточынкай. Зусім нядаўна даведаўся ён, з якіх палесцін прыплятаюцца на славянскія землі такія прозвішчы, як мянушкі, быццам ганьба чалавечай годнасці. Зусім нядаўна, калі камуністычная манаполія на ідэалогію дала трэшчынку, праз якую раптоўна хлынулі іншыя светапогляды.
Да сямідзесяці гадоў пражыў, а дагэтуль не ведаў, чаму раптам (некалькі разоў за жыццё здаралася такое) пазнаёміцца з чалавекам, назаве сябе і праз нейкі час: “Разбойнік, ды разбойнік!” — прыляплялася да прозвішча, як цень. І вось зусім нечакана дазнаўся-такі.
У канцы васьмідзесятых было. Ён тады яшчэ жыў у Старадарожскім раёне, вёска Дражна, прападзі яна пропадам такая вёска і яе людзі, хоць і родная, хоць і ненатуральна, што не любіць чалавек роднай вёскі, але нічога Варава з сабою зрабіць не мог. Пра гэта асобы роспавед.
А зараз пра іншае. Сядзеў неяк на кухні, нешта робячы, і ў паўвуха слухаў радыё, потым нат работу кінуў, падсеў бліжэй да радыёкропкі, вуха натапарыў, слухае. Па радыё выступаў поп, расказваў пра нейкую кнігу. “Гэта ж трэба, папоў ужо сталі на радыё пускаць” — падзівіўся сам сабе Варава. Яшчэ болей наструніся, цікаўнасцю распаліўся і даслухаў праграму да канца. Настолькі захапіўся, што на другі дзень пераступіў парог хаты мясцовага папа Сергія. І сорамна Вараве (камуніст усё-такі!), і не можа ўтаймаваць сваю цікаўнасць. Рыжабароды Сергій спачатку ненажарт здзівіўся:
— Рэдкі... Нечаканы госць, — праспяваў фальцэтам, усё адно як здагадаўся пра прычыну візіту і раптам назваў Вараву па імені, ды яшчэ па-бацюшку ўлагодзіў, адкуль толькі ведаў? — Пракоп Данілавіч! Міласці просім. Чым багаты... Зараз клікну матушку, няхай самавар ставіць.
Варава прысеў на ўслончык каля стала, так добра яму стала, што звярнуліся да яго па імені і па бацюшцы павелічалі. Сергій знік у сенях. Вярнуўся праз хвіліну і паставіў на стол пляшку чырвонага віна “Кагор” — чым здзівіў госця яшчэ болей:
— Я думаў духоўныя асобы ўвогуле не ўжываюць спіртнога.
— Чаму ж? Не тое ганьбіць чалавека, што ў вусны ўваходзіць, а тое, што з вуснаў. Пятроўскі пост скончыўся. Можна і пацешыць сябе.
Пападдзя прынесла гарачы самавар, разліла па кубках духмяную гарбату, парэзала каўбаску. “Цяпер рэдка карыстаюцца самаварам, — заўважыў Варава, — электрачайнікі”.
— Дык і гэты электрычны, толькі што зроблены пад антыкварыят.
Кагор аказаўся церпкім саладкаватым на смак, з адчувальным букетам водара. Сергій не прамінуў патлумачыць: “спецзаказ”, маўляў, не тое, што крамнае чарніла.
— Вось вы супругу назвалі так ласкава, “матушка”, а ў вёсцы ўсё пападдзя ды пападдзя…
— Цёмныя людзі, — шкадобна адзначыў Сергій, — далёка яшчэ да Бога.
Толькі пасля трэцяй чаркі адважыўся ён няўмела патлумачыць прычыну візіту: “Я нядаўна радыё слухаў. Выступаў нейкі… “
— Свяшчэннік? — спытаўся Сергій.
— Пэўна, так як і вы, нейкага прыхода… Расказваў пра кнігу. Ёсць, маўляў, такая “Вечная кніга”. — “Біблія? — удакладніў поп”. — Не, інакш называў, не Біблія. Во, Святое Пісанне… Новы Запавет называецца, — Сергій радасна заківаў галавой. — Няшчотне мяне цікавасць узяла. Можа ведаеце, дзе можна дастаць гэтую кнігу. Хацелася б пачытаць. Так, дзеля цікавасці. Толькі папрашу, калі ласка, пра мой візіт — нікому ні слова. Самі ведаеце.
Айцец Сергій зноў станоўча захітаў галавой, падняўся са стала і прайшоў у суседні пакой. Вярнуўся праз якую хвіліну з невялікай чорнай кнігай у руцэ. На вокладцы залатымі літарамі было выціснута “Новый Завет”.
— Вось патрэбная вам кніга, — сказаў упэўнена, а на сумнеў Варавы пераканаўча дадаў, — іншай і быць не можа. Ды глядзіце, трэба чытаць са страхам Божым, — прагаварыў назідальна, паказваючы пярстом у неба.
— Як-небудзь разбярэмся самі!
Чамусьці раздражніўся і груба адрэзаў госць, але амаль выхапіў кнігу з руку святара і заціснуў пад пахі. Вельмі не спадабалася яму, што нейкі неадукаваны поп сходу бярэцца яго павучаць. Але перад тым, як зачыніць за ім веснічкі, Сергій прамовіў фразу, якая зусім збіла з панталыку камуніста і азадачыла яго.
— Мудрая кніга, там вы і сябе знойдзеце, у тым сэнсе, што на сваё прозвішча натыкнецеся, — удакладніў, — уважліва чытайце. Кожнае слова прадыктавана Святым Духам. — Таму яно Ісціна. А Варава там ёсць, так тады атрымалася, быў такі…
Прыйшоўшы дахаты, Варава паклаў кнігу на стол і адразу пайшоў мыць рукі з мылам. Сергій папярэдзіў, кніга занадта каштоўная, маўляў, забараняюць пакуль выдаваць тут, і яе кантрабандай прывозяць з-за мяжы. Першае, што зрабіў — выцер насуха далоні ручніком і абгарнуў вокладку газетай, каб не кідалася ў вочы, што чытае забароненае. Яшчэ ўгледзіць хто-небудзь з дражынцаў, як піць даць — данясуць зайздросныя душы ў парткам, абы толькі крыві папсаваць, яны гэта любяць.
Кніга была выдрукавана на тонкай папяроснай паперы, дробным, але чытабельным шрыфтам. “Праўду казаў Сергій — кантрабандная” — падумаў так, глянуў на выходныя дадзеныя і пераканаўся: так і ёсць, лацініцай…..
Працёр ручніком шкельцы акуляраў, паклаў ручнік на стол, на яго кнігу, прымастаколіў за вушамі дужкі акуляраў і разгарнуў…
Здаецца спыніўся час. Чытаў не адрываючыся, нават на цыгарэты забыўся. Ачомаўся, калі жонка забразгала вёдрамі ў сенцах. Прачыніла дзверы ў хату і здзівілася, убачыўшы мужа за сталом.
— Будні дзень, а ён рассеўся і сядзіць, — сказала быццам сама сабе, зірнула і загадным незадаволеным голасам — ідзі хоць карову напой!
Але калі яна яшчэ раз паспрабавала нагадаць пра “мужчынскую работу”, нечакана моцна для сябе гаркнуў на жонку: “Не перашкаджай! Ці не бачыш, заняты я? Рабі сваю работу, карову без цябе напаю”, — і не крануўся з месца.
Праз гадзіну жонка, буркаючы нешта пад нос, вярнулася ў хату. А ён — як сядзеў за сталом, так і сядзіць. Яна падыйшла ззаду, выцягнула шыю і заглянула цераз плячо.
— На старасці гадоў зусім з глузду з’ехаў, нешта чытае — не адарваць.
Але Варава болей не рэагаваў на выпады, толькі павярнуў галаву і сказаў шматзначна зусім няўцямнае для жонкі: “Врагі человеку домашніе его. Вот это Істіна” — і зноў схіліўся над канігай.
“Здурнеў стары!” — стогнучы, старая доўга распраналася, кешкалася ў спальні, хадзіла па суседнім пакоі і нарэшце ўляглася ў ложак. Было чуваць, як зарыпелі пружыны матраса, яна варочалася з боку на бок не доўга, урэшце рэшт хутка заціхла. Праз колькі хвілін пачуўся здаровы храп. Спіць…
Болей ад чытання яго нішто не адрывала.
Дзесьці пасярод ночы зарыкала ў гумне няпоенная карова. Загарнуў кнігу. Выйшаў на вуліцу. Тут толькі ўспомніў, што з абеда не выпаліў ніводнай цыгарэты. Падзівіўся сам сабе, чэрпаючы ваду з калодзежа і наліваючы ў вёдры. Запаліў у гумне святло. Калі зайшоў і расчыніў дзверы хлява, Красуля, быццам скардзячыся на яго, гучна зарыкала на ўсё горла.
— Цішэй ты! Вёску разбудзіш. Вось на, пі! Подзь, подзь…
Карова пажадна вытрубаніла цэлых два вядры. Варава павагаўся крыху і прынёс ячшэ вядро. Але яна болей піць не стала, толькі чмыхала ў вядро, наганяючы на ваду брыжыкі. “Ты прабач мяне, Красуля” — сказаў шчыра вінавацячыся, як перад чалавекам, працягнуў руку і пачухаў за вухам. Карова заматляла галавою, быццам даруючы гаспадару няўвагу і пыхнула ў твар цёплым водарам парнога малака, а потым яшчэ і лізнула фуфайку шаршавым языком.
* * *
Гэта было пасля Паўночнай вайны. Вельмі спадзяваліся салдаты, асабліва тыя, хто ўдзельнічаў у Палтаўскай баталіі, што цар адпусціць са службы старых ваяк, набярэ ў войска новых рэкрутаў. Ніхто не абвяшчаў пра такую магчымасць, але спадзеўка жыла ў служывым народзе. Думалася, вось-вось і аб’явяць царскі Указ, выдадуць вольную, ды яшчэ і казённых грошай адлічаць за службу. Прайшло паўгода — чаканні аказаліся марнымі. А тут ячшэ шампалоў атрымаў за сон у каравуле. І яго, Ігнася Ліхавога, героя і адчаюгу, паролі перад усім строем. Калі б хоць за справу, не так крыўдна было б, а то… Які ж гэта сон, калі не ляжаў, не сядзеў — стаяў на пасту. Вочы самі заплюшчыліся, і не ўгледзеў калі, хоць ты свячныя агаркі паўстаўляй, каб не закрываліся. Скрыўдзілі старога ваяку, зганьбілі.
Пасля гэтага і закралася думка пра ўцёкі. Лацвей, канешне ж, падбіць каго-небудзь. Хаўрусніка доўга шукаць не прышлося. Ляжаў побач у лазарэце — Кукей з Тамбоўшчыны. Таксама пачаставалі шампаламі. Доўга не прыглядваўся Ігнась, не выведваў натуры:
— Узнагародзілі за царскую службу? — спытаўся.
— Так, далі пад завязку чырвоных медалёў за Палтаву.
— І ты быў? — перапытаў для вернасці Ігнась.
— А як жа? У самым пекле. Сямярых шведаў запароў штыхом. Мо, і болей, хто іх лічыў у той гарачцы.
— А думалася так, — здалёк пачаў Ігнась, — вайне канец і па хатах старыя ваякі. Ці не заслужылі вольнай хіба?
— Не тое мужыку рабіць, што паны думаюць.
— А цябе хоць за што перылі?
Кукей злобна пасміхнуўся: “Было б за што, не было б крыўды. За ахвіцэрскую курку, — я пачаў распавядаць пра сваю бяду-дакуку, — я няшчотне гузкі курыныя люблю, самы копчык — адкуль хвост расце. Таму і з кухарам сябрую. Ён мне, не за так канешне, не дарэмна, гэтыя гузкі адкладваў. А тут інтэндант нейкі залётны трапіўся, з жыдоў. І трэба ж такому надарыцца, што і ён гэтыя гузкі ўважае. Прыціснуў кухара да сцяны: “Дзе копчыкі курыныя падзеліся?”. Не ведаю, далібог вашбалгародзіе! Не ведаю. А калі жыдок плёткай яго, тут ён і палажыў галавой: “Кукей гузкі паеў, Кукей!”. Гэта я значыць. А тое, што яму дровы за гэтае калоў, ваду цягаў і яго работу рабіў, на тое ён забыўся. Вось і ўсыпалі па самае нельга шампалоў. Быццам бы я самахоць пакраў тыя гузкі.
Праз які месяц, калі шрамы пазацягваліся, Ігнась з Кукеем вырашылі ўцякаць ад службы, ды ад царскай ласкі. Збеглі ў час летніх манёўраў на Нёмане. Вёрст пяцьсот адмахалі за тыдзень, забраліся ў такія нетры, што і сам чорт не выберацца. За пінскія балоты, кудысьці нават ажно за Тураў.
То якога купчыка абрабуюць па дарозе, то карчму абкрадуць — і далей у лес, за рэчку, далей за поле. Так і дабраліся на Палессе. Народ цёмны, нічога не петрыць — форму з пазунамі ўбачаць, думаюць, паны. Шапкі далоў, на калені падаюць. Палашы, пішчалі, амуніцыя пры іх. Так і дажылі да зімы, пагульваючы, ды пастрэльваючы сягды-тагды, пакуль порах не перавёўся. Але зімою дачуліся ў нейкім сяле, што шукаюць іх улады. Тут Кукей і Ігнась зведалі, што такое сапраўдны голад. Не раз прыпамінаў тамбовец курыныя гузкі, будзь яны тройчы праклятыя, з-за якіх стаў дзізерцірам і душагубам.
Некалькі разоў прыйшлося падпальваць вёскі, каб разжжыцца якім правіянтам: пусцяць чырвонага пеўня пад страху крайняй хаты і, калі ўся вёска, ухапіўшы вёдры і багры, з лямантам бяжыць на пажар, яны ўскочаць з другога боку ў крайнюю хату і давай кідаць у мех сала з дзежак, карукі з бэляк зрываць, хлеб с печы выцягваць. А то ноччу свінчо якое прыдушаць у хляве, або авечку зарэжуць і ў лес. Людзі на ваўкоў спішуць, а тыя ваўкі на двух нагах ходзяць. Так і перажылі зіму, ходзячы ваўчынымі тропамі, ды адлежваючыся ў будане, што зрабілі ў лагчыне, каб у зацішку меньш даймалі халодныя вятры. Нат не верылася ўцекачам, што змаглі ў лесе перазімаваць, а зіма тым годам выдалася лютай. Пад весну ужо мала чым адрозніваліся ад звяроў, адны лахманы з адзежы, нямытыя, нячосаныя і смярдзючыя, — сустрэнься з такім на вузкай сцяжынцы і адразу развітвайся з жыццём.
Але вось сышоў снег, коцікі на вербалозах засерабрыліся, травіца сям-там свежай зелянінай пачала радаваць вока, здаецца, і яны пасвятлелі тварам. Тут і падступілася да лясных скітальцаў з нечаканага боку бяда. Хто ж ведаў, што тое Палессе такое каварнае. Раскатурхаў аднойчы на дасвецці тамбовец свайго падзельніка.
— Ігнась, уставай, патоп! Уставай кажу, вада кругом, залівае. Прапалі мы!
Прадзёр вочы ад сну Ігнась і хоць ты не вер ім — уся лагчына заліта вадою. Куды ні глянь — вада падступаецца, адкуль толькі бярэцца? Ухапілі ў рукі самае неабходнае, выскачылі на грудок. Агледзеліся. А вада ўсё прыбывае. Сталі ратавацца: з грудка на грудок пераходзілі ўброд, іншы раз вады па калена, а іншы і па шыю даходзіла. Нарэшце згаладнелыя і стомленыя на дасвецці трапілі на нейкі востраў. Аддыхаліся, агледзеліся. Стажок пасярэдзіне вострава, тры каровы ціхамірна скубуць сена, двое цялят выбрыкваюць побач. Пакуль сонца ўзышло, забілі цяля, свежаваць пачалі з галадухі, бы ваўкі якія, каўтаючы сырыя кавалкі парной цяляціны. І раптам дзесці забрахаў сабака.
Лодка па вадзе плыве, вясло плёхаецца. Кінулі ўсё, за стажок схаваліся, цікуюць. У лодцы двое, мужык і баба. Кукей свой шырокі нож рукавом ад цялячай крыві абцірае, вочы злым агнём выбліскваюць, выгляд страшны. Ігнась за нейкую палку аберучкі ўхапіўся, уперад выставіў. Як толькі човен прыстаў да берага, сабака, пачуўшы чужакоў, выскачыў і з брэхам кінуўся да стажка. Селянін за сякеру і за сабакам. Сабака ўчапіўся зубамі ў Ігнасёвую палку, вісіць на ёй, зубамі валтузіць, ажно кара сыплецца. А селянін з наскоку як убачыў, што двое разбонікаў, ды яшчэ нож у аднаго ў руках злавесна паблісквае, — ад страху трэсь абухом у лоб, Кукей і зваліўся замертва. Мужык і спалатнеў тварам, сякеру з рук выпусціў. Ігнась палку з сабакам адкінуў убок, учапіўся шырокімі далонямі ў шыю, душыць пачаў. У мужыка ўжо вочы заварочвацца пачалі, штосілы прахрыпеў: “Тэкле! Ратуй!”. Ігнась адчуваў, што ён нашмат дужэйшы за мужыка, але і той не зломак, нізкарослы, але нейкі жылаваты, карчаваты, ды і сабака, кінуўшы палку, ззаду лыткі рве. Вывернуўся мужык, сякеру схапіў і з усяго размаху прысадзіў абухом у плечы, так і распластаўся Ігнась на траве. Прачнуўся — звязаны па руках і нагах вяроўкамі. Што за гэты час, як ляжаў без прытомнасці, адбылося на востараве Ігнась мог толькі здагадвацца, але карціна, што адкрылася, была жудаснай. Палешук з галавы да ног увесь запэцканы крывёю, Кукей з праломленым чэрапам пад стогам валяецца, а каля лодкі — баба з адсечанаю галавою.
Убачыў мужык, што апрытомеў Ігнась, падыйшоў і гаворыць: “Вобшчам так, твой бандзюга маёй жонцы галаву адрэзаў! Так і скажаш на судзе”.
— Дык ён жа ж таго…, — хацеў было сказаць Ігнась, што мёртвы Кукей, што яго першага селянін забіў.
— Так і скажаш, запомні. Калі жыць хочаш, так і скажаш. Я парашыў злыдня, апраўданне маю, ні Бог мне не суддзя, ні людзі.
А адбылося на востраве наступнае. Атрымаўшы абухам у плечы, Ігнась страціў прытомнасць, а палешук у гарачцы кінуўся да жонкі: “Чаго ж ты, сучка, не падмагла мне? Ледзьве не ўдушыў, падлюка” — а тая, спужаўшыся, не знайшла што лепшае адкзаць, толькі адгаркнулася ў адказ:
— А я чакала, хто дужэйшы акажацца, таму і дастануся.
— Ах, так! — захрыпеў мужык, — лепей Жучка, чым такая сучка! — ухапіў за касу і секануў лязом па шыі.
Потым, ачомаўшыся і ўсвядоміўшы, што нарабіў, — вырашыў, выхад адзін: зваліць віну на мерцвяка.
З таго часу ў народзе той востраў на Сцвізе і назвалі Галоўчыным.
Суд Ігнась цьмяна запомніў, але падцвердзіў усё, што гаварыў паляшук. Пасля гэтага ў Ігнася ўвогуле нешта з галавой здарылася, нават сваё прозвішча часцяком забываўся. На катарзе яго і ахрысцілі па-новаму. Як не дзіўна, але пасля таго, як адпусцілі, хоць і было за сорак, яшчэ і жонку сабе прыдбаў, якая нарадзіла яму сына. Так і пайшоў род Вараваў. Нягеглы атрымаўся род, сапсуты нейкі, пашкоджанасць і сапсаванасць адчувалася ва ўсіх прадстаўнікоў, можа нешта ў генах і раней сядзела і выпатрабавала сабе новае прозвішча, або само прозвішча Варава пачало ўплываць на сваіх носьбітаў: Банадысь, Піліп, Яўхім, Ляксей, Якаў, Сямён, Ляксандр, Даніла, бацька Пракопа і сам ён — Пракоп Данілавіч Варава, 1914 года нараджэння.
*. * *
Пракоп Данілавіч Варава перабраўся ў сталіцу акурат у разгар Перабудовы. Не думалася яму, што на пенсіі ўрэшце здзейсніцца даўняя мара. Нечакана дапамагла раённая ветэранская арганізацыя. Ціснула душу родная вёска Дражна і чым бліжэй да старасці, тым цяжэй станавілася дыхаць паветрам роднай зямлі, тым невыносней было яму сустракацца з аднавяскоўцамі, неяк астабрыдлі яны яму. Для таго, каб зразумець выключную нянавісць да роднай вёскі і яе жахароў, трэба ведаць гісторыю не столькі Пракопа Данілавіча, колькі трагічную гісторыю самой вёскі.
18
“Каго там нясе так рана?” – з раздражненнем думаў Раман, спаўзаючы з ложка. Званок зацілінькаў яшчэ раз. Занырнуў ступнямі у шлёпанцы і паплёўся да дзвярэй. Доўга марудзіў, тыркаючы ключом у шчалужыну замка, і ніяк не мог адамкнуць. Рукі пасля ўчарашняга злёгку падрыгвалі: нарэшце ключ трапіў у прывычнае месца, язычок шчаколды з металічным шкрыгатам ад’ехаў, і ён расчыніў дзверы. На парозе стаяў Стахвейка, адзіны запрошаны на наваселле з завадскіх знаёмых. Стахвейка вызначаўся тым, што часта трапляў у нечаканыя і дзівосныя сітуацыі, быццам бы неверагодныя сітуацыі і існавалі толькі для таго, каб Стахвека мог у іх трапіць: калі б на ўвесь горад пакінулі адчыненым адзін люк каналізацыі, то чалавекам, які абавязкова зваліўся б туды, быў бы Васіль Стахвейка. А ячшэ Стахвейка любіў выпіць і закусіць, тыдні тры пасля п’янкі апахмяляцца, а затым цэлы месяц адыходзіць. І дзеля лішняй дармавой чаркі ён пускаўся на ўсялякія хітрыкі.
— Прабач, калі разбудзіў, — ніякавата затараторыў на парозе Васіль.
Стаяў і перамінаўся з нагі на нагу: “Я тут учора партманет згубіў, — нечакана выпаліў, — там пашпарт, грошы, праяздны…”.
— Ідзі сам і глядзі. — Раман прапусціў госця ўперад і той спачатку крыху разгубіўся, але не надоўга — “О, вы нават не прыбіраліся пасля ўчарашняга,— данёсся ўзбуджаны розгалас,— усё так і стаіць на сталах”.
— Не да гэтага было, — махнуў рукою Раман, — апошнія госці разыйшліся далёка за поўнач. Галава распухла, як чамадан. Можа, калі распранаўся… Ты ўчора добра начамергесіўся.
Раман запаліў святло. Партманет ляжаў каля вешака, на тым самым месцы, дзе хвіліну таму таптаўся Стахвейка: “Твой?”— працягнуў ён зашмальцаваны скураны партманет.
Стахвейка ніколькі не здзівіўся, не абрадаваўся, як звычайна, знаходцы, — адразу запхнуў у кішэню, а на заўвагу Рамана, каб праверыў, ці нічога не згубілася, адказаў, што адчувае навобмацак. А затым чамусьці падміргнуў Раману, і той адразу зразумеў усё: “Умажаш?”— спытаўся дзеля прыліку гаспадар, цалкам упэўнены, што Васіль толькі гэтага і чакае.
— Якія пытанні? Дзеля гэтага і партманет пакінуў учора.
Раман засмяўся. Смех даастачы разагнаў сон: “Праходзь на кухню”— праз хвіліну прынёс дзве недапітыя бутэлькі гарэлкі і талерку з салатай. Яны селі за кухонны столік, моўчкі разлілі, дзынкнула шкло. Закусваць не сталі, прысмалілі цыгарэты. Толькі пасля другой шклянкі калупнулі відэльцамі ў талерцы.
— Ат! — махнуў Стахвейка пасля трэццяй, быццам абсёк рабрынай далоні нябачную вяроўку, — няхай яны задушацца са сваёй работай. Я таксама не пайду. — “А прагул?”. — Куплю бальнічны. Па аднаму долару на дзень, такая цяпер такса.
— Ты хоць майстру пазвані і папярэдзь.
— Паспеецца… Скажы, Раман, хіба гэта грошы, што нам плацяць? Не магу на зарплату нават чаравікі новыя купіць, хажу ў атопках.
— Грошы — яшчэ паўбяды. Чуткі ходзяць, што хутка ўсё, як у вайну, па картачках будзе. Цяпер яны будуць называцца талоны. Дажыліся. Ужо і надрукавалі. Мая знаёмая ў друкарні працуе, расказвала. У райвыканкаме будуць выдаваць на кожную душу.
— Няўжо і такое магчыма? За што ваявалі?
— Ніякага прадукту без картачкі не возьмеш. За што бароліся, на тое і напароліся. Напісана, напрыклад, двесце грамаў масла — ні грамам больш не атрымаеш. Адарваў, атрымаў, разлічыўся, упакаваў — і ідзі сабе з богам чалавеча. Наступны. Дай другому атрымаць свае двесці грам.
— Давай шмарганём па дзвесці? Што мы гэтымі кілішкамі, мінзуркамі медыцынскімі. Нясі маліноўскія гранёныя стаканы.
— Ёсць, — дзынкнуў Раман вялікімі шклянкамі, — самі сабе жыццё ўскладняем. Нават піць развучыліся. Гэта ж уяві, з паўгадазіны трэба будзе стаяць за буханкай хлеба.
— Скажы, Раман, ты там у высокіх сферах круціўся, з разумнымі людзьмі яхшаўся. Куды ўсё падзявалася?— “А Бог яго ведае”.— Не, ты адкажы, куды дзелася народнае дабро? Мыла знікла, зубной пасты няма. Шкарпэткі, майкі, трыкатаж… Фабрыкі працуюць, а нічога на паліцах не знойдзеш. Дзе ўсё?
— Спытайся ў Гарбачова? Не магу адказаць табе, сам не ведаю. У галаве не ўкладваецца. Чаго каштуюць адны цыгарэты. Гэта ж прадукт першай неабходнасці. У акопах і то салдатам выдавалі: баявых сто грамаў «наркомаўкі» і цыгарэты, або цюцюн. Без махоркі мужык не ваяка… На тым тыдні паўдня прастаяў. Усяго дзесяць пачкаў і далі.
— Шчасліўчык! Іншым і гэтага не дасталася. Цяпер цыгарэты адпускаюць на вагу, або паштучна. Бачыў нядаўна: доўгія такі, не разрэзаныя, па сантыметраў трыццаць адна цыгарэта. А пазаўчора на Саўлінайтэ браў, дык такая бойка ўсчалася. Міліцыя дубінкамі добра дала прыкурыць.
— Ведаеш, Васіль, што я думаю, — гэта ўсё праклятыя капіталісты ўстроілі. Не змаглі яны нас узяць у адкрытым супрацьстаянні, пайшлі ціхай сапай. Не верыш?
— Не, наадварот. Але не капіталісты, а нашы паразіты. Яны і ёсць лютыя эксплуататары, кравапійцы народныя.
— Можа і так. Жыруюць на народным горы, але самае галоўнае, Васіль, ты чуеш мяне, — Раман падняў угору вялікі палец і асёкся: у дзвярах стаяла Тэрэза.
— З раніцы піць пачалі! І не сорамна? Алкашы! Ці ўчора мала было?
— Алкашы, алкашы, всех бы трезвых прыдушыў, — праспяваў Раман радкі дваровай песні.
Стахвейка падхапіўся, залпам выпіў гарэлку са сваёй шклянкі, перакуліў уверх дном, вінавата прабачыўся перад гаспадыняй, саладжава пасміхаючыся, схапіў шапку і заспяшаўся да выхаду. Раман выйшаў праводзіць госця, на лесвічнай пляцоўцы прысмалілі цыгарэты. Васіль выклікаў ліфт: «Добрая яна ў цябе кобрыца».
— Усякай бывае… Ёй, як той кабыле, як шляя пад хвост пападзе, дык гарцуе, месца сабе не знаходзіць. І вучыў, здаецца, але не ў каня корм.
— Слухай, што гэта за мудак учора быў увесь у золаце, як прыіск грабануў, і жонка яго, што навагодняя ёлка — у цацках ды бразготках.
— Знаёмы адзін — жончын аднакласнік.
Ліфт расчыніў дзверы, пачакаў крыху і, нібы скрыўдлены няўвагай, зноў зачыніўся. Васіль збіраўся з думкамі.
— Гэта, канешне, Раман, не мая справа, каго табе запрашаць у госці, але мне падалося, што гаспадынька занадта завіхалася ўчора каля яго.
— Не, табе проста падалося. Кажу ж — аднакласнік.
— Глядзі, не вер каню ў дарозе, а жонцы дома.
— Кінь дурное. Проста ў Тэрэзы свае віды. Хоча, каб і я шмат грошай дахаты прыносіў. Угаворвае, каб завод кінуў. Ён там, паўлін гэты, вялікая шышка сярод грашавітых.
— І што, кінеш брыгаду?
Раман паціснуў плячыма. Стахвейка зноў ціскануў кнопку ліфта і дзверы адразу ж расчыніліся, ускочыў у кабіну і ўжо адтуль дадаў: “Будзь усё ж такі асцярожней. Дай Бог, каб мне гэта толькі паказалася”.
Ліфт зачыніўся і з шоргатам пайшоў уніз. Раман пастаяў на лесвічнай пляцоўцы, дакурваючы цыгарэту, затым спусціўся на палову лесвічнага пралёта, адчыніў люк смеццезборніка, патушыў недакурак, укручваючы ў пафарбаваную бляху і, зажбурнуўшы яго ў чорную зеўру, злосна ляснуў крышкай.
Зайшоўшы на кухню, уважліва паглядзеў у жончыныя вочы і падумаў упэўнена: “Не, не здольная яго Тэрэза на здраду”.
— Ну, чаго ўталопіўся? — не вытрымала жонка позірка, зграбла талеркі ў ракавіну, — сябра пакрыўдзіла? Мый посуд. А то ўжо мо сабраўся ўвесь дом паіць, алкаголік няшчасны.
— Я не алкаголік, Тэрэза! І не заві мяне так. Ці табе хочацца, каб я стаў ім.
Яна ўзялася за венік, пачала зграбаць смецце і раптам ажно падскочыла: “Ой! Таракан! — узвізгнула пранізліва, — коркам яго, коркам! Эх, ты, разява, упусціў!”.
Шустрыкан Талеркавіч, а гэта быў якраз ён, драпаў ва ўсе шэсць лапаў: насілу ўратаваўся, паспеўшы шмыгнуць пад халадзільнік.
Тэрэза апусцілася на табурэтку. Рукі вяроўкамі абвіслі ўздоўж тулава: “Я гэтага не перажыву, — уздыхнула глыбока, затым падскочыла, як уджаленая, і накінулася на Рамана: — Гэта ты вінаваты! Ты!!!”.
— Канешне. Ва ўсім і заўсёды вінаваты толькі я. Трэба ж знайсці крайняга.
— Загадвала табе ператруціць гэтую погань, але ж ты нічога не даводзіш да канца. Яшчэ кпіны строіў: “Кожнага асабіста пахаваў, і крыж паставіў,— перацвяліла жонка Раманавую інтанацыю. — Нічога толкам не ўмееш рабіць”.
— А дзе ты сама была?
— Дзе я была, там мяне даўно няма. Хто ўвесь час рот дзярэ: я гаспадар! Гаспадар! Які ж ты гаспадар, калі нават з тараканамі не можаш управіцца.
— У прыстойных гаспадынь, у акуратных і чыстаплотных,— ён наўмысна зрабіў акцэнт на гэтыя словы, каб дапякчы ёй, — тараканы не заводзяцца.
Так адбылася першая сварка ў новай кватэры, якая пазней вызначыла многія непаразуменні. З-за гэтага праклятага таракана Раман так і забыўся спытаць у Тэрэзы пра Курвагіна, і яшчэ раз нагадаць, што не збіраецца кідаць завод.
Але Тэрэза не была б сабою, каб не адпомсціць за “чыстаплотнасць”, падліла масла ў агонь, крыкнуўшы ў роспачы: “Вось Курвагін — гэта гаспадар дык гаспадар. А ты хто? Паглядзі на сябе! Як яго жонка была апранута... Адразу бачна: і гаспадар, і мужчына. Не тое, што ты, няўклюда і неўдалота”.
У Рамана нават мову адняло.
19
Ведаў, што не ціхмяную авечку бярэ за жонку, а ганарлівую і страпцівую польку. Яна лічыла сябе менавіта шляхцянкай, хаця Раман і падтруньваў над жончынай пальшчызнай, абзываючы “басаногай шляхтай”, але яшчэ да жаніцьбы нораў Тэрэзы выявіўся напоўніцу. Ехалі аднойчы ў метро, пачалі спрачацца паміж сабой. Спрэчка, як спрэчка, Раман даказваў нешта сваё, а яна настойвала на сваім. І раптам, як абухом па галаве: “Ды заткніся ты, казёл!!!”.
Аж перасмыкнула яго ад такіх слоў. Доўга, унурліва і сур’ёзна глядзеў у вочы будучай жонкі, цвёрда і ўпэўнена прагаварыў: “Тэрэза! Каб гэта было першы і апошні раз. Паміж намі ні пры якіх умовах не павінны прасковаць падобныя словы. Яны калечаць душу, раняць навылёт. Раны ад слоў доўга не загойваюцца”.
— Прабач, — неахвотна выціснула яна з сябе, — неяк само вырвалася.
— Я б хацеў, каб болей такія словы ніколі не вырываліся.
Раману здалося, што ён гаварыў пераканаўча, і Тэрэза ўсё зразумела: болей такога не будзе. Так хацелася верыць. Але пасля вяселля жонка, пэўна, палічыла, што нікуды цяпер муж ад яе не дзенецца, усё часцей і часцей спускала з прывязі язычок.
Першаму сыну Ўладзіку гады чатыры было, вярталіся неяк з гасцей дахаты. Была зіма, малога везлі ў санках. Шлях быў не блізкі, кіламетры са два праз пустыр. Зноў заспрачаліся, і зноў, як гром зімою бабахнуў, вырваліся амаль тыя ж самыя словы: “Ды заткніся ты, казёл!”.
— Я казёл? — злосна перапытаў Раман.
— Казёл ты, і ёсць казёл. Усе мужыкі казлы, і ты ў тым ліку.
— Добра. Тады я буду гаварыць па-казлінаму. І-а! І-а! І-а!!! — закрычаў ішаком на ўсю вуліцу Раман, ды так моцна, што рэдкія мінакі пачалі аглядацца на дзіўны крык.
— Перастань! — запатрабавала яна, і зрабіла яшчэ адну памылку (Раман цярпець не мог загаднага ладу) і яшчэ мацней закрычаў: “Іі-аа!!! Іі-а!!! Іі-ааа! Я не разумею чалавечых слоў, бо я — казёл!”.
Уладзіка спачатку пацяшалі бацькавыя паводзіны, а потым дзіця замаўчала і зрабілася занадта сур’ёзным. Тэрэзу распірала злосць. Побач ішоў муж, які зусім адбіваўся ад рук, проста здзекваўся над ёю.
— Перастань! — крычала яна, але Раман і вухам не вёў, працягваючы жорсткую гульню, — перастань!
У адказ чулася толькі здзеклівае “І-а!”. Яна пакінула санкі з малым, падскочыла да яго і лупіла кулакамі па спіне, лезла пазюрамі да твару — а ён, не адбіваючыся, толькі твар адварочваў, працягваў крычаць. Тады яна спіхнула ў снег малога, ухапіла аберуч санкі і пачала лупасіць імі па спіне Рамана, які быццам страціў адчуванне болю, ішоў сваёй дарогай і не звяртаючы ўвагі, яшчэ грамчэй крычаў “ішаковыя словы”.
— Ненавіджу цябе! Ненавіджу!!!
— І-а! І-а!! І-а!!! — няслося ёй у адказ.
У снезе галасіла мокрае і пераляканае дзяця, а два дарослыя чалавекі, страціўшы пачуццё меры, выплёсквалі адзін на аднаго свае крыўды. І тут Тэрэза раптам заплакала ад бяссілля, падхапіла малога на рукі: “Папа дурак!”— растлумачыла сыну.
— Папа дурак, дурак, — паўтарыла дзіця, размазваючы слезы па твары. Але і гэтая неадэкватная Раманавая выхадка нічому не навучыла Тэрэзу. Паступова ён пачаў разумець, што дарослага чалавека не пераробіш, калі ён сам не захоча гэтага, калі Бог не дасць жадання, сілы і розуму. Перамога над сабою — самая цяжкая з перамог.
Але яшчэ горшай заганай жончынага характару Раман лічыў мат. Благі рускі мат, якім яна, быццам запраўскі сапожнік, крыла ў сваёй сям’і. Раман мацюгаўся вельмі рэдка, у выключных выпадках і толькі ў мужчынскай кампаніі. Тым больш нельга было мірыцца з матамі, бо яна мацюгалася пры дзецях. Хутка ў іх нарадзіўся яшчэ адзін сын, якога назвалі Андрэем. Пасля нараджэняя другога дзіцяці вырашылі абвянчацца ў царкве. На нейкі момант у сям'ю прышоў мір і спакой. Але суладдзе аказалася не працяглым. Як не намагаўся растлумачыць жонцы, што нельга мацюгацца пры дзяцях на мужа, на саміх дзяцей, і ўвогуле: маці і мацюганнене — не сумяшчальна.
— Дачакаешся, дамацюгаешся, — пагражаў ён, — вырастуць і на мяне дрэннага слова не скажуць, а табе адплоцяць той жа манетай. Яна не разумела, і не хацела разумець. Аднойчы, як падалося Раману, ён знайшоў метад барацьбы.
— Будзеш мацюгацца, — буду біць посуд. Што ні мат — талерка вобзем. Лічы, што так і дамовіліся. Не разумееш словаў, уключу іншае разуменне. Або адвучу ад мацюгоў, або застанемся без посуду.
Доўга чакаць не прыйшлося.
— Ах, ты ёп.т.м.! — як звычайна, вырвалася ў яе пры чарговым абурэнні.
А Раман схапіў талерку — лясь аб падлогу, толькі друзкі разляцеліся. Такога павароту Тэрэза не чакала: “Ты што, ****зь, аху…?”— і другая талерка паляцела ўслед за першай. Тэрэза прыкусіла язык. Раман падумаў, што нарэшце адшукаў дзейсны сродак уздзеяння, ці так гэта ці не — вядома толькі будучыні.
Але пры ўсіх недахопах Тэрэза была і добрай гаспадыняй. Любячай жонкай, добрай маці. За дзяцей яна гатова была кінуцца і ў агонь і ў ваду.
20
Клава Патоцкая, жонка Барыса Курвагіна, любіла кідка апранацца. Але ці магла напраўду апрануцца прыгожа, хоць і намагалася давесці здольнасць да выкшталцонага мастацтва: падабраць адзенне па густу, з шыкам і выклікам, абавязкова з сэксуальна-прываблівымі дэталямі туалета, — апошнія ўмела выкарыстоўвала, бо сапраўды ведала ў гэтым толк, хаця з мастацкім густам і пачуццём меры не сябравала. У многім заўжды перабірала: якая-небудзь дэталюшка (брошка, стужка ці шпілька) абавязкова выскоквала, як піліп з канапель, і парола ў вочы безгустоўнасццю гаспадыні, выдавала з галавой, пасуючы агульнаму строю, як свінні аброць. Таму большасць жанчын, што святкавалі ўлазіны Родасветавых, успрынялі Клаву, як расфуфыраную балотную кікімару. Але ж яны глыбока памыляліся ў яе здольнасцях спакусніцы. Любому мужыку тут на вечары Клава магла лёгка ўскружыць галаву — усё залежала ад яе жадання. Даўно яна зразумела: жанчына прываблівае не знешняй прыгажосцю (хоць і не лішне, калі ёсць у арсенале), не розумам і начытаннасцю — чымсьці іншым, глыбока жаночым, прыродным і амаль невытлумачальным. Мужчыны, як матылькі на полымя, лятуць да тых жанчын, якія валодаюць таямнічымі чарамі: не сказаць ні слова, абяцаючы ўсё, пра што ўпотай марыць кожны самец. Клава і сама не магла б растлумачыць, чаму ёй так лёгка ўдаецца акручваць сэрцы мужнай палавіны чалавецтва? Нязначны погляд мімаходзь, або загадкавая ўсмешка, або голас, у інтанацыі якога чуюцца раптам ноткі пяшчоты, можа нават злёгку падрыгваць, калі гэта патрабуе тэмперамет аб’екта і сітуацыя, ці такі ненавязлівы, быццам выпадковы безсаромны жэст, зноў жа, як быццам не знарок, выпадкова — і праз хвіліну-другую ён (хто б не быў!) ужо поедам еў Клаву сваімі вачыма. Самых верных даводзіла да юрлівага шалу, яны забывалі пра ўсё: пра абавязак, гонар, сям’ю і жонку. Толькі Клава стаяла перад вачыма, толькі яе вабныя спакусы заводзілі туды, адкуль можна было вярнуцца, толькі зведаўшы нешта таемнае. Усё рабілася само сабою. Адным поглядам ці жэстам яна моўчкі абяцала занадта многа, і мужчыны чамусьці лавіліся на такія абяцанкі. Нейкім шостым пачуццём адчувалі: гэтая жанчына здольная здзейсніць самыя патаемныя жаданні.
У мастацтве спакушэння Клава віртуозна выкарыстоўвала аресенал ніжняй бялізны: калготкі, бюсгалтар, трусікі… Перавагу аддавала паўпразрыстым ажурным тканінам, найлепей чорнага або чырвонага колеру, але абавязнова з маленькімі дзірачкам, пажадана з карунакамі па краях, але тут не ўгадаеш, у кожнага свой густ. Сваю задачу бачыла ў тым, каб умела і своечасова прадэманстраваць сподняе, або хаця б лёгкім намёкам (гэта выдатна робяць цесныя блузкі, вялікія рэзрэзы на спадніцах і глыбокія выразы дэкальтэ) паабяцаць, завабіць. Бязмэтна фліртаваць — было для яе найвялікшай асалодай. Кроў ускіпала і яна нічога не магла з сабою зрабіць. Пра такіх гавораць: не толькі скура гарыць, але і косці час ад часу дымяць. Хаця яна і мела каханкаў, але бавілася з адным і тым жа не доўга, паўгода – рэкорд, пастаўлны ёю, не магла доўга цярпець аднаабразны твар. Свайго Барыса Патоцкая ні на кога не прамяняла б, бо толькі ён даваў тое, чаго не маглі даць іншыя: грошы і адносную свабоду паводзін.
Клава не ведала, чаму Барыс пацягнуў яе на сумнае наваселле? Але муж загадаў, значыць, трэба ісці, і не задаваць лішніх пытанняў. Ад нудоты і, не ведаючы, чым заняць сябе, накіравала свае чары на Івана Фаміча. Нечым спадабаўся ёй былы вайсковец. Можа таму, што генерал у час застолля выклікаў агонь на сябе, а Клава любіла прыгрэцца ў промнях чыёй-небудзь мімалётнай славы. Вось і ўзнамерылася акруціць адстаўнога генерала, мужчыну атлетычнага складу, добрага гумарыста і даволі яшчэ прыгожага.
Барыс на амурныя выбрыкі жонкі глядзеў скрозь пальцы. А запрашэнне былой аднакласніцы (як толькі адшукала яго?) прыняў без асаблівай радасці. Са школай звязваліся не самыя лепшыя ўспаміны. Адчувалася іншае: ён камусьці спатрэбіўся — будуць аб нечым прасіць. Апошнім часам яго ўспаміналі толькі тады, калі патрабавалася дапамога, або прыстроіць кагосьці, або прапісаць, ці набыць, або прадаць крутую тачку, атрымаць крэдыт і гэтак далей. А з якога боку цяпер спатрэбіўся яшчэ адной аднакласніцы? Чаго раптам успомніла праз прорву гадоў? Раней, калі пасля развала саюза ў яго быў цяжкі перыяд, не заўважала ні яна, ні іншыя, — некаторыя нават дэманстратыўна не пазнавалі пры сустрэчы, або заўважыўшы, паспешна пераходзілі на супрацьлеглы бок вуліцы. Цяпер усе па-іншаму. Чатыры разы прыйшлося мяняць нумар хатняга тэлефона, усё адно нейкім чынам знаходзяць. Ён нікому нічым не абавязаны. Усяго, што дасягнуў, дабіўся сам. Пагадзіўся прыйсці толькі таму, што разабрала цікаўнасць: як паздзекваліся гады над пыхлівай прыгажуняй Тэрэзай Дасіневіч? Калісьці некалькі гадоў запар сохнуў па ёй душою, магчыма, нават і кахаў, а калі быць шчырым, ён і стаў сёння тым Курвагіным, якога цяпер паважаюць і баяцца, у якога просяць грошай і абароны, толькі таму, што ў восьмым класе Багданавічскай сярэняй школы Дасіневіч груба і цынічна адвергла яго празмернае заляцанне.
Курвагін не памыліўся, калі застаўся на нейкі час з гаспадыняй сам на сам, яна пайшла ў адкрытую.
— Барыс, ты зараз уплывовы чалавек. Усё можаш. У цябе неабмежаваныя магчымасці. Мы атрымалі кватэру, дзякуй богу, нарэшце атрымалі. Сам бачыш, мэблі і абстаноўкі ніякай. Старая рухлядзь. Пры нашых заробках да пенсіі не абставіць. У мяне да цябе просьба: прыстроіў бы куды-небудзь майго мужа.
Тэрэзу гады змянілі мала, хоць цяпер вакол яго круціліся і заваблівалі куды цікавейшыя жанчыны, маладыя, прыгожыя, ногі ад пляча, але на самым донку душы штосьці варухнулася. Пасля кароткага маўчання, адпусціў жарт: “А навошта мужа? Сакратаркай да мяне ў кабінет пойдзеш? У самы раз. Адукацыя ў цябе вышэйшая. І ў мяне зараз ёсць вакансія”.
— Ды не. Не жартуй так. Куды мне ў сакратаркі. Не сцерпіць мой Раман абразы, калі жонка стане больш за яго грошай у сям’ю прыносіць.
— Ад комплексаў трэба пазбаўляцца, — выдаў сваю любімую фразу Курвагін, — як ад баласта. Баста!
— У яго залатыя рукі, — працягвала Тэрэза, — ён і машыну адрамантаваць можа, і еўрарамонт па вышэйшаму класу, і катэдж адбудаваць за сезон… Ды што хочаш. Кажу, залатыя рукі.
— Ды ён у цябе, аказваецца, супер-пупер-спец? Ці не таму так доўга выбірала? А то я думаў, што акрамя аўтаручкі нічога ў руках і трымаць не ўмее. Чуў, журналюга ён, пісьменніцтвам балуецца.
— Так, дзве кніжкі выдаў. Але шмат дзе працаваў, шмат што ўмее: і на заводах, і на будоўлі, і ў бізнес кідаўся… За ўсё хапаецца, але грошай пакуль няма, таму што няма падтрымкі. Вось і надумала да цябе звярнуцца.
— Спецыялісты ўсюды патрэбны. Я падумаю. І перазваню. Але лепш будзе, калі ты сама набярэш мяне. Магу закруціцца і забыцца. Вось мая візітоўка, — і працягнуў Тэрэзе чорны прамавугольнік з галаграмным партрэтам уласнай пярсоны.
Яна з непрыхаваным здзіўленнем пакруціла ў руках візітоўку, ловячы выяву ў святле, і толькі паспела схаваць у кішэню пярэдніка, як на кухню нехта заглянуў. Барыс адразу ж перавёў размову на іншую тэму.
Праз колькі дзён, успамінаючы тую размову на кухні, Курвагіным раптам авалодала навязлівае жаданне блізкасці з Тэрэзай Дасіневіч (ніяк не мог прывыкнуць да яе новага прозвішча): цяпер не будзе выбрыкваць. Жаданне прыйшло нечакана і раптоўна, нібы ўваскрэсла з мінулага. Чым болей праходзіла часу пасля наваселля, тым больш палкімі і неадчэпнымі станавіліся сэксуальныя мроі, быццам аднавілася душа і памаладзела. Тэрэза сама дала цьмяны повад для такіх пачуццяў, калі папрасіла аб дапамозе. Не шаснаццатка, павінна ведаць: за ўсё трэба плаціць. Грошы яму не патрэбны — вось няхай і расплаціцца. А ён выкарыстае дадзены шанс, хоць і са спазненнем, але возьме рэванш. Дзеля таго, каб выпаўзці з галоты, яна, польская ганарліўка, цяпер на ўсё пагодзіцца. Візітоўка (па пяць баксаў за штуку!) засталася ў яе, але яна пакуль не званіла. Нечага чакала.
Барыс залез у камп’ютарную праграму “Тэлэфоны і адрасы” і праз некалькі хвілін знайшоў адрас і тэлефон Родасветавых, тэлефон і кватэра былі запісаны на Рамане: “Хутка ж паспелі правесці тэлефон, — падумаў з раздражненнем Курвагін, — можа, і не такія авечкі? Ці не садраць з іх яшчэ і ладны куш?”.
Набраў знойдзены нумар, пакуль ішоў выклік, перапісаў нумар з манітора ў свой нататнік, таўшчэзны са скураной вокладкай і з лагатыпам вядомай фірмы: 127$! — спецзаказ! На тым канцы провада знялі трубку, прадставіўся суха і па-дзелавому, а яна адразу ж затараторыла скарагаворкай.
— Барыс, — здзівілася спачатку, — як ты мяне знайшоў? Я ж не давала табе нумар. Сама ўсё збіралася пазваніць.
Па голасу адчувалася, яна радуецца званку, але інтанацыя легкай вібрацыяй выдавала незразумелую разгубленасць: можа баіцца яго?
— Тэрэза, ты ў якім стагодзі жывеш? Здаецца, вучылася добра, а таго не можаш дадумаць, што сёння па прозвішчу чалавека знаходзяць за тры хвіліны. Век інфарматыкі. Прагрэс, камп’ютэрызацыя.
— На вялікі жаль, мы да такога сервіса не дараслі, фінансаў бракуе.
— Фінансы — не праблема, абы галава была на месцы.
Усталявалася няёмкая паўза, быццам і гаварыць далей не было пра што, але Барыс ведаў, што гэта не так. Ён чакаў, каб яна пачала зноў прасіць, каб адчуць сваю перавагу. І раптам Тэрэза быццам толькі што ўспомніла: “Ой, слухай! Як жа там з маёй просьбай? Ты не забыўся, не запрацаваўся? Помніш, прасіла падшукаць мужу працу?”.
— А я падумаў, ты выпіла лішку і пажартавала… З гэтай нагоды і званю.
— Дзякуй за клопат, Барыс. Але ёсць замінка. Ён упёрся, як баран: нікуды не пайду з завода, і кропка. Не ведаю, што з ім рабіць?
— Гэта ўжо твае праблемы, пані Тэрэза. Мужыка трэба браць ласкай, а ў цябе, са школы помню, занадта шмат было грубасці. Мужчыны не церпяць гвалту. Што хацеў спытаць, ён у цябе за добрыя грошы не супраць падхалтурыць? Напрыклад, у гэтыя выхадныя?
— Ён за любую работу хапаецца.
— Ну і добра. Лічы, дамовіліся. Ёсць у мяне адна тэма, там і выпрабую яго. А далей паглядзім. Не напірай на яго, як танк. Мужчыну трэба браць далікатна, хітрасцю і ласкай. Няхай застаецца пакуль на сваім заводзе.
— Рукі у яго залатыя, — пачала зноў тараторыць Тэрэза. — Умее і слясарнічаць, і з сякерай упраўляецца, і сантэхніку зможа правесці, і плітку пакласці, нават каміны рабіў. Усё ўмее.
— Вельмі цудоўна. Толькі змяні тактыку. Не лезь у лабавую атаку. І яшчэ. Тэрэза, нам трэба сустрэцца і ўсё дэтальна абгаварыць. Тэт а тэт. Ты разумееш мяне? Не кожную пчалу ў свой вулей пускаюць.
— А гэта абавязкова? — “Што? — ён наўмысна зрабіў падвойны націск, каб паказаць сваё здзіўленне”. — Ну, сустракацца? — голас цяпер задрыжаў вельмі адчувальна.
— Без гэтага не абыйдзешся, — упэўнена сказаў Курвагін, — Рой заўжды бароніць свае соты. Ты разумееш, пра што я? Гэта павінна быць толькі паміж намі. Я ж усё-такі не чужы табе чалавек. І дапамагу, калі ты… праявіш розум. Разумееш? Толькі пасля гэтага…
Яна доўга маўчала. Зразумела: ад яе чакаюць ганебнай платы — пасцелі. Толькі што дзеля далікатнасці не гаворыцца напрамую. Хацела плюнуць у трубку, ледзь стрымалася. Ніводнага разу яна не здраджвала мужу, хаця і парывалася было адпомсціць за здзекі. А тут… Прыкра, крыўдна і абразліва… Але што ж яна хацела? Сама заварыла кашу, самой трэба і расхлёбваць. Напрасілася, адступаць позна: “Можа, неяк абыйдзецца, атрымаецца выйсці з вады сухой?” — падумала так пра сябе, але ўслых раптам рашуча пракрычала ў трубку: “Я гатова: дзе і калі?”.
— Малайчына, — пахваліў ён, і гэтая пахвала была для яе, як аплявуха, — Гэта іншы падыход. Люблю канкрэтна і па-дзелавому. Заўтра ў маім офісе ў дванаццаць гадзін дня.
— Не-не-не! Я не магу заўтра! — амаль закрычала ад нечаканасці, — у мяне не атрымаецца заўтра. Давай роўна праз тыдзень, там дзе ты сказаў, у той жа час.
Яна хацела ўзяць перадышку, адтэрміноўку. За тыдзень можа што-небудзь зменіцца, нешта перашкодзіць, ці перакруціцца.
— Добра. Няхай будзе так. Разумею цябе. Я не ўлічыў, — прагаварыў ён, вытлумачыўшы словы Тэрэзы зусім па-іншаму, — пастараюся, каб нам нічога не перашкодзіла. А то ведаеш, розныя сімпозіумы, нечаканыя камандзіроўкі. Буду на месцы, як і дамовіліся. На візітоўцы, я пакідаў табе, дарэчы, яна дзесяць доллараў каштуе, адрас офіса ёсць. Я прышлю таксі а палове дванаццатай гадзіны, запішы дзесятага чысла — праз тыдзень, я запісваю ў натаніку: сустрэча з Тэрэзай. Так што не забудзься. Да скорага.
Але Тэрэза была задаволена хоць тым, што перахапіла ініцыятыву. Тыдзень яшчэ трэба пражыць. А там будзе відаць, што і да чаго.
* * *
Калі б падвергнуць насельніцтва тараканаў строгай навуковай класіфікацыі, то можна было б вызначыць дзве вялікія групы: “ідэйныя” і “звычайныя”. Падзел гэты амаль што ўмоўны, хаця і існуе сутнаснае адрозненне кожнай групы. Ідэйныя — гэта эліта. Яны робяць вялікую палітыку, адрозніваюцца ад звычайных апетытам і колерам. Колер ідэйных рыжаваты, або зусім руды. Звычайны таракан — чорнага колеру, есць для таго, каб не выцякла жыццё з хілага цельца, каб прадоўжыць сябе ў нашчадках. Усе тараканы атэісты, у бога не вераць, праўда сярод іх сустракаюцца і рафініраваныя ідэалісты, тыпу якога-небудзь філосафа Шустрыкана, але з’ява такая даволі рэдкая. Ідэйныя жвуць дзеля таго, каб есці: ежа — культ ідэйнага, а ежа ў вялікай колькасці — яго палітыка, ідал, якому ён пакланяецца і дзеля якога жыве. Можа, гэта і ёсць рэлігія ідэйных? Чым больш акругляецца тлушчам бліскучае цельца, чым болей у хітонавым покрыве рудаватых пігментаў, тым больш верагоднасці, што такога таракана дапусцяць да вялікай палітыкі, — і тады ўжо не трэба клапаціцца аб хлебе надзённым: харч сам палезе ў рот. Толькі глытаць паспявай. Раней патрэбна было да стомы валтузіцца за кожную крышынку хлеба, цяпер жа, калі ты парыжэў, раздаўся ўшыркі — толькі з’явішся на месцы харчоўкі, як усякая драбяза разбягаецца ў жаху. Яно і зразумела: у каго ўлада, у таго і сіла, і харч, і іншыя прывілеі. “Для таго і даецца ўлада, каб зрабіць уласнае жыццё бесклапотным”, — думаюць ідэйныя. Так яны прымушаюць думаць і звычайных, але толькі рыжыя разумеюць тайны вялікай палітыкі.
Здараецца і так: фартуна паварочваецца да чорнага таракана тварам і дае магчымасць нагуляць тлушчу, ад’есціся. Тут і хаваецца асноўная загадка жыцця тараканавых: метамарфоза, дзякуючы якой, звычайныя ператвараюцца ў ідэйных. Але ў гісторыі тараканаў (як, дарэчы, і ў чалавечай) не ўсякая метамарфоза спрацоўвае. Іншы раз чорныя бяруць уладу ў свае лапы, гвалтам захопліваюць, але ў рыжых, паводле агульнага закона, чамусьці не ператвараюцца. Тады адбываецца рэзкі скачок папуляцыі тараканаў, іх колькасць выбухова павялічваецца. Бо звычайныя дбаюць не толькі пра ўласны страўнік, але і пра патомства, пра супольныя інтарэсы сямейства тараканавых. Катасрафічнае павышэнне колькасці перарастае ў дэмаграфічны выбух. Тады над усёй папуляцыяй і навісае небяспека: чорных ніхто не ўводзіў у тайны вялікай палітыкі. Пагалоўе набліжаецца да крытычнай масы. Яны пачынаюць нясцерпна назаляць людзям. А людзі змушаны вышукваюць розныя новыя, нечаканыя сродкі барацьбы. Страўнікавая палітыка ідэйных забяспечвае стабільнасць, а палітыка звычайных — палітыка рызыкі, эксперыментаў, крызісаў, якія могуць прывесці і да поўнага вынішчэння папуляцыі. Такім нечаканым фіаска і завяршылася памылковая палітыка апошняга звычаюгі, якая прывяла да “Разбурэння Камуналкі”, а ўсё таму, што ўладу захапілі звычайныя начале з Вочабрагам. І зноў узняліся на шчыт правакацыйныя лозунгі ўсіх рэвалюцый: “Свабода! Роўнасць! Братэрства!”— у прынцыпе, гэта лухта, звычайныя прыгожыя словы, якія да агульнай супольнасці, не толькі тараканавых, але і двухногіх, не маюць ніякага дачынення. Якая роўнасць можа быць у братэрсве, калі браты нараджаюцца адзін за адным? Бог стварыў рыжых і чорных, зыходзячы з гэтага, няроўнасць праяўляецца нават у колеры. Усе розныя і па таўшчыні, шырыні, па даўжыні вусоў… Не могуць жа быць усе блізнюкамі? Кланіраванне тады ўвогуле было невядомай з’явай. А свабода — такая ж хімера. “Жыць у супольнасці і быць свабоднай ад гэтай жа супльнасці, ад яе законаў, ад харчовай базы — не магчыма!”— гаварыў калісці Мухаблых, і гаварыў тады праўду. Магчыма, гэта была адзіная праўда, якой ён прагаварыўся. Свабода есці колькі захочацца — дазваляецца толькі ідэйным, бо калі есці шмат захочацца ўсім, надоўга не хопіць харчу, таму апетыты большасці трэба адразу абмяжоўваць. Ідэйныя ведаюць, што рабіць: напрыклад, прыняць дэкларацыю “Агульных Правоў і Абявязкаў Тараканаў”. Правы ніхто не будзе захоўваць, а абавязкі выконваць, хоць яны і лічацца агульнымі, — усе намагаюцца, каб дэкларацыя выконвалася іншымі. Адбылося паскарэнне ў “Нік-Уды”. Тараканы пладзіліся ў геаметрычнай прагрэсіі. І чым большым станавілася пагалоўе, тым больш нясцерпнымі рабіліся да насякомых людзі. У выніку — разбурэнне старога жытла і даволі туманныя праекты пабудовы новага, многія нарэшце атрымалі новыя кватэры, новыя пашпарты і межы незалежнасці адзін ад аднаго.
Жывучы ў Камуналцы на Новарайскай, Шустрыкан не задумваўся над хітраспляценнямі палітычных штукарстваў. Цяпер жа, у кватэры Родасветавых, жыццё прымушала раскідваць мазгамі і аналізаваць канкрэтную раскладку палітычных сіл. Баль правілі ўсё тыя ж ківешлобы, і музыку заказвалі яны. Праўда, апошнім часам ідэйная эліта пачарнела, а гэта пагражала новымі непрадказальнымі небяспекамі.
На вачах Шустрыкана ў няміласць трапіў Тупалом і на трон узабраўся чорны, як пякельная смала, Кішкаглот — вялікі сябар расійскага Ныцле і украінскага Кучварка — азначаны трыумвірат і паслужыў ганебнай справе разбурэння Камуналкі, а разам з тым і агульнай нестабільнасці. Вялікую вагу ў новай кватэры мела пратэкцыя Камуналкі, а Шустрыкан у мінулыя часы кратаў вусікамі самога Венжэрба, хаця і забыўся пра гэта. Але калі што трэба, таракан тут жа хутка ўспамінае. З такімі рахункамі і ён мог прэтэндаваць на трон нацыянальнага раца кватэры Родасветавых. З прыходам Шустрыкана Талеркавіча палітычная барацьба набыла новы накал.
21
Клава Патоцкая заявілася на лекцыю Івана Фаміча зусім нечакана. Знарок апранула спакушальна-зваблівае сподняе. Таму і раскапусцілася на першай лаўцы. Іван Фаміч не адразу прызнаў “новую сдудэнтку”, хаця Клава і выкручвалася, як на фотасесіі: і так павернецца і гэтак пакажацца, то закіне нагу на нагу, то развядзе калені, а то раптам на падлогу нечакана цопалася аўтаручка, прыходзілася нагінацца за ёю, дэманструючы ўжо пярэднюю частку цела. Але Іван Фаміч, здаецца, ніяк не рэагаваў, быццам не пазнаваў яе. Спачатку ён і сапраўды падумаў: прыйшоў нехта з праверкай, таму ўвогуле не глядзеў у той бок, хоць Клава і свідравала яго вачыма, лавіла позіркі. “Нешта падобнае нядаўна было ўжо!” — крышталізаваліся адчуванні. Новаселле Родасветавых! Прызнаў нарэшце, успомніўшы неадольнае жаданне: раскласці раскошнае цела, пазрываць пярэстае адзенне і дапясці, дарвацца да голай безсаромнасці. Але побач сядзела жонка і ён прыдушыў свае пачуцці, не дазволіў спакуслівым мроям раскручваць далейшы сцэнар.
Нейкі час Іван Фаміч не падаваў выгляду, што прызнаў яе: блытана расказваў пра этнагенез, усплескі пасіянарнасці, згасанне духоўнай энергіі этнасаў. Тэорыя Льва Гумілёва якраз уваходзіла ў моду і была цікавай студэнтам.
Лекцыя скончылася. Клава падыйшла ўшчыльную і сканфузіла прамым пытаннем: “Вы хіба не пазнаяце мяне?”.
— Не, даруйце, не помню. Вучыліся раней? — схітраваў ён.
— Зусім нядаўна на адным мерапрыемстве вы расказвалі пра камбатаў, якія збіраюць цэлыя дывізіі з салдат-запаснікоў… Салдаты, пра якіх усе забыліся, і да якіх не звяртаюцца ў цяжкія для джяржавы часы… Ну?!
— Успомніў! Вы — Клава Курвагіна. Цяпер успомніў. Якім ветрам вас сюды занясло?
— Так, Клаўдзія, але не Курвагіна — Патоцкая. Я засталася на сваім прозвішчы. Патоцкіх заносіць толькі ветрыкам кахання, ды павевам нястрымнай пасіянарнасці — шматзначна глянула на яго, — захацела паслухаць вашу лекцыю. Вы так апантана і натхнёна расказваеце.
— Дзякуй, дзякуй за добрыя словы.
— А яшчэ не змагла пераадолець жаданне пабачыць вас.
— А я ламаю галаву, што гэта за новая студэнтка з’явілася на лекцыі?
— Эх, Іван Фаміч, Іван Фаміч! Нават выгляду не падалі. Але ж усё-такі заўважылі мяне. Сарамна за вас. Хутка ж забываецеся на тое, што некаторыя мужчыны помняць усё жыццё.
Іван Фаміч пачырванеў, як школьнік, якога злавілі за ганебным заняткам. На што канкрэтна намякала “Клаўдзія”, ён не разумеў, але добра помніў, куды крадком заглядваў падчас наваселля. Яна ўсхвалявала гульнёй пад сталом не на жарты, паміж імі ўжо тады палягала нейкая невыслоўленая дамоўленнасць і згода, і тут у аўдыторыі знарок дэманстратыўна зашнуроўвала боцікі, бессаромна развёўшы ногі ў бакі (і гэта не засталося паза ўвагай), а ён працягвае гуляць ролю наіўнага падслепаватага прастачка. Не па-мужчынску, таму і пачырванеў. Усё сказана без слоў. Яна даўно зразумела, чаго ён хоча. Лекцыя была апошняй. Студэнты разыйшліся. Яны засталіся на вялікую аўдыторыю адны.
— Давай “на ты”, — прапанавала Клава, — хіба мы не заслужылі права на такі зварот? Многае прагаворваецца і без слоў.
— Згодны. Маем права хаця б таму, што сядзелі за адным сталом і пілі гарэлку, — паказной някемлівасцю і няўцямнасцю, ён спрабаваў адгарадзіцца сцяной, бо адчуваў, што паміж імі ўжо няма ніякай мяжы, і баяўся гэтага.
— У мяне прапанова. Схадзіць куды-небудзь у культурнае завядзенне.— “Менавіта куды?”.— Кафэ, рэстаран…
— Зразумела, пасля таго, як людзі пераходзяць “на ты”, прыходзіць час выпіць на “брудэршаф”? Але скажу шчыра, мая зарплата выкладчыка, — расцягваў ён словы, успомніўшы, што сапраўды не ўзяў грошай, — трэба было хоць папярэдзіць.
— Толькі не трэба. Не трэба плакацца. Кіньце пра грошы. Шчасце не ў грашах, у іх колькасці. Не люблю тэатральнасці. Грошы ў мяне ёсць. Мой Барыс добра зарабляе. Выдаткі бяру на сябе. Таму настойваю на рэстаране «Арагві» — самы дарагі і прэстыжны, між іншым, там добрая кухня. Магу ж я сабе дазволіць? А з тваім талентам прамоўцы грэх думаць пра грошы.
— Калі так, то я згодны. Пайшлі, — цалкам здаўся ён на яе літасць.
— Не пайшлі, паехалі, — какетліва праспявала яна, — асабісты “Кадзілак” чакае прыпаркаваным каля галоўнага ўваходу.
Як толькі ўселіся на задняе сядзенне аўто і вадзіцель, атрымаўшы загад, рвануўся з месца, яна пацалавала яго… Так, сяброўскі пацалунак у шчаку, але Івану Фамічу зноў зрабілася сорамна.
* * *
Іван Фаміч адмыкнуў дзверы сваёй кватэры ўласным ключом (звычайна ціснуў на званок, але цяпер не хацеў сустракацца з жонкай у парозе) — і адразу прашмыгнуў у кабінет. Валянціны дома не аказалася, — гэта абрадавала. Быццам бы нічога дрэннага і не зрабіў, але тое, што было ў рэстаране, цяпер засмучала. Жонка магла адразу ўсё прачытаць па вачах. “А што ж такога адбылося? Ды нічога асаблівага. Некалькі гарачых абдымкаў, пацалункаў… Хіба гэта здрада? Зусім не. Проста ён добра пабавіў час. Весела, але ж…”.
Праз гадзінку прыйшла Валянціна.
— Чаму так позна? Ты дзе была? — спытаўся муж, таму што нешта трэба было гаварыць, — але сваім пытаннем паставіў жонку перад выбарам.
Яна разгубілася. Падумала, што муж нешта западозрыў. Яна толькі што вярнулася ад Курвагіна, гэтак жа, як Тэрэза, але незалежна ад яе, прасіла каб Курвагін прыстроіў Івана Фаміча на добрую работу, але той здзекліва адмовіў.
— У сяброўкі была. Я званіла на кафедру, але цябе не было.
Цяпер прыйшла чарга канфузіцца Івана Фамічу.
— Валя, ну не сядзець жа мне прывязаным да кабінета? Шмат розных спраў наплыло. У дэканат хадзіў. Вопыт з тараканамі праводзілі: “Сацыяльная адаптацыя ў экстрэмальных умовах”— так называецца тэма дысертацыі аднаго дзівака. Цікавую і нечаканую тэму выбраў для кандыдацкай адзін здольны малодшы навуковы супрацоўнік, — гаварыў Іван Фаміч, абы толькі заняць чым-небудзь увагу і не маўчаць.
Іван Фаміч гаварыў першае, што ўзбрыло ў галаву, а Валянціна рабіла выгляд, што зацікаўлена і ўважліва слухае, радуючыся таму, што ён не распытвае па завядзёнцы, што рабіла і дзе была. Ёй цяжка даваўся падман.
Гаворачы, ён раптам успомніў, што яму трэба забегчы да суседа. А Валянціна, узрадаваўшыся, што нешта і яна можа сказаць, адразу накінулася на яго: “Спознішся на вячэру, будзеш есці вячэру халоднай”.
Раман быў дома адзін. Адразу ж з парога, нават не павітаўшыся як след, Іван Фаміч упіхнуў таму ў рукі артыкул і пастукаў тыльным бокам далоні па загалоўку: “Цікавая рэч. Спецыяльна для цябе прынёс. Ты цікавіўся тараканамі. — “Што гэта?” — спытаўся Раман. — Артыкул пра тараканаў. Адзін дзівак намерваецца абараніцца гэтай тэмай. А дзе твая гаспадыня?
— Яна мне справаздачу не здае, ходзіць недзе.
— Хмг! — хмыкнуў Іван Фаміч, — Клава гаварыла, што яна сёння была на прыёме ў Курвагіна.
— А ты сам дзе бачыў тую Клаву?
— Выпадкова ў горадзе сустрэў. Разгаварыліся. Папілі кавы…
— Выпадкова ўбачыў Клаву, выпіў кавы на халяву … — Раман засмяўся так, быццам бы ўсё, што адбылося, ведаў.
— Ты прама рыфмамі загаварыў. Напраўду, зусім выпадкова…
— Не мудры. І не трымай мяне за дурня.
— Ну, няхай не выпадкова. Сама заявілася на маю лекцыю. А потым у рэстаран за свае грошы звадзіла.
— А далей што было?
— Усё табе раскажы. Што далей было, тое толькі памі ж намі. Вунь, лепш прачытай.
— А Валянціна ведае пра твае хухры-мухры?
— А што мне Валянціна, мы дарослыя людзі. Чытай, бо забяру назад.
Раман утыркнуўся ў артыкул: выхапіў вачамі назву, набраную буйшым шрыфтам, прычмокнуў языком і паглыбіўся ў чытанне.
Тэрра інкогніта
“Божы свет дыхае гармоніяй”, — прачытаў ён, глянуў на Івана Фаміча і паказаў вачыма на кубак: маўляў, разлівай гарбату. Пачаў чытаць далей.
“Як увесре, так і ўнізе. Усё ўзаемазвязана, і ўзаемазалежна. Кожная жывая істота іграе ў Аркестры Вялікага Сэнсу сваю партыю, без якой Сусветная Сімфонія Жыццясцвярджальнасці не была б суладнай і закончанай. Усё жывое вучыць чалавека. Ці, дакладней, чалавек павінен вучыцца спазнанню быцця ў кожнай кузуркі, каб дадаць да сфераў нябеснай музыкі і свой суладны голас.
Хоць і мае розум, ганарліва называецца хомо сапіенсам (чалавекам разумным), але ж не стварыў больш дасканалы лакацыйны аппарат, якім карыстаюцца кажаны або дэльфіны; хоць і будуе гарады, мегаполісы адстройвае, вычварае дзівосна-цудныя збудаванні дойлідства, а больш дасканалымі архітэктарамі усё ж такі застаюцца, мурашы, пчолы ды тэрміты; хоць і карыстаецца навігацыйнымі прыборамі, эхалотамі, але лепшага прыстасавання, якія мільёны гадоў выкарыстоўваюць насякомыя, птушкі і рыбы не стварыць хомо сапіенсу. Чалавек усё ўскладняе, Прырода ж геніяльная менавіта ў сваёй прастаце. Мудрасць яе невычарпальная. Усё нясе свой сэнс. Усё жывое. Толькі чалавек блукае па шляхах безсэнсоўя. А яму патрэбна толькі прыслухацца да сэнсу жывога, прыгледзецца да таго, што зроблена прыродай, і, не саромяючыся, узяць на ўзбраенне. Усё звязана паміж сабою.
Возьмем для прыкладу хоць тых жа тараканаў. Навошта прырода пазабаўлялася, ствараючы гэтакіх пачварыкаў? Чалавек цудоўна абыйшоўся б і без іх, а вось некаторыя тараканы без чалавека жыць не могуць. Для нечага ж і яны патрэбны былі Прыродзе. Дзеля якой мэты? Ніхто не адкажа. Дзе чалавек, там і тараканы. Зямлю насяляе каля чатырох тысяч відаў тараканавых. І толькі два віды з такога мноства лічацца сінантропнымі, што значыць (з грэчаскай мовы «syn» – разам + «anthropos» чалавек): жывуць разам з чалавекам. Па якой прычыне? Ніхто не ведае. Яны пасяляюцца там, дзе бруд. Але вось цікава: трыдыцыйна лічыцца, што вясковыя людзі і больш неахайныя, і меней культурныя, і не чыстаплотныя — але такому меркаванню працівяцца самі тараканы. У вёсцы тараканаў няма. Тараканы аблювабалі і абсялілі горад. У мегаполісах колькасць насякомых расце неімаверна хутка, іх расплоджваецца такое мноства, акурат, як кітайцаў сярод людзей. Праз тараканаў Маці-Прырода нешта спрабуе нашаптаць чалавецтву.
Цікавы факт. “Сінантроп” (з лацінскай “Sina” = Кітай +“антропос”, знаёмы ўжо нам з грэчаскай мовы — чалавек) — гэта выкапнёвая форма самага старажытнага чалавека, знойдзенага антраполагамі, і адшукалі яго менавіта ў Кітаі. Сінантроп — больш развіты ў параўнанні з пяцікантрапам. І ў гэтым цікаўнаму розуму бачыцца празрысты намёк: планета пакутае ад перанаселеннасці, і яшчэ болей будзе пакутаваць у будучым. Ці вытрымае? Чалавек нешта павінен змяніць: у сабе? У прыродзе? У жывёльнай фаўне? Бог яго ведае. Усё жывое можа загінуць. Тараканы пайшлі за чалавекам на золку цывілізацыі. Дакладней, рушылі за чалавецтвам у той самы час, калі мы заблудзіліся на эвалюцыйных сцяжынках лёсу. Верагодна, а то і цалкам магчыма, што тараканы жывыя пасланцы загінуўшай Атлантыды, ці нават Лямурыі, калі ўсё ж такі гэтыя цывілізацыя існавалі? У любым выпадку, гэта жывая падказка, якую да гэтага часу чалавек не можа прачытаць і разгадаць. Дзве ранейшыя цывілізацыі патанулі ў водах патопу. А тараканы выплылі, уратаваліся… Прырода спарадзіла гэтых істот як грознае папярэджанне для новага роду? Калі верыць жахлівым прароцтвам Апакаліпсіса, рахункі будзе падводзіць агонь, які спаліць дашчэнту жывое. Да тла выгарыць зямля. Ці не спародзіцца пякельны агонь у нетрах чалавецтва? А таракан нейкім чынам зноў выжыве. І пры наступным чалавечым родзе будзе існаваць не два, а тры віды сінантропных. Толькі і ўсяго! А ўсё таму, што мы не разумеем тых, хто жыве побач. Пры перадазіроўцы лекі ператвараюцца ў атруту.
Вас ніколькі не здзіўляе, што з чатырох тысяч толькі два віды сталі сінантропнымі? Нейкім чынам нават залежнымі ад чалавецтва. Ці выпадкова гэта? Разумныя ведаюць: выпадковасцяў — не існуе! Іх няма. Выпадковаць — гэта не спазнаная пакуль заканамернасць. “Крыло мухі мае вагу” — узмах легкакрылага матылька ў далёкіх сусветах спараджае грамы і маланкі, тэктанічныя зрухі. Тысячы пытанняў: чаму? навошта? па якой прычыне?…
Зямля ўмоўна падзелена на два паўшар’і: паўднёвае і паўночнае. Іронія, але і сам чалавек носіць два мазгавыя паўшар’і пад чарапной каробкай, левае і правае. Стылістычная аналогія крычыць пра адзінства жывога. Левае паўшар’е адказвае за логіку, правае — за вобразнае мышленне. Любая рэлігія трымаецца на парадаксальным: “верую, бо абсурдна”, — парадоксы і анціноміі.“Станьце з левага боку ўсе, хто тварыў беззаконне!”— будзе некалі сказана Архангеламі. З левага боку да чалавека прыстаўлены дэман спакушальнік, а з правага — Ангел Храніцель. Чаму? І яшчэ раз чаму? Ёсць дзень і ноч, святло і цемра, верх і ніз, дабро і зло… І ў дадатак яшчэ і правае з левым.
Калі амерыканцы збіраліся бамбіць Ірак, чамусьці толькі рускія дыпламаты выступілі супраць вандалістычнай акцыі… І ў гэты ж момант у Афганістане пачаўся землятрус, эпіцэнтрам якога стаў горад РУС—ТАК (!!!). Усяго месяц таму, як пішуцца гэтыя радкі, спачатку Пакістан, а потым Індыя выпрабавалі ядзерную зброю — і літаральна праз некалькі дзён землятрус у Пакістане… Чалавецтву нагадваюць: “Вы не адны на зялёнай планеце! Асцярожней там са сваімі гульнямі…”. Чалавек, калі хоча спраўдзіць саманазву сапіенса, павінен адсочваць сувязі. Бо ўсё ЗАКОНА-МЕРНА! Усё размерана Законам, усё ўзважана ім і ўсё Яму падуладна, імя Закону — Гасподзь. Нічога, нідзе і ні з кім не здараецца выпадкова. Проста так і рак на гарэ не свісне. Так і з тараканамі: не выпадкова два віды сінантропных усё яшчэ жывуць побач з чалавекам. Аднойчы могуць і сыйсці… Знікнуць! Тады вялікая бяда пастукаецца ў дзверы.
Ёсць верх і ніз, ёсць толькі два выбары: жыццё альбо смерць! Трэцяга не дадзена, ні людзям, ні багам. Адумацца трэба. Пакуль не позна. Моцна і крэпка падумаць, чым далей рабіць штосьці бязглуздае. Іначай гэты тараканавы бег цывілізацыі навыперадкі дабром для чалавека не скончацца.
Цяпер зноў крыху этымалогіі. Што ж значыць само слова таракан. Паспрабуем разблытаць карані. На санскрце “тара” — “збавіцельніца”; са старажытна-індыйскай мовы “Тара” —“зорка”; у індуістскай міфалогіі “Тара” – жонка настаўніка багоў Брыхаспаці, яе скрадае бог луны Сома, выклікаючы ўчынкам вайну паміж багамі. Вайна багоў, (або Тытанаў) знаёма дасведчанаму чытачу са многіх міфалогій, падобны сюжэт вандруе ад народа да народа). Другі корань слова “кан”— нагадвае хрысціянам сугуччам Кану Галілейскую, у якой Хрыстос ператварыў ваду ў віно. Па-іншаму цяпер прачытваецца і санскрытскае “уратавальніца, збавіцельніца” (Збавіцель?), і ў індуісцкай зорцы бачыцца знаменне Віфліемскай. Але ж у старажытнаіндуісткаскай міфалогіі падобнае па транскрыпцыі слова мае і яшчэ адну персанальную назву “Конса” – гэта цар Матхуры, вораг Крышны…
Вось у якія чашчобы сэнсу могуць заводзіць звычайныя карані слова, якім называецца зусім незвычайная істота. Але ж не намі сказана, што “на пачатку было Слова”. І тысячу разоў, нават у звычайным слове, тым болей у назве цэлага віда не можа быць нічога выпадковага і лішняга. Усё нясе сэнс. І таракан сваім паралельным з чалавекам існаваннем нясе або збавенне-папярэджанне, або пагібель — у прамым і пераносным сэнсе. Уявіце, што будзе, калі раптам тараканы стануць пераносчыкамі якога небудзь невядомага пакуль медыцыне “СНІДу”? Сэнс шукаць чалавеку. Пра тое шэпчуць карані слова. Словамі, якія і ёсць — наша справа, уратуемся, або загінем, калі нінавошта не акажамся здатнымі, калі так нічагуткі і не зразумеем за жыццё.
Рыжы таракан, або прусак (Bllattella germanica) і чорны таракан (Blatta orientalis) — так гучаць назвы на мёртвай лацінскай мове. Для правільнай арыентацыі да фіналу, дазволім канумбур і скажам, гэта і ёсць тыя самыя распаўсюджаныя віды сінантропных, пра якіх мы ўзгадвалі на самым пачатку. Яны і жывуць побач з намі. У беларускай транскрыпцыі “прусак” – “Блатэла германіка”, а “чорны” —“Блата оріенталіс”… Так і карпіць, ужо амаль развітаўшыся з чытачом у гэтым псеўданавуковым, але не бездухоўным артыкуле, так і падтыкае, ужо амаль выйшаўшы за дзверы, так і хочацца яшчэ раз выглянуць і спытацца: “А між іншым, шаноўны чытач, ты не забыўся, што дзве сусветныя вайны…”. Але не буду. Досыць. Разумнаму дастаткова. Мы ж не рыжыя, праўда?
Просім прабачэння за грувастскую інфармацыю і перагружанасць фактамі, але цяпер і вы іх ведаеце — раздзелім адказнасць пароўну. Лепш усё ж такі ставіць кропку ў канцы артыкула, чым крыж на планеце зямля. Зямля, якая так і засталася інкогніта”.
— Ну, як табе артыкульчык? — зацікаўлена спытаўся Іван Фаміч, як толькі ўбачыў, што Раман адарваў вочы ад старонак.
— Штосьці ёсць, — працягнуў газету, — бліскае нешта іншым разам, ад слова да слова маланка праскаквае. Але чытаецца цяжка. Аўтар сам прызнаецца і просіць прабачэння. З галоўнай думкай я цалкам згодны: усё жывое хоча жыць, калі яно жывое — то і непадзельнае. Адзінае.
— Ведаеш, мяне зараз турбуюць не тараканы з сусветнымі катаклізмамі, не супрацьстаянне еўразійцаў і атлантыстаў… Чаму Тэрэза хадзіла да Курвагіна? І чаму даведваюся пра гэта ад цябе?
— Са сваёй жонкай разбірайся сам. Мяне сюды не ўблытвайце. А чаму я ведаю раней? Тлумачыцца проста: Курвагіна, дакладней — Патоцкая, ты ведаеш, што яны носяць розныя прозвішчы? Дык вось яна прыйшла на маю лекцыю… нагаварыла процьму кампліментаў. У рэстаран хадзілі… Словам, цудоўна правялі час. Яна і сказала.
— А хто плаціў? Няўжо ты?
— Не. Сама разлічылася. Якія ў мяне заробкі. Патанцавалі… Ну, не глядзі так, пацалаваліся для прыліку. Дамоў мяне прывезла. Клянуся, нічога не было паміж намі.
— А гэта зусім не мая справа. Я табе не суддзя. Але паўсюль бачна, “пакуль не было”. Выраз твару і інтанацыя выдае цябе. Ведай, яна гуляецца з табой як кошка з мышкай. У прынцыпе, мужчына, які знаходзіцца на ўтрыманні жанчыны называецца альфонсам. Спадзяюся, ведаеш? Так што віншую цябе з новай якасцю.
— Ды кінь ты! Маралізуеш па ўсякаму поваду. Хаця, — ён уздыхнуў, — цяжка будзе адмовіцца, калі пацягне ў ложак.
— Глядзі, Іван Фаміч, у цябе цудоўная жонка. Даведаецца — скандал учыніць.
— Спадзяюся, калі і даведаецца, то не ад цябе.— насцярожана спытаўся Іван Фаміч.
— Я бруднымі справамі не займаюся. Тым болей такімі.
— Не іранізуй.
— Добра, добра. Пажывем, пабачым.
— Пабягу да сваёй благавернай. Абяцаў паспець на вячэру. Газетку магу пакінуць. Яна мне болей не патрэбна, — сказаў Фаміч і, кінуўшы газету з артыкулам каля тэлефона, знік за звярыма.
Раман застаўся адзін. Задумаўся. “Чаму жонка хадзіла да Курвагіна? Чаму, як гэта было раней, не параілася з ім? Зрабіла гэта тайком, быццам хаваючыся… Магчыма, ужо ёсць і што хаваць. Неяк гаварыла, што гэты самы Курвагін быў закаханы ў яе ў школе…”. Чорныя гідлівыя падазрэнні клубком гадзюк заварочаліся ўсярэдзіне. Раман наяве ўявіў сабе карціну: жонка ў безсаромнай позе перад гэтым надзьмутым індыкам. Злосць паволі ўскіпала. Праз паўгадзіны ён ужо быў цалкам упэўнены: здрада жонкі — здзейснены факт.
22
Дыплом розуму не прыбаўляе: іншы скончыць некалькі навучальных устаноў, а так на ўсё жыццё дурнем і застаецца. Цяпер, калі Раман забягаў па старой памяці на радыё ці тэлебачанне, кідалася ў вочы, што бальшасць журналістаў жыве ў віртаульным, выдуманым самімі ж свеце, не тое, што яны не ведаюць праблем жыцця — рэальнасць іх увогуле не цікавіць. Былы галоўны рэдактар з галавой задаў нырца ў палітыку, арганізоўваў у эфіры палітычныя дыялогі, а літаратурныя справы рэдакцыі пусціў на самацёк. Мастацкага вяшчання ў эфіры станавілася ўсё меней і меней. Пісьменнікі з-за мізэрных ганарараў і па прычыне палітызаванасці літаратурнай рэдакцыі радзей заходзілі на радыё, не прыносілі творы.
— Чаму маўчаць пісьменнікі? — звяртаўся галоўны да Рамана.
— А то вы не ведаеце, што рэдакцыя, дзякуючы вашым высілкам, ператварылася ў грамадска-палітычную. Таму і маўчаць, не хочуць заходзіць.
“Субяседнік” і “Размова па сутнасці”, аўтарскія праграмы галоўнага, да пэўнага часу мелі высокі рэйтынг у некаторай часткі насельніцтва, праўда, у асноўным сярод пенсіянераў. Але жыццё з кожным днём даражала, і былыя прыхільнікі ператварыліся ў праціўнікаў. Рэдка хто цяпер званіў у прамы эфір, каб выказаць сваю грамадскую пазіцыю, плата за тэлефон стала пахвіліннай.
— Апошнім часам усе мае прамыя эфіры зрабіліся як “глас вопиющего в пустыне”— па старой дружбе скардзіўся галоўны.
— Сказаць праўду? – спытаўся Раман і ўбачыўшы станоўчы ківок, працягнуў. -- Добра. Толькі не крыўдуйце. Па-першае, вы адарваліся ад жыцця. Не ведаеце чым жыве і турбуецца народ.
— Я не ведаю, чым жыве народ! — абураўся рэдактар. — Ды я кожныя выхадныя езджу на электрычцы на дачу. Я чую, што гавораць людзі!
— Не ў кожнага ёсць лецішча, а толькі ў тых, хто прыцёрся да рэжыму. І дзе вы бачылі, каб у электрычцы чалавек шчыра выкладваў свае погляды? Хочаце, каб вашу праграму слухалі, запрасіце ў эфір простага і разумнага чалавека, не міністра ці дэпутата, не тытулованую асобу, абласканую ўладай, а простага чалавека з вуліцы. Ён вам і скажа праўду, калі асмеліцца, не будзе падпяваць уладзе. Каралі сярэднявечча трымалі пры дварах блазнаў, каб хоць зрэдку чуць тое, што робіцца на самой справе. А прэзідэнт пазакрываў усе апазіцыйныя газеты. Усе да адной. І хоча пачуць праўду. Прыкарытныя чыноўнікі заглядваць у рот, вы ў іх ліку, і гавораць тое, што ён хоча чуць. А трэба гаварыць праўду. Няхай яна ў кожнага свая. У міністраў, што трымаюцца за пасадныя крэслы — свая праўда, а рабацяг — зусім іншая. Калі людзі будуць чуць і тое, і другое, і трэцяе — складзецца агульная мазаіка ўяўленняў. Вось, напрыклад, чаму вы ніколі не запрасілі ў эфір якога-небудзь бамжа? Ён жа таксама чалавек. І ў яго ёсць праўда. Ён вам расказаў бы, як дакаціўся да такога жыцця. Можа, іншых перасцярог бы сваім роспаведам. Праз яго лёс і высвеціўся б праменьчык праўды. А так што мы маем? Усё пранізана халопствам, падхалімажам і халуйствам! І гэта вы лічыце праўдай. Усё не так. Вось і не слухаюць. Прападаюць нязгодныя з рэжымам людзі. У душах пасяліўся страх. Да дабра такое не прыводзіць.
— Я нічога не баюся, — горда адказаў галоўны рэдактар, — самому прэзыдэнту магу сказаць праўду ў вочы.
— Добра. Лаўлю на слове. У мяне ёсць напісаная рэч, якую баяцца друкаваць дзяржаўныя часопісы. Нават прыватныя выдавецтвы не асмельваюцца, каб не страціць ліцэнзіі. Я прынясу вам.
Праз некалькі дзён ён прынёс крамольную п’есу рэдактару, а яшчэ праз некалькі паміж імі адбылася такая размова.
— Ну, прачыталі? І што скажаце?
Раман стаяў і з цікавасць сачыў за галоўным, які доўга адмоўчваўся і нарэшце знянацку накінуўся на Рамана.
— Гэта ж святатацтва! Ты ўвёў у містэрыю Кірылу Тураўскага і Ефрасінню Полацкую, Архангелаў… Хто табе даў права судзіць? Схадзі лепш пакайся ў царкве. Гэта вялікі грэх! Адважыцца на такое?
— Няўжо ўсё так сур'ёзна? Наколькі мне помніцца, Гётэ ў свае драматычныя творы ўводзіў нават Бога. А царква тады вельмі строга ставілася да падобных рэчаў. Ніхто не палічыў аўтарскую рызыку святатацтвам. А Дантэ? Засадзіў у кругі пекла япіскапаў, самога папу рымскага — ніхто яго, нават тады не пакараў за дзёрзкасць. І яшчэ. Гадоў пяць таму, калі пісалася містэрыя, я зачытваў вам урыўкі… Найболей вам спадабаліся месцы, якія цяпер пужаюць. Вы тады так ухвальвалі грамадзянскую пазіцыю аўтара. Мікалай Цімафеевіч, вы мяне прабачце, але мне думаецца, што вы ўбачылі святатацтва менавіта ў тым, што ў якасці адмоўных герояў у містэрыіі дзейнічаюць прэзідэнт і яго міністры. За пяць гадоў многае змянілася. А вашы погляды перакруціліся кардынальна.
— Ты мяне прабач, Раман, — ужо спакойна рэзюміраўваў галоўны, — але гэта не можа быць агучана па нацыянальным радыё.
— Шкада. Вельмі шкада, — з жалем прамовіў Раман, — прыйдзецца шукаць больш смялейшых, якім сапраўды баліць за Беларусь. Баліць не толькі на словах.
* * *
Тэрэзу баццам падмянілі. Гэта раней, жывучы ў камуналцы, яна любіла паўтараць: “Мне абы свае сцены!”— цяпер жа ёй усяго было мала. Яна пачала насядаць на Рамана, спярша асцярожна, з лёгкім дакорам выгаворваць, маўляў, суседзі купілі тое і тое, абзавяліся тым, ці іншым. А затым напорыста накідвалася, з нейкай раз’юшанай нянавісцю, асабліва калі Раман стомлены вяртаўся з працы: і не такі ён, маўляў, і не гэтакі — і ўвогуле не мужчына, калі не можа кватэру абставіць па-людску. Які сэнс яна ўкладала “па-людску”, зразумець было не цяжка: не атрымлівалася разжыцца нават таннай мэбляй.
Толькі сабралі грошы на спальны гарнітур, як яны ўзялі раптам і зніклі з мэблевых магазінаў. Не магчыма было купіць нават простага ложка. Сёе-тое можна набыць у спекулянтаў, але ім трэба было шмат пераплочваць. Карміць жа дармаедаў, хоць яны і называліся цяпер бізнесменамі, Раман катэгарычна адмовіўся. Сабраныя з такой цяжкасцю грошы хутка зусім абясцэніліся. Зарплату павялічвалі адзін раз у квартал, а цэны раслі, кожны дзень, як на дражжах.
— Я табе гаварыла, трэба было купляць тую спальню, зусім добрая была.
— Ага! Не хапала яшчэ чужых клапоў завесці!
— Пры чым тут клапы? Я кажу пра спальню. Не разумею цябе апошнім часам. Ты зрабіўся злым. Нічога не чуеш. Не слухаеш. Усё не па табе. Слова нельга сказаць. Спальня была як новая. Вунь Буландзе ўчора прывёз люстру за пяцьсот тысяч. Чысты крышталь. Вечная каштоўнасць. А з тваім заробкам хутка і лямпачкі не купіш.
— Купіш толькі кукіш, — заржаў жарабцом Раман.
— Ну вось і пагаварылі.
— Гэта не размова, а цкаванне. Дзіўная ў вас жанчын псіхалогія. Чаму ты свайго Буландзе ў прыклад не ставіш, калі абхазку ганяе вакол дома?
— Ён такі мой, як і твой. Мужчына, таму і ганяе! Мае права. Бо забяспечвае сям’ю не так, як ты. А яна ўвогуле нідзе не працуе.
— Добра. Улічым на будучае. — Раман моўчкі пасёрбваў халодны суп, паказваючы выглядам, што размаўляць больш не хоча.
Але Тэрэза не адступалася. Безграшоўе ўканец разнервавала яе, ледзьве зводзіліся канцы з канцамі, але, як не дзіўна, гэта яшчэ больш распальвала апетыт: “У мяне нават абутку прыстойнага няма. Сорамна ісці па вуліцы. Паглядзі абцасікі зусім зтапталіся”.
— Пакладзі мне ў сумку. Я адрамантую на працы.
— Што ты вярзеш? А ў чым я заўтра пайду! І што гэта за мужык такі. Чым ты думаеш, калі гаворыш.
— Ну, тады хадзі ў крывых збітых абцасіках. А лепш увогуле басанож, як іваноўцы, ці як іх там называюць: аптымалісты… Шусь у палонку, і ногі ўгору. — “Дурань!”.
І ў гэты момант Раман заўважыў на стале таракана: “Во, нахаба! — падумаў, — сярод бела дня разгульвае”. Прыціснуў яго хлебнай скарынкай да стала і пазногцем адарваў лапау.
— Брыда! Што ты робіш! — закрычала Тэрэза. — Навошта адпусціў? Зусім з глузду з’ехаў.
Таракан, западаючы на адзін бок, смешна чыкільдаў на пяці ацалелых лапах. У Раманавых вачах на імгненне выбліснуў гнеў.
— Хопіць! — крыкнуў на жонку. — Хопіць! На сябе паглядзі. Развяла тут расаднік. Стыдоба. Яшчэ вучыць уздумала. Чаму суп не падагрэла? Часу не хапіла? Колькі разоў я прасіў прышыць вось гэты гузік? Зноў часу няма? Паўгода назад адарваўся. А гэта што? — ён падыйшоў да сметніцы, што стаяла каля халадзільніка, і перакуліў яе нагою, падняў і патрусіў. На падлогу пасыпаліся тараканы, патрывожаныя шуганулі ўрассыпную. — Што гэта я пытаюся? Што гэта такое? Чаму зноў своечасова не выкінула смецце? Цяпер на Камуналку не спішаш. Вось ты ўсё Буландзе ставіш у прыклад, дык зараз схаплю рамень і выцягну па мяккім месцы. Што ў цябе работы болей, чым у мяне? Пасядзела гадзіну на сваім тэлебачанні, і вольная. А я ад званка да званка, восем гадзін. Табе ўсё не хапае часу. За дзень смецце не можаш выкінуць. Ці я грошы прапіваю, ці за спадніцамі бегаю. Не! Дык чаго хочаш ад мяне? Сям’я на бабах не сядзіць. Але табе ўсё мала. Колькі можна цярпець. Чаго маўчыш? З цяперашняга дня сам буду вясці гаспадарку! Вось так. І за кватэру, і за тэлефон буду плаціць. А табе выдзяляціму пяць тысяч на тыдзень, — упраўляйся! А то колькі не прынясеш — мала і мала… Трэба жыць па сродках. Хіба вінаваты я, што жыву ў звар’яцелай дзяржаве? Ці мне купіць стрэльбу, пайсці і перастраляць усю погань? Ты гэтага хочаш? Чаму маўчыш?! Чаму ты маўчыш?
Але Тэрэза сядзела, адвярнуўшыся да акна, не прараніўшы ні гуку. Раман падыйшоў бліжэй. З яе вачэй цяклі слёзы.
— Ты чаму хадзіла да Курвагіна? — не зважаючы на слёзы, дапытваўся ён, — што ты там шукала? Чаго цябе туды панесла! — што сілы крычаў Раман.
Жонка разрыдалася, быццам яе пачалі біць. Раззлаваны Раман ляснуў дзвярыма і выйшаў на вуліцу.
“Адкуль ён ведае? — панікавала ў думках Тэрэза, — я ж яшчэ і не хадзіла, толькі збіралася…”.
23
Так уладкаваны божы свет, а значыць — у тараканаў гэтак жа, як і ў людзей: не было б і шчасця, ды гора паспрыяла. Шустрыкану адарвалі лапку. Такое здарэнне павінна было прынясці адну нязручнасць, калека і сярод тараканаў ізгой, але яго адразу ж запісалі ў лідэры пяцілапых. Даўно ўжо дзеля ідэі ніхто нічым не ахвяраўваў, а тут такі выпадак… Многія пранікліся павагай, а некаторыя сталі нават пабойвацца.
Дэманакратыя ў кватэры Родасветавых разгортвалася ва ўсю шырыню: набліжаліся выбары. Палітычная эліта кватэры дзялілася на некалькі варагуючых партый. Ніхто не шукаў кансэнсуса, аб якімсьці пагадненні, якое б усіх прымірыла і гаворкі не было. Усе прагнулі ўлады. Ваяўнічай апазіцыяй упраўляўся Кянзап, яны першымі засялілі кватэру і лічылі сябе паўнаўладнымі гаспадарамі тэрыторыі; партыю смеццяроў узначальваў Чорны Шакул, а Шустрыкану воляй лёсу прыйшлося стаць правадыром прышлых тараканаў, лік якіх павялічваўся штодзённа, што павышала і шансы на перамогу. Прышлыя адваявалі сабе месца пад халадзільнікам, выціснўшы адтуль смеццяроў. Адарваная лапка напрацоўвала не благі аўтэрытэт, а колькасць лаяльных выбаршчыкаў усё прыбывала: вентыляцыйныя шахты, дзверы і фортачкі, шчыліны і дзіркі ў геаметрычнай прагрэсіі павялічвалі электарат прышлых. Не дзіўна, што на чарговых выбарах пераважнай большасцю галасоў Шустрыкана абралі рацам кватэры Родасветавых.
Першае, што зрабіў ён пасля выбараў — цалкам адмяніў законы, што дзейнічалі да яго праўлення, і якія з такой цяжкасцю і тараканавай мітуснёй прымаліся ранейшымі рацамі: Чывенкушам і Дзелацвеем. Шустрыкан лічыў сябе ідэйным, тым больш цяпер, калі ў яго заставалася толькі пяць лапак, ён меркаваў, што ведае, як збалансаваць жыццё папуляцыі, каб не выклікаць катаклізмаў. Але гэтак толькі ўяўлялася, бо ён быў усё ж такі філосафам і пражыў доўгі час у тэлевізары “Гарызонт”, а мы добра ведаем, што амаль ні аднаму філосафу не ўдалося на практыцы ажыццявіць свае ідэі. На самой справе, такія тараканы як Шустрыкан, назаўсёды застаюцца чорнымі. Хоць вазьмі ды прымусова перафарбуй іх у руды, ці які іншы колер, але нікому яшчэ не ўдалося змяніць колер душы. Чорны і ёсць чорны, чарней не бывае.
Пры ўладзе Шустрыкана тараканы пладзіліся і множыліся, пераходзячы ўсе рамкі дазволенага, а новы рац не ведаў, як з гэтым управіцца. Хутка абсялілі халадзільнік, муціравалі і прызвычаіліся да нізкіх тэмператур, апанавалі кухонныя шафы, прыбіральню і ванны пакой, эмігрыравалі ў залу, прыхожую, рассяліліся нават па далёкіх спальнях, дабраліся да лоджыі, якая, зыходзячы з тараканавай геаграфіі, знаходзілася на паўночным полюсе. Усе прадметы і прыстасаванні кватэры аказаліся пад тараканавым уплывам: старая канапа, табурэткі, іншая мэбля і ўсялякія прыстасаванні кішма кішэлі насякомымі, дайшло да неверагоднага: абляпілі нутро прыёмніка “Акіян” і тэлевізара “Гарызонт”, усе гэтыя транзістары і рэзістары, рэле і супраціўленні зрабіліся сямейнымі кублішчамі — апошняе нагадала Шустрыкану пару юнацтва, бо ён і сам доўга жыў у тэлевізары, таму і зрабіў цяпер чэрава блакітнага экрана сваёй рэзідэнцыяй. Праз колькі месяцаў у кватэры не застолося куточка, не абжытага тараканамі. Нават дзвярныя петлі і замкі, не гледзячы на рызыку, станавіліся прывабным жытлом: час ад часу ў шчалужыну замкоў уязджалі ключы і праварочваліся, а на дзвярных петлях, парыпваючыся адчыняліся і зачыняліся дзверы — у такія моманты патрэбна было задаваць стрыкача, каб не расплюшчыцца жалезнымі механізмамі. Росту папуляцыі пагражаў нечуваны глабальным катаклізмам.
* * *
Нядаўна ўвялі талоны на прадуктовыя і прамысловыя тавары першай неабходнасці. Цяпер мыла, цукар, муку, крупу, масла, цыгарэты і гарэлку, шмат чаго іншага, у тым ліку бялізну, сподняе, шкарпэткі, нельга было купіць толькі за грошы, патрэбна яшчэ было прад’явіць талоны, якія сведчылі тваё права на пакупку. Жыццё людзей ускладнілася і пагоршылася, яны сталі больш нервознымі і нецярплівымі, гатовыя выбухнуць злосцю без усялякага повада.
Растлумачым чытачу, што такое талон. Адмысловая паперка, якая давала права на пакупку вызначанай колькасці канкрэтнага тавара. Талоны друкаваліся ў друкарнях, нават аздабляліся вадзянымі знакамі, бо фальшываманетсыкі не драмалі, і навычыліся рабіць падробкі, сам талон станавіўся яшяэ і таварам. Атрымлівалі іх пад асабісты подпіс у выканкаме. Цяпер акрамя грошай пакупнік паралельна разлічваўся яшчэ і талонамі: падлічыць неабходную колькасць талонаў, адрывае і падае разам з грашыма касірцы, яна, агледзеўшы тавар, падлічвала яго кошт, звярала адпаведнасць талонаў і грошай, і только тады, даўшы рэшту ў талонах і грашах, адпускала пакупніка. Краіна, як каростай, абрастала чэргамі, дакладней, стала падобнай да дзікабраза з доўгімі голкамі. Чэргі былі ўсюды: у выканкамах — па талоны, у ашчадных банках — па грошы, на рынках і ў крамах — стаялі за прадуктамі і таварамі.
Дзіўная рэч, але раней Родасветавы ніколі не куплялі спіртное празапас. Цяпер жа, талоны на спіртное трэба было своечасова атаварваць, майскія талоны ў чэрвені не дзейнічалі, не паспеў атаварыць — прапалі. Іван Фаміч жартаваў: “Такім чынам народ прывучаюць піць і смаліць цыгарэты. А ўсё робяць тыя ж ворагі роду чалавечага, якія раскачагарылі ў свой час полымя рэвалюцыі, затым увялі ваенны камунізм і на ахвярах Гулагу збудавалі Камуналку, каб потым усё пабурыць і раскідаць народы па асобных нацыянальных кватэрах. Разбурылі агульнае збудаванне і пасварылі народы. А цяпер вось, увялі дэмакратыю і талоны. Дзяржава дыхае на ладан, расце толькі піцейны прыбытак, якім рэфарматары набіваюць ўласныя кішэні”.
— Хутка будуць выдаваць талоны на сэксуальныя патрэбы з абавязковай рэгістрацыяй у выканкаме, — падхопліваў яго разважанні Родасветаў.
— Пачакай, яшчэ не тое будзе, — іранізіраваў Іван Фаміч. — І на паветра ўвядуць дазвол, на само дыханне. Дыхнеш адзін раз, адарваў талончык, выдыхнуў — другі ў сметніцу. Не, не ў сметніцу. Збіраць будзем талончыкі і здаваць адпаведным установам справаздачу. А яны нам адпаведную пячатку ў пашпарт ляпнуць, маўляў, дыхаеш законна і ашчадна, паветра не псуеш. І плаці за гэта падатак.
— Абсурд! Але туды і коціцца божы свет.
— А чаму б і не? Ніхто ім не супрацьстаіць. Ты ж не сабраў салдат-запаснікоў. Толькі гаворыш… А дзе справы? Дзе твае абяцаныя дывізіі? Іх не ўбачылі па ЦТ. Паказалі па целіку нейкіх путчыстаў з дрыжачымі рукамі і ўсё на гэтым.
— Не чапай балючае. Сам не разумею, наколькі трывушчы наш народ — усіх апусцілі ніжэй плінтуса, ані табе паўстання, ані табе ніякіх рэвалюцый і бунтаў — усё церпяць
— Церпяць, а куды дзявацца? Генералы сядзяць і соплі жуюць. Няма цяпер Пажарскіх.
— Ды і Мініных бракуе. Я ж гаварыў, — апраўдваўся Іван Фаміч, — праваронілі час. Цягнік даўно адыйшоў. Прахукалі дзяржаву назаўсёды.
— Зноў за сваё! Ды зразумей ты, прахукалі адну, трэба будаваць другую. Вось і ўсё. А мы сядзім на папялішчы і варушым вуголле. Збудуем яшчэ мацнейшую. Добрую справу ніколі не позна пачынаць. Хто нам перашкаджае збудаваць Белую Русь? Не абавязкова “ад мора да мора” – хаця б “ад можа да можа”, каб людзі ў ёй жылі, як падабае людзям, а не як пан дазволіць.
— Тут ёсць адна акалічнасць, па-людску жыць, Радзівонавіч, не дазволяць яны, ворагі роду чалавечага, як піць даць, не дазволяць. Усе краіны звязаны паміж сабой. Еўропа з Амерыкай таму і разбурылі СССР, каб адцягнуць крызіс эканомікі сваіх краін, і яшчэ з дзесятак гадоў параскашаваць.
— Іван! Хопіць шукаць дурняў і ворагаў па-за акіянамі. Вельмі зручна спісваць усё на дзядзьку, — выдаткі савецкай ідэалогіі. Самі сабе мы лютыя ворагі, вось, — абрываў яго разважанні Родасветаў, — вораг сядзіць у кожным. Калі б кожны на сваім месцы не спаў у шапку, а па праўдзе і справядлівасці рабіў — усё было б іначай: не калос на гліняных нагах — піхнулі і рассыпаўся, а трывалая і моцная дзяржава. Мы ўсё чакалі, прыйдзе нехна і навядзе парадак, усталюе справядлівсць, зробіць за нас. Прыйшоў адзін, “бацька народаў”, — узвылі, не спадабалася. Вось і прыйшлі іншыя, і зрабілі тое, чаго мы не чакалі. Самі ва ўсім цяпер і вінаватыя. А то выбіраем прэзідэнта, ускладваем на яго абавязкі і свае спадзяванні. А ён, прыйшоўшы да ўлады, першае, што робіць, адгарожваецца ад таго ж народа аховай. Ад каго хаваецца? Ад сваіх жа людзей, якія яму паверылі, і ты думаеш, ён на дабро ім будзе служыць, калі так баіцца? Так не павінна быць. А хаваецца таму, што сумленне заплямленае. Кожны павінен адчуваць сябе гаспадаром сваёй зямлі. Тады ніякія ворагі чалавецтва не здолеюць парушыць грамадскі лад. Тут нашы продкі ляжаць, яны кроў пралівалі за гэтую зямлю. Мы прысягу на вернасць радзіме давалі. Але дзе ж твае камбаты? Дзе нашы патрыятычныя батальёны? Дзе мой камбат? Няма… Яны павінны былі аб’явіцца, абавязкова. Мяне калаціла ад злосці, што усё разбураецца, нішчыцца і гіне. Усе загінем, усё прахам пойдзе! Не вытрымае такой напругі планета. Ты разумееш, пра што я? Хопіць жыць прынцыпам мая хата з краю, усе мы — адно непадзельнае і жывое, усе, хто жыў, жыве і прыйдзе сюды жыць.
— У крайнюю хата часцей стукаюцца…
— Не выкручвайся, ад размовы. Скажы, хіба табе не баліць? Не баліць, што мы выміраем?
— Канешне, баліць, але што зробіш?
— Хаця б — не сядзець, склаўшы рукі! Ты ж усё-такі былы ваенны, камбат. Склікаў бы па крыху сваіх байцоў. Яны на цябе спадзяюцца, чакаюць, як я чакаю весткі ад свайго камбата. І на край свету паехаў бы, калі б ён, капітан Квардакоў, паклікаў мяне. А ты з войска звольніўся, і ў кусты. А яны ж, салдаты, усё яшчэ не страцілі веры. Ім значна цяжэй, чым табе, у цябе ваенная пенсія, будзь здароў і не кашляй! Ды яшчэ і лекцыі пачытваеш. А ім як? Скажы, як ім жыць? Шэраговаму, сяржанту, якія так верылі сваім камандзірам… Эх…
— А з чаго ты ўзяў, што нічога не раблю, — дзейнічаю! Дакументы сваёй дывізіі дастаў за пятнаццаць гадоў. Смешна сказаць, за дзве скрынкі гарэлкі.
— Нават гэта цяпер прадаецца? Нічога сабе, ха, вось гэтымі паперкамі і ваюй.
— Усё мае цану. Параскідала хлопцаў па свеце. Добра, што мужык — не баба, прозвішча не мяняе. З некаторымі я ўжо і перапіску наладзіў. Многія падзяляюць мае погляды. Пакуль трэба чакаць. Прыйдзе і наш час.
— Заўсёды нечага чакаем. Так да Другога Прышэсця і дачакаемся, што чаканка трэсне па швах.
24
Блытаныя часы пераблыталі ўсё ў галовах, зблыталі падзеі, прычыны і следствы. Цяпер нават цяжка прыгадаць, што ўвялі спачатку: талоны ці дэмакратыю? Ці ўсё было наадварот? Напэўна, усё ж такі спачатку прыадпусцілі з ланцуга “свабоду слова”, а потым з’явіліся і талоны, як падмурак дэмакрытачных пераўтварэнняў, і толькі пасля ўсяго — паўстаў ўсенародна абраны і ўсімі любімы. А калі любімы ўсімі, то следам у адносіны ўпаўзло халуйства і страх, рабалепства і хамства, бо сёй-той не хацеў сябе паводзіць так, як паводзіла большасць. Грамадства і краіна аказаліся паралізаванымі. Такога подленькага страху не было і ў савецкія часы. Прыйшоў новы рэжым, не жорсткі і крывавы, а ціхмяны, з падлаватым папаўзненнем на справядлівасць. Стала цяжка дыхаць. Добра гэты ці дрэнна — Раман не мог зразумець: з аднаго боку, жылыя дамы абагравалі, не адключалі электраэнергію, як гэта было ў суседніх дзяржавах, своечасова выплочвалі пенсіі і нізкія заробкі, — але Беларусь пакрыху вымірала. Упадала ў анабіёз. Кожны жыў найперш асабістымі і прыватнымі клопатамі, забіваўся ў сваю скарлупку. А з другога боку — пазакрывалі апазіцыйныя газеты, разагналі не згодныя з урадам палітычныя партыі, а бізнес, які не паспеў яшчэ, як след, стаць на ногі і акрыліцца, перакінуўся са сваёй краіны на суседнія. Смяротнасць перавысіла нараджаемасць. Краіну апанавалі тараканы. Іх мала ячшэ хто заўважаў, таму што з выгляду яны былі падобныя да людзей, але яны ўжо былі паўсюль, у асаблівасці аблюбавалі дзяржаўныя міністэрствы, установы і прадпрыемствы, сілавыя структуры, міліцыю і армію.
Улада, загадзя падрыхтаваўшыся і прапаласкаўшы мазгі насельніцтва, распачала рэферэндум: большасць выказалася за змену гістарычных сімвалаў і ўвядзенне двухмоўя. Улада заручылася большасцю, забыўшыся на тое, што тая ж большасць паслала Хрыста на Галгофу, што афінская дэмакратыя прысудзіла Сакрату выпіць цыкуту, што большасць спаліла Джордана Бруна і Яна Гуса, асудзіла Галілео Галілея… І, дарэчы, тая ж дэмакратычная нямецкая большасць дазволіла Гітлеру прыйсці да ўлады. Не высоўвайся, падпарадкоўвайся, схіляйся, будзь як усе — заўсёдныя патрабаванні натоўпу, статыстычнай большасці, якая вельмі часта памыляецца, бо не заглядвае далей свайго носа: хлеба і відовішчаў! Вось і ўсё, што трэба, пасля нас, хоць патоп! Менавіта большасць выракла роднай мове крыжовыя пакуты, і мова, дарованая Богам, змушана была заціхнуць, стаіцца, каб затым нечакана падняцца з попелу, як птушка Фенікс, уваскрэснуць у сэрцах і душах, назапасіўшы моц, каб у новым тысячагоддзі заявіць на беларускі народ свае старажытныя правы: выбухнуць вулканам і вывяргнуць з гарачых сэрцаў лепшых сыноў полымя, якое датла спаліць тараканаў і тараканападобных.
Цяпер Рамана абступілі іншыя праблемы. Нечакана пазваніў родны брат (адшукаўся з паўгода назад), хоць і насіў зусім іншае прозвішча. Пазнаёміўся з ім Раман сёмага студзеня, акурат у дзень нараджэння Хрыста. Яны прыехалі ў госці ўсёй сям’ёй, жонка Наталля, сын Янка і дачка Алеся. Раман парадаваўся тады за сям’ю брата. І вось цяпер брат гаварыў па тэлефоне, што Наталля пачала гуляць па-чорнаму.
— Як гэта так? — здзівіўся Раман.
— А вось так. Як толькі я пачаў ездзіць на заробкі ў Маскву, яна і пайшла па руках.
Родасветаў задумаўся. У той прыезд яму спадабалася братава жонка, прыгожая і адначасова сарамлівая, сціплая — было відавочна, што яна кахае свайго мужа. Яна ж і прызналася тады па сакрэту, што Раманаў брат вельмі раўнівы.
— Раман, можа гэта толькі тваё хваравітае ўяўленне? Я б, напрыклад, ніколі не паверыў, што Тэрэза мне здрадзіла.
— Я таксама спачатку не верыў. Людзі пачалі гаварыць…
— Раман, ці мала што людзі мелюць языкамі? Калі ўсіх слухаць, то ведаеш… Ты сам як лічыш? Можа хто наўмысна плявузгае.
— Не, брат! Гэта не плёткі, сама прызналася. Мы ўжо развяліся ў Загсе.
— А чаго так спехам? Ты што раней не мог пазваніць, параіцца? Яны, бач ты, ужо паспелі развесціся… Але ж вы ў царкве венчаныя.
— Раман, табе канешне ж самому вырашаць, але падумай пра дзяцей. Не раіў бы спяшацца ў такой справе. І няўжо Наталля сказала пра здраду?
— Так. Я спытаўся, ці ёсць у яе хто-небудзь? І яна адказала, што ёсць.
— Ведаеш, — сказаў Родасветаў, — можа ты сам і справакаваў такі адказ? Іменна сваімі падазрэннямі. Але падумай, ці можаш дараваць жонцы? Хіба сам ніколі не гуляў? Ты кахаеш сваю Наталлю? — “Напэўна, кахаю…”. — Чаму так няўпэўнена? Калі зможаш дараваць, нават калі і здарылася, тады жывіце. А не, дык… Але ўсё ж падумайце, як след. У вас двое дзяцей. Такія цудоўныя дзеткі. Шкада іх. Чым яны вінаваты? Ты гадаваўся без бацькі… Добра табе было? Не. У любым выпадку, нават калі вы зусім разбяжыцеся, не забывайся пра дзяцей. Гэта твая кроў.
На гэтым размова з братам скончылася. Упершыню брат звяртаўся за парадай, як да старэйшага, а Раман перакладваў прбалему на яго ж уласныя плечы. А што яшчэ можна было рабіць? У сямейных канфліктах заўсёды вінаваты абое. Праз тыдзень Раман пазваніў Наталлі, каб даведацца, што ўсё ж такі адбылося на самай справе? І выявіў раптам: ніякай здрады не было, прычына разводу — звычайнае п’янства.
— Наталля, Раман казаў, што ты сама прызналася, што гуляеш. Быццам бы ў цябе ёсць мужчына.
— А як бы вы зрабілі на маім месцы? Ён па прыездзе з Масквы, кожны дзень талдычыў: у цябе нехта ёсць! Прызнавайся, ты сустракаешся з некім? Надакучылі безпадстаўныя падазрэнні, вось я і сказала: ёсць мужчына. Ведаеце, ён так абрадаваўся. І адразу на развод. Яму хацелася верыць, бо знайшоў апраўданне свайму п’янству. Можа сам і завёў палюбоўніцу, і я з дзецьмі стала замінаць.
25
Раману прысвоілі чацвёрты разрад слесара. Традыцыя брыгады заставалася непахіснай ва ўсе часы, навічок прастаўляўся гарэліцай, хоць і рэдка Раман выпіваў, але на гэты раз набраўся да свінячага візгу. Прывалокся дахата запаўнач, ды яшчэ званітаваў, разамлеўшы ад цяпла.
— Пазваню Янэку і ўсё раскажу! — пагразіла Тэрэза.
— Не ўздумай! — закрычаў Раман, — а то прыб’ю! Або зусім звольнюся.
— Раскажу! Няхай вытурыць за п’янку.
І Тэрэза пачала набіраць нумар тэлефона. Раман з сілай размахнуўшыся, хоць і вумат п’яны, пацэліў па тэлефоне. Апарат разляцеўся ўшчэпень: “Я сказаў, нат не думай!”— грозна выкрыкнуў ён, Тэрэза ў адказ драпнула пазногцямі па руцэ.
А праз дзень пазваніла жонка Янэка Святлана: “Нам трэба сустрэцца і пагаварыць”, — пачуў Раман у трубцы.
Пасля работы сядзелі ў кафэ і за няспешнай размовай пілі каву. Святлана падступался здалёк, толькі праз хвілін дзесяць да Рамана дайшло: Тэрэза ўсё ж такі паскардзілася Янэку.
— Я ж казаў ёй, што звольнюся з завода, калі яна пазвоніць… Не паслухалася.
— Раман, — усміхнулася Святлана, — яна ж хоча, каб усё было добра. І не трэба так кідацца заводам, гэта — твая ціхая гавань. Я ўпэўнена, што ў вас усё будзе добра. Вось паглядзіш, я адчуваю.
— Як яна не разумее, што Янэк зараз для мяне не проста швагер, а мой начальнік, гэта складаная псіхалагічная, нейкая наслоеная залежнасць. Выходзіць, проста здала мяне.
— Але ж і ты мог падставіць Янэка? Затрымалі б п’яным на прахадной, што было б? Пачалі б разбірацца, хто ўладкаваў на працу? Янэку і без цябе хапае праблем.
— Святлана, мы выпілі пасля работы. З’ездзілі ў “Парк”. Так, згодзен, перабраў крыху… Але ж успомні, што да жаніцьбы я ўвогуле спіртнога ў рот не браў. Ты не чытала Эрыка Берна?... Шкада. Псіхолаг такі. Дык вось, мне здаецца, Тэрэза па асабістаму сцэнарыю павінна мець мужа алкаголіка. Таму што маці Тэрэзы, твая свякроў, усё жыццё наракала, што Бронька п’е! Маўляў, калі б не п’янка, то ўсё было б выключна. Падсвядома Тэрэза паўтарае жыццёвы шлях маці. Дакладней, робіць літаральна ўсё, каб яе муж стаў п’янтосам. Я помню, яна раней так здзіўлялася, што я не ўжываю спіртнога. Усё дапытвалася, ці не лячыўся ў ЛПП? Ці не закадзіравалі мяне ад алкаголю? Ці не сядзеў у турме? Ёй было дзіўным бачыць, што дарослы і здаровы мужчына не ўжывае атруты. Аднойчы я нават прыдумаў гісторыю: так, кажу, адбываў тэрмін. У мяне была жонка, латышка. Я напіўся і моцна пабіў яе. Яна падала ў суд. Далі чатыра гады… Адсядзеў, маўляў, цяпер чысты. Самае смешнае, што ўсё на хаду прыдумляў, а Тэрэза проста радасцю асвяцілася: “Я ведала, адчувала, што нешта з табою не тое”.
Праз хвілін дваццаць, калі яны дапілі па другому кубку кавы, Раман рашыўся: “Святлана! Даю слова, што з цяперашняга дня кідаю піць. Але пры ўмове, што Тэрэза таксама ні кроплі не бярэ. Нават піва.
— А хіба яна п’е піва?
— Разумееш, апошнія паўгода часта пачала прыносіць піва дахаты. І вось, каб падтрымаць кампанію, прызвычаіўся і я, уцягнуўся — цяпер нават задавальненне пачаў атрымліваць.
— Піўны алкагалізм самы страшны! Хіба вы гэтага не разумееце? — жахнулася Святлана. — Я пазваню ёй і перадам нашу размову. А прынясе піва ці віно, вазьмі ды выкінь у акно, або ў ракавіну вылі.
На гэтым і дамовіліся. Выйшлі з кафэ зацемна. А дома Рамана чакаў скандал. Тэрэза ўспомніла ўсё, што толькі можна было прыгадаць дрэннага з іх сумеснага жыцця. Некалькі дзён не размаўлялі. Жонка стаяла на сваім: “Піла піва і піць буду! Ты мне не закон”. А праз колькі дзён раптам паскардзілася Раману, што ў метро ёй стала дрэнна, нават хуткую дапамогу выклікалі.
— Вось бачыш, табе і Бог паказвае. Не трэба піць. Не шкадуеш сябе, дык дзяцей пашкадуй. Як Андрэйка без цябе будзе? Ён жа паўдня не можа перажыць тваёй адсутнасці.
У чарговую зарплату Раман выдзеліў Тэрэзе дзесяць тысяч на шпалеры і дзесяць на “абходку”. “Так не будзе!”— запратэставала жонка.
— Будзе! — упэўнена адказаў Раман, — за кватэру, за святло і тэлефон сам заплачу, а на прадукты харчавання буду кожны тыдзень выдзяляць.
— Калі ты так вырашыў, то і прадукты купляй сам.
— А што тады будзеш рабіць ты?
— Нічога. Буду сядзець і піць піва.
Праз тыдзень яна нечакана аб’явіла, што падае на развод і Раман абавязаны прынесці з работы даведку пра свае даходы.
— Табе трэба — сама і бяры. Я не збіраюся выстаўляцца дурнем. І помні, што ні пры якіх умовах не атрымаеш маёй згоды на развод.
— На трэці раз развядуць і без твае згоды.
— Тэрэза, а ты падумала пра нашых хлопцаў?
— Якраз пра дзяцей я і думаю, чым такі бацька, лепш ніякі.
— Ілжэш! Ты думаш толькі пра сябе. Цябе, бачыш ты, зняважыла і прынізіла, што пачаў выдзяляць грошы. Любую жонку такая практыка толькі парадавала б: муж узяўся вясці гаспадарку.
— Я не любая, і не ўсякая… Я Тэрэза Браніславаўна Дасіневіч. І буду мець вялікі гонар радавацца асобна ад цябе.
Кожны дзень працягвала пагражаць разводам і патрабаваць даведку. Раман катэгарычна адмаўляў, або ўвогуле адмоўчваўся.
— Добра, — не вытрымаў аднойчы, — ты хочаш развесціся? Хочаш каб я табе плаціў аліменты. Добра. Ад сённяшняга дня лічым, што мы ў разводзе. Толькі не трэба пазорыцца ў судах. З зарплаты і аванса буду выплочваць табе трыццаць тры працэнты, як па суду. Але ў такім выпадку будзеш атрымліваць значна меней, чым я выдзяляў бы кожны тыдзень на прадукты. За кватэру, камунальныя плацяжы і тэлефон кожны будзем плаціць асобна, палову ты, палову я.
— І харчавацца будзеш сам, — катэгарычна дадала жонка.
Раман перабраўся ў кабінет на раскладушку. Тэрэза выдзеліла яму пасцель, асобны посуд і шафу ў кухонным гарнітуры. Яны пачалі жыць як бы ў разводзе, але адной сям’ёй. Дзяцей не падзеліш, хаця аднойчы меньшы Андрэй сказаў: “Я твой сын, а Ўладзік — мамін”.
— Вось, глядзі. Скажа так пад настрой у судзе дзіця і ляснулася твая ідэя пазбавіць мяне бацькоўства.
Так прайшоў месяц. Раман сам рыхтаваў сабе ежу, купляў у магазіне прадукты і жыў як бы асобна, але заставаўся пры дзецях бацькам. За перыяд “паказальнага разводу” у адносінах Рамана і Тэрэзы з’явілася нешта новае, якое, з аднаго боку аддаляла іх, рабіла чужымі, а з другога — уносіла даніну неабходнай павагі, яны цяпер звярталіся адзін да аднаго толькі выключна “на вы”, з падкрэсленай далікатнасцю і ветлівасцю. Слабасцю Рамана было тое, што ён любіў паспаць. Некалькі разоў праспаў на работу. Купіў новы кітайскі будзільнік. Але, стомлены за працоўны дзень, правальваўся ў забыццё і не чуў, як на ўсю хату трызвоніць будзільнік. Адзін раз Тэрэза пашкадавала і разбудзіла яго: “Тваё шчасце, што роўна ў пяць гадзін заплакаў Андрэй, — быццам апраўдвалася жонка”.
Яшчэ адно спазненне на працу пагражала звальненнем. Перанапруга душэўных і фізічных сіл, канчатковым вынікам барацьбы за права распараджэння сямейным бюджэтам (у каго грошы — той і галава) стаў сшытак, у які запісваліся траты і прыбыткі, зводзіўся “дэбет” і “крэдзет”; сшытак не прымірыў іх цалкам, але як бы паказаў, што шляхі для прымірэння існуюць, было б толькі жаданне. Не гледзячы на разлад сям’і, Раман захаваў сумесную вячэрнуюю малітву, на якую станавіліся і дзеці, і жонка. Тут спрачацца Тэрэза не насмелілася, бо веру мела глыбокую, хоць і не паказную. Дзеці настолькі звыклісяз агульнай малітвай, што самі нагадвалі бацькам, калі надыходзіла пара класціся спаць. Доўгі час меньшы не мог правільна выгаварыць словы “каб адолець духа злога”— замест гэтага гаварыў штосьці кшталту “злуха дрога”, або “друга злога”. Аднойчы ўсё сказалася правільна, Тэрэза з Раманам міжвольна пераглянуліся, быццам бы ўбачылі ў гэтым нейкі таемны знак. Пасля гэтага хутка і надыйшло прымірэнне.
Здаецца, усё наладжвалася. Але неяк раніцай Рамана падтыкнула спытацца ў жонкі: “Ты мне так і не адказала тады: чаго хадзіла да Курвагіна?”.
— А вы адкуль ведаеце, Раман Радзівонавіч, што я хадзіла? — “Людзі сказалі”. — Дык распыталі б у тых людзей, чаго гэта я там была. Каб ім языкі паадсыхалі. — “Я сур’ёзна пытаюся”.— А я цалкам сур’ёзна адказваю. Хадзіла дамаўляцца на добрую работу для цябе. Еўрарамонт. Магчыма, гэта яшчэ актуальна. Плаціць будзе добра. Вас задавальняе такі расклад?
— Цалкам. Дазвольце пацікавіцца: і дзе трэба рабіць?
— Офіс і кватэра самога Курвагіна. Не ўсякаму давераць такую адказную справу, а вось мне, былой аднакласніцы, пайшоў насустрач, пагадзіўся.
— Курвагіну? — тут толькі дайшло да Рамана, — да Куравагіна ў парабкі? Ды ні за што! Ніколі! І ні за якія грошы.
— Раман, адумайся! Ад такога не адказваюцца. Мы на гэтым падымемся, паправім матэрыяльнае становішча. Там усім запраўляе Клава, з Курвагіным ты нават сустракаць не будзеш, калі ён табе такі непрыемны.
— Дзе толькі такіх слоўцаў нахапалася: “падымемся”. Пэўна Курвагін і навучыў? Ён цябе навучыць… Я сказаў “не”! І маё слова — крэмень.
— Ну і дурань! — крыкнула яна праз хвіліну яму наўздагон.
Але Раман ужо не чуў апошніх слоў. Моцна ляснулі дзверы, з-за вушакоў пасыпалася шпаклёўка. Ён скіраваўся да дома Івана Фаміча, каб адвесці душу і супакоіцца, хутчэй проста напіцца да свінячага візгу. Яшчэ і прымірыцца толкам не паспелі, а новыя праблемы — тут як тут.
26
Доўга ціснуў на кругленькі носік званка. Дзверы не адчыняліся. “Можа, нікога няма дома”, — падумалася Раману.
Ужо спускаўся па лесвіцы ўніз, як здалося, што нехта ўсё ж такі прыадчыніў дзверы, аглянуўся: праз шчыліну выглядваў Іван фаміч, у трусах і майцы.
— Я думаў жонка, — апраўдваўся Фаміч, — але ж у яе ёсць ключы.
— Ты спаў? Можа, разбудзіў.
— Ды, не-а! Усё нармальна, — адчувалася збянтэжанасць і разгубленасць Івана Фаміча, — усё нармальна.
— Прабач, мая сцерва ўканец дастала. Усю душу вывернула сваімі курвагінскімі халтурамі. Давай пасядзім у цябе. Можа, выпіць ёсць што? Калі не, я збегаю.
Было відаць, што Іван Фаміч не рады візіту сябра. І яшчэ заўважыў Раман, Выпадковец чагосці увесь час хвалюецца і аглядваецца з апаскай назад.
— Ведаеш, Раман… Як бы табе… Нельга да мяне зараз, іншым разам.
— Што ты вярзеш, Фаміч? Чаму гэта? Я лічу, што да сябра можна заходзіць у любы час.
Раман і сам не ведаў, што робіць: расчыніў дзверы і са словамі “Ці мы не сябры?” нахабна адхіліў Фаміча ў бок, гатовы прайсці ў кватэру. Але той забег наперад, паспрабаваў запыніць, а затым шмыгнуў у спальны пакой.
— Дзе ж твае госці? Ды тут нікога няма, — крыкнуў Раман з кухні.
Са спальні, дзе знік Іван Фаміч, пачуліся прыглушаныя шэпты.
Зразумеўшы, што паводзіць сябе залішне нахабна, Раман гатовы быў ужо ціха сыйсці, але тут дзверы спальні расчыніліся насцеж і на парозе паўстала жонка Курвагіна Клава Патоцкая: празрыстая чорная камбінацыя, лічы, што паўголая, бо праз кітайскі аксаміт прасвечвала танклявая цела, а побач, збянтэжана выглядваючы з-за яе спіны, таптаўся Іван Фаміч, нешта паказваючы на мігі.
— Дзень добры, старым знаёмым, — павіталася яна і ўселася насупраць Рамана на табурэтку. Закінула нагу на нагу. Пагойдала закінутай нагой, а затым са здзеклівай усмешкай безсаромна павольна, яўна спакушаючы, разсунула ў бакі ногі — пад камбінацыяй нічога не было, голае цела…
— Вы заўсёды саромеецеся жанчын? Хмг, а па выгляду не скажаш. Такі мускульны і моцна збіты… Ваня, а ці не паспрабаваць нам “шведскую” сямейку? Ты не супраць, касацік? Паглядзі, які ладны самец прытэпаў.
Раман рэзка падхапіўся з табурэткі: “Я не самец! За такія словы можна з’ездзіць і па фэйсу”.
— Ды вы проста хам! Раман Радівонавіч, хе-хе! Не ўмееце сябе паводзіць у прысутнасці “пенкных кобет”. Прызнайцеся, што я вас вельмі рас-ша-вя-лі…
Сам таго не чакаючы, Раман заехаў замашную аплявуху, толькі праз паўзу выскачыў канчатак слова “ла”. Іван Фаміч панічна забегаў з вугла ў вугал, не ведаючы, што рабіць.
— Слухай сюды, Кур-Вагіна! Я з мужыкоў. Але ў халопах ніколі не хадзіў і хадзіць не буду. Так і перадай свайму атопку: ніякіх еўрарамонтаў. І ні за якія грошы. Не ўсё купляецца! А ты Іван Фаміч, — звярнуўся да сябра, — проста… Ты проста… — махнуў рукой і выйшаў з кватэры, так і не дагаварыўшы.
Нутро кіпела, клекатала злосць. На каго? На сябе? На збег абставін? На Івана і Клаву? На ўвесь свет?… Ён ужо амаль не ўпраўляўся з сабою.
Тэрэзы дома не аказалася, хаця тэлевізар працаваў. Напэўна, пайшла за сынам у садзік. Прайшоў у залу, упаў на канапу, але раптам пранізліва зазвінеў званок у кватэру. Падхапіўся, умомант аказаўся на парозе, рыўком расчыніў дзверы. На парозе стаяў Іван Фаміч.
— Раман, не крыўдуй. Так атрымалася. Глупства, канешне. Але не трымай зла. На яе таксама. Дурная баба. Не судзі строга. І, калі ласка, — голас яго ўпаў амаль да шэпта, — калі ласка, нічога не расказвай Валянціне. Добра? — У вачах бліснула і мальба, і раскаянне, і страх…
— Ды не бойся. Нічога не скажу. — Выгляд у Родасветава быў суровы: — Але ты размазня, а не камбат. Я разжалаваў цябе ў радавыя. Не! Вельмі ганарова быць проста салдатам. Ты дызерцір. Беглы катаржнік. У цябе адна кішка, ды і тая паміж ног і матляецца. Болей цябе нічога не хвалюе. Самец. Чым ты адрозніваешся ад іншых пустасловаў, што запаланілі ўсё? Анічым! Усё да лямпачкі. І да таго месца, якім прывабіла цябе Курва-Вагіна. Кру-гом! — скамандавай ён: — Шагам марш! І болей не паказвайся мне на вочы. Так будзе лепш і табе, і мне.
Іван Фаміч вінавата апусціў галаву. Паплёўся ўніз па лесвіцы, так і не знайшоўшы, што адказць цяпер ужо, пэўна, не сябру.
А Раман вярнуўся ў залу і бухнуўся на канапу. Паказвалі балет “Лебядзінае возера” Чайкоўскага, па другой праграме ішоў яго любімы фільм “Белое солнце пустыни”. Нядобрым прадчуваннем нешта зварухнулася ў душы. Ён сядзеў на канапе з пультам у руцэ і ціснуў то на расійскі канала, то на беларускі, з ОРТ на БТ: вось памірае белы лебедзь, б’е бездапаможна крыламі і не можа ўзляцець у неба; вось марскія хвалі абрушваюцца на бераг, галосячы, ірве на сабе валасы жонка “Таможні”, змагаючыся з вадзянымі валамі, кідаецца ў мора, быццам спрабуе хоць нешта выправіць у няўхільным лёсе. Зноў памірае, і ніяк не можа памерці Белы Лебедзь, і зноў абрушваюцца марскія хвалі, — апошнія кадры, пабеглі цітры.
Раман падыйшоў да тэлевізара, працягнуў руку, каб выцягнуць вілку з разеткі і, быццам апёкшыся, адсмыкнуў назад. З корпуса тэлевізара выпаўзалі тараканы. Яны лезлі з усіх шчылін і дзірачак. Сям-там тырчалі доўгія вусы і рудыя лапкі. Напэўна, перагрэліся ад работы тэлевізара і павылазілі на паверхню глынуць свежага паветра. Ззаду дробнымі насякомымі была пакрыта ўся пластмасавая крышка. Тараканаў былі сотні… Раман крутнуўся і пабег на кухню за венікам. Калі вярнуўся, іх стала яшчэ больш. Ён зграбаў іх венікам на падлогу і злосна таптаў нагамі. Параненыя яны разбягаліся па хаце. Раман наганяў іх, наступаў чаравікам і з хрустам расціскаў па падлозе. Ухапіўся за канапу і рэзка адкінуў яе ў бок, і адтуль урассыпную сыпанулі са сваіх сховішчаў тараканы. Процьма, безліч вялізных, пухнатых і зусім маленькіх, з лашчонымі быццам прысыпаных талькам крыламі – сотні і сотні тараканаў. Яны аказаліся ў шуфлядах шафаў, у антрысолях… Нават усярэдзіне прыёмніка “Акіян” за шкляной панэллю Раман заўважыў некалькі дзесяткаў наструненых вусоў. Тысячы тараканаў, рыжых і чорных, растрывожаных нечаканым нападам, збянтэжана бегалі па кватэры.
— Гэта вы ва ўсім вінаваты! — закрычаў ён уголас
Яго перасмыкнула ад гідлівасці і скалатнула. Збегаў у ванны пакой, схапіў з паліцы бутэльку з ацэтонам, на хаду адкруціў корак і пачаў разліваць вадкасць. Ацэтон хутка скончыўся, пары патыхнулі ў нос. Вярнуўся зноў у ванную і прынёс адтуль дзве поўныя пляжкі нейкай касметыкі, ці ачысціцеля —размахнуўся, быццам у руках былі гранаты, штосілы грымнуў імі аб падлогу. Разляцелася шкло. Зашыпела і ўспенілася на падлозе вадкасць. Паляпаў далонню па кішэні, выцягнуў адтуль запалкі. Чыркнуў аб сярнічку, кінуў маленькі факел агню на падлогу. Агонь выбухнуў раптоўна, смалянуў гарачым паветрам у твар. Раман адхіснуўся назад, і выскачыў з кватэры. Зачыніў дзверы на ключ. Збягаючы па лесвіцы, спыніўся на хвіліну каля сметніцы, і зашпурнуў ключы ў чорнае жэрла смеццепровада. Збег па лесвіцы ўніз.
— Усё! — выдыхнуў ён на поўныя грудзі, калі за спіною з грукатам зачыніліся дзверы пад’езда.
Пракоп Данілавіч Варава атрымаў кватэру ў доме Рамана Родасветава, акурат у самы разгар Перабудовы. Нечакана дапамагла раённая ветэранская арганізацыя. Ціснула яго родная вёска Дражна і чым бліжэй да старасці, тым цяжэй станавілася дыхаць паветрам роднай зямлі, тым невыносней станавілася сустракацца з аднавяскоўцамі. Для таго, каб зразумець не любоў да роднай вёскі і яе жахароў, трэба расказць гісторыю Пракопа Данілавіча, і гісторыю яго роднай вёскі. Але не тут. Бо агонь перакінуўся праз лоджыю Родасветава, лізнуў звешаныя на прасушку вясковыя даматканыя палавікі Пракопа Данілавіча, яны загарэліся гутка. Агонь з лёгкасцю ўзабраўся па сходніках, і цяпер гарэлі кватэры на двух паверхах. Варава праз хвілін дзесяць задыхнуўся ад дыму. Пазней, пасля таго, як пажарныя пазаліваюць с брансбойтаў увесь агонь, знойдуць толькі абгарэлае цела, у якім амаль не магчыма будзе прызнаць былога жыхара вёскі Дражна.
……………………………………………………………………………….
У небе свяціла сонца. Кудысці плылі кудлатыя аблокі. Высока-высока ў бяздоннай сінечы кружылася пара птушак, мабыць, буслы. Недзе далёка завыла сірэна пажарнай машыны ці хуткай дапамогі.
Абяссілены Раман упаў на траву, падкошаны рухнуў усім целам уніз і раскінуў рукі ўшыркі. Абхапіў зямлю рукамі, быццам спрабуючы прыцягнуцю яе да сябе. Так і застаўся ляжаць нерухома, як падрэзаны крыж на могілках, з раскінутымі па баках рукамі.
ЭПІЛОГ
Апошні сон Родасветава
І сніўся Раману Радзівонавічу жудасны сон. Усё ахоплена полымем. Нідзе не схавацца ад агню. Гараць цэрквы, палыхаюць жылыя дамы. Некуды бягуць людзі. Ён таксама, уцягнуты ў людскі вадаварот, разам з усімі ўцякае ад вогненнай стыхіі. З двух бакоў абрушваюцца будынкі. Кругом небяспека. Ён уцякае ад агню. Але раптам наперадзе устае вялізарная чырвоная сцяна суцэльнага полымя. Раман кідаецца ўбок і скача ў нейкую траншэю. Аказваецца, гэта не траншэя, а глыбачэзны канал, абкладзены па рэчышчы бетоннымі плітамі. Аднекуль Раман ведае, што гэта “Беламорканал”. Трэба неяк выбірацца з яго. Дзесці наперадзе павінны быць шлюзы. У любы момант іх могуць адкрыць. Хлыне вада і ён захлынецца на дне гэтага канала.
І скажуць тады людзі: збярогся ад агню, але не ўратаваўся ад вады… * * *
Ён расплюшчыў вочы. Чырвонае сонца хілілася на захад. Перад самым Раманавым носам сядзеў таракан, з чорнымі абпаленымі крыламі, сядзеў і паварушваў вусікамі. Ён быў жывы. Таракан глядзеў на яго, а ён — на таракана. “Той самы!”— пазнаў нарэшце старога знаёмага. Смешна калываючыся і завальваючыся на адзін бок, таракан павольна пачаў перабіраць пяцю лапамі. Поўз прама да Раманавага твару.
“Якім жорсткім зрабіла мяне жыццё”— падумалася ў гэты момант Раману і ў яго вачах раптам засвяцілася вільгаць. Дзве буйныя слязіны пацяклі па шчаках — у промнях заходзячага сонца яны падаліся чырвонымі.
— Прабач, — уголас сказаў Раман.
“Неяк абыйдзецца… Будзем жыць…”— ці здалося гэта Раману, ці сапраўды пачуў ён адказ таракана.
І ўваччу паўстала карціна далёкага дзяцінства. Гадоў сем яму было. Таксама садзілася сонца. Яны з сястрой Надзеяй пасвілі кароў. Сястра, натрапіла на муршанік, накінулася на яго з дручком і пачала пікіраваць, калупаць і разварочваць жывы прыгорак з сярэдзіны.
— В’етнам! Бамбёжка!! В’етнам!!! Ратуйся, хто можа, — крычала яна, як звар’яцелая, і заганяла кіў у мурашнік.
— Што ты робіш! — забег наперад Раман, — не чапай!
Ён аберучкі ўхапіўся за кій і спрабаваў вырваць яго з рук сястры, але гэта ніяк не ўдавалася, сястра была старэйшая і нашмат дужэйшая за яго, узяла і адштурхула яго, Раман паляцеў потырч у стукнуўся галавою ў зялёную траву: “Яны ж жывыя… Ім баліць, — усхліпваў ён, размазваючы слёзы па шчаках, — яны ж жывыя…”.
Мурашкі растрывожана мітусіліся па мурашніку, снавалі туды-сюды, некаторыя цягнулі ў норы белыя лічынкі, абольшасць проста бегала ў панічным адчаі, быццам ім сапраўды аб’явілі вайну. А малы Ромка рыдаў ад бездапаможнасці і крыўды, ад таго, што ўжо нічога нельга паправіць.
— Што ты нарабіла! Ім жа таксама баліць… А калі б табе так? Ты ж — чалавек.
А сястра, хоць і старэйшая на тры гады, збянтэжана блымала вачыма, быццам упершыню зразумела штосьці вельмі важнае.
1991 — 2017гг. (скончана 24.03.2017 г.)
Свидетельство о публикации №217042901618