Мiлькiна казка

Калі Мілька жадае аб нечым пагаварыць, ён пачынае круціцца вакол мяне, робячы выгляд, нібы ён вельмі заняты сваімі ўласнымі справамі. Ён сапе і шэпча сабе пад нос, рупліва перабіраючы спрытнымі пальчыкамі дробны канструктар, раз-пораз кідаючы ў мой бок пільны пранізлівы позірк. Чаму ён так далікатна ставіцца да маех разнастайных заняткаў, я не ведаю, але яму вельмі прыемна, калі я, заўважыўшы ягоныя сціплыя заляцанні, пазаставіўшы ўсё-ўсё дзеля яго, сядаю на ложак, ёмка ўхапіўшы яго на ручкі, і кажу:
-Як пажываеш, маленькі?
Тады ён умацоўваецца выгодненька на маех сцягніцах, выпрастаўшы спінку, якую я прыхваткамі казычу ці паглажваю і пачынае эмацыйна распавядаць пра свае роздумы, жахі ці назіранні. Мілька вельмі артыстычны, таму я магу доўгі час моўчкі назіраць за ягонымі ківамігамі і зграбнымі рухамі, якія суправаджаюць доўгія прамовы. Абы слухач не рыпаўся, як кажуць.
-Мамачка, а я прыдумаў казку. Хочаш, я табе раскажу?
-Вядома, хачу.
-Але, яна жахлівая. Не будзеш баяцца?
-Не-не-не, абяцаю! – Я складваю далонькі адну да адной, торгаючы імі ў паветры. –Калі ласка, раскажы, мне вельмі цікава.
-Адзін хлопчык вельмі баяўся ўключаць кампутар. Ён таксама баяўся ўключаць ноўтбук, планшэт, ці тэлефон.
-Дзівак, - кажу я, сур’ёзна ўглядаючыся ў блакітныя Мількіны вочы. Ён махае мне ў твар ручкай, каб я змоўкла.
-Дык вось, аднойчы ўначы ён узяў і ўключыў кампутар! А адтуль раптам як выскачыць … прывід!
-Вой-вой-вой! – Я енчу і падаю тварам у падушку. Мілька смяецца.
-Тады ён пачаў бегаць па хаце і ўсё ўключаць. Ён уключыў планшэт, а з манітору вылез кракадзіл! З тэлефону – пацук. А з ноўтбука…
-Хто?
-Не скажу, ты напужаешся. – Малы пазірае скоса і звысоку, яму прыемна пра мяне паклапаціцца.
-Не, не напужаюся. Сумленна.
-Акула! – Мілька знянацку набліжае да мяне тварык з пашыранымі вачыма, якія атачаюць доўгія чорныя вейкі, пазакручваныя дагары.
-Няўжо?- Я хістаюся, ухапіўшыся за сэрца.
-Ага! – Нехта вельмі задаволены эфектам. – Потым той хлопчык пабег на вуліцу, ва ўсе дамы, і пачаў уключаць усе кампутары запар, з якіх вылезла безліч разнастайных пачвар. І так ён абабёг весь свет і ўключыў усе кампутары, ноўтбукі, планшэты і тэлефоны міру!
-А ён не баяўся?
-Трошачкі. Але, ён цярпеў. І калі ён усё гэта ўключыў, аднекуль з’явіўся другі хлопчык, старэйшы. Ён казаў, што ўсё неабходна тэрмінова падладзіць. А калі яны ўдваёх пачалі разбіраць усе гэтыя прылады, высветлілася, што ўсяго-ткі ў кожнай з іх быў дрэнны кантакт.
-Як усё проста.
-Яны парамантавалі ўсе кампутары, і тады пачвары пазнікалі назаўсёды. А людзі перасталі баяцца.

Канец.

Фота з кампутару.)))


Рецензии
Слаўны хлопчык, прадухіліў канец свету))) Ага, інтэрнет - ён такі!

Нероли Ултарика   05.06.2017 12:14     Заявить о нарушении
Дзеці часам так дзіўна гавораць. Сёння на лецішчы велькая кампанія 4-12 гадоў:
-Ай, мне надакучыла гэта гульня.
-Точна! Давайце ў што-небудзь іншае.
-Ува што?
-Можа, кабана пажарым?
-Точна, давайце кабана.
))) Кашмар.

Има Иро   06.06.2017 22:35   Заявить о нарушении