Гисторыя пярсцёнка

                Гісторыя пярсцёнка
На левай руцэ нашу пярсцёнак падораны цесцем Браніславам. Сярэбранны, з чырвоным каменем. Доўга не ведаў, што за камень такі, але адзін ювелір-знаўца безапеляцыйна сцвярдзіў, што гэта сердалік. Ужо і не помню, да вяселля падарыў Браніслаў пярсцёнак, ці пасля таго, як пабраліся шлюбам з яго адзінай дачкой Веранікай. Цесць мяне ўпадабаў адразу, чамусьці ўзгадваецца эпізод з фільма “Вяселле ў Малінаўцы”, менавіта вось гэтая фраза: “І чаму я ў цябе такі ўлюбёны?” — гэта фраза вызначала стаўленне Браніслава да будучага зяця. Добра помню, што яшчэ да вяселля, ён таямніча паведаміў:
— У мяне ж золата ёсць. Я ўсім па пяцёрачцы дам, але ты мне настолькі спадабаўся, што я пяцёрачку табе, і пяцёрачку Вераніцы. Усім толькі па пяцёрачцы, а вам будзе дзве пяцёрачкі.
З золатам асобая гісторыя, цесць памёр на гадоў дзесяць раней за сваю Станіславу, бо быў сапраўдным польскім кавалерам, — на трынаццаць гадоў старэйшы за сваю жонку, а золата дзяліла менавіта яна і не прысутнічала пры размове свайго мужа, ды я і не асабаліва прэтэндаваў на іхняе золата. Таго спадчыннага золата мы і ў руках не патрымалі, прадалі за даляры малодшаму, так што золата ад Садоўскіх нам увогуле не дасталася, калі не лічыць саму Вераніку. Пляваць на тое золата…
 А вось пярсцёнак нашу з гонарам. І не проста ім ганаруся, ён як бы ёсць асобая адзнака маёй чалавечай годнасці. Чатыры сыны было ў Браніслава са Станіславай, а пярсцёначак дастаўся мне, чужому па-сутнасці чалавеку. Прывёз яго Браніслаў Іосіфавіч з Германіі, калі прыйшоў з вайны. Пры вайсковай частцы быў шаўцом, яго машынка “Зінгер” лічы што ўсё жыццё карміла вялікае сямейства, дык вось нейкай нямецкай фраў нешта пашыў Браніслаў і тая разлічылася пярсцёнкам.
У пачатку дзевяностых пярсцёнак на Камароўскім рынку ўбачыў каўказец, вочы платаядна загарэліся: “Прадай! — узмаліўся ён”
— Не прадаецца.
— Сто, дзвесці доллароў… Колькі хочаш? Трыста!!! — на той час гэта было пяць-сем зарплат.
— Не прадаецца. Падарунак…
Ох і злаваўся тады каўказец, што не ўсё можна купіць за даляры, нешта пачаў па свойму шаўрыхаць: “Кішдылах!” — агрызнуўся я і пайшоў сваёй дарогай.
 З часам чырвоны камень выпаў, бо верхні абадочак, які абціскаў сам камень,  зцёрся за дзесяткі гадоў. Панёс я пярсцёнак у ювелірную майстэрню. Не ўзялі. Я доўга абураўся, што за майстар такі, што не можа зрабіць простую работу. Праблема, відаць, палягала ў тым, што камень быў не круглым, а авальным. Вядома, што апрацоўваць, паглыбляць і абціскаць з бакоў камень металам, прыйшлося б уручную. А яшчэ ж камень можа і трэснуць. Вось і не ўзяўся ювелір за работу.

Пасадзіў камень на эпаксідку і колькі гадоў без праблем насіў пярсцёнак. І вось пасля Дня Волі 2017 года, калі нас з Валерам Герасімавым і Міхасём Аляксейчыкам арыштавалі за 15 хвілін да пачатку свята, і ў Партызнаскім РАУСе нейкі капітан патрабаваў, каб я зняў пярсцёнак, а я адмаўляўся, матывуючы гэты тым, што ён не здымаецца, маўляў, урос у палец, але капітан аказаўся нахабным і ўпартым, пачаў зрываць сам… Сарваў, сабака, ледзьве не з мясам пальца сарваў, але выраніў пярсцёнак на асфальт, ён дзынкнуў і чырвоны камень з яго выскачыў.
—Ну, што дабіўся свайго? — глянуў калючым позіркам на паскуднага мянта, — яшчэ паплацішся за гэта, пярсцёнак загавораны, яму болей гадоў, чым табе.
Але ён не спужаўся маёй грозьбы,  загадаў і крыжык нацельны зняць: “Не буду! — заклаў я рукі за спіну, — здымай сам! І таксама паплацішся за гэта!” Ён зняў, не пабаяўся, — цяпер будзе расхлёбвацца і сам, і радня яго, але ці зразумее?
А крыжык у мяне таксама адмысловы. Гадоў 23 таму з малітваю сплёў з моцных бела-чырвоных нітак матузок і з тае пары амаль не здымаў яго. І гэтая мянтоўская паскуда, не, каб проста зняць крыжык праз галаву, а ўзяў і раскурожыў павадок ад блясны, якім крыжык мацаваўся да бел-чырвона-белага шнурка. Вераніка потым  завязала адмыслова і атрымаўся яшчэ адзін крыжык, ці трызуб з матузка, а ніжэй — срэбраны нацельны крыжык.
А нядаўна ў свайго сябра Гены Нічыпаровіча, вельмі цікавы чалавек, хоць і ватнік, мастак, скульптар, увогле адмысловец. Ён раптам паказаў зялёны шнурок, на якім насіў свой крыжык і прапанаваў: “Парвеш?”. Я паспрабаваў, — моцным аказаўся.
 І я па дурасці сваёй зняў з шыі і падаў яму свой. Трэба сказаць, што фізічна Генадзь вельмі моцны, як і ўсе скульптары, займаўся каратэ, барацьбой…
З першага разу ў яго не атрымалася парваць. Але з другога, — трэснуў мой шнурк.
— Бляха-муха! Дваццаць тры гаду нашу… І на табе!
— Дык я ж не ведаў, што гэта ў цябе рэліквія. Навошта тады было прапаноўваць? Мой проста капеечны.
Але Генадзь, майстра на ўсе рукі, узяўся ў знак кампенсацыі адрамантаваць мой пярсцёнак. І адрамантаваў. Цяпер нашу яго і не баюся, што чырвоны каменьчык выпадзе. А яшчэ Генадзь абяцаў знайсці мне белыя і чырвоныя шаўковыя ніткі, каб я зноў сплёў з малітваю матузок для свайго нацельнага крыжыка.
Тры гады таму апісаў гісторыю свайго пярсцёнка, а ўчора яна нечакана займела працяг. Амаль нейкае містычнае падаўжэнне.
Асобна скажу, што калі ў гэтым годзе адбываў свае 10 сутак, то пярсцёнак таксама быў са мною, на гэты раз міліцыянеры паверылі, што ён не здымаецца, як і абручальны. У камеры на Акрэсціна, Аляксандр, што сядзеў па крымілцы, адразу звярнуў увагу на пярсцёнак: “Прадай!”.
— Не прадаецца, падарунак.
— Я запомніў твой адрас, з пальцам адрэжу. Прадай.
— Не. Гэты пярсцёнак цесць з вайны прывёз і мне падарыў.
А ўчора раніцай, калі заварваў каву, падумаў раптам, ну зусім спантанна без ніякай сувязі з папярэднімі думкамі: а колькі яшчэ пратрымаецца каменьчык у пярсцёнку, які мне зрабіў Нічыпаровіч? Проста падумаў так і ўсё. Сяджу пасёрбваю каву і гляджу навіны “Белсат”. Падыходзіць Пацешка і скача на мяне, пакусвае пальцы руку, пагаўквае, што значыць на сабачай мове: пайшлі гуляць, бо мне ўжо няўсцерп! Сабраўся і выходжу. У нас цяпер ліфты мяняюць ва ўсім доме, таму спускаючыся па лесвіцы заўважаю, што мой пярсцёнак бе каменя. Дваццаць хвілін таму, калі я падумаў пра Генадзя, сердалік быў на сваім месцы, а цяпер — проста дзірка. Пагуляў з Пацешкай. Вярнуўся, агледзеў кватэру, асабліва кухню, пярсцёнка не знайшоў. Ну, усё, падумаў “з канцамі”, хіба што нейкі іншы камень можна будзе ўставіць.
Прачнулася Вераніка, распавёў ёй пра тое, што згубіўся камень з пярсцёнка. А яна, — глядзь на падлогу і пыдамае каля пліты мой сердалік. Адразу ж разам падзякавалі Госпаду, і памаліліся, што ўсё добра скончылася.
Вось такі пярсцёнак у мяне. Такая гісторыя. Трэба ўсё ж такі зноў пасадзіць на эпаксідны клей.


Рецензии