Пост дуплетам, час ночы...

ПОСТ ДУПЛЕТАМ
Час ночы.
Лёг у 23.00 – вельмі хацелася спаць, проста засынаў за ноўтам. Лёг і праваліўся ў забыццё. Прачнуўся. Вераніка побач і не спіць. Адчуванне такое, што ўжо раніца і цалкам выспаўся. Ідзе пост. Ведаю: трэба запісаць у чарнавік тое, што вылузваецца з душы, бо заўтра яно альбо забудзецца і не ўспомніцца, альбо падасца зусім не важным, дурным і абсурдным, а гэта далёка не так. Бо ўзяў сабе за правіла апошнія дні, як толькі прачнуся, зазвычай Вераніка ў гэты момант спіць, спаўзаю з ложка на калені і малюся не доўгі час перад Вобразам Спаса Нерукатворнага, што вісіць над нашым ложкам. А тут прачнуўся і яна не спіць. А трэба запісаць першую думку, бо яе злавіў і зафіксаваў, бо думка гэтая самая важная. Вераніка ўгаворвае мяне, каб я спаў. На ўсе мае аргументы, знаходзіць свае важкія словы. Кажу, мяне Бог прабудзіў і чую ў адказ:
- Я ў цябе бог!
- Дык і добра, але ж мне трэба запісаць, і пасікаць трэба.
- Толя, а ты ведаеш колькі часу?
- Не ведаю, можа ўжо раніца…
Упарта спаўзаю з ложка і станаўлюся на калені перад іконай, той самай, што вісіць над ложкам, тою, што была ў “Трынаццаці днях Антона Кудлатага” звычайным праваслаўным каляндарыкам і якую я за дзесяц-трынаццаць гадоў уласнымі рукамі ператварыў у сапраўдны Вобраз, які ўчора сфатаграфаў на свой тэлефон і паказваў дзецям на выступленні ў бібліятэцы
Памаліўся кароткаю малітваю, як зноў жа ўзяў сабе за правіла цягам апошніх трох дзён рабіць, і пайшоў у прыбіральню. Глянуў на гадзіннік, а і сапраўды, толькі гадзіна ночы. Значыць, я і праспаў толькі дзьве гадзіны. Ах, Бог ты мой, а я ж думаў, што гэта ж раніца. Сяджу і пішу. Мой план пакуль такі: дапісаць да канца, сфатаграфаваць старонкі і вывесіць фотаздымкамі чарнавіка з фота ў ФБ.

Успомніў, што ў мяне застаўся яшчэ бакал піва. Цудоўна. Вось дап’ю яшчэ піва. Схадзіў, -- няма. Вераніка дапіла. І гэта таксама добра. Трэба кінуць хаця б у Пост. І трэба папасціцца і дайсці да прычасця. Бліснула ўчора думка адпасціцца шчырым пастом хаця б тыдзень, 7 дзён пасядзець на вадзе… Не, хаця б тры дні, цяпер так думаю. І так паспрабую зрабіць.

“Аўтограф галубком” паставіў, маланку чыркнуў і падпісаў дату:
11.03.2017, час: 01. 30 хвілін.


Рецензии