Трымай стырно

Я ўбачыла яе знянацку, яна імкліва пераходзіла дарогу па дыяганалі, як раз у мой бок. Не заўважыць яе было немагчыма, пазбегнуць сустрэчы вачыма я не здолела, але ўласная рэакцыя здзівіла мяне і збянтэжыла. Жывотны жах ахапіў мяне, злавіў за раптоўна здранцвеўшыя ногі, заенчыў мне ў аглохлыя вушы: “Бяжы!” Я амаль развярнулася, амаль падскочыла, але наяве доўжыла марудна цягнуцца па ходніку, змагаючыся з вірам вострых шпілек у галаве. Вось катаванне!
-Прывітанне, - ціха прамармытала я, прыхарашыўшыся лёккай усмешкай і крыху павярнуўшы да яе галаву.
-Прывітанне, - ейны голас падаўся мне занадта пяшчотным, але лягчэй мне не зрабілася. “І што далей, - думала я, - што далей? Запытацца, як справы?” Я выпрасталася і прамінула яе, нібы сустрэча з ёю – нешта руціннае, штодзённае. Ці маю я права цікавіцца ейнымі справамі? Не маю, не смею і не асмелюся ніколі.

Аднойчы я вяла машыну па вузкай шашы ў залеву і раптоўна з-за сустрэчнай фуры на маю паласу выслізнуў занадта шпаркі легкавік, кіроўца крутануў абаранак, яго занесла і пачало хаатычна круціць па вільготнаму асфальту, шпурляючы ў розныя бакі. Учапіўшыся ў стырно і пільна ўглядаючыся наперад, я тады нейкім цудам пазбегла сутыкнення, назіраючы за падзеямі толькі бакавым зрокам праз шкло, а потым у люстэрка. Выраўнавацца ён не здолеў і зваліўся ў кювет. Тады я патроху развярнулася і накіравалася да яго, каб дапамагчы ці ратаваць. Трэба сказаць, людзі беглі да яго з усіх бакоў, легкавічок агульнымі намаганнямі паставілі з даху на колы, але кіроўца, вылучыўшы мяне з натоўпу, пачаў кідацца і енчыць:
-Табе чаго! Пайшла адсюль! Прэч!
Такім чынам, мімаволі я зрабілася вінаватай, бо трапіла не ў тое месца ў неадпаведны час.

Я навучыла катацца на ровары свайго сына, калі яму было чатыры з паловай гады, яшчэ праз год ён упэўнена трымаўся ў сядле, пераадольваючы даволі складаныя трасы, а нават пасмакаваў асалоды ляцець з гары з ветрыкам у вушах. Яму здавалася, што ён вельмі хуткі, але я трымалася заўсёды побач на сваім дарослым горніку, прытарможваючы і адпіхваючы нагамі сабак. Я казала яму так:
-Што б не нарабілася ў наваколлі, памятай: трэба моцна трымаць стырно, не адхінацца, не азірацца, не зварочваць, і глядзець проста наперад.
Некалі мой голас абавязкова ўсплыве з ягонай памяці ў складанай сітуацыі. Я спадзяюся, ён уцяміць: “мама казала так”:
-Трымай стырно. Глядзі строга наперад.


http://www.youtube.com/watch?v=H3evCDEXp4I
Тут я чую ўпарта "Беларусь" замест "батарэек".)))


Рецензии