Бусков собачка

Буськаў сабачка
Некаторыя з фейсбучных сяброў засумняваліся, што сярод тузіна прафесій і спецыяльнасцей, у мяне ёсць яшчэ і дыплом ветэрынарнага фельчара. Дарэчы, Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум у 1981 годзе, я мог скончыць і з чырвоным дыпломам, проста палянаваўся пераздаць некалькі прадметаў, каб памяняць колер дыплома.
Мой першы начальнік пасля войска загадчык фермы Бусько меў маленькага кабялька, у радаслоўнай якога было столькі ўсяго намешана, што і Гасподзь Бог не разабраўся б: пікінэсы, таксы, пудзелі, адным словам, -- сімпатычны такі кашлацік, сапраўдны двортэрер, які хвосцікам бегаў за сваім гаспадаром. Вось Бусько неяк і пытаецца:
--Толя, а ты мог бы яго паляйчаць? А то як сучку якую ўбачыць, адразу неўпраўляемы робіцца. Заві – не дазавешся.
-- Запраста, Міхаіл Іванавіч!
-- Трэба лішыць яго мужскога достоінства, каб ведаў, што я хазаін. Каб не бегаў за кожнай сучкай.
І надарылася неяк у хаце Міхаіла Іванавіча абедаць. Вось ён і ўспомніў пра сваю просьбу. Я паспрабаваў аднекацца, маляў, і скальпеля няма, і ёда, і прысыпкі…
--Ёд ёсць. Вось і вата табе, -- прынёс ён з хатняй аптэчкі бутэлечку з ёдам і белы шматок ваты, -- адклад не ўдзе ў лад. Скальпель? Вось мой сцізорык, гостры як брытва. Заўсёды з сабою на ключах нашу.
Я пакратаў пальцам лязо. Ножык сапраўды быў гостры.
--Трымаць будзеце?
--Канешне. Вунь запіхну ў рукаў фуфайкі і ўсе справы.
Ён узяў на рукі свайго сябра, які яшчэ нічога такога не падазраваў, зняў з цвіка фуфайку, расклаў яе на стале, прыбраўшы талеркі, і пачаў піхаць у рукаў галавою любімца навакольных сучак. Той, быццам штосьці западозрыў, і бачаў выварочвацца.
Часу на роздум не заставалася. Як толькі Кашлацік быў запіхнуты ў рукаў фуфайкі, і Міхаіл Іванавіч, трымаючы адной рукой галаву, а другой разсунуў заднія ногі, каб мужчынскія прычындалы былі ў добрым доступе, я ватным тампонам прайшоўся па мяшочках, яны сталі адразу рудымі, і заціснуўшы пальцамі, як вучылі, чыкнуў гострым лязом сцізорыка…
Вой! Як ён бедны крычаў, як плакаў… Што я адразу ж даў сабе зарок, што болей ніколі ў жыцці не буду кастрыраваць сабак. Ён так плакаў, так галасіў і скавытаў, так улюлюкваў і скуголіў, што я не здзівіўся б, калі б Кашлацік узмаліўся чалавечым голасам.
Праз тры хвіліны Кашлацік быў вытрушаны на вуліцы з рукава і задаў стрыкача.
--Зажыве, як на сабацы! – рассмяяўся Міхаіл Іванавіч, -- цяпер не будзе бегаць па сучках.
Самае цікавае ў гэтай гісторыі, што пасля гэтай экзэкуцыі, калі Бусько прыходзіў на ферму, а следам за ім бег Кашлацік, бо ўбачыўшы мяне, кідаўся ў бок, як ашпараны, і бліжэй чым на метраў пяцьдзесят не асмельваўся да мяне падыходзіць.


Рецензии