Празрыстасць 1

Ілона стаяла пасярод дарогі, якая складалася з пяску і жвіру, сярод іхніх зблытаных патокаў трапляліся буйныя камяні, якія перамяжаліся з аточкам і аскепкамі крэмню, ствараючы дзівачны, але зграбны малюнак. Ніжэй маленькая рачулка хавала ў вербалозу парачку лебедзяў з шасцёрыкам брыдкіх кашчавых качанят, вышэй быў трохі бачны шэры бетонны плот вайсковай часткі, абапал распасціраўся разнатраўем высокі быльнік. Відавочна, тутака не касілі з вясны, а можа і ўвогуле. Гадзіна была дзясятая, але цёплая вечарына ўлетку святлейшая за раптоўную раніцу. Выпрастаўшыся і паўзняўшы рукі, Ілона ўважліва дырыжыравала грукочучым аркестрам конікаў-цвыркуноў, выразнымі жэстамі загадваючы змоўкнуц групцы, якая атарабарылася ў крываўніку, каб прымусіць урэзаць хор з-пад іржавага гаража. Моўчкі смеючыся, Ілона нават не спрабавала захаваць сур’ёзны выгляд. Імаверны суразмоўца быў спынены страшэнным выразам твару, паміж гэтым аберуч Ілона максімальна падвысіла гучнасць, потым крутанула адной далонькай, склаўшы другую шчыльным шчыпяром і скончыла канцэрт адной высокай нотай.
-Я хацеў запытацца…
-Слухай, я казала адчапіцца ад мяне? Казала? Дык вэк.
Ілона паскорана ўскараскалася ўгару, прайшла сцяжынкай каля плоту і праслізнулася ў шчыліну паміж гаражамі, з нумарамі дваццаць адзін і дваццаць два. На апошнім чорным маркерам было крыва напісана: “Просто начни”.
-Пра надвор’е…
-Няма часу, браце. Адна справа – адзін сонечны дзень. Працуй і будзе табе па ўчынках.
-Газа скончылася.
-Да яго, - Ілона ківам галавы паказала на хударлявага з празрыстымі блакітнымі вачамі, які корпаўся ў адным з гаражоў. Той усміхнуўся адказам і жартаўліва пакланіўся.
-Хто гэта?
-Газавік.
-Гэта незаконна.
-Затое, мажліва.
-Але як?
-Якам дагары. У яго радзімец і цукровы дыябет.
-Ты ўсіх тут ведаеш?
-Прыкладна траціну. – Ілона спынілася і пільна паглядзела ў чорныя вочы суразмоўцы. – Узровень “каламутная празрыстасць”.
-Эээ. Як гэта?
-Няма часу тлумачыць, прабач.
-Надвор'е...
-Вэк! - Данеслася з-за павароту.
-Калі ласка, - чорнавокі прамовіў ужо сабе пад нос.


Рецензии