Маленькi княжа

Дзённікавы запіс, мастацкай каштоўнасці не нясе.

Эпіграф. Падслуханы дыяложык двухгадовага дзіцяці з бацькай:
-Тата, як-тут-вузенька, тата, як-вузенька.
-Да, сыночек, ос-то-рожненько. Повторяй, ос-то-рожненько.
-Як-тут-вузенька. Тата.

Сёння ў нас урачыстасці, я апранаю доўгую сукенку ў ружы, упрыгожваю рукі рознакаляровымі пярсцёнкамі і бранзалеткамі; маленькі таксама ў лепшым строі ўлюбёнага пясочна-бэжавага колеру. Мы ўпэўнена-павольна йдзем праз плошчу, трымаючыся за ручкі, абмінаючы грувасткі помнік Леніна.   
Маленечкі перапоўнены кінатэатрык пазірае на нас, усміхаючыся цікаўскімі тварыкамі. Я бачу тэлебачанне і Андрэя Кіма, які дае інтэрв'ю, таму мы ціхенька пераходзім на другі бок будынку, каб зайсці другімі дзвярыма ў бар за папкорнам. Мы прыйшлі глязець мульцік на беларускай мове.
Мілька ў захапленні не адрываецца ад экрану, я пазіраю на яго, трошкі хвалюючыся. Ззаду чутна, як іншыя дзеткі ўедліва пытаюцца пра незнаёмыя словы ці ўдакладняюць іхняе значэнне, мой проста шэптам хутка паўтарае раз за разам тое, што больш падабаецца. Паўтарае шматкоць, відавочна намагаючыся запомніць.
-Ці ўсё ты зразумеў? - Я нахіляюся да яго апасля сэансу, пільна ўглядаючыся.
-Канешне! - Ён паблажліва памахвае на мяне ручкай. Мы бяжым на прыпынак, дзе я павінна перадаць сына бягучаму насустрач бацьку, бо яны з'язджаюць на выходныя на лецішча. Раптам малы ўзнімае вочы і голасна пачынае размову са мной па-беларуску, з адпаведным гучаннем. Робіць ён гэта наўмысна і асэнсавана. Мінакі азіраюцца. Я слупянею, бо на імгненне мне падалося, што са мной размаўляе мой дзед!

Дзеда свайго я не бачыла, ён памёр яшчэ да маіх народзінаў, але мая маці яго вельмі любіла, таму я даволі нядрэнна ведаю яго завочна. З бабуляй ён пазнаёміўся ў Пецярбурзе, дзе абое атрымалі вышэйшую адукацыю. Вяселле прайшло без згоды бацькоў, таму ўсялякія зносіны з упартай дзедавай радзінай былі страчаныя назаўсёды, нажаль. Маці мая - апошняе позняе пасляваеннае дзіця, якое нарадзілася, калі абое ўжо былі інвалідамі, а дзядуля памёр, калі яна была яшчэ малая. Болей бабуля замуж не выходзіла, нягледзячы на прапановы заможных кавалераў, а маці мая, як казала, злавалася з гэтай нагоды, бо жылі яны вельмі сціпла. Я памятаю, што бабуля заўсёды хадзіла фанабэрыста выпрастаўшыся з узнятай галавой, на якой каронай ляжала тоўстая каса, таму ўсе хутка забываліся, што яна пачварна кульгала.

Пазней, здзейсніўшы штотыднёвую ракіроўку, я таропка вязу на лецішча ўжо маю матулю разам з Мількай. Раптоўна яна кажа яму:
-Глядзі, Ярыла. Гэта завецца Ярыла.
Сонейка заходзіць, размалёўваючы краявід у ружовае з памаранчавым.
Я ізноў торгаюся і слупянею, бо выразна чую голас дзеда, інакш адкуль, адкуль гэта ў яе, як не ад яго? Ураджэнца Белавежскай пушчы, як кажуць.

Пасляслоўе.
Мая свякроўка ніколі не дазваляла мне працаваць на ейнай "фазэндзе". Пры гэтым яна ўспамінала ўласную свякроў, якая ніколі сама не працавала, толькі кіравала вялікай гаспадаркай і людствам. І курыла. На тыя часы гэта было нешта неймавернае.


Рецензии