Ёршык з паралончыкам

Шасцігадовы Мілька сапраўдны артыст.
-Вы штооо, - трагічна раве выкладчыца спеваў, - у яго голасу зусім няма. Ён жа нічога не разумее. Дзетанька, ты спяваеш, як мядзведзь. А як птушачка, умееш? Ну, паспрабуй! - Яна нэрвова цісне на клавішу фартэпьяна патрабавальным паказнікам.
- Бдзынь! - пішчыць струна пад клавішай.
- Чык-чырыыык, - басавіта гудзе Мілька. Мількіна маці бязгучна трасецца і складаецца папалам на "галёрцы". Мілька разважае, заплакаць, ці не. Унутраная барацьба адлюстроўваецца на ягоным збялеўшым тварыку, выразныя вочы адчайна ззяюць яскравымі сапфірамі.
- Затое, я ўмею свістаць! - Мілька ўскарасківаецца на сцэну, выпукляе банцікам чырвоныя губкі і выводзіць складаную пяшчотную мелодыю. Цуд!
- І танцаваць магу, - рукі ўбокі, ножкай шчоўк!
- Каб цябе, - шэпча Мількіна маці, выціраючы смяхотныя слёзы.
На лядовай арэне артыстычны Мілька выдае гульню ў нібыта-хакеіста. Ён выпісвае прыгожыя спіралі вакол гульцоў, зграбненька праслізгваецца паміж сур'ёзнымі байцамі, раз-пораз прысядаючы ці паўзняўшы тонкую доўгую ножку. Калі грубка малалетак збіраецца ля борціка, ён усаджваецца ў яе і раз'юшана дзяўбе клюшкай у цэнтр. Па шайбе аніразу Мілька пакуль не папаў.
Хакейныя мамы вішчаць і тупацяць ножкамі побач. Мількіна маці сарамліва пазірае, уцягваючы галаву ў плечы. Калі б яна была чарапахай, яна схавалася б уся ў халадзеючы хакейны панцыр, у які паступова ператвараецца ейная спіна.
- Нахалеру мне гэта ўсё трэба? - паразліва разважае баязлівіца.
- Давай сыначка, хутчэй, я ў цябе веру! - Крычыць Багдану Танька. Макрусенькі карчавы Багдан цяжка валачэ ногі з трэніроўкі, з нянавісцю пазіраючы на дарослых праз краты шлему. Мілька шлем зняў, рассыпаўшы залатыя валасы праменнем вакол ружовага тварыку, і нясе яго пад пахай. Ён шпацыруе вытанчана і дзёрзка, нібы мадэлька на абцасах.
Некалі на Раство хакейны Дзед Мароз прынёс малым поўны мех цукерак і імянных шайбаў. Кожны хлопчык, пачуўшы сваё імя, з гонарам выяжджаў атрымаць запаветны падарунак. Мілька ўвасабленным скандалам адвярнуўся спіной да Мароза і абодвух трэнераў.
- Шайба мне не патрэбная.
- Гэта як?
- Я прасіў у Мароза ёршык з паралончыкам.
Мілька надзвычай прыгожа ўмее чытаць вершы. На выпускным у дзіцячым садку ён атрымаў паперку дзеля зубрэння:
"Я хочу как Басков петь. Я смогу. Я справлюсь. Может, Алле Пугачёвой тоже я понравлюсь."
- Яшчэ чаго, - абурылася Мількіна маці. - Нізавошта. Трэба паразмаўляць з выхавальніцай.
Наступнай раніцы ў садку Мілька самастойна аб'явіў, што гэтую лухту ён вучыць не будзе, бо яна мамцы не падабаецца.
На першы-раз-у-першакласную лінейку Мілька атрымаў нецікавы, але бадзёры вершык:
"Ждёт природа, лес и поле, ведь в поход пойдём не раз. Ждут меня десятки в школе, ждёт меня весь первый класс."
Мількіна маці з агідай зморшчыла носік:
- Ат, нецікава. Можа, нештачка сваё замест стварыць? 
- Можа, лепей памаўчы? - сказаў Мількін татка.
На ўрачыстай лінейцы Мілька замест дэкламавання раптам і кажа ціхамірна ў мікрафон:
- Пачакайце, я яшчэ не склаў добрага верша.
- Ёршык з паралончыкам, - брудна вылаялася Мількіна маці, - ёршык з паралончыкам!


Рецензии