За мяжой

Гэта наш з табой свет.
Там, дзе вусціш салодкая
Разліваецца ўсюды -
Правадоў тэлеграфных паміж
І ўздыхаў лістоты,
Серабрыць ідэальныя ходнікі
Месяцоваю свежасцю;
Зябкавата ад зданяў,
Што вартай паўсталі ліхтарнай
І скуру святлом сваім
Гладзяць нячутна.
І ўсё роўна ўрачыстаю
Цёплаю цемрай брыняюць
Паравозы і сцены,
Сады і склады –
Быццам вочы мае.
Мае вочы таксама.
І я імі не бачу цябе,
Але чую прысутнасць –
Разам з пахам гардэній,
І трывожным звонам трамваяў,
Разам з грукатам сэрца твайго
Ў рэху станцый.
Ты цяпер невяртанец:
Закідаюць сюды – назаўжды.
Аднаго прашу: не хвалюйся.
Я дасведчаны сувязны.
Я сустрэну цябе ці на станцыі
(Буду ў чырвоным),
Ці на пустцы на ганку
(Чорны строй апрану),
Ці ў святочным і белым
На прысадах таемных,
Ці аголенай ў ліпеньскім садзе.
Тут дакладна адно –
Ты пазнаеш.
Немагчыма мяне не пазнаць.
Немагчыма пароль
Памылковы назваць
І праз тое загінуць
(Куды ўжо далей?).
І таксама не трэба баяцца –
Бо каханне са смерцю
Ідзе заўжды поплеч.


Рецензии