Ялiнка

Гэтае здарэнне адбылося напярэдадні дзён, калі паветра, падаецца, прапахла мандарынам, але не ўсе могуць улавіць гэты водар, бо пазакладала насы – распачаўся сезон вірусаў. Дзён, у якія хутка агаляецца гаманец: набываюць тое, што і не трэба, а яшчэ гэтыя чэргі… Тых дзён, якія суправаджаліся неверагоднай колькасцю ежы, якую можна было есці на працягу месяца. Дзён, у якія цябе не лічаць за вар’ята, калі ты на галаву начэпліваеш рогі аленя на абручы і рагочаш на ўвесь раён. Карацей, тых самых дзён, імя якім –  Новы год.
Менавіта такімі днямі, а калі быць больш дакладным, 27 снежня каля дзясятай гадзіны вечара, Хведар Ячкоўскі выйшаў з дому з сякерай, каб ссекчы елку.  Лес быў побач, але ж ссякаць дрэвы ў ім было нельга. Леснікам там розным можна, а вось іншым – не. Хведар не быў лесніком. Ён проста быў...
Дык вось за тое, што нехта без згоды ляснічага зрэжа дрэўца, не запалаціўшы, таму самаму ляснічаму пэўную суму, то штраф гарантаваны. А ўжо які – будуць вырашаць у судзе: чым больш зарабляеш, тым большы штраф.
Ячкоўскі спадзяваўся, што нікога ў лесе такой цемрай не будзе, і ён зможа без цяжкасцяў прыцягнуць елку дадому. Ну, не набываць жа... Вядома, на кірмашах іх прадаецца дахалеры: і вялікія, і маленькія, і нават да елак не падобныя. Але ж усё каштуе грошай. Дый шкада іх неяк за такія рэчы аддаваць, калі можна бясплатна атрымаць жаданае.
Неба было цёмнае, але зоркі гарэлі ярка. Хведар у думках ужо соладка ўяўляў, што вось ён хутка зрэжа елачку, прынясе яе  ў пакой, жонка плясне ў ладкі і выкрыкне: “Супер!” І яны спакойна, без ніякай мітусні заўтра яе ўпрыгожаць, і стане елка ялінкай. Вось з такімі салодкімі марамі прыкрочыў Ячкоўскі да натоўпу елак. Бяры – не хачу. Праўда, сем з іх былі чамусьці лысаватыя, без ігліцы. Яны стаялі побач. Ячкоўкі прыгледзеўся да ўсіх дрэў, і позірк спыніўся на адной маладзіцы.
І толькі ён замахнуўся сякерай на зялёную чараўніцу – на галаву скінулася шышка. Ды так моцна даўбанула, што Хведар не ўтрымаўся і выгукнуў: “Бляха! Падла!” Замахнуўся другі раз. Тут на галаву пасыпалася ігліца і нейкі голас басам пракрычаў:
- Ты ненармальны ці што? Табе ж далі зразумець: не сячы. Халеру лезеш?..
Хведар быў у шоку. Хто гэта мог быць? Ён баяўся паварухнуцца. Нават галавой не круціў, проста вычыма прабег, але нікога не заўважыў.
- Нічога не разумею, – ціха прамовіў Ячкоўскі,- нікога няма, а голас нібы тут ля вуха хтось гаварыў. Ну, паспрабую яшчэ.
І Хведар замахнуўся з усяе сілы. І адначасова на яго пасыпаліся тысячы ігліц. Нечы голас разышоўся на ўсю моц:
- Курва, ты супакоішся ці не? Дэгенерат які… Тысячу разоў яму кажу – не даходзіць. Вось скажы мне: я прыходжу да цябе калі і сяку твае ногі?
- Божа. Хто тут? – спалохаўся Ячкоўскі.
- Я тут. І я не Божа. – супакоіўся голас і нават трохі павесялеў.
- Клава, гэта ты? Вырашыла мяне разыграць. Адпомсціць трохі. Я табе грошы аддам, ты толькі не турбуйся! Але ж лоўка ты прыдумала напалохаць мяне, – і тут Хведар засмяяўся. – Выходзь ужо. Чаго хаваешся?
- Што мне хавацца. Я і так перад табой.
- Дзе? – не ўцяміў Хведар, і ўсмешка знікла з твару.
- Ну вось стаю такая прыгожая, трохі ў снезе. – казаў голас.
- Тты? Ттты елка? – ледзь вымавіў Хведар і каўтнуў камяк у горле.
- Не, блін, піхта.
- Божа… Дапрацаваўся. Казала мне жонка: “Кідай працу на гэтай лакавай фабрыцы, адныя хімікаты. Чым ты дыхаеш?”
- Чаго сюды прыцёгся, хімікат?
- Ну, зусім звар’яцеў, – спалохаўся Ячкоўскі канчаткова. Пачаў лэпаць па кішэнях у пошуку якога сродку. Відаць, каб адцягнуць момант асэнсавання ўсяго, што з ім цяпер адбываецца. Хоць у кішэнях нічога не было. Яны былі пустыя, і Хведар пра тое ведаў. Ён нават мабільны пакінуў дома.
- Прыйшоў мяне забіваць, а цяпер я мушу суцяшаць цябе. Во  дажылася… Аёечкі-аёй. За 10 гадоў першы раз такое раблю. Звычайна шышку кіну і ўсё, ігліцы там сыпану трохі, а тут такі ўпарты патрапіў. – дакарала елка, як першая настаўніца.
- Навошта я прыйшоў у лес. Аааа… - Хведар быў на мяжы плачу.
- І я пра тое: халера вы лезеце сюды. Дома сядзі. Лес – наша жыллёвая плошча, ваша вунь стаіць, з блокаў нешта злепленае. Вось там і сядзіце. Дык жа ж не – трэба сюды прыцегціся і рубануць каго.
“Калі я яе не ссяку, то сапраўды вар’ят. –  думаў Хведар. – Елка… І гаворыць. Дурноцце! Перапрацаваў, мусіць за тыдзень. Столькі ж спраў было. І гэтая падрыхтоўка да сталоў. Ой…Ссяку і ўсё.”
І тут ён замахнуўся, але не паспела лязо крануць кары: Хведара засыпала мільёнамі ігліц.
Абстрэл елкі быў бездакорны. Зялёныя кулі прабівалі навылет. Ячкоўскі ляжаў у нарэзцы калючак, пад ім  разрасталася лужа крыві.
- Ну, усё. Яшчэ адзін. І калі яны ўжо супакояцца?.. –  сказаў голас. – Толькі прыгажосць сваю губляем, давядзецца цэлы год лысаю стаяць. Трохі засталося, але што гэта за прычоска. За гэты тыдзень ужо восем пабілі. І ўсё адно лезуць.


***
На наступны дзень Хведара знайшлі. Ён быў мёртвы. Твару нельга было пазнаць – увесь у калючках. Па тэлевізары ў кватэры Мікіты Пуслоўскага  ў хроніцы крыміналу аб’яўлялі: “…Гэта ўжо восьмая ахвяра. Знойдзены пад елкай у крыві, як і ў астатніх здарэннях. Ці былі яны ўсе самагубцамі ці звар’яцелымі – невядома. Прыкмет нападу не выяўлена. Будзьце пільнымі! Па факту смерці праводзіцца праверка, калі вы валодаеце нейкай інфармацыя, патэлефануйце, калі ласка, на нумар аддзелу міліцыі.”
- Вось чаго толькі не здараецца, – вымавіў у роздуме Мікіта і пачаў нацягваць на сябе куртку. Ужо  выходзячы з дзвярэй крыкнуў жонцы: – Мань, ну я пайшоў у лес па елаку. Хутка буду…


Рецензии