Проста рэцэнзiя-5, на беларускай мове

Калі хто яшчэ не бачыў фільм Лэнса Далі (Дэйлі) "Файны дохтар" 2011г., то не глядзіце, ні ў якім разе. Асабліва, калі вы не медык.
Аднак, калі вы ўжо бачылі гэтае геніяльнае свінства, то павінны шукаць абмеркаванняў і рэцэнзій, але іх няма. Нямашака, паважанае спадарства. Пустэча.
Мяне таксама вельмі здзівіла цалкавітая адсутнасць інфармацыі пра рэжысёра. І амаль не здзівіла ягонае ірландскае паходжанне.
Трэба сказаць, гэтае кіно я глядзела ў два прыёмы, спыніўшыся як раз на моманце скрадання лекаў - з-за раптоўнай адсутнасці сеціва ў жытле. "Вох, які мярзотны тыпчык," - думала я з дакукаю, укладваючыся ў ложак з намерам трошкі паспаць. Ага. Хрэн вам у вочы, як кажуць, а не паспаць. Я шмат разважала ўначы і вырашыла абавязкова гэтае кіно паглядзець да канца, пры гэтым да астатняга заставацца сябрам галоўнага героя, не дазваляць сабе ў ім сумнявацца, ці юдашаствам перайсці на бок абвінавачвання, што б ён не зрабіў. "Улічваючы, што ён безумоўна правы, я дазваляю яму ўчынкі шкадлівыя і нягеглыя. Кропка".
Весь фокус у тым, што гэты дохтар вельмі нармальны і праўдзівы сам і трапляе ў вельмі праўдзівыя ненармальныя ўмовы. Не верыце?
А цяпер, паважанае спадарства, уважліва глядзім у люстэрка, якое я дадала ў якасці ілюстрацыі. Гэты твар у фільме мне падаўся нейкім трошкі занадта размаляваным, каляровым. Нібы трошачкі рэтра. Гэта пан следчы, які паспрабаваў нешта сілком вызнаць у нашага дохтара, а шчыры смех апошняга ў гэтыя наіўныя васільковыя глядзелкі сімвалізуе рогат рэжысёра над паважанай публікай. Ты мяне не зразумееш, кажа рэжысёр, табе гэта не па саплях. Ха-ха тры разы.
Аднак, Лэнс чалавек не толькі дасціпны, але прадбачлівы і літасцівы, таму фільм пабудаваны так, каб кожны інтэлектуальны клас меў на ўвазе нешта толькі для сябе.
Пачнем з нізоў, караскаючыся ўгару.

1. Кожны прыгожанькі дрэнь, санітар, калі ён не канчаткова захраснуў у глупоце, павінен асцерагацца крыўдзіць разумнейшага за сябе. Гэта небяспечна для жыцця. "Ты здохнеш".
2. Кожная прыгажуня павінна ведаць, што для файнага дохтара яна не болей, чым пацыент. І чым больш уважліва ўглядаецца ўрач, тым больш жахлівая апантала пацыента хвароба. Файнаму дохтару напляваць на вашу асабовасць і гульню, калі ён бачыць рэальнага ворага, які нішчыць жыццё ўнутры вашага цела. Гэта ў разы больш цікава, чым чыесці сэксуальныя фантазіі. "Ты ў пралёце".
3. Кожны сярэдні персанал павінен асаджваць сябе ў жаданні дэманстраваць сваю часовую ўладу. Улада абавязкова зменіцца, а звольнены будзе той, хто не ўмее трымаць эмоцыі пад кантролем. "Ты будзеш адпомшчаны".
4. Калегам высокага ўзроўню, нібыта-роўным у сваім асяроддзі, трэба быць больш паблажлівымі да сваех таленавітых паплечнікаў, каб не замінаць іх развіццё. "Даверу, правяраючы! Псіхіятраў прэч".
5. Кожны паважаны, умацаваны дадзенай яму звыш уладай, сілавік павінен адчуваць крохкасць, вытанчанасць і недатыкальнасць генія, каб незнарок не знішчыць будучыні. "Не забі няхочучы".
6. Кожны Марцін Ідэн павінен ведаць сваю каштоўнасць і быць дастаткова мужным, каб не самазабіцца. "Ацалей і змагайся".
7. Птушкі палёту высокага і так добра ведаюць, што і як рабіць. Бачачы ясна адно аднога. "Здымаю брыль".

Калі хто яшчэ мае сумнёвы наконт сказанага тут мною, патлумачу. Файны дохтар сапраўды намагаўся лячыць тую дзяўчыну. Ён адзіны здолеў зразумець ейны дыягназ, але давясці калегам не мог. Што яму падказала, цяжка зразумець. Ён пільна ўглядаўся ў фотаздымак і ў натуру не таму, што ён маньяк, а таму, што нешта ўбачыў невідомае для іншых: можа плямы ці смяротную журбу, гэта засталося па-за кадрам. Яму прыйшлося лячыць яе патаемна, ліхім шляхам, даступнымі вынаходніцкімі  сродкамі і хітрыкамі. Назіраючы, як памылковыя дзеянні іншых ёй шкодзяць. Жахліва, я лічу.
Адзіны, хто яго падтрымаў і зразумеў - кансультант высокага палёту, грант-мэн. Паміж сабой яны абмяркоўвалі мімаходзь тое-сёе на роўных, прашу заўважыць.
Аднак, юнак наш апынуўся не занадта падрыхтаваны да такіх звыш-напетаванняў. Цяжкая разумовая праца выклікала надзвычайную стому. Ён не лайдак, ён стаміўся. Стамілася і я, таму развітваюся.
Да сустрэч!

Ах, да! Я так і не здагадалася, ці ведаў Арланда Блум, якую ролю ён граў. Смяхотна, але магчыма, ён памыляўся ў сваім героі! Пікантненька!


Рецензии