адчай

мы сустракаліся з тыдзень ўжо,
ці з часоў невядомых біблейскіх...
песню песняў ты ўжо праспяваў;
а я сарамлівай быць перастала;
і сказала я тое, што важным было:
- у цябе хворы выгляд.
- атручанне тое.
- чым?
- рэчаіснасцю.
божа, які небарака.
і слёзы, і ярасць, і проста
разгубленасць я адчувала.
але я сістэмы змяніць не магла.
калі я і сама – чалавек такі самы.
салдат і служака. ну, толькі
жаночага полу, яшчэ і паэт –
дастаткова?..
калі не – то да шыі маёй,
да грудзей, да душы
прыкладзіцеся, усхліпы мае
уначы і малітвы паслухайце...
ты мой адзіны і грэшны,
няшчасны, заблытаны, і
выпадковы, канечне...
твая скура нібыта пергамент,
на якім напісаны пакуты,
на ёй драпіны як журавінавы сок,
што сплывае слязьмі і атрутай,
твае крокі балюча-няпэўныя
на краі існавання,
якое, як месяц, даўно
увайшло ў апошнюю чвэрць...
твае рукі як птушкі,
што мітусяцца прад паляўнічым,
а імя яму вельмі кароткае,
імя, як удар гільяціны: Смерць...
на хаду ўжо сілы згасацюць,
але крылы твае не знікаюць,
і такімі ж срэбнымі ззяюць…
але я цябе - не прытулю,
ані не ўратую,
у адчаі лекі гатую -
і адразу ж іх выліваю -
няма спадзявання...
кожнае наша спатканне -
насамрэч, любы мой,
развітанне.


Рецензии