Знахарка

Мара ёсць у мяне –
Зрабіцца знахаркаю:
У каранях крывяносных
Адчуць сілу продкаў,
Хапіла б якой на дваіх:
І саміх каранёў, і зямлі…
Падзяліся з тым, хто не мае!
Я б хацела аддаць табе
Зрок сакаліны, і сілу,
І лёгкай хады асалоду,
І з венаў тваіх назаўжды
Прагнаць гэты яд:
Знерваванасць,
Тужлівай трывожнасці дні,
Бяссоне пакутнае ноччу,
То слабасць, то лютасць
І слёзы бяссілля,
Усё, што калоціць цябе
Ліхаманкай асінавай,
Падломвае ногі ад болю.
А румянку свайго,
Быццам яблыкаў,
Я б табе проста ў рукі
Адсыпала: еж на здароўе!
Ты ж любіш з кіслінкаю.
Я б хацела зрабіцца знахаркаю…


Рецензии