Cтралялi

Надоечы я чакала з заняткаў сына ў нашай такзванай гімназіі, уцякаючы раз-пораз ад прыбіральшчыцы з анучкай, якая не дазволіла мне спакойна пасядзець на месцы. Блукаючы хаатычна перабежкамі ў холе, я заўважыла стэнд з фотаздымкамі і даволі бедным тэкстам. Нутка, нутка, пацікавілася я і аслупянела.
Экспазіцыя была прысвечаная Марыне Цвятаевай, але як яна была зробленая, дзеткі вы мае!
Найяскравейкшы здымак дэманстраваў нейкі жаўтаваты драўляны кут, подпіс сведчыў аб тым, што гэта менавіта тое самае месца, дзе паэтка засілілася. Не хапала толькі пятлі ў якасці дэкору.
"Пригвождена к позорному столбу!" - галосіў наступны файл. Далей ішла цяжкая цытата пра ганебную працу пасудніцы, галату і знябожанасць.
"Нахалеру ім гэта ведаць?" - падумала я тады пра школьнікаў, успамінаючы сваё першае ўражанне аб вершах Марыны. Некалі яна падавалася мне нейкай паветранай летуценнай істотай з цяжкімі, але неверагодна стракатымі і выразнымі пачуццямі. Здавалася, яна жыла ў нейкім лепшым свеце, свеце арыстакратыі, цудоўным, прамяністым і зорным, ейная відавочная прага да жыцця і подзвігаў уражвала і падбадзёрвала неверагодна.
Калі б асабіста я рабіла выставу пра яе - я б зрабіла нешта вясёлае, дзёрзкае, дзявочае і вельмі жывое, вельмі. Жывое.
Што адбываецца, я ўцяміла пазней, пасля 30 кастрычніка і Курапатаў, паглядзеўшы відэа "Ноч расстраляных паэтаў" і пачытаўшы тое-сёе ў прэсе.
Акцэнт быў зроблены на тое, як над паэтамі здзекаваліся, як іх забівалі. Гэта распавядалі жудасна, падрабязна. Самотныя вершы, якія зачытваліся, былі пачварна пераробленыя і знявечаныя. У астатнім панавала прапаганда і мярзотная маркота.
Сумна і нудна было.
Ніводнага з паэтаў, аб якіх "успаміналі", я не адкрыла і не запомніла, хаця й намагалася, бо творчасць іх была рупліва замаскаваная, ці то апранутая ў нястраўную музыку не занадта таленавітых артыстаў.
Некалькі сціплых вершаў я злапала ў каментарах у сеціве, але гэта замала, спадарства. Я хацела б чытаць і слухаць вершы, шмат вершаў па-беларуску. Шмат паболей глыбокіх і цікавых вершаў, калі мы кажам пра паэзію.
Адкуль я маю даведацца, кім былі тыя расстраляныя?
Ці былі яны ўвогуле паэтамі?
Ці былі яны ўвогуле беларусамі?
А ці можа, мне папросту спрабуюць убіць у галаву, што кожны такі-сякі паэт абавязаны быць знішчаны, пры чым знішчаны гвалтам?
Пры чым паэт беларускамоўны павінен быць знішчаны неадкладна, у першую чаргу.
Пры чым найлепей яму самому скончыць жыццё самагубствам. Пажадана, лётам на плошчы, ці не так?
Разам з мастаком.
Бо галерэі і арт-прасторы таксама цынічна змятаюць з твараў беларускіх гарадоў.
А можа і ўвогуле, робяць выгляд, што іх, мастакоў, не існуе і ніколі не існавала.
Не, ну сапраўды, пакажыце мне сучаснага беларускага мастака ў смі? Ці паэта, пры ўмове, што ён жывы, здаровы, прыгожы, удалы і сапраўды таленавіты. Сапраўды таленавіты, падкрэсківаю дзвюма рыскамі.
Ага, вось і "духоўны гуру" наш Віктар М-ч артыкулам пацвердзіў, што смяротнае пакаранне ў нашай краіне ніхто не адмяняў. Маўляў, як што, дык і зараз расстраляюць, пад маўклівую ўхвалу народа.
Паэтам быць сорамна і небяспечна.
Таму лепей не быць.
Дык вось.
Надоечы мяне прыпынілі і штрафанулі за пераход дарогі ў неадпаведным месцы. Я смяялася і паказвала пальцам пункт у правілах, дзе было напісана, што я маю права вольна перайсці дарогу менавіта ў гэтым месцы. Ха-ха.
Потым я смяялася, распавядаючы гэту гісторыю сябрам.
Тады мне сказалі:
- А чаму ты не ўцякала?
Я падумала: "Сапраўды, чаму?"
Потым ужо я даведалася, што супраць жанчын у нашай краіне забаронена ўжываць табельную зброю.
Таму, мілыя мае феміністкі, вы можаце апранацца як заўгодна, хоць у трэнікі.
Але ўжо папастарайцеся, каб яны былі ружовыя.
Каб здалёк было відавочна, што вы дзяўчынкі.

Пра фемінізм мае быць пазней.
Да сустрэчы.





 


Рецензии