Госцi з космасу

***
Калі мне раптам прапануюць злятаць у космас, я адмоўлюся. Бо па шчырасці, космас мяне ніколі не цікавіў. Ён заўсёды ўяўляўся нейкім цёмным бяздоннем, у які панакідана трохі розных светлякоў. Замест усяго гэтага, я папрашу домік у вёсцы з нейкай касміснай назвай, напрыклад, Марс. Я там пасялюся і пачну сабе жыць.  З вясны да восені буду прападаць на агародзе, зрэдчасу перакрыжоўвацца пад абед з суседкай з другога канца вёскі, якая штодня будзе наракаць на надвор’е. Але гэтыя размовы я буду чакаць з нецярпеннем. І прыходзіць яна мусіць заўсёды ў той самы час. У нас з ёй будзе свой расклад спатканняў. Спачатку мы проста абмяркуем навіны геапалітыкі, пасля пагаворым пра агарод, а пасля ўжо пяройдзем да тэмы надвор’я. Калі сонца будзе смаліць за трыццаць, яна будзе казаць: “Зноў усё пасохне, як летась”. І я кіўну галавой. А назаўтра, калі будзе залева, яна зноў падыдзе пад мой плот  у галёшах і скажа: “Усё прападзе, згніе, як летась”. І я, седзячы ля вакна, таксама кіўну галавой. Яна прыме гэта за згоду з яе словамі, а я – за прывітанне. А яшчэ мы будзем хадзіць у лесе, распальваць вогнішча і шмат чаго іншага…
 А вечарамі я  буду заварваць зёлкі, сядзячы на лаве і паціху сёрбаючы з кубка, пазіраць на неба і чакаць гасцей з космасу.


Рецензии