Мара пра Вечны Горад

На Эльбе не сустрэцца нам,
Бо я шчэ тут, а ты ўжо там:
Люстэрка пальцам не праткнуць
І вартавых не абмінуць,
І спроба будзе марнай:
На патаемных берагах
Адбудзецца суцэльны жах –
Пачварных духаў карагод,
Якім па сорак тысяч год,
Атрадам стане карным.
Вазьмі ж ты за руку мяне
І правядзі ў вешчым сне
У горад гожы і святы,
Дзе выгінаюцца масты
Над сіняю вадою,
Дзе Будапешт, Масква і Рым
Зліліся ў выглядзе адным –
Нікому не чужое;
Званы спяваюць над ракой,
Там і ўздым, і супакой,
А на рагу кавярня, дзе
Вялікіх шмат сустрэць людзей
Маглі б і мы з табою.
Я разумею, што капрыз:
Абрынуся на ўзлёце ўніз,
Ды што ж такое, што са мной?
Бо я імкнуся ў Горад той,
Што лепей розных Нарній,
Я мроямі вітаю ноч:
Сагрэцца б ласкай тваіх воч
У дзіўнай той кавярні...
Я аддзяляю яву й сон,
Не буду парушаць закон –
Так-так, я застаюся;
Але цябе, як перайду
І я за сінюю ваду
Убачыць спадзяюся.


Рецензии