Папсовая ежа для вушэй

Вечарам, пасля працы, людзі спяшаюцца дамоў. Каб паесці? Не! Стомленыя ад васьмігадзіннага працоўнага дня (ці як каму пашчасціць альбо  не) людзі імчаць у свае спальныя раёны, затрачваюць блізу гадзіны на транспарт, які зранку іх зноў завязе на тую ж працу, уцякаюць з прыпынка, імчаць да пад’езда, хутка забягаюць на кухню,  каб ўключыць тэлевізар… Усё, можна перадыхнуць і не спяшацца так.
 І пакуль чалавекі корпаюцца ў лядоўнях і халадзільніках, дастаюць кавалкі мяса ці  фаршу, па тэлевізары пачынаюць запускаць праграмы адарваныя ад рэчаіснасці.
Усё прадумана ўжо за людзей. Стратэгічны ход: заслухаешся і заснеш пад калыханку а 21 гадзіне – менш есці будзеш, а то і зусім галодны захрапіш. Дый навошта есці на ноч. Змарнуеш толькі прадукты. Можна і на сняданак іх  праглынуць, а так давядзецца і зараз паесці, і на заўтра нешта шукаць. Таму людзі стараюцца згатаваць увечары, калі ні на сёння, дык каб хоць на заўтра было.
Людзям цікава глядзець на ўсё, што неяк звязана са смерцю. Прага ды крыві існавала заўсёды. Ці то ў выглядзе палявання на звяроў, ці то ў назіраннях за баямі гладыятараў. Цяпер жа яшчэ дадаліся баі без правілаў і бокс. Вось таму людзі і чакаюць чагосьці такога крымінальнага, забароненага. Яно, безумоўна, і ў баевіку такое можна ўбачыць, але падсвядома чалавек разумее, што ніякай там крыві няма. Там або танная фарба, або кетчуп, які не з’елі ў абед. І чалавек абірае блок праграм на вечар.
Тэлевізар уключаны, патрэбны канал знойдзены. Пачынаецца застаўка, словы “Zона Х” на постмадэрновым малюнку   чырвонага і чорнага колераў.  Вось толькі чаму ў гэтым спалучэнні Х чытаецца як ікс, а ні хэ і ні ха? Зразумела. ніякага ха-ха там няма. Гэта відаць адразу на тварах вядоўцаў, якія не выдаюць ніякай мімкі, пра ўсмешкі яны проста маўчаць. Перадаюць збольшага эмацына словы і нахіляюць пад нейкі такт галовы. “Калі ўсё сумна, дык які можа быць смех” , – скажаце вы і трохі памыліцеся. Бо напрыканцы перадачы ўсё ж пускаюць пару забаўных момантаў дабрыні. То слон пайшоў гуляць па горадзе, то які тамтэйшы жыхар іншай часткі Зямлі выратаваў сабаку ці ката падчас патопу. Праўда, на тварах вядоўцаў гэта навіна ніяк не адбіваецца: манера падачы застаецца такой жа ж. Цікава, падчас таго як яны завучваюць свой тэкст і раптам забываюць некаторыя словы, ці застаюцца такімі ж непарушна няўсмешлівымі?
Чаму ўсё ж такі выкарыстоўваюць у назве праграмы гэтыя літары лацінскага алфавіту: ZХ? Чаму проста не напісаць ікс? Што гэта за таемны пасыл такі з дзвюх літар. Калі было ХZ, то атачэнне аматараў інтэрнэтных скаротаў адразу б расчытала гэтае “хз”.

- Якое сёння надвор’е?
- Я хз.

- Якія планы на вечар?
- Я хз.

Іншым разам хочацца запытацца пра адэкватнасць чалавека, але баішся пачуць:

- Я хз.

Гэты пералік хэзэшных можна працягваць бясконца. Людзі цяпер не толькі так пішуць, але і кажуць: “хэзэ”.
Ну, яшчэ, можна напісаць ці сказаць “у сэнсе?”, але гэта трохі іншая гісторыя.
Дык вось з гэтымі ZХ. Сядзі і ламай сабе галаву, што за яно.  Можа, гэта значыць “зомбі хварэе”, а можа “зіма хутка”? “Забі халеру”? Зрэшты, нейкія звязаныя паміж сабой расшыфроўкі атрымліваюцца. Усё пад адно.
І вось пакуль разаграецца патэльня на газе, і гаспадыня круціць у руках кавалак фаршу і лепіць прадаўгаватыя ці круглыя штукі з яго, на экране паказваецца першы кадр з крымінальнай хронікі за апошнія 24 гадзіны.  Жанчына шакаваная, яна нязграбна кідае месіва пад назвай “катлета” на чорную патэльню, падсоўваецца бліжэй да стала, адкідае галаву назад, бо тэлевізар вісіць на ўзроўні яе вачэй толькі, калі стаіш, а калі сядзеш, то перад вачыма сцяна, а тэлевіар матляецца дзесьці ўверсе.  Жанчына замірае. Каб разгледзець усё, як найлепшы  следчы краіны, а можа і Зямлі ўвогуле, бо ўжо не адзін дэтэктыў прачытала ў метро, жанчына падае галаву трохі да экрана. Катлеты напалоханыя не менш за гаспадыню, яны ажно пішчаць на агні.
Жанчына ўважліва слухае пра нейкага дзядзьку, які кідаецца да сваіх ахвяраў у нялюдных месцах і расшпыляе паліто, штаны даўно ўжо здзеты. Відавочцы гэтых  здзеклівых прапаноў уцякаюць з лямантам, заклапочаны дзед сыходзіць з усмешкай.  Ахвяры скардзіліся, што ад гэтага мужыка вельмі смярдзела нямытай бялізнай і танным пойлам. “Алкаш. Ванючы алкаш!” – скардзілася адна жанчына. На экране паказалі фотаробат. Падалося, што нават у кватэру прапоўз гэты ванізм.
“Дэгенерат… Ды яшчэ і не мыецца”, – думала большасць тэлегледачоў у гэты час ля экранаў. Зрэшты, чаго яму быць  пахкім. Наўрадці ён штодзённа стаіць перад люстэркам, думае пра сваю знешнасць. Ці намыльваецца шампунем і спявае пад душам дзіцячыя песні, а пасля дыхлафосціцца  “АХЕ”, які (калі верыць рэкламе) гарантуе ўвагу жанчын на працягу ўсяго дня. Усё з гэтым вычварэнцам нашмат прасцей: яму цюкае ў мозг – і ён выходзіць на паляванне.
Пасля сюжэта пра заклапочанага паказвалі, як адзін гаўнюк у сваёй (цяпер ужо былой) дзяўчыны сарваў з языка пірсінг: срэбраны двухграмовы цвічок. Злодзей быў знойдзены ў сваім пакоі, ён нават не спрабаваў уцякаць. Дзяўчо, шапялявячы на камеру, давала паказанні. Вялося пра тое, як яна расчаравалася ў людзях і дзякавала лёсу, што справа не пайшла далей. Выказваючы гэта, яна злёгку правяла па жываце. Апынулася, што ў пупе таксама быў цвічок, толькі ўжо пяціграмовы. “Невядома, ці  ёсць у яе яшчэ месцы, дзе ўбіты тыя цвікі, але няхай лепш трымае іх пад аховай”, – такі быў пасыл следчага камітэта ў асобе таўставатага дзядзькі ў фуражцы, які зачытваў нешта з паперы прыклеенай ля камеры.
Былі колькі сюжэтаў пра аварыі. Апошні быў трохі забаўны. Ён пра тое, як цётка-безбілетніца вылазіла нагамі праз фортку ў  тралейбусе. Гледачам спадабалася. Наступным разам яны будуць ведаць, як сябе паводзіць, калі дачэпяцца кантралёры.
На невялікім пазітыве вядоўцы развіталіся да “хуткай сустрэчы”. “І табе шчасліва”, – казалася экранам. Гаспадыні падарваліся з месцаў, перавярнулі катлеты. Трохі падгарэлі, але нічога.
Пульт пстрыкнуў на іншы канал. Там былі разборкі наконт таго, ці з’яўляецца хлопец-прыблуда сынам даўнозабытага ўсімі спевака, ці  не. Хоць шмат хто кажа пра тое, што ў гэтага аматара мікрафона і таннай фанаграмы, дзяцей з раённы горад будзе. Жанчынам проста падабаюцца такія, каго часта паказваюць па тэлевізары, нават калі яны і  безгалосыя.
Тэст ДНК даўно ўжо быў  зроблены, вынікі – таксама. Але трэба было чакаць канца перадачы. Бо калі расказаць усю таямнцу зараз, дык чым тады запоўніць цэлую гадзіну эфіру? Вось вы, шаноўны дэпутат, умееце стаяць на галаве? Не? А апельсінамі жангліраваць? Таксама не? А памідорамі? Мячамі? Эхх... Так і адчуваю, што не ўмееце. Гэта нават стыль усяго вашага жыцця: усё “не ўмею”. Вось я да таго і хілю: што ж запоўніць цыркавую арэну, як ні лямант на цэлую гадзіну. Таму давядзецца дыскутаваць вам. Пакуль жа ж будзем абмяркоўваць гэтага прыблуду і спевака…як дарэчы яго імя? А чорт з ім! Нас гэта мала цікавіць, нам абы пагаварыць. Бабулям з намі пазнавальна, дый моладзь таксама не сумуе. Шурыгіну вунь як раскруцілі. Яна нават гераіняй школ стала. Вучні толькі пра яе і гавораць, вершы пішуць. Праўда, за гэтыя пару месяцаў, шкаляры падраслі. Ім ужо палавыя зносіны ў клубе падавай. Шурыгіна, на фоне гэтай аматаркі настаўніцтва і тэлефоннага порна, проста цнатлівая кветка дзьмухавец.
Цэлую гадзіну вялося абмеркаванне пра ўсё на свеце. Рэклама выглядала як дадатак да ўсяго шоу. А калі вынеслі вынікі ДНК на паперы фармату А4, вядоўца сказаў: “Працяг будзе заўтра…Пабачымся!” “Вось як заўжды: на самым цікавым. Блін, яшчэ і катлеты прыгарэлі”, – казалі разгневаныя тэлегледачы. Давядзецца чакаць заўтра. Зрэшты, і за заўтра могуць не паспець: там жа трэба яшчэ  і маёмасць неяк дзяліць.
І можа добра, што зранку некаторыя з гэтых людзей не маюць магчымасці ўбачыць адну перадачу, якая пазбавіць іх здароўя дарэшты. Тысячы самагубцаў, якія засталіся дома, чакаюць ля экрана Малышаву. Яна прадстаўляе трох дактароў, якія працуюць на яе, як рабы, яны ніколі не пярэчаць, а яна ў сваю чаргу дапамагае ім выказацца. Калі не хочаш ісці да дактароў і лічыш, што хвароб у цябе более дзень пры дні – тады гэта праграма тое, што табе трэба.
Ты не ведаеш, як раставіць прадукты паводле каларыйнасці? Ты проста апошні дурань на Зямлі! Як такога можна не ведаць? Ну добра, навучым. Сядзі і запамінай.
Ад гэтага балбачэння можна лёгка заблытацца: што усё ж такі есці. Бо яшчэ нядаўна масла трэба было жаваць кілаграмамі, а цяпер яно  пад забаронай, як халестэрынны прадукт.
А чаго варта музыка падчас праверкі здароўя гледачоў! Яна гучыць, як прысуд-развітанне. Пасля чарговай праверкі, доктар-раб усё адно раіць схадзіць у пліклініку і праверыцца, бо ці мала што мог паказаць апарат на якім правяраюць усё. Развітаўшыся “да заўтра”, Малышава яшчэ колькі секунд усміхаецца,  а пасля пускаюцца цітры і меладычая музыка. Трохі можна адпачыць.
Пасля абеду для усіх, хто выжыў ад наймення хвароб, якія гучаць як складнікі каўбасы, падсаджваюцца да экранаў знаўцы сямейнага жыцця. Наладжваюць хвалі мозгу і антэн, каб глядзець чарговае шоу.  “Давай пажэнімся”, – прапануе вядучая. Для яе гэтыя словы нішто: ёй  больш складана сасісак купіць, чым такое сказаць. А вось нявесты і жаніхі турбуюцца. Нават пеўня ці казу дома забываюць пакінуць і вязуць з сабой. А тыя дапамагаюць у падборы пары. Там яшчэ і астролагі сядзяць, чытаючы гараскоп на месяц, нешта падказваюць. Карацей, усе за цябе. Абы ты ажаніўся ці выйшала замуж. Таму кожны слон адтуль сыходзіць з мышкай, а кожная мышка з малпай.
Але людзі, якія працуюць такія перадачы паглядзець не могуць. Таму даводзіцца чакаць вечарочку
На завяршэнне навіны пра тое-сёе і ні пра што.
А пасля настаў час любімай калыханкі. І толькі мядзведзік Топа даваў хоць нейкае спадзяванне на шчаслівае заўтра. Раней яшчэ і Сан Маляваныч гэтаму дапамагаў проста так, за бясплатна, але  ён кудысьці знік. І ўсё цяпер трымалася на Топе, а яшчэ на бобрыку і бусляняці.
Можна было б паглядзець  пасля калыханкі які серыял, пераважна ўсе яны былі пра міліцыянтаў, у галоўнай ролі заўжды нейкая цёця, якая раскрывала  злачынствы за 2-3 серыі. Калі б у кожным аддзеле міліцыі былі такія, то злачынцы проста б перавяліся. Але палова людзей выключыла тэлевізар. Па-першае, людзі былі стомленыя ад нуднай працы, а па-другое, не маглі дазволіць сабе развітацца з імгненнямі шчасця пасля перадачы.
Галодным людзям, як ні дзіўна, не хацелася есці. Яны ў думках перабіралі пачутае і ўбачанае,  і разумелі, што ў параўнанні з тымі, каго сёння яны пабачылі па тэлевізары (акром розных там інспектараў, дэпутатаў), яны шчасліўчыкі. І няхай сёння іх катлеты  падгарэлі, але зранку будзе што паесці. “Не разбірайся ў смаку – пхні ў сраку”, – скажуць яны. А наступным вечарам будуць адбіўныя, шаткаваная капуста.
Галоўнае – верыць у лепшае. Ці хаця б заставіць паверыць сябе ў гэта перад сном.
Ды прысніцца яно … лепшае!
Праз пару гадзін хтосьці соладка пасопваў, хтосьці даваў храпака.
Людзі спалі.


Рецензии