раб Ота
І вось поўны надзей Ота пакрочыў на сумоўе. Зайшоўшы ў прасторны высокі будынак, Ота спачатку разгубіўся.
- Вам да каго? – запытала светлая дзяўчына, трохі пасміхаючыся.
- Аа..Ээ. Мне на сумоўе.
- Ага. Ну, вы так не турбуйцеся. Хадземце.
І светлая павяла яго па доўгім калідоры, паказаўшы на дзверы галоўнага, усміхнулася і пайшла назад.
Ота трохі пастаяў пад дзвярыма, сабраўся і пагрукаў. Расчыніў дзверы, зрабіў крок і выдаў:
- Добры дзень! Я наконт працы.
Той, што сядзеў у кабінеце, злосна паглядзеў на Ота, што хлопец ажно спалохаўся і падумаў: “Ну ўсё, заваліў. Што чытаў тыя інструкцыі пра манеры паводзін падчас сумоўя, што не чытаў…” Галоўны паказаў на дзверы і сказаў:
- Яшчэ раз выйдзеце і зайдзіце.
Ота выйшаў. Чамусьці ў гэты момант яму захацелася бегчы адсюль, але ён пераадолеў сябе і пагрукаў яшчэ раз.
- Добры дзень! Я наконт працы.
Галоўны ўсміхнуўся ў свае пухкія вусны і выцадзіў:
- Ну вось! Цяпер зусім іншая справа.
Хоць, як падалося Оту, паміж першым яго груканнем у дзверы і другім не было розніцы. Яны былі аднатыпныя, як блізняты.
Ота прысеў насупраць, і пачалася размова. Сумоўе адбывалася як і заўсёды. Дырэктар нешта пасопваў, рабіў выгляд, што яму не вельмі цікава, хто будзе працаваць на гэтай вакантнай пасадзе: Ота ці яшчэ хтосьці. Але ў галаве ён даўно пракруціў колькі можна высмактаць сіл і энэргіі з гэтага маладога хлопца, таму чакаў хутчэйшага падпісання кантракту. Ота ж у сваю чаргу не ведаў, як сябе паводзіць з дырэктарам, бо на сумоўі быў упершыню. Ён нават не ведаў на які заробак яму разлічваць. А дырэктар, безумоўна, пра гэта ўсё ведаў, таму прапанаваў мінімальны заробак, акрэсліўшыя яго “дастойным для маладога спецыяліста, у якога толькі пачынаецца кар’ера” і што “гэта пакуль максімум”, а там глядзіш і “павышэнне пры добрай працы гарантавана”. У Ота асабліва не засталася выбару, асабліва пасля таго, як узгадаў цыганак, якія напелі сёння зранку яму пра перспектыву жыцця. І ён пагадзіўся.
Прыйшоўшы дадому і кінуўшы радасную вестку бацькам, тыя пачалі збіраць на стол і святкаваць малую перамогу.
- Ну, каб усё атрымалася! – крыкнуў бацька.
- Цяпер можна і нявесту шукаць, – дадала маці.
***
Першы дзень на новым месцы, якое замяніла аўдыторыю ўніверсітэта, нічым асабліва не адрознівалася ад іхняй бібіліятэкі на факультэце. Такія ж сталы, такія ж крэслы, камп’ютары. І таксама можна гаварыць паміж сабой, але нягучна. Новыя знаёмствы, усе разглядаюць яго, аднак робяць гэта неяк незаўважна, каб ён не бачыў. У кабінеце раздаецца ляскат клавіятуры. І так сінхронна, нават музычна. Нібы не ў офісе сядзіш, а ў філармоніі. Час ад часу звоніць тэлефон, аўтаматычна даводзіцца адказваць завучаным тэкстам. Гэта звычайна рабілі дзяўчыны, якія тут адпрацавалі гады тры. Яны маглі гаварыць і адначасова набіраць нешта на камп’ютары, маглі разглядаць сябе ў люстэрка, паралельна ліставацца з сябрамі праз Viber. Ім нават чатыры рукі не трэба было, яны паспявалі. Усе гэтыя дзяўчаты сядзелі ў чаканні павышэння, калі іх перавядуць на другі паверх. Там, казалі, жыццё іншае. Больш гонару да цябе.
Падчас абеду ўсе з першага паверха разыходзіліся, стаялі хто з кавай, хто з гарбатай і давіліся ранішнімі бутэрбродамі. Другі паверх накіроўваўся ў танную кавярню насупраць, трэці ж паверх замаўляў ежу ў офіс.
Па абедзе ўсё пачыналася наноў, толькі ўжо ішло на спад. Усе чакалі шасці гадзін, калі можна сігануць з працы.
Першы дзень на новым месцы заўсёды насычаны, таму Ота прыцёгся дадому стомлены. Доўга не мог заснуць. Усё здавалася, што набірае нешта на камп’ютары. У галаве пульсавала, раздаваліся тэлефанаванні. Так працягвалася пару тыдняў, а пасля Ота прывык.
***
У характары Ота было дзве мяжы: нармальна і надакучыла ўсё гэта, гары яно гарам. І яны заўсёды ўзнікалі ў яго галаве. Адна мяжа замяняла другую у залежнасці ад настрою і падзей, што адбываліся навокал. Што не вельмі напачатку падабалася Оту, дык гэта тое, што ён быў на пасадзе раба, але начальнікі хутка яго пераўпэўнілі:
- Як гэта ганарова займаць такую пасаду.Бацькі ж таксама з такіх?
- Так, – адказаў разгублена Ота.
- Ну вось. Ты ж можна сказаць дынастрыю працягваеш. Вось ты толькі паслухай: я – дырэктар, ну, вунь – той намеснік дырэктара, топ-мэнерар. Ну! Як смешна гучыць: дырэктар, нейкі намеснік дырэктара. Той увогуле топ. Гучыць як марожанае. Пакуль скажаш, дык забудзешся, як самога завуць. А ты – раб. Коратка і зразумела.
- Ну, можа, яно і так , –пагадзіўся Ота.
І ён ўжо болей не зважаў на сваю пасаду – абвык.
Дырэктар ні так часта заходзіў у іх кабінет. Яны ўсе лічыліся ніжнім паверхам ва ўсіх сэнсах, тым не менш ім любілі прыдумляць розныя вар’яцкія заданні. Было ўражанне, што ўсе яны, хто працуе ў гэтым кабінеце, сядзяць пад нейкім шкляным каўпаком, а вакол яго сабралася купка адміністрацыі і назірае за імі: справяцца ці не.
Што больш за ўсё не падабалася Оту, дык гэта тое, што заўсёды начальству трэба было ўсміхацца, нават калі табе ні кропелькі не весела.
Неяк іх сабралі на чарговы сход. Ён звычайна адбываўся штотыднёва ў пятніцы, каб ніхто раней не сышоў дадому. І вось дырэктар вядзе сход, і тут справа даходзіць да анектотаў. Яму ж трэба паказаць, што з гумарам, усё як мае быць. Захапляльна расказвае, расказвае, спыняецца. Апынулася, што гэта канец, а ніхто не зразумеў, толькі калі пачаў дырэктар рагатаць, то тады і ўцямілі, што канец і пачалі раздзімаць твары ва ўсмешцы, хоць нікому смяяцца не хацелася. Дрэнь анектот той быў.
- Ой, Мікалай Паўлавіч, вы такі жаратаўнік! – першай спрабавала пырскацца смехам сакратарка.
- Ой не магу. Жонцы раскажу, замочыць калені ад смеху. Хахаха. – доўга яшчэ чулася ў залі.
Але Оту чамусьці было сумна ад гэтага, і на жарт ён нават не пасміхнуўся. Мабыць, ён быў адзіным з усёй залі, якому хацелася плакаць ад пабачанага. Тут яго саслужбовец, які сядзеў у тым жа ж кабінеце,што і Ота, ткнуў яго ў плячо:
- Рагачы, дурань. А то прэміі не будзе.
Ота паглядзеў на яго безуважна, але выдавіў усмешку, праўда, без гучнага рогату.
***
Аднойчы іх аддзелу паставілі выканаць праект, рэалізацыя якога разлічвалася на тры гады. Адна рэстарацыя пачала несці выдаткі, бо часта даводзілася выкідаць сапсаваныя прадукты. Ну, рыбу пратухлую можна ў сушы закруціць – усё адно ад іх ўсе труцяцца, з агародніны – суп зварыць, нават малако выкарыстаць можна. А враныя яйкі? Вось тут праблема. Дырэктр акрэсліў задачу на сходзе: вараныя яйкі перарабіць у сырыя. Усе ўзяліся за галаву ад геніяльнасці ідэі. Як яны не маглі дадумацца да такога! Калі можна з сырога зрабіць варанае, то магчыма і адваротнае.
Рэстарацыя вылучыла на праект грошы і пералічыла іх на рахунак фірмы Оты. Але ў хуткім часе месца дырэктара заняў яго намеснік. Куды дзеўся той – невядома. Праўда, грошы таксама невядома дзе. Таму цяпер офіс амаль за нішто працуе на рэстарацыю, робіць ім рэкламу. Пытанне яек пакуль вісіць у паветры, хоць ужо прайшло тры гады.
***
Міналі дні. Ота хадзіў пяць дзён на тыдзень на працу, вяртаўся дадому. Але ніякай цікавасці ў жыцці не было. Вольнага часу станавілася ўсё менш. Ён нават забыў, калі апошні раз сустракаўся з сябрамі.
Грошай трохі было, але ў асноўным усе яны разыходзіліся на ежу. Адзежа рэдка калі набывалася. Бывала, што даводзілася насіць дзіравыя шкарпэткі. Аднак, не праблема: у бацінках ніхто не бачыць, якія яны. Тое ж было і з майткамі. Ота данашваў свае юнацкія з Мікі-Маусам. Пра парфуму размовы нават не было. Хлопец часта хадзіў у гандлёвыя цэнтры, дзе раздавалі напырсканыя парфумай паперкі, іх ён асцярожна клаў у кішэні і насіў некалькі дзён, пакуль пах не выветрываўся. А пасля зноў ішоў у гандлёвы цэнтр, і добрыя дзяўчаты прасоўвалі яму паперкі, спадзеючыся на тое, што ўсё ж такі ён набудзе тыя духі. Ота заўсёды браў тыя паперы – дзеля іх ён і хадзіў у тыя цэнтры, непрыкметна клаў у кішэні і ішоў далей, робячы вягляд, што ён ідзе ў гандлёвік нешта набываць. За адсутнасцю грошай, яго цешыла толькі тое, што заўсёды ў кішэні быў новы пах. А так набыў бы сабе флакон, надакучыў бы той. І што пасля рабіць? Зрэшты, гэта быў самападман.
Гадзіннікавыя стрэлкі круціліся, а прадказанні гадалак усё так і не спраўджваліся. У апошні момант яго пачала непакоіць думка, што цыганкі таксама, як і ён, працуюць на таго ж дырэктара. І яшчэ больш жахала, што калі нічога не спраўдзіцца, то пасля смерці паставяць помнік на якім будзе выбіта яго пасада – раб.
Тут пахаваны раб Ота.
Жудас!
Свидетельство о публикации №217121102209