Месца сiлы

Гэта зямля
нібы аркуш
шурпатай паперы,
па якім ходзіць цемра
вавёркавым пэндзлем,
далікатнаю шэрасцю
лесіруе будынкі, раку,
і былое, і тое,
што будзе;
непарушнасць
і нерухомасць
у нетрах яе і ў паветры;
пад мастамі
віруе павольна
шараватая пена
духоўнага бруду;
радыяцыяй страху
спавітыя дзеці
з маленства;
але тут электрычнасць
не з неба ідзе,
а з-пад долу;
працінае твае карані
праз падэшвы
і цэліць у сэрца,
і падпальвае
папараць шэрую ў лесе,
і бурштынам
запальвае вочы,
і сціскаеш жалезны кулак,
і адны свае косы –
адрэжаш,
ну, а іншыя –
будзеш вастрыць,
ды яны не спатрэбяцца нават,
бо здалееш
чужынцаў душыць
проста сілай
сваёй палымянай любові.


Рецензии