Мясакамбiнат

У той вечар далёка было чуваць голас з прапускнога пункту мясакамбіната. Гэта быў голас адчаю, пагроз, пераплеценым са страчанай надзеяй і страхам. У адной жанчыны ў звычайнай скураной  торбе ахоўнікі выявілі чатыры кілаграмы мяса, і столькі ж кілаграмаў сасісак, намотаных на жаночае цела: на талію (якой амаль не было), на ногі, і нават пару сасісак укладзеныя…ага, між ног. Адзін ахоўнік размаўляў з жанчынай, спрабаваў прывесці яе ў адэкватны стан пасля шоку, калі яе накрылі. Другі ж займаў нейтральную пазіцыю: ён проста назіраў за тым, што адбываецца. Жанчына біла сябе ў грудзі, усё крычала, што гэта кавалак мяса ёй падкінулі.
- А што вы тады можаце сказаць пра сасіскі? Як яны на вас апынуліся?
- Ды не брала я іх. Няўжо я якая нямоглая, што купіць не магу…
- А як яны патрапілі? Скажаце: укруціў хто іх на вас? – пры гэтых словах другі яшчэ досыць малады ахоўнік пачаў рагатаць.
- Ах, ты ж боўдзіла бесчалавечнае. Скуль я ведаю? Хто там мне ўкруціў? На абед выйшла… Прыйшла нібыта нармальна ўсё было. А цяпер во сама адчула што ў сасісках.
- Так, вы мне тут не залівайце. Скралі – дык і прызнайцеся. Я выклікаю дырэктара.
- Якога табе дырэктара… як што, дык адразу дырэктара. Я табе яшчэ разоў кажу: не брала я таго мяса, ні тых сасісак.
- Як гэта не бралі? Калі ўсе доказы на вас.
- Ну, што мне табе сказаць… А, божачкі…- пачала заходзіцца цётка.
- Пеця, – гукнуў старэйшы, – нясі паперу, будзем складаць акцік.
- Ну, што я табе такога зрабіла, – не сунімалася жанчына.
- Анічога! Проста закон такі і ўсё.
- Вось акт, Паўлавіч, –  Пеця неяк бадзёра і з пашанай ўручыў аркуш паперы свайму старэйшаму калегу.
- Ага. Вось і добра. Ну,  – звярнуўся Паўлавіч да жанчыны, – давай расказвай што ды як усё адбылося.
- Не буду я табе нічога казаць. Ты мне хто?.. Ніхто!
- Не хочаш так, будзе інакш. Пеця, набірай дырэктару. Надакучыла яна мне ўжо, – Паўлавіч разышоўся. Гэта было заўважна
Ад гэтых слоў жанчына зноў узбушавалася, але перамяніла сваю пазіцыю, паспрабавала прымірыцца.
- Паўлавіч, не трэба. Ну давай разыдземся, як нічога і не было.
- Ага! Захацела… Кожны дзень выносіш, а цяпер ядры яго… нічога не было.
- Дык а я што? Усе бяруць, і я бяру.
- Усе бяруць... – паспрабаваў перадражніць Паўлавіч. –  Мо і бяруць, але ж ні па столькі за раз.
- Дык я ж не адна жыву. У мяне ж муж, двое сыноў. Усіх накармі. Дачка вунь вучыцца ў Мінск паехала. Ведама, там пражывеш на стыпендыю… А катлеціну якую заўжды хочацца. Яна на выхадныя прыедзе, я ёй і перадаю заўсёды мяска, адбіўных ці яшчэ чаго.
- Што ты мне расказваеш? Скрала, дык ты так і скажы... Дый жа  ж не па столькі красці…
- Табе проста няма чаго самому з працы ўзяць, вось ты і зайздросціш.
- Ну, ты ведаеш… маўчала б лепей.
- Даўно яшчэ жарт такі хадзіў: “Калі хочаш жыць у шчасці, трэба красці, красці, красці”.
- От, я гляджу ты ўжо ашчаслівілася… Ну ўзяла ты таго мяса. Але ж навошта ўкручвацца ў сасіскі. Табе іх самой не гадка есці будзе?
- Крадзенае не пахне.
- Ага, я і бачу што не пахне. Толькі ты ім прапахнеш.
- Усё, набіраю дырэктару…
- Ну, хочаш. Вазмі гэта мяса сабе. Я сёння абыдуся. Ну вазмі, толькі не пішы нічога і не кажы…
- Усё, надакучылі мне гэтае пустое плявузганне…няма калі. Пеця, набіраю дырэктару.
І тут было зразумела, што нічога не ўратуе. Нават плач не здолее аглушыць размовы.

***
Назаўтра жанчыну звольнілі. Ахоўнікі атрымалі прэмію ў памеры двух кілаграмаў мяса. Некалькі дзён  ніхто нічога не краў, пакуль не забылі гэты выпадак.
Жанчына ж цяпер сама працуе, як гэта ні дзіўна, ахоўніцай. Праўда, гэта і ні фабрыка, і ні завод, а звычайная сметніца, дзе яна націскае на кнопку, каб падняць ці апусціць шлагбаум для праезду машын. Аднак, і на той сметніцы знаходзіць што прынесці дадому, бо не можа заснуць, каб нешта не скрасці.


Рецензии