Каця

Каця вучылася на трэцім курсе ўніверсітэта. І не сказаць, каб была яна завучкай там якой, але  часу не ставала катастрафічна. Пра сябе дзяўчына ўзгадвала толькі пасля сесіі, а тое і яшчэ радзей. Тлумачылася гэта яшчэ і тым, што Каця вучылася на праграміста. Яе больш цікавілі праграмы, розныя прылады, нават робаты былі ёй больш блізкія,  чым яна сама і людзі.
І вось  у такія праявы, калі мозг падказваў ёй, што яна ўсё ж чалавек, Каця пачынала брацца за сябе. Шпацыравала па горадзе, хадзіла ў кавярні, цырульні.
Аднойчы, якраз пасля зімовай сесіі, Каця вырашыла схадзіць падстрыгчыся. Студэнцкія павер’і дазвалялі гэта зрабіць: маўляў, ідзі, састрыгай свае веды, больш яны не спатрэбяцца. Недалёка была адна недарагая цырульня, што задавальняла дзяўчыну, пагатоў, нічога моднага на галаве рабіць яна не збіралася. Каб патрапіць да майстра трэба было толькі пасядзець у чарзе. Было адзінаццаць гадзін дня, калі дзяўчына ўвайшла ў цырульню. Аднак, Каця зусім забылася на тое, што скончыліся зімовыя святы,  і ўсе рэзка ўзгадваюць пра тое, што трэба сябе неяк прыбраць і пазначыць этап  новага жыцця. Таму ў гэтыя дні чарга была досыць вялікая. Дзяўчына ўсё ж вырашыла не вяртацца дадому, а застацца пачакаць.
Да дзвюх гадзін дня пенсіянераў стрыглі не па 5 рублёў, а па 4. Гэта таксама стварала пэўную чаргу.
Каця сядзела і чакала. У мужчынскую залю амаль нікога не было. Дый што там іх стрыгчы, тых мужыкоў, шах-мах – і гатова. Здаецца, яны не паспявалі зайсці, а ўжо выходзілі. Ішло як па канвееры. А вось у жаночую… сядзелі і чакалі. Нехта сядзеў фарбавацца, нехта стрыгчыся, а нехта і першае і другое. Пачакаўшы трохі, і паглядзеўшы пару серый нейкай мутні, якую запусцілі на экране, каб кліенты не сумавалі, Каця пачала задумвацца, каб сысці назад дадому. Але з іншага боку паразважала, што заўтра ўсё адно давядзецца прыходзіць сюды. “Не, лепш ужо раз адмучыцца і зрабіць”, – думала Каця. І Каця мучылася. Пасля другой серыі пачалася трэцяя, а пасля трэцяй зноў першая. “Відаць, не паспелі ўсё спампаваць. Не чакалі, што такая чарга будзе”, – усплыла думка. Так яна прасядзела дзве гадзіны. Чарга, здаецца, не паменела і нават не збіралася. Усе сядзелі ў чаканні з вачыма поўныя надзей, калі ля іх праходзіў майстр. Каця за гэты час пераглядала серыял трэці раз. Патроху запамінала рэплікі і паслядоўнасць кадраў.
Калі гадзіннік паказаў 13.55, адміністратарка аб’явіла: “Сканчваецца час для пенсіянераў, стрыжка будзе па 5 рублёў”.
- Як па пяць? Вось жа ж…Эт, не паспела... Заўтра зноў ісці ці што?.. Я ўжо чацвёрты дзень пастрыгчыся не магу. Чарга не даходзіць… – пачалі далятаць галасы раз’юшаных кабет.
Але было вядома, што заўтра яны прыйдуць зноў, будуць выпрабоўваць удачу, пакуль не дамогуцца свайго.
Паступова заля пусцела. І чарга ператварылася ў такую невялічкую суполку па інтарэсах.
Выйшла маладая  цырульніца і павяла за сабой жанчыну, якая займала чаргу перад Кацяй. Сэрца Каці трохі затрапаятала, бо яна разумела: хутка выйдуць і па яе. Пачынаць глядзець серыял у чацвёрты раз было больш цікава, хоць яна глядзела на экран безуважна. У галаве круціліся думкі: якую б стрыжку зрабіць.
І вось з-за дзвярэй паказаўся майстр. Гэта быў мужчына. Упершыню яе будзе стрыгчы не яна, а ён. Нават цікава стала. Дзесьці Каця чытала, што ў мужчын лепш атрымліваюцца жаночыя стрыжкі, а ў жанчын, адпаведна, мужчынскія. Бо супрацьлеглы бок бачыць, што з’яўляецца прыгажосцю для яго.
Майстр усадзіў Кацю ў скураны фатэль і запытаўся:
- Як будзем стрыгчыся?
- Ну, я нават не ведаю можа, вы прапануеце. Бо я стрыгуся неяк аднатыпна.
- Ёсць ідэя... – усмешліва сказаў цырульнік і, завярнуўшы Кацю ў чорную накідку, пачаў пырскаць валасы. – Дарэчы, з вас 5 рублёў.
- Добра, – усміхнулася Каця ў люстэрка.
Майстр намачыў валасы, пачаў іх дзяліць на некалькі частак, запытваўся, ці не балюча ёй. І пачаўся сам працэс стрыжкі. Дзяўчына пазірала ў адлюстраванне, як падаюць мокрыя састрыжаныя пасмы валасоў. Як яны ўтвараюць круг вакол фатэля, у якім яна сядзела. Цырульнік сыпаў жартамі, расказваў пра святы, Каця таксама ўстаўляла колькі слоў, але больш за ўсё чакала, што ж там за ідэю прыдумаў майстр. Увыніку яны так загаварыліся, што не заўважылі, як састрыглі паўгалавы. Адзін бок быў выстрыжаны амаль пад корань. На другім жа ж раскідана купка пэтлаў.  Выпадкова ў адно і тое ж імгненне абое зірнулі ў люстэрка, на вачах адбілася неразуменне: як такое магло здарыцца. Майстр пачаў прыдумляць, што можна было зрабіць, каб уратаваць стрыжку, Каця думала пра тое, колькі ёй трэба будзе сядзець дома і не выходзіць, пакуль усё не адрасце. Яшчэ яна ўзгадала, што можна на крайні выпадак павязаць хустку, так бывае робяць для паказу сваёй крутасці розныя маладзёны. Але ж увесь час у ёй хадзіць не будзеш. Дзяўчына стала праклінаць гэты дзень, яе трэсла. Пачыналася істэрыка. Цырульнік не ведаў што рабіць. Ён стаяў разгублены, узгадваў чаму яго вучылі на курсах. “Валасы не зубы – вырстуць. Не, гэта не дапаможа. Халера… і клеем не прыкліш. Божа… што рабіць? Святы гэтыя зусім мозг выжлукцілі. Задумаўся выйсци пакурыць – і во табе”, – усё шукаў патрэбны слоў і не знаходзіў ніяк, “Скажу, што крэатыўна”, - падумаў майстр. І толькі ён наважыўся гэта сказаць, як яго апярэдзіла  Каця, ледзь варушачы вуснамі:
- Давайце проста састрыжэм, каб раслі роўна.
Мужчыну не знайшлося чаго сказаць, і ён пагадзіўся. Кацю абстрыглі, пакінулі якіх сантыметры тры. Яна баялася глядзець у люстэрка, твар скрывіўся ад роспачы, яна стала падобная да старой цёткі. Дзяўчына падыйшла да касы, каб аплаціць  за стрыжку.
- Сістэма зніжак для пенсіянераў ужо скончылася. Таму з вас 5 рублёў.
- Ааааа…– даносілася аднекуль знутры. Каця кінула 5 рублёў на стол і ўцякла.
Пасля гэтага дзяўчына яшчэ доўга не хадзіла стрыгчыся. І само слова “цырульня” стала для яе роўным фільму жахаў.


Рецензии