Фунтаопт

Цётка Ала, наслухаўшыся па тэлевізары пра выйграныя машыны і кватэры ў гульні ад “Фунтаопта”, вырашыла выпрабаваць лёс. Жанчына рэдка хадзіла ў вялікія крамы. Яны яе палохалі. Здавалася, увойдзеш – і больш ніколі адтуль не выйдзеш. Згубішся там, ці яшчэ якая трасца здарыцца. Часцей у краму хадзіў муж. Але ён таксама губляўся ў іх. Па сто разоў тэлефанаваў, запытваўся што купіць, хоць заўсёды запісваў на паперы, які прадукты трэба. Зрэшты, з гэтай паперай ён хадзіў ні адзін раз. Дый навошта пісаць, калі і так адно і тое ж: малако, кефір, батон, мука і г.д. Аднак усё адно званіў. І голас быў нейкі разгублены, як у школьніка. Сына Ала ў краму адпраўляць баялася: ён быў яшчэ больш разгублены, чым бацька.
Дык вось гэтым суботнім днём цётка Ала, пагартаўшы на сайце рэкламу ад “Фунтаопта” і паглядзеўшы, які тавар трэба купіць, каб выйграць прыз, накіравалася ў краму.
У галаве яна перабірала камбінацыі прадуктаў, якія будзе браць. Праўда, учора яны хадзілі з мужам закупляцца на тыдзень у “Родны кут”, а сёння натхніў яе тэлевізар прызамі. “Вось дзе дурная галава… каб ведала, дык не пайшлі б учора, – думала Ала, – абы толькі нічога непатрэбнага не ўзяць. Бо ведаю я іх: уключаць музыку, ходзіш, як п’яны, прытанцоўваеш і бярэш што бачыш, бо такое пачуццё, нібы цябе здымаюць на нейкім шоу”.
Увайшоўшы ў краму, адчула прыемнае цяпло пасля халоднай вуліцы. Цётка Ала ўзяла карзіну і пайшла прыглядацца. Яна памятала, што  на “тавары ўдачы” сёння быў шакалад. Яго першым і ўгледзела. Паклала ў карзінку і пайшла далей. Побач хадзілі людзі. Падлічвалі на калькулятары колькі яшчэ трэба дакупіць, каб было на 10 рублёў. У цётку Алу ледзь не наехаў раз’юшаны мужык з вазком, у якім быў толькі глазураваны сырок. Жанчыну раздражнялі такія пакупнікі, што сноўдаюць з гэтымі тачкамі, і не каб шмат бралі, а то два тавары закінуць і бразгочуць па плітцы, і ніяк не размінуцца з імі.
На акцыі стаяла чырвоная ікра. І хоць яе цётка Ала ела рэдка, можна сказаць, ніколі, – усё ж узяла. “Ат, хай будзе. На Вялікдзень з’есца”, – усцешыла сама сябе жанчына. Трэба ж было набраць, каб на прыз хапіла. Прайшоўшыся ў бок малочных прадуктаў, заўважыла на акцыі кефір. Паглядзела на дату выпуску і паклала ў карзіну.
Усюль мігцеў чырвоны колер, які крычаў пра зніжкі, перакрэсленыя лічбы. І чым далей ішла жанчына, тым усё цяжэй было руцэ. Цётка Ала сама не заўважыла, як не стала месца ў карзіне. Гэта азначала, што трэба было ісці да касы.
Чарга стаяла вялікая. Выхадны ж дзень! Усе прыйшлі закупляцца, а можа, некаторыя пасля таго, як і яна, паглядзелі па тэлевізары на  шчасліўчыкаў, што выйгралі прызы. Гэта ж так проста: набраў на 10 рублёў – і новую кватэру далі.
І кожны з гэтых людзей упэўнены, што наступнай суботай менавіта ён стане пераможцам.
Цётка Ала неяк паглыбілася ў думкі і толькі цяпер зразмела, што набрала чаго і не трэба было. Але адступаць было позна. Выйсці з чаргі – азначала прызнаць саю паразу. “Толькі б грошай хапіла”, – прамільгнула ў галаве.
Прадавачка няспешна падносіла прадукты да апарату, раздаваўся “піп”, запаўняліся пакеты. Зрэшты, гэтых “піпаў” тут было дачорта. За некалькі гадзін праслухоўвання гэтай моднай музыкі можна было звар’яцець. “І як яны тут працуюць…”, – думалася ёй.
Ну, вось яе выхад. Дачакалася. Раскладае ўсё, што ўпіхнула ў карзіну. Чаго там толькі няма! Здаецца, месяц можна не хадзіць у крамы. Цётка Ала падыходзіць бліжэй да касіркі, і тут яе ўвагу спыніла жанчына гадоў за 60, якая стаяла па правы бок ад яе:
- Вы збіраеце бонсцікаў?
Цётка Ала спачатку  не зразумела пра што яна,  а пасля ўзгадала. Неяк бачыла ў аўтобусе, як малыя паказвалі адно аднаму малыя гумовыя штукі, падобныя да саплей.
- Ды не. Не збіраю.
- Як будуць бонсцікі, дайце іх мне. Бо я бачу ў вас іх шмат будзе.
- Добра.
І вось касірка пачала абслугоўваць цётку Алу. Разгарнула адразу 2 пакеты, бо было відаць: у адзін усё не змесціцца. Яшчэ раз у думках цётка Ала абазвала сябе “дурной галавой”, паабяцала, што больш ніколі не прыпрэцца ў такія крамы, калі прыз будзе не яе.
- З вас роўна сто рублёў, – сказала касірка, – накапляльная карта ёсць?
- Так безумоўна, – сказла цётка Ала, а сама сабе яшчэ дадала: “Каб не было, хрэн бы я тут закупку рабіла. І так столькі не планавала браць. Але ўжо што атрымалася…Усё дзеля прыза… усё дзеля прыза”
Прыклаўшы карту, касірка сказала:
- Дзевяноста дзевяць  семдзесят дзевяць.
“Ну. хоць пару капеек”, - іранічна падумала жанчына.
- Вось вам яшчэ 6 бонсцікаў.
Цётка Ала ўзяла іх і аддала той жанчыне, якая з нецярпеннем чакала. Тая падзяквала і паклала іх у кішэню.
Разлічыўшыся і ўзяўшы два пакеты, цётка Ала адчула яшчэ большы цяжар. Цешыла толькі думка пра наступную суботу і прыз. Адыходзячы, яна пачула голас той жанчыны, які звяртаўся да іншага пакупніка:
- Вы збіраеце бонсцікаў?..

***
У наступную суботу, калі па тэлевізары паказвалі ў прамым эфіры розыгрыш прызоў,  цётка Ала сядзела ў чаканні, трохі нервавалася. Вядоўца даставаў са слоіка нумары, паказваў на камеру, усе вохкалі. Спачатку разыгралі адну машыну, пасля другую, нумар цёткі Алы ўсё ніяк не выпадаў, пасля разыгралі трэцюю – і ўсё не тое. Жанчына пачынала ўжо злавацца. Толькі суцяшала думка пра кватэру. І калі разыгрывалі яе, яна ажно ўстала з канапы, адкрыла рот і замерла… Але нумар зноў не супаў. Яна не магла даць веры, як яна, якая накупіла на 100 рублёў рознай ерасі, якую і не збіралася, не выйграла той прыз праз які і прыйшла ў тую краму. Жанчына злавалася, мацюкалася. Нават сын выйшаў з пакоя і, усміхнуўшыся, выдаў: “Гэта я разумею… малайца. А тое мне: не сварыся ды не сварыся”. Але цётка Ала яго не слухала. Яна гатова была зараз не тое што мацюкацца, а падпаліць гэты тэлевізар разам з вядоўцамі, якія лыбіліся з экрану. Неадэкватнасць і шок у хаце панавалі яшчэ пару дзён. Цётка Ала адмаўлялася ад ежы і пачувалася дрэнна. Толькі праз некалькі дзён яна ачухалася, хоць усё яшчэ не давала веры, што нічога не выйграла. Нават  бонсцікі – і тыя не ў яе.
На першы погляд можа падацца, што цётка Ала засталася такой жа ж, але гэта толькі здаецца.  Яна працягвае штосуботу глядзець розыгрышы і спадзяецца, што ўсё ж выпадзе яе нумар, бо раптам на яе той раз забыліся… Жанчына не можа адэкватна рэагаваць на слова “зніжка”, якое заставіла яе купіць столькі непатрэбнага, і ўвогуле,  з таго часу яна ходзіць закупляцца выключна ў “Родны кут”.


Рецензии