Рыгорава помста

«Полымя» №11,  2000


             Мікола ЗАХАРАНКА
 
             РЫГОРАВА  ПОМСТА

   З раніцы Рыгор на ровары з’ездзіў у канец мястэчка на калгасны двор, вярнуўся ў цэнтр, зазірнуў у кантору камунгаса, потым у школу-інтэрнат і ў бальніцу. Пабыў усюды, дзе меўся трактар. I ўсюды — безвынікова. Трактарысты адводзілі вочы, не казалі ні “так”, ні “гэтак”, нічога пэўнага не абяцалі, але нібыта і не адмаўлялі.  Рыгор не ўмеў з імі дамовіцца і адыходзіў ні з чым, кожны раз адчуваючы сорам і прыніжанасць, быццам папрасіў міласціну і — не далі.
    “Якія людзі, — думаў Рыгор. — Як бабы! Калі ты мужчына, дак скажы зраблю ці “не зраблю”! А то: — “Што ты, дзядзька, цяперака з етым строга...” Нібыта кожны дзень не ездзяць «налева», як сыр у масле качаюцца, ва ўсіх насы шызыя ад самагонкі...”
    Рыгору трэба было прывезці дровы. Яны з Юркам саматугам нарэзалі кубоў дзесяць у   Сырым лесе, і патрэбен быў трактар, бо ў Сыры лес машына не паедзе — загрузне ў глыбокіх, разбітых леспрамгасаўскімі “МАЗамі” чорных каляінах.
    Заставаўся адзін шанс, самы апошні...
    I самы непрыемны.
    У ПМК ёсць, усё ж, машына, якая не пабаіцца той гразкай лясной дарогі. Вялікі армейскі грузавік з высокімі чорнымі бартамі — “Урал” — меў не чатыры, а два скаты на задняй восі, і таму, што яго заднія колы ішлі ў каляіне пярэдніх, валодаў якасцямі ўсюдыхода. “Прахадзімец”, — казалі людзі, маючы на ўвазе ці то машыну, ці то яе вадзіцеля. Бо рабіў на ёй Іван Чугуноў, па мянушцы Клюмпа. Мянушку сваю ён атрымаў за тое, што любіў вальсаваць на п’яных гулянках з чужымі жонкамі, прыпяваючы пад такт музыкі: “Клюм-па-па, клюм-па-па!”.
    Здаравенны, гладкі, круглатвары дзяцюк з бела-рудой чупрынай, са стрыжанай патыліцай і маленькімі нахабнымі вочкамі прыехаў гадоў сем таму аднекуль з Расіі і ўпэўнена атабарыўся ў мястэчку разам са сваёй, сухой як трэска, бяздзетнай жонкай.    Жылі яны як кот з сабакам, але гаспадарку вялі дружна і аднадушныя былі хіба толькі ў сквапнасці, якая кідалася ў вочы кожнаму, хто меў і хто не меў з імі справу. За год Чугуноў паставіў будыніну сем на дзесяць з прыбудовамі і абгарадзіў двор высокім глухім плотам. Усім на дзіва, гэты просты шафёр хаўруснічаў выключна з начальствам.
    Яго і жонку не любілі.
    “3 крадзенага лесу чаму й не пабудавацца!”
    “Чаму не — такая машына ў руках...!
    “У яго ўся міліцыя ў руках, а ты кажаш — машына!!
    “У іх жа грошай!!!”
    “Ведама, бяздзетныя”.
    “Ат-т, навалокі...”
    Ды справа не ў гэтым... Проста, непрыемны чалавек бывае непрыемны неяк сам па сабе, з немавед якой прычыны.
    “Чорт бы з ім знаўся, каб не яго “Уралец”.
    Рыгор піхнуў пярэднім колам весніцы, закаціў ровар у двор і прытуліў да плоту.    На ганку стаяла Кацярына і пільным вокам пазірала на мужа.
    — Ну, што?
    — Анічога! — агрызнуўся Рыгор. — Гары яно ўсё гарам.
    — Ну, канешна, усім людзям “чога”, а табе аднаму — заўсёды нічога.
    Кацярына папракала яго нязлосна, з ласкавай горыччу, з пакорлівай жальбай на лёс  і сваё няўдалае жыццё. Гэтай яе “філасофіі” Рыгор не мог трываць, але і адказаць не было чым.
    Усё так, усё правільна. Кожны год, пасезонна, вяршыліся ягоныя “хаджэнні па пакутах”: вясной — у пошуках каня, каб узараць агарод, летам — машыны ці трактара, каб прывезці дровы, восенню — зноў каня, пераараць тыя няшчасныя дзесяць сотак. I рэдка калі ўдавалася з першай спробы. Трэба было хадзіць, прасіць, прыніжацца, чакаць — прыездзе, не прыедзе? — хвалявацца, нават начэй не спаць. У людзей, канешне, не так, людзі неяк умеюць... Рыгор перачакаў, рашыўся:
    — Можа, ты сама з етым... з Іванам Клюмпам пагаворыш... Можа, цябе паслухае?
    Кацярына падціснула вусны.
    — І паслухае! Я не буду пыкаць-мыкаць, як ты. — Яна выйшла ў пярэднюю хату пераапрануцца. — Я з чалавекам па-чалавечы, а не то што... — казала яна адтуль.
    — Ну, глядзі, глядзі... З чалавекам...
    Ох, не трэба было яму чапаць яе!
    — Што — глядзі, глядзі? На што ты намякаеш? Што мне глядзець? — узвілася, усхапілася Кацярына, выбягаючы, у чым была, да Рыгора. Але і ён не драмаў — вужам выслізнуў з хаты, нават клямкай не бразнуў.
    Рыгору і ў думках моташна было бачыць, як яна блізка-блізка стаіць каля мардатага Клюмпы, закінуўшы гожую галоўку з тугім вузлом чорных валасоў на патыліцы, пазірае яму ў вочы, “бярэ” яго сваімі жаночымі чарамі, жартуе, смяецца...
    “Дамаўляецца.”
    “Нічога, — усміхаўся Рыгор, зграбаючы ў кучу леташнія трэскі на дрывотні, адно каб чым заняцца. — Не шаснаццатка, бабе ўжэ сорак, старая баба, лічы...”
    — Акыш! — замахнуўся на курэй граблямі. Пакуль ён думаў сваё, тыя раскідалі назграбаную горку смецця.
    — А дзе матка? — сын Юрка ўзнік, як з-пад зямлі.
    — Не ведаю.
    — Дак я зноў пайду.
    — Куды?
    — Ну, куды... Гуляць.
    “А што, калі вось зараз Кацярына пад’едзе з Клюмпам!”
    — Пастой... Дома будзь. Матка... машыну пайшла шукаць.
    — А ты не знайшоў?
    — Не, — коса зірнуў на Юрку Рыгор і адвярнуўся.
    — Яна прыйшла праз добрую гадзіну і пераможна абвясціла з парога:
    — Ну вот, дагаварылася! Заўтра ў пяць пад’едзе.
    — А не падвядзе?
    — Не падвядзе, не бойся.
    — Чаму ета ты так... упэўнена?
    — Таму. Сказаў цвёрда, — яна яўна ганарылася сабой.
    “Хм, Клюмпа ёй цвёрда сказаў!”
    Але на душы павесялела.
    — Юрка, заўтра нікуды не сыходзь, паедам па дровы. — Рыгор зірнуў на Кацярыну і дадаў: — Калі ўдасца, канешна.
    — А калі? — узрадаваўся Юрка.
    — У маткі папытайся.
    Рыгор выйшаў на двор, зноў шукаць сабе занятку.
    “Во дажыўся гаспадар, не ведае, куды рукі дзець”.
    Ён нідзе на казённай працы не рабіў, жыў “на вольным хлебе” — цяслярыў.   Паўмястэчка, лічы, пабудаваў, дамоў пятнаццаць зрубіў. Не адзін, вядома, а з Іванам  Хахлом ды Андрэем, таксама Хахлом.
    Яны рабілі зруб, клалі бэлькі і ставілі кроквы. I ўсё! Пасля чаго мелі ад гаспадара разлік і магарыч. Магарыч агаворваўся асобна і не ўваходзіў у каштарыс.   Сталяркай не займаліся прынцыпова, мелі прафесійную цяслярскую грэблівасць да сталярства. У іхняй працы быў размах: бервяно да бервяна — зруб! А рамы, дзверы, вушакі — дробязь, надакучлівая маркота. “Калупаць немцу ў с...!”
    Але ўжо з месяц ніхто не наймаў. З кожным днём вымушанага беспрацоўя Рыгор у думках аб сабе апускаўся па прыступках сацыяльнай лесвіцы. Зараз ён, славуты цясляр, пачуваўся ніжэй калгасніка і ўсяго на нейкую прыступку вышэй за апошняга местачковага п’яніцу.
    Скончыліся і грошы ў Рыгоравай хаце.
    “Юрка на восень пойдзе ўжо ў восьмы клас, а ў яго і штаноў добрых нямашака”.
    А тут — дровы.
    На носе жнівень, “Ілля наробіць гнілля”, пойдуць дажджы, тады ў Сыры лес і на танку не заедзеш.
    Кацярына вынесла курам намочанагаў місцы хлеба: “Ціп-ціп-ціп!”
    — Каця, сколькі ў цябе грошай асталося?
    — Сколькі? — яна падумала. — Трыццаць два рублі з капейкамі. А што?
    — Клюмпу трэба будзе даць... рублёў дваццаць пяць, не меней.
    — Ого! — яна жахнулася. — А калі трохі меней?
    — За меней ён не возіць.
    — Нічога, пераб’ецца й за меней, — легкадумна рашыла Кацярына.
    Рыгор ведаў, што бывае, калі Клюмпу даюць меней.
    Разгрузіўшыся і выязджаючы з двара “крыўдзіцеля”, Клюмпа, нібы незнарок, чапляў бортам машыны нізкую страху ці плот, ці шула, ламаў вароты. На тым тыдні Рыгор сам хадзіў да бабкі Соні папраўляць паламаны падстрэшак яе ўрослай у зямлю хаткі і струшчаныя веснічкі.
    — Напіўся маіх слёз Клюмпа, каб ён смалы напіўся! Мала дала, каб яму на могілках мала места было! — плачучы, жалілася Рыгору бабка Соня. — Памажы, Грышка, людскія каровы па градах ходзяць!
    “Тое будзе і мне,” — асуджана думаў Рыгор.
    Ён са шкадаваннем паглядзеў на свае вароты. Вароты, як цацка, на дзве створкі, на змазаных завесах, шулы яшчэ не старыя, дубовыя, гадоў пяць прастаяць.
    Прастаялі б...
    “Ах ты, гад!” — хвіліну яшчэ няўцямна глядзеў ён на вароты, ды раптам рашуча пакрочыў да паветкі.
    “Ну, што ж, будзе мне — будзе і табе!”
    Рыгор надумаўся ўчыніць злачынства.
    Спачатку ён раскалоў на дзве плахі тоўстую бярозавую калодку, на якой звычайна шчапаў лучыну ці раўняў старыя цвікі. Потым выцяг з-пад дрывяной складні кавалак арматуры — жалезны, таўшчынёй у палец, прэнт — і замацаваў яго ў цісках на варштаце.          Гукнуў Юрку.
    — Прынясі нажоўку.
    Юрка прынёс.
    — Да не етую! Падай тую, што жалеза рэжа, у калідорчыку на паліцы.
    Юрка прынёс патрэбную нажоўку, спытаўся:
    — А што ты будзеш рабіць?
    — Ат... клямку на вароты сагну, — зманіў Рыгор.
    — А-а... — Юрка не ішоў, чагосьці тупаў каля яго, замінаў.
    — Чаго ты?
    — Дай веліка пакатацца.
    — Бяры... Ды не дабі, новага не купіш.
    — Не бойся, я лепей за цябе езджу.
    — Дак от етага я й баюся...
    Рыгор адрэзаў кавалак прэнта даўжынёй сантыметраў сорак, падабраў свярдзёлак такога ж, як прэнт, дыяметру, пракруціў у пласе з гарбатага боку дзірку, — не наскрозь, а на палову яе таўшчыні, — і малатком забіў шкворань у адтуліну. Потым на абусе старой шчарбатай сякеры распляскаў канец шкворня, які выступаў з палена яшчэ на сантыметраў дваццаць і грубым напілкам тонка завастрыў.
    Плаха плоскім бокам устойліва лягла на зямлю, а з яе, як антэна, вытыркалася жалезнае шыла.
    Гатова.
    Канструктарская ідэя Рыгора была ў тым, каб у патрэбньм месцы каля шулы прыкапаць сваё прыстасаванне шылам уверх, на якое і напорацца колам Клюмпаў   “Уралец”. Калі, вядома, Клюмпа надумаецца паваліць шулу.
    А калі — не? Вось дзе загваздка...
    Тут патрэбны быў дакладны разлік. Паставіш “вожыка” занадта блізка каля шулы — борт шулу зачэпіць, а кола да “вожыка” можа і не дастаць. Марная праца. А калі ўкапаеш далей, чым трэба — нявінны Клюмпа напорацца нізашто.
    Рыгор задумаўся.
    — Кідай клюкаць, — мімаходзь кінула Кацярына, несучы парасяці, і схавалася ў хлеўчуку. Рыгор хуценька зняў з цвіка старую ватоўку і накінуў яе на «канструкцыю».
    “Убачыла ці не?”
    Трэба будзе прывезці мяхі два кірсы з піларамы, — заклапочаная Кацярына выйшла з хлева з пустым вядром. — Парася па вушы ў гразі.
    — Што? А, кірсы... Шчас паеду.
    — На чым? Трэба было хлопца не пускаць.
    Яна падышла да яго, жартаўліва піхнула кулаком у сцягно.
    — Ох, худэча! На мяккім месцы і то — косткі. Пагана я цябе гляджу... Хадзем абедаць, шкілет.
    Рыгор не заўважыў жончынай ласкі і абыякава паплёўся за ёю ў хату.
    Вялікі клопат чытаўся на яго твары ўвесь час, пакуль абедалі.
    — От, пра што ты думаеш? — не выцерпела Кацярына. — На цябе пагпядзіш, дак ці то прафесар, ці дурань задуменны!
    — А што, — пакорліва згадзіўся Рыгор. — Дурань думкамі багат.
    Лагодны голас Кацярыны, нязлосныя кпіны, смачны яе абед, цішыня летняга поўдня ў хаце, мірнае цоканне ходзікаў на сцяне суцішылі ўзбунтаваную ранішнімі клопатамі душу.
    На нейкі момант помслівая яго задума здалася непатрэбнай і нават смешнай.
    “Як шкадлівы падлетак...”
    Але не, трэба было даводзіць справу да канца, ды і творчы азарт браў сваё.     Кірса... Гэта Кацярына добра прыдумала!
    — Ну, дзе той Юрка? — крутнуўся на лаўцы Рыгор. Тут жа стукнулі на двары весніцы, а неўзабаве і дзверы.
    Юрка быў лёгкі на ўспамін.
    — Каб ты так галавою бразнуў, як ты бразкаеш дзвярмі! — зазлавала Кацярына. —    Увесь мел са столі адбіў!
    Лустачка пабелкі сапраўды аддзялілася ад бэлькі і плаўна апусцілася долу.    Кацярына ўзялася за венік.
    — Што яму матчын труд?
    — Труд! — рассмяяўся Юрка. — Да здрастует мір, труд і май!
    Смяшлівая Кацярына пырскнула з Юркавага глупства і зірнула на Рыгора.
    — Бач, граматны, ужэ матку перадражнюя!
    Рыгор хмыкнуў.
    — Можа, й граматны, казаў жа, калі не брахаў, што на пяцёркі вучыцца.
    — Мам, дай есці.
    — У вас папелі, а ў нас паелі. Дзе ты быў, як людзі абедалі?
    — Мам, ну дай...
    — Бяры там у печы сам, капусту налівай... дранікі ў місачцы злева за шчакой.
    Рыгор устаў з лавы.
    — Паеду па кірсу.
    — Чаго ты паедзеш, хлопец унь з’ездзіць.
    — Магу, — азваўся Юрка, шнарачы вілкамі ў печы.
    — Сам з’езджу, — насупіўся Рыгор. Ён не хацеў, каб Юрка ўдзельнічаў у яго таемнай справе, неяк непрыемна было.
    “Шчэ й яго сюды...”
    На пілараме кіпела работа. Рыгор зайшоў пад павець, паздароўкаўся з абсыпанымі пілавіннем пільшчыкамі, якія толькі на момант павярнулі ў яго бок галовы, пастаяў, з асалодай назіраючы, як магутныя вертыкальныя пілы, сноўдаючы ўверх-уніз, з лёгкай грацыяй распілоўваюць тоўсты камель, ператвараюць яго ў пачак свежых сасновых дошак, і палез у перапоўнены пілавіннем бункер-накапляльнік. Прыгаршчамі награбаў і таптаў   у мяхі калючую смаліста-духмяную бурштынавую кірсу. Гэта было можна, пільшчыкі былі толькі рады: а куды ім яе дзяваць?
    Прыкаціўшы ровар з двума мяхамі дадому, Рыгор адзін мяшок высыпаў пад ногі парсюку, другі паставіў пад павець. Цяпер засталося самае хітрамудрае, але трэба дачакацца прыцемку.
    Да вечара яны з Юркам рамантавалі ровар. Рыгор агледзеў, што тармазная лапка саскочыла з рамы, а ў заднім коле “паляцелі” дзве спіцы. “Даездзіўся, гоншчык!”. Але на Юрку не сварыўся — той і сам вінавата шморгаў носам.
    Сонца села на далёкі лес. Прыйпіла з агарода Кацярына і, шчаслівая, пахвалілася:
    — Бачылі?
    У яе ў прыполе ляжалі зялёныя з калючымі пупыркамі гурочкі. Першыя.
    — Ого! — запэцканай у мазут рукой Юрка схапіў адзін і схрумстаў. Вокамгненна.
    — Галадамір! Хаця б рукі памыў, радзіяцыя ж! — Кацярына панесла гуркі ў хату,   Юрка — за ёй.
    А тады Рыгор шмыгнуў пад павець, намацаў у скрыні з інструментамі свой складаны цяслярскі “метр”, паклаў у кішэню і крадком пайшоў з двара.
    Машынны двор ПМК знаходзіўся на краі мястэчка, каля самых могілак, задамі прымыкаў да могілкавай агароджы.
    “Пакуль дайду, якраз сцямнее”
    Каб не быць заўважаным, ён і пайшоў цераз могілкі.
    Паміж рэдкімі соснамі, у хмызах маладой акацыі ляжалі пад пахілымі крыжамі ўдзірванелыя курганкі старых магіл. На вальнейшых месцах узвышаліся прамавугольнымі сілуэтамі псеўдамармуровыя помнікі над магіламі новымі. Здзівіла раптоўная нетутэйшая цішыня. Пахла хвояю, балігаловам, мёдам, сырою зямлёй і нібыта ладанам.       Нізкая крывава-чырвоная поўня праглядвала з усходу між дрэў.
    Рыгор збочыў управа, каб не ісці міма роднага месца, дзе ляжалі яго бацька і маці і іх з Кацярынай першынец Міколка. Ён упаў духам, занудзіўся, здаўся сабе недарэчна-нікчэмным, у нечым вінаватым.
    “Начорта мне ўсё ета...”
    Але падуў ветрык, з машыннага двара пацегла пахам бензіну, саляркі, нагрэтага за дзень жалеза — і ад душы адлягло.
    “Урал” стаяў каля самага плоту, асобна ад іншых машын, нібы і тут падкрэсліваў сваю перавагу над імі, уроскідку, абыяк пакінутымі на бязлюдным двары.
    “Шчас мы цябе абмераем...”
    Рыгор праціснуўся праз дзірку ў плоце і, сагнуўшыся, падкраўся да задняга борта.    Сэрца тахкала.
    “От, як зловяць! I сказаць не будзе чаго...”
    Дастаў з кішэні “метр”, выпрастаў яго і... зразумеў, што “метр” тут бескарысны.   Трэба было дакладна, да сантыметра, памераць адлегласць ад краю борта да знешняй паверхні задняга кола. Але разгледзець штосьці на сцёртай шкале “метра” ў такім змроку было немагчыма. Ён вярнуўся да агароджы, адламаў лазовы пруток, зноў падкраўся да “Урала”, падлез пад кузаў, прыклаў адзін канец “меркі” да кола і ў тым месцы, дзе пруток даставаў да левага борта, зашчаміў пазногцем мяккую кару. Не адпускаючы пальцы, надламаў дубец у гэтым месцы і зубамі перакусіў салодкія на смак непадатлівыя валокны.
    Усё.
    Раптам недзе блізка скрыгатнула жалеза. Рыгор замёр на карачках пад кузавам і ўбачыў: зверху з падножкі на зямлю апускаецца чалавечая нага, абутая ў кірзавы бот.   Ляснулі дзверцы кабіны, і другі бот усталяваўся каля першага. Грузна ступаючы, ногі пакрочылі ўздоўж борта ў яго бок і спыніліся побач.
    Рыгор не дыхаў.
    — Слыш, Хонька, я севодня на адну бабёнку глаз палажыл, как думаеш, павязёт? — раздаўся над вухам зычны голас.
    “Клюмпа!”
    — Усё можа быць, Мікалаевіч, — Хонькавы ногі саскочылі з правай падножкі і, абышоўшы машыну спераду, падышлі да Клюмпавых.
    — Адальём на шчасце! — рагатнуў Клюмпа.
    Два струмені паліліся на задняе кола, аж пырскі дастарвалі да Рыгора, а ён сядзеў, баючыся варухнуцца, сцяўшы зубы.
    “Як мыш пад венікам”.
    Выходзіць, пакуль ён арудаваў пад кузавам, гэтыя двое былі ў кабіне, мабыць, выпівалі...
    Дадому Рыгор вяртаўся ўжо не хаваючыся і не проста цераз двор, а паўз дашчаную будку вартаўніка, паўз яе асветленае акно, нават зазірнуў у яго. Вартаўнік спаў на састаўленых лаўках, падклаўшы ватоўку пад галаву.
    Ідучы па доўгай брукаванай вуліцы, залітай прывідным святлом месячнай летняй ночы, Рыгор адчуваў палёгку, сорам і злосць разам. Ён паглядзеў на сябе збоку, вачамі другога чалавека, і яму зрабілася і прыкра і смешна. Ён нават ціхенька засмяяўся.
    “Каб каму расказаў!..”
    У хаце не гарэла святло. “Спіць” — падумаў Рыгор, але Кацярына блакітнай зданню ўзнялася з ганка яму насустрач.
    — Дзе ты быў?
    — Нідзе... так, хадзіў... гуляў.
    — Гуляў! А каб я ў дванаццаць ночы пайшла да гуляла?
    — А хіба ты “гуляшчая”? — Рыгору захацелася пажартаваць, ён гарэзліва ляпнуў яе па азадку.
    — От і зачапі дурнога! — адступіла на крок Кацярына.
    — Дак я ж жартую.
    — Жартуеш!.. Да твае жартачкі ўсе з намёкам.
    — Да ідзі ты! — адмахнуўся Рыгор. — Паллі на рукі.
    Яна вынесла з хаты збан з вадою, мыла, ручнік, падала кашулю і чыстую бялізну.
    — Пераапраніся заадно.
    — Да ты што? — абурыўся Рыгор. — Сярод ночы!
    — Давай, давай, закарэў увесь!
    Яна яшчэ двойчы хадзіла па ваду, палівала са збана на рукі, шыю, голую спіну.    Рыгор пырхаў, чмыхаў, пырскаў вадой на Кацярыну... Раскашаваў.
    Потым яны пасядзелі на лавачцы пад яблыняй, куды не даставала месячнае святло.
    — А Юрка дзе?
    — Юрка спіць даўно.
    Рыгор нясмела працягнуў руку, абняў яе за шыю і памкнуўся пацалаваць у вусны.    Яна адказала... Ды раптам засаромелася, усхапілася з лаўкі, сказала наўмысна грубавата:
    — Хадзем спаць, маладажон...
    Уранні Рыгора абудзіла трывожнае прадчуванне нейкай урачыстай падзеі. Праз туман сну не было відаць — якой. Сёння прывязуцца дровы... Але не, дровы дрыўмі. Тут нешта... I раптам успомніў, ад пачатку да канца, увесь свой учарашні дзень — і канчаткова прачнуўся.
    Снедалі без Юркі, той на досвітку пайшоў “на рыбу”.
     — Прыйдзе — хай паспіць, — казала Кацярына, ставячы на стол патэльню з яешняй.  — Сала ўжэ німа, на алеі прэгла... А Юрку дай паспаць, не тузай без толку, а то прыйдзецца грузіць, дак упадзе на тыя дровы. I лісапеты не давай.
    — Не дам, — Рыгор без ахвоты торкаў відэльцам у бурштынавы жаўток.
    — Не гідзься, еш, а я пайшла на агарод, у бульбу не ўлезці.
    — Ты, ета... можа б, схадзіла, шчэ раз напомніла Клюмпу, пакуль машыны не раз’ехаліся.
    Трэба было хоць куды паслаць яе, абы пайшла з двара.
    — Можа, й так, — хутка згадзілася Кацярына. — Кожная вош любіць, каб ёй кланяліся.
    Толькі зараз Рыгор са здзіўленнем заўважыў, што яна ўжо апранутая “на выхад”.
    А казала — пайду на агарод...
    Так. Кацярына пайшла, раней як праз гадзіну не вернецца, Юрка са сваёй рыбалкі прыходзіць гадзін у дзесяць, а работы ў Рыгора хвілін на дваццаць-трыццаць.
    “Спраўлюся”.
    Подбегам кінуўся да паветкі, сашмаргнуў з “канструкцыі” ўжо абседжаную курамі ватоўку, — “От, гадасці!” — схапіў прыстасаванне за шкворань, панёс да варот, кінуў каля левай шулы. Пашукаў і знайшоў каля лавачкі пад яблыняй, дзе ўчора мілаваліся з    Кацярынай, сваю лазовую “мерку”, мімаходзь прыхапіў з-пад павеці рыдлёўку. Недарэчы ўзгадалася ўчарашняе Кацярыніна “хадзем спаць, маладажон...”, і пакуль капаў равок каля шулы, на яго твары блукала непамысная ўсмешка.
    Рыгор кінуў плашку на дно ямкі. Шыла на пядзю вытыркалася над узроўнем зямлі.
    “Не гадзіцца”.
    Падкапаў яшчэ. Цяпер «джала» на пядзю не даставала да паверхні.
    “Акурат. Тое, што трэба”.
    Памераў дубцом ад шулы да шкворня. Далекавата. Пасунуў плашку бліжэй да шулы, зноў памераў.
    “Парадак”.
    Пачаў кідаць у ямку і трамбаваць чаранком рыдлёўкі свежую зямлю. Зверху заваліў кірсой, прытаптаў нагой, прыцерушыў пясочкам. Лішнюю зямлю акуратна падабраў рыдлёўкай і раструсіў уздоўж плота.
    “Каб і следу не было!”
    Уласна “мінёрская” Рыгорава хітрасць была вось у чым: калі кола ўз’едзе на замаскіраваную пастку — кірса пад цяжарам машыны прасядзе, нерухомае, цвёрда ўпёртае ў плашку шыла праткне балон навылёт!
    Вядома, гэта здарыцца тады, калі кола ўз’едзе на пастку, чаго, на добры лад, здарыцца не павінна. Але калі яно, на сваю пагібель, возьме лявей, чым яму належыць   — што ж, не Рыгорава віна.
    — Пры чым тут я?” — з выклікам некаму, весела падумаў Рыгор, атрасаючы рукі.    Цяпер ён здаваўся сабе гэткім дасціпным і спрытным жартаўніком, пра штукарствы якіх людзі расказваюць адзін аднаму байкі. Нават захацелася некаму пахваліцца.
    “А што, не за так сабе ў сапёрнай часці служыў!”
    Кацярына прынесла вестку:
    — Сказаў, пад’едзе ў тры.
    Рыгор спахапіўся: памагчы грузіць дровы падмеўся ўчора Кацярынін брат Васіль.  Але ж ён прыходзіць з работы ў пяць! Пазваць Ігната Ёкуша? Той сядзіць дома, але яго дапамога ўляціць у капейчыну, трэба будзе паіць без меры, а яшчэ горш — слухаць яго п’янае выхвалянне. Хведара Жлукту? Тое самае, калі не горш, Жлукта — ён і ёсць  Жлукта...
    Болей Рыгор не ведаў каго.
    “Заняўся дурасцю, трэба было папрасіць Васіля, хай бы з кім падмяніўся, а так...”
    Юрка прынёс чатыры карасікі, кату на смех, перахапіў на хуткую руку і заваліўся спаць. Кацярына сышла на агарод і не паказвалася.
    “Ат, нагрузім і ўдвох з Юркам”.
Клюмпа пад’ехаў у чатыры. Адчыніў брамку і, не заходзячы, грэбліва кінуў у двор:
    — Ну, хто тут?..
    Яны былі напагатове, таміліся чаканнем і няпэўнасцю. Рыгор мітусліва зазбіраўся, хацеў пагукаць Кацярыну, перадумаў, схапіў сякеру, выбег на вуліцу да машыны, кінуў сякеру цераз борт у кузаў і з болем пачуў, як яна дзынькнула лязом аб нешта жалезнае. Паселі з Юркам у кабіну. Клюмпа адчыніў дзверцы са свайго боку і, не залазячы, паглядаў на іх з зямлі.
    — Ну, паехалі, Мікалаевіч, — бадзёрым голасам сказаў Рыгор.
    — А хто грузіць будзет?
    — Як? Ну... от мы...
    Клюмпа агледзеў іх гідлівым позіркам.
    — Грузчыкі, тваю маць...
    Але сеў за руль, завёў рухавік...
    Усю дарогу, пакуль ехалі, Рыгор баяўся.
    Баяўся, што празявае ў лесе паварот з дарогі на прасеку, што “Урал” усё ж недзе засядзе на нізкім месцы, што не надта добры падрыхтаваў пад’езд да дроў, і машыне не будзе як развярнуцца, баяўся іншай якой неспадзеўкі.
    Баяўся Клюмпы...
    Той завочны паядынак, які ўчора вёў з ім “на роўных”, цяпер здаваўся самаўпэўненым глупствам.
    Але, дзякуй Богу, усё абышлося добра. Не збаўляючы хады, “Урал” сігануў праз дзве самыя небяспечныя балацянкі, а калі Клюмпа па-заліхвацку развярнуў машыну, толькі аднойчы падаўшы яе ўзад, і спыніўся левым бортам ушчыльную каля дроў, Рыгор з палёгкай уздыхнуў.
    — Ну, Мікалаевіч, ты — ас! — напалову, каб паддобрыцца, напалову шчыра сказаў Рыгор.
    Дарэмна. Клюмпа і не зірнуў на яго, першы вылез з кабіны, адкінуў крук пярэдняга борта. Рыгор пабег да задняга і ў спешцы, хапаючыся, пачаў тузаць другі крук.   Безвынікова.
    — Тата, не ў той бок! — прашаптаў Юрка.
    Клюмпа валюхата падышоў, адштурхнуў Рыгора плячом і лёгка адшчапіў кручок. Борт з грукатам адкінуўся, адкрыўшы вачам вялізны правал кузава. Рыгор жахнуўся. Толькі цяпер ён зразумеў, што запоўніць гэтае чэрава ўдвух з Юркам немагчыма.
    “Паможа Клюмпа, дзе ён дзенецца...”
    — Мікалаевіч... хай хлопец на кузаве, а мы з табой ускінем.
    — Ну, т-ты даёш! — Клюмпа цвыркнуў слінаю пад ногі Рыгору і палез у кабіну.
    Рыгор разгубіўся, аж знерухомеў, ніякавата паглядаў услед Клюмпу.
    — Тата, давай! — сказаў Юрка, зноў чамусьці шэптам. — Бярыся.
    Нешта ўзарвалася ў грудзях.
    — А чаго ты шэпчаш, сынок? — гучна, амаль крычучы, загаварыў Рыгор. — Тут табе лес, а не... райком парціі. Тут нам ніякая падла!.. Тут — ого!
    — Тата! — узмаліўся Юрка.
    — Тутака, брат, мы ў сябе дома! — крыкнуў Рыгор у бок кабіны. —Давай, Юрка, не дрэйф! Гоп!
    Першае палена ўзляцела ў паветра над кузавам і ўдарылася камлём аб супрацьлеглы борт. За ім другое, трэцяе... Яшчэ адно, яшчэ... Рыгор супакойваўся.
    — Ты, Юрка, дзе табе камель пападзецца — пераходзь на мой бок, бярыся за шчык.
    — Добра.
    “Нічога, Клюмпа, пачакаеш... Сколькі трэба пачакаеш, — зласліва думаў Рыгор. —   Нам спяшыць няма куды”.
    Шчэ й палавіны кузава не нагрузілі, а Рыгор ужо двойчы ўзлазіў на яго, папраўляў абы як лёгшыя бярвенні і па-маладому лёгка саскокваў на мяккую ўтравелую зямлю. Але шкода было Юрку. Той з усяе сваёй сілы штурхаў ад сябе чарговае палена і па інерцыі кожны раз амаль падаў наперад, абапіраўся рукамі аб край кузава. Рыгор бачыў, як пабялела ў яго вакол носа.
    — Стой, Юрка, пара калкі ставіць, — узяўся Рыгор за ўцюкнутую ў старую асіну сякеру. — Пасядзі, я пайду высеку.
    — Дак мы ж іх ужэ... — заікнуўся быў Юрка. Рыгор спыніў яго кароткім позіркам.
    — Пасядзі, сказаў!
    Гэта была хітрасць. Шэсць ясянёвых калкоў, папярэдне высечаных, коса зачасаных з аднаго канца, ляжалі схаваныя пад дрывамі. Але Юрку трэба было даць перадыху. Проста ж так, без дай прычыны, сесці адпачываць Рыгор не наважваўся: Клюмпа і так ужо двойчы незадаволена зазіраў з падножкі цераз борт у кузаў.
    Усё ж Рыгор і сам вінаваты, трэба было яшчэ ўзяць у грузчыкі хоць каго...
    Ён адышоўся далекавата ад машыны, выглядаючы якую-небудзь тонкую сухастоіну, і не знаходзіў. Высокі ясянёвы, кляновы, грабавы лес аддаў усю сваю сухую драўніну такім вось, як Рыгор, “саманарыхтоўшчыкам”, а на жывыя дрэўцы рука не падымалася.   Аднак павагаўся і ссек гонкага ясенька, каб не вяртацца з пустымі рукамі.
Калі зачынілі борт, — не было ўжо як масціць вышэй, — аднекуль прыйшла новая сіла.   Павесялеў і Юрка. Цяпер ён ладкаваў наверсе, Рыгор падаваў.
    На зямлі яшчэ заставалася дроў на добры конскі воз, калі Клюмпа вылез з кабіны, абышоў вакол машыны, пастукаў ботам па колах і скрыўлена гледзячы на гадзіннік, сказаў:
    — Усё, хваціт.
    — Усё,— згадзіўся Рыгор. — Дак жа...
    — Злазь,— загадаў Клюмпа Юрку, і той паслухмяна палез з кузава.
    — Паехалі! — палез у кабіну Клюмпа, бот за ботам — на падножку, азадак — на сядзенне, і, азірнуўшыся, дадаў: — Жаднасць фраера пагубіт!
    Паселі і Юрка з Рыгорам.
    Нешта балюча-роднае засталося на тым месцы каля кінутых дроў. Успомнілася, як валілі сухастой, і ён падганяў хлопца:
    — Цягні, цягні пілу на сябе, не спі, зараз заснеш пад етай бярэзінай!
    Змораны Юрка спахопліваўся, тузаў пілу з усяе сілы.
    — Не сепай, плаўна цягні, ты ж не дровы сячэш!
    Там, каля глыбокай каляіны, як сіроты, засталіся ляжаць навечна, да мокрай восені, да зімы, да новага лета нарэзаныя і пазношаныя з лесу бярозавыя і грабавыя, кляновыя і ясянёвыя бярвенні, кожнае абмацанае, кожнае аблашчанае ў ягоных і Юркавых абдымках.
    “Сквапнасць. Х-хэ!”
    Якая тут сквапнасць, калі ён зараз гатовы быў удвая, утрая пераплаціць, каб прывезці тое кінутае паленне, хоць на кані.
    Калі б быў той конь ці было чым заплаціць.
    Усякія бываюць людзі. Ёсць не тое, каб паганыя, — “а хто з нас харошы?” — а нейкія... неспасціжныя. Глядзіш на каторага — што ты за чалавек такі!
    “Сквапнасць...”
    Рыгор угледзеўся ў засяроджаны Клюмпаў профіль і міжволі залюбаваўся ім. Валявы акрэслены падбародак, падцянутыя вусны, сур’ёзны, скіраваны на дарогу позірк, дакладныя ўпэўненыя рухі. Умела змагаецца з магутнай гружанай машынай, з віхлястай каляінаю, з баранкай, з непаслухмяным скрыгатлівым рычагом перадачы, нават з мухамі, што апанавалі кабіну за час стаянкі, — прыцопвае іх тыльным бокам далоні да ветравога шкла. Вочы як вочы, і не свінячыя, і не нахабныя, як здавалася раней.   Чалавек робіць справу, высільваецца, і што ні кажы — па сутнасці, працуе зараз на яго, Рыгора...
    А дровы кінуў!
    “Урал” затармазіў і спыніўся каля двара.
    — Падавай задам, Мікалаевіч, а я пакамандую, — Рыгор тузаў дзвярную ручку.  Аніяк!.. Клюмпа перагнуўся цераз Юрку і штуршком расчыніў дзверцы.
    — Камандзір...
    Рыгор пабег адчыняць вароты, убачыў прыцярушаную пяском кірсу каля шулы і абмёр.
    “А што, калі!.. Не, не можа быць, каб...”
    Ён нема назіраў, як “Урал”, апісаўшы дугу на вуліцы, задам падае ў двор.   Упрыцірку з шулаю! Клюмпа не стаяў на падножцы, ке выглядаў з кабіны, не торгаўся, не мучыў памагатых — ён проста сеў за руль і заднім ходам заехаў, куды яму было трэба.
    “Міліметроўшчык!” — захапляўся Рыгор.
    Душа трымцела ад незразумелай радасці, ён ужо любіў гэтага чалавека за яго спакойнае майстэрства, за ўпэўненасць, за тое, што... ён не наехаў на пастку, подла настаўленую ім, Рыгорам! Было сорамна да знямогі.
    Падышоў Клюмпа.
    — Куды збрасываць будзеш?
    — А налева, Мікалаевіч.. тоесь... направа.
    — Дай тапор.
    Юрка першы кінуўся да кабіны і падаў сякеру.
    — А-ну, атайдзі, пацан.
    Двума трапнымі ўдарамі абуха крукі былі павернутыя канцамі ўверх, борт адваліўся, важка пасунуліся і ўпалі дровы. Але ўпала іх няшмат.
    “От каб самазвал...”
    Скідаць дровы з кузава ў сваім двары было весялей, чым накладаць у кузаў у лесе.   Клюмпа падышоў да яблыні, сарваў зялёны яшчэ яблык, адкусіў і, скрывіўшыся, кінуў на траву.
    — А гдзе хазяйка?
    Кацярына, на хаду перавязваючы хустку, ужо спяшалася, амаль бегла па разоры да хаты.
    — Здрастуйця, Мікалаевіч.
    — А мы севодня здароваліся ілі забыла ўжэ?
    Рыгора ўразіла, якім вясёлым, гарэзлівым голасам умее размаўляць гэты валюхаты, мардаты нядобразычлівец.
    — А можа, й забылася, — у тон яму адказала Кацярына. — У бабы памяць кароткая.
    — А зачэм бабе памяць, — рагатнуў Клюмпа. — Бабе нужна імець кое-што другое, а?    — падміргнуў ён Кацярыне.
   — Да ну вас, з вамі не згаворысся, Мікалаевіч, — нібыта засаромелася яна і знікла  ў хаце.
    Здзівіла і Кацярына, трохі нават непрыемна здзівіла.
    Апошняе палена паляцела на вялізную нашарэшаную дрывяную гару і, крутнуўшыся, пераможна стала насторч.
    — Мікалаевіч, хадзіце паллю на рукі, — выйшла з учарашнім збанам і ручніком Кацярына.
    — Шчас, хазяйка.
    Рыгор рыўком, як штангу, падняў важкі борт і ўхапіўся за крук.
    — Атайдзі! — як тады, у лесе, загадаў Клюмпа.
    — Я сам, — як дзіцёнак, заўпарціўся Рыгор.
    Ён і быў дзіцёнкам побач з гэтым дзецюком, на вачах у Кацярыны...
    На стале стаяла талерка са смажанай каўбасой і бутэлька “Сталічнай”. У Рыгора пацяклі слінкі, так згаладаўся. Кацярына прынесла міску са свежымі агуркамі, расклала нарэзаны хлеб, відэльцы, паставіла дзве чаркі.
    — Сядайце, сядайце ось тут, Мікалаевіч, — паказвала яна на Рыгорава месца за сталом. — Перакусіце трохі. Рыгор, садзіся, чаго ты стаіш, як...
    Рыгор наліў Клюмпу і сабе.
    — Ну, давай, Мікалаевіч.
    — А хазяйка?
    — Ой, што вы, я не!
    — Без хазяйкі я не п’ю, — падміргнуў ёй Клюмпа. — Асобенна за рулём, га-га-га!
    — Што вы, я — не!
    — Выпі, чаго ты, — сказаў Рыгор.
    — А што, — гарэзліва страсянула галавой Кацярына і паставіла трэцюю чарку. — I вып’ю, не ўсё ж вам, мужыкам, адным піць!
    — Вот эта разгавор, — ухваліў Клюмпа.
    — Давайце, — Рыгор наліў Кацярыне зусім трошкі, на донцы.
    — За здароўе хазяйкі! — магутная валасатая Клюмпава рука пацягнулася з чаркай да смуглай Кацярынінай ручкі, яны чокнуліся. Рыгор тым часам залпам выпіў сваю. I папярхнуўся.
    — Што, пупок надарвал? — ва ўсмешцы ашчэрыўся Клюмпа і як напарстак перакуліў чарку сабе ў рот.
    — Не ў тое горла папала, — збянтэжана апраўдваўся Рыгор.
    — Закусуйця, закусуйця, Мікалаевіч, каўбасу бярыця... гурочкі. Хлеб бярыця.
    — Люблю павесяліцца, асобенна пажраць, двумя-трымя буханкамі ў зубах пакавыраць,  — прадэкламаваў Клюмпа і адзін за адным насадзіў на відэлец тры кавалкі каўбасы.
    Далей Рыгор і сабе наліваў на донца. Клюмпа нібы не заўважаў такога “раскладу” і пад канец прыкметна захмялеў.
    — А пацан, пацан дзе? — заазіраўся ён. — Пускай вып’ет з намі!
    Пляшка была ўжо пустая, і Кацярына зразумела, куды ён хіліць.
    — Малы ён шчэ піць.
    — Га! Как драва грузіць, так бальшой?
    — Гора заставіла, Мікалаевіч, нікога ж удзень у памочнікі не дазавесся.
    — Гора! Скажы лучша — жаднасць. Бальшога больша ўгашчаць нада, а? — кіўнуў на пустую пляшку Клюмпа.
    — А які ў нас дастатак, Мікалаевіч? Ета ж у вас машына ў руках, а ў нас — усяго тое вунь, што ён сакерай заробіць, тое й наша, — хітрыла, загаворвала зубы Кацярына.
    “Чаго яна перад ім распінаецца!”
    — А ты яго палучша кармі, а то сама как агурчык, а? А он, відзіш, какой шыбздзік! — Клюмпа зарагатаў і хлопнуў Рыгора па плячы. Выраз весялосці паступова сплыў з яго твару некуды ўніз, за каўнер кашулі ў палоску, ён грузна ўстаў са стула, сказаў неахвотна, нібы праз зубы:
    — Благадару.
    Усхапілася і Кацярына.
    — I вам дзякуй, Мікалаевіч, што выручылі.
    — Спасібам не абайдзёшся, хазяйка, а? — зноў брыдка зарагатаў Клюмпа і раптам цопнуў Кацярыну па сцягну.
    — А ты яшчэ нічаво, а?
    Рыгор збялеў, сказаў, гледзячы пад ногі:
    — Разлічыся з чалавекам.
    — Нічаво не нужна, — сказаў Клюмпа, выходзячы з хаты.
    — Сколькі яму даць? — хутка прашаптала Кацярына.
    — Сколькі хочаш.
    — Дам пятнаццаць.
    — Хоць пяцьдзесят.
    — Чаго ты? — зірнула на яго Кацярына і выбегла ўслед за Клюмпам. Выйшаў і Рыгор.
    Паглядзець.
    Клюмпа хадзіў каля машыны, заклапочана стукаў ботам па колах, чагосьці зазіраў у кузаў.
    “Нічаво яму не нужна!”
    З ганка Рыгор бачыў, як Кацярына працягнула яму пяцірублёўкі, нешта сказала.   Клюмпа ўзяў грошы, пакруціў галавой, хмыкнуў і палез у кабіну. На п’янага ён не выглядаў.
    “Будзе валіць, — рашыў Рыгор. — Давай, гад, пабачым, як ты паваліш”.
    “Урал” вуркатнуў маторам, паехаў па двары. Як у замаруджаным сне плыў чорным бортам міма Рыгора, доўга-доўга каціўся да варот, павольна набліжаўся да ракавой мяжы. Вось ужо тупым рылам высунуўся на вуліцу, вось і пярэднія колы пераехалі рысу варот.
    “Лявей, лявей, гад, ну, лявей жа!” — маліў-умольваў Клюмпу Рыгор.
    I той паслухаўся.
    Борт наблізіўся да шулы, ледзь-ледзь, краёчкам націснуў на яе, і шула хруснула, як запалка, пачала хіліцца на тратуар. Левая палавінка варот узвілася дыбам, слізганула па борце і адвалілася на брамку. “Урал”, не адчуўшы такой дробязнай перашкоды, плаўна рухаўся далей. I вось яго задняе левае кола мякка прасела на “падушцы” з пілавіння...
    Клюмпа газануў, і “Урал”, павяртаючы ўправа, выскачыў на вуліцу, адкрыўшы вачам пустую шчарбатую зеўру знявечаных варот. У той жа момант пачуўся стрэл, віск тармазоў і глухі ўдар па жалезе. Рыгор выбег на вуліцу.
    “Урал” коса стаяў на дарозе, перадам дастаючы процілеглую абочыну. Каля яго, таксама коса, стаяў прыціснуты бокам да ліхтарнага слупа памяты спераду міліцэйскі   “УАЗік”. Тры міліцыянты выбіраліся з яго на волю, у аднаго ішла з носа кроў.
    Клюмпа не паказваўся.
    — Вылазь! Выхадзі, т-тваю маць! — закрычаў той, што з разбітым носам.
    Белы, як смерць, Клюмпа марудна вылазіў з кабіны, паглядаў непрытомнымі вачамі.
    — Ты! Сука! — ухапіў яго загрудкі міліцыянт. — Ты што?!
    — Спакойна, Стацко, — падышоў да іх другі, старэйшы па званні і гадах міліцыянт.    — Вашы дакументы.
    Але Клюмпа не чуў і не разумеў нічога, бязглуздая ўсмешка блукала на яго белым твары.
    Дакументы, бля! — зноў падскочыў першы міліцыянт.
    — А-а! — Клюмпа палез у нагрудную кішэню і дастаў загорнуты ў цэлафан пакунак. —   Вот.
    Старэйшы няспешна гартаў Клюмпавы правы.
    — Та-а-к. А пуцявы ліст?
    — Што?
    — Пуцёўка.
    —Панімаеце, таварыш маёр... драва родсцвенніку прывазіл, вот он падцвярдзіт, — і    Клюмпа паказаў на Рыгора.
    — Што ён мне падцвярдзіт? Я і сам бачу: незаконнае іспользаванне служэбнага аўтатранспарту, — размерана, з садысцкай асалодай канстатаваў маёр.
    — Пачаму незаконнае? Панімаеце, калясо выстраліла, меня занясло ўлева... Вот он мой родсцвеннік, падцвярдзіт... меня ўлева... — ён не ведаў, што казаў.
    — А ён п’яны, таварыш маёр, — умяшаўся трэці міліцыянт, чорны, высокі і худы, як жэрдка.
    — Ого! — сказаў маёр, прыгледзеўшыся. — Да ты, браток, на ўсю катушку ў нас наматаеш... Стацко, — павярнуўся ён да першага. — Што ў цябе з машынай?
    — Парадак, — адказаў малы крываногі Стацко, нібы агрызнуўся, — Крыло, бляха-муха, удрызг, фары — хана, зеркала накрылася... От, м-мля!
    — Спакойна, Стацко. Ехаць зможаш?
    — Так точна...
    — Давайце яго ў машыну.

    — У машыну, мля! — крыкнуў Стацко. Клюмпа не варухнуўся.
    — У машыну, — паўтарыў ужо маёр, камянеючы тварам. I тут Клюмпа павярнуўся і пабег па вуліцы. Стацко і трэці, “худы”, кінуліся за ім. “Худы” на бягу зрабіў “падсечку”, і Клюмпа, узмахнуўшы рукамі, як падстрэлены, грымнуўся на асфальт. У     Стацко аднекуль у руцэ з’явілася “дубінка”, і ён, адставіўшы зад, з размаху з асалодай біў і біў ёю ляжачага Клюмпу па рэбрах, па шыі, па галаве.
    — Спакойна, Стацко! — падбег маёр. — Браслеты на яго!
    “Худы” ускочыў каленямі на спіну ляжачаму, закруціў яму руку назад. пацёгся ў заднюю кішэню сваіх штаноў і выцяг наручнікі. Другую руку закруціў Стацко, і “худы” спрытна зашпіліў наручнікі на Клюмпавых запясцях.
    — Ох, Божа ж мой, Божа, чалавека б’юць! — пачуўся паблізу пранізлівы жаночы голас.
    Рыгор агледзеўся і ўбачыў, што вакол сабраўся ладны натоўп. Каля відовішча спыняліся прахожыя, павыходзілі з двароў суседзі.
    — А што ім чалавек, яны на тое вучыліся — людзей біць!
    — От, супастаты.
    — А за што? За што яны яго? Што ён зрабіў, а?
    — За што... Лягавыя, ім паложана.
    — А нашто ён чалавеку вароты скурожыў?
    — Дак за ета біць?!
    Клюмпу падвялі да “УАЗіка”. Ён не супраціўляўся, моўчкі, з заламанымі назад рукамі нязграбна ўладкоўваўся вялікім целам у цеснай прасторы задняга сядзення.    Паселі і міліцыянты: Стацко за руль, маёр і «худы» паабапал залыганага Клюмпы.    “УАЗік” крута развярнуўся на дарозе і тармазнуў каля Рыгора.
    — Слыш, родсцвеннік, расчыніў дзверцу маёр. — Ён табе хто?
    — Брат, — нечакана адказаў Рыгор.
    — Брат!.. I табе, брат, нада было б прыпаяць. Да ладна...
    Падляцеў на матацыкле местачковы “даішнік” Ламанос. Ён быў запыханы.
    — Таварыш маёр...
    — Бардак разводзіш, Ламанос! Прыбяры машыну з дарогі.
    — Слушаюсь!
    Яны паехалі, а каля Рыгоравай хаты, перад раз’яшчанымі варотамі, засталіся стаяць людзі, ціха перамаўляючыся, абмяркоўваючы здарэнне. Быццам нябожчыка павезлі з двара, і тых, хто не пайшоў яго праводзіць, яшчэ ўтрымлівае на месцы пачцівае ўражанне ад вялікай падзеі.
    — От табе і Клюмпа...
    — Атмажацца...
    — Не атмажацца, ета табе рэчыцкая міліцыя, а не свая.
    — Ета яму не Ламанос...
    — А еты маёр, ён што, начальнік усёй міліцыі?
    — Чорт яго ведае.
    Па вуліцы, у доўгай чорнай сукенцы, якую яна не здымала ні ў будзень ні ў свята, ішла і галасіла Клюмпава жонка Анюта.
    — Нехта ўжэ перадаў...
    — А Ванечка мой, а саколік! — прыпала яна сухім целам да кабіны “Урала”. — А машынка ж мая-а!..
    — Хадзем, Анютка, хадзем, — казалі жанчыны. — Нічога, усё будзе добра, нічога страшнага, абы здароўе было.
    Анюту павялі пад рукі, разышліся і астатнія.
    Рыгор наваліўся плячом на пахіленую шулу, упёрся — не падалася. Юрка не паказваўся з хаты. Ну, то й добра. Збіў з завесаў задзёртыя ўгару вароты, выцяўся локцем, да крыві ссадзіў далонь, паставіў шулу насторч, навесіў вароты, падпёр калком.
    “Да заўтрага дастаяць”.
    Рабіў справу хутка, азіраючыся, нібы хаваў сляды. Так яно і было: малюсенькі кончык шыла драпежна вытыркаўся з утрамбаванай колам кірсы, і калі б хто ўгледзеў...
    Пакуль тое — пад’ехала пээмкоўская машына з рабочымі. Мянялі “Уралу” кола, мацюкаліся, падчапілі тросам і звезлі пачвару з вачэй.
    Рыгор зайшоў у двор, сеў на лаўку, пустым позіркам утаропіўся сабе пад ногі.   Выйшла з хаты і падступіла да яго Кацярына.
    — Рыгор, ета ты ўтварыў. Прызнайся — ты, а? Скажы, табе лягчэй будзе. Рыгорка, чуе маё серца...
    Яна патрабавала, умольвала і асуджала, шкадуючы яго, як малога. I ў гэтым яе шкадаванні ён пачуў незваротны сабе прысуд.
    Ды хто яна такая, каб яго шкадаваць! Ды калі хочаш — яна сама ўсяму корань зла.
    — Сыдзі з воч, курва! — глуха, праз зубы, сказаў Рыгор.
    Ніколі не чула Кацярына ад яго такіх слоў, не бачыла такой цвёрдай злосці ў яго вачах. Рукі яе апусціліся долу, вочы акругліліся, пацямнелі і напоўніліся вільгаццю, рот скрывіўся ў разгубленай неразумнай усмешцы.
    Не чуў такога ад бацькі і Юрка — застыў на ганку, увабраўшы галаву ў плечы.
    Рыгор хутка пайшоў з двара.
    Ногі самі неслі яго па вуліцы невядома куды. Толькі як адышоўся далёка ад дому, як перакіпела ў душы, ён здагадаўся — куды.
    Калі даймала жыццё, Рыгор хадзіў на станцыю — “глядзець паязды”. Ён садзіўся на абрубак некалі паваленага дуба ў самым канцы вакзальнага перона і, здаралася, гадзіну, а то і дзве, праседжваў на ім, сустракаючы і праводзячы вачамі грымотныя таварнякі, а калі шанцавала, то і пасажырскія цягнікі. Яны праносіліся з захаду на ўсход і з усходу на захад, абдаючы станцыю вятрамі далёкіх-далёкіх краёў маладосці.     Тады адступала туга, жыцёвыя клопаты драбнелі, скруха святлела, на сэрцы рабілася лягчэй і дыхалася вальней.
    “Эх ты, Каця-Кацярына!..”
    Там, ля далёкага лесу, дзе рэйкі сышліся ў адну, гарэла зялёнае вока светлафора, а над лесам узыходзіла чорная хмара.
    “Нарабіў бяды, — мучыўся Рыгор, паглядаючы на захад. — Анічога, шчэ й не такое было...”
    Ён не лічыў, колькі цягнікоў прайшло па станцыі, не заўважыў, як нахмарыла неба і пайшоў дождж, нават слёз сваіх ён не заўважыў. Ды то, і не слёзы былі, то, можа, вада нябесная кацілася па твары, сцякала струменямі.
    “Брат!..” — горка ўсміхнуўся Рыгор, успомніўшы, як назваўся братам Івану Клюмпу.
    А што, можа, і брат...
    “Эх, людзі мы, людзі!..”

                Студзень 99

                “Полымя” №11, 2000


Рецензии