Лёс мастацтва 10
10 кастрычніка 2012 года
Раніцай слухаў радыё і даведаўся, што памёр мастак
Цімохаў Сяргей… Мастак жыў і працаваў у Наваполацку. З’яўляўся
членам Віцебскага Саюза мастакоў… Помню, як прымалі ў Саюз
мастакоў. Мастак Б. Кузьмічоў сказаў: “Гэта адзіны беларус сярод
нас. У нас шмат розных нацыянальнасцей, а беларусаў - няма… адзін
Цімохаў”. Сяргей Цімохаў размаўляў па-беларуску, чым і звяртаў
на сябе ўвагу… Я многія работы Цімохава помню, ён удзельнічаў
ва ўсіх выставах. Мне яго творчасць падабалася. Пісаў шырока і
пастозна. Яго цікавілі філасофска-нацыянальныя тэмы. Пераехаў у
Мінск. Там яго заўважылі як працавітага і сціплага чалавека. Не так
даўно яго абралі намеснікам старшыні праўлення Саюза мастакоў
Рэспублікі Беларусь. Сёння яму 52 гады, малады, у росквіце жыц-
ця, і вось яго ўжо няма. Ён мог напісаць шмат цікавых карцін. А лёс
забраў у нас таленавітага мастака і цудоўнага чалавека. Якое карот-
кае ў нас жыццё! Цэлы дзень я знаходзіўся пад гэтым уражаннем.
Не магу ўтаймавацца ад думкі, што яго няма ў жывых. Засталіся
яго творы, якія будуць жыць у нашай памяці і свядомасці. Адкры-
лася выстава А. Краўчанкі ў Цэнтры сучаснага мастацтва. Мастак
нідзе не вучыўся. Працуе ў абстрактнай форме. З кожнай выставай
паляпшае сваё майстэрства. Знаходзіць новыя формы, і тэхніка
А. Краўчанкі таксама мяняецца. Работы становяцца больш значнымі.
А. Краўчанка прыцягвае ўвагу мастакоў, якія працуюць у гэтым
напрамку. Пасля адкрыцця выставы адбыўся маленькі фуршэт. Я
падышоў да мастака Віктара Шылко і сказаў яму аб тым, што памёр
Сяргей Цімохаў. Шылко аб’явіў усім аб смерці Сяргея. Мастакі
сказалі многа добрых слоў у адрас Цімохава. Так, быў таленаіты
мастак, добры чалавек. Выпілі чарку, каб зямля яму была пухам…
Чалавек памірае, а жыццё працягваецца.
16 кастрычніка 2012 года
Адправіў пісьмо ў Слуцк старшыні райвыканкама
Даманеўскаму У.В. Прасіў дапамагчы Грэскай школе фінансава ў
афармленні творчых прац, якія я падарыў ёй (75 адзінак). Буду ча-
каць адказу, што яны вырашаць. Патрэбны рамкі, шкло, папера для
паспарту.
17 кастрычніка 2012 года
Пазванілі з Мастацкага музея і запрасілі на выставу Шам-
шуры В.В., выкладчыка, члена Саюза мастакоў. Увесь дзень ішоў
дождж. Неба пакрыта шэрым покрывам, хмар няма, а дождж ідзе
моцны, як летам. Нягледзячы на надвор’е, еду на выставу. Думаў,
што мала будзе гледачоў. Аказалася, наадварот. Прыйшлі мастакі,
выкладчыкі, студэнты, аматары выяўленчага мастацтва. Народу
было шмат. Сустрэў аўтара, сардэчна павіталіся. Я яму расказаў,
што ў мяне ў наступным годзе будзе персанальная юбілейная вы-
става ў сувязі з 80-годдзем. “Спадзяюся, прыйдзеш да мяне ў адказ
абавязкова”, - сказаў яму. Далей усё ішло як па сцэнарыю. Выступіла
дырэктар музея Вольга Іванаўна, калегі па працы, блізкія людзі,
сваякі. Адзначылі яго заслугі ў працы і творчасці. Многа добра-
га было сказана ў адрас мастака. Слова далі і мне. Ужо амаль усё
сказана, але ж трэба выступіць. “...Так, у мастацтве ўжо ўсё было.
Але прыходзіць мастак і знаходзіць сваю дарогу ці сцяжынку і ідзе
па ёй. Ад прымітыўнага мастацтва да абстрактнага - вялікая адле-
гласць, але і шмат свабодных ніш. Гэта дае мастаку магчымасць
знайсці сваё месца. Шамшура Вячаслаў яго знайшоў і ідзе па сва-
ёй сцяжынцы. Яго беларускія пейзажы маюць казачную музычную
ноту. Пейзаж як казка ў тэхніцы пастэлі, мяккі і лірычны. Працы
ў змешанай тэхніцы выклікаюць сцэнічныя матывы. Пейзаж як
сцэнаграфія, але гэта не так, гэта асацыяцыі, гэта музычныя ноты
пейзажа. Аўтар працуе ў тэхніцы пастэлі, што з’яўляецца рэдкас-
цю. Ён улюбёны ў сваю тэхніку, і гэта прыцягвае ўвагу мастакоў і
мастацтвазнаўцаў. Віншую Вячаслава з яго юбілеем (а яму 70 гадоў)
і жадаю здароўя і доўгіх гадоў творчай працы”. Шмат было кветак
і віншаванняў. Кожная выстава - гэта свята для музея, мастакоў і
аматараў мастацтва.
27 кастрычніка 2012 года
Прыгоды ў магазінах. Еду на Полацкі рынак, трэба купіць
настольную лямпу з прышчэпкай. “Качыны нос” я яе празваў. З пра-
вага боку каля рынка на зямлі “мікрарынак”. Тут прадаюць рознае:
агародніну, садавіну, прадукты з Расіі. Бывае, я купляю тут тое, што
мне трэба. Абыходжу ўсе рады - няма лямпы. Іду ў магазін “Тава-
ры для дома”. Гэта побач. Гляджу - ёсць, і кошт прымальны. На
Смаленскім рынку 100 тысяч каштуе, а тут 60 тысяч. Цэны дыктуе
кожны магазін. Прашу прадаўца пакінуць на 2 гадзіны мне лямпу.
Яна згаджаецца. Пераходжу дарогу. Магазін прадуктовы. Раней на
другім паверсе быў аддзел “Тавары для дома”. Захаджу - усё ёсць.
Электратавараў няма. Бачу - ад падлогі да столі рулоны туалетнай
паперы, і таннай. Вырашыў узяць 8 рулонаў, за ўсё - 12 тысяч рублёў.
Упакоўка памерам 30 х 70 см, якраз па габарытах маёй каляскі, з якой
я хаджу на рынкі. Ёсць пятля, ручка. Чапляю за карабінчык. Думаю:
як добра! Пытаюся мыйны сродак для посуду. Касіршы ў тры рады
сядзяць. Адказу няма. Магчыма, я адчапіў упакоўку, нешта хацеў
дастаць з сумкі. Паварочваюся, спускаюся па лесвіцы. Выходжу,
накіроўваюся на рынак. Бачу - няма маёй упакоўкі на калясцы. Я
туды-сюды замітусіўся. Людзі рухаюцца ва ўсіх накірунках. Нідзе
не бачу сваёй прапажы. Паднімаюся ў магазін, пытаюся ў касіра.
Гаворыць, што не бачыла. Гэта ж не кашалёк, што можна схаваць.
Прадаўцы на вуліцы сказалі, што калі я праходзіў каля іх, папе-
ры ўжо не было. Памітусіўся яшчэ, плюнуў і пайшоў на крытыя
рады, дзе агародніна і садавіна. У знаёмага прадаўца купіў кілаграм
вінаграду, 3 кілаграмы каралька, кілаграм перцу і гранат, які потым
аказаўся гнілым, хоць звонку быў чырвоны. Яна пытаецца: “Усё без
прыгод?” – “Не, - -гавару, - прыгоды былі”. Расказваю, як прапала
мая папера. Выслухала і сказала: “Ну і няхай радуецца той, хто яе
забраў, калі будзе ёй карыстацца”.
Успамінаю, як некалі ў гандлёвым цэнтры “Кантынент”
купіў курыцу, заплаціў 40 тысяч рублёў. Па дарозе дамоў вырашыў
зайсці ў “Карону”. Вельмі прыгожы і вялікі гандлёвы цэнтр . Кладу
сваю паходную сумку і курыцу ў пакеце ў камеру хавання. Гляджу
- не зачыняецца замок. Кладу ў другую камеру - тое ж. У трэцяй
зачыняю. У гэтым працэсе, мабыць, я курыцу забыў перакласці, а
сумку пераклаў. Купіў прадуктаў два пакеты. Дастаў сваю сумку
і пайшоў. Прайшоў некалькі метраў, гляджу - няма маёй курыцы.
Вяртаюся назад, шукаю - нічога няма. Іду да ахоўніка, пытаюся,
можа, хто аддаў. Адказу няма. Толькі пакруціў галавой. Ну што му-
чыцца, падумаў я і паехаў дадому. Ядвіга хворая, навошта ёй рас-
казваць, няхай не турбуецца.
Па праспекце Фрунзэ, бліжэй да канца горада, вялікі
магазін. Захаджу, каб купіць гарбушу. Выбралі рыбу з Ядвігай. У
кош паклалі розных прадуктаў. Я дастаў грошы, думаў разлічыцца
на месцы, але сказалі, што трэба на касе. 50 тысяч рублёў паклаў
у кош - усё роўна зараз плаціць. Падыходзім да касы, падаю кош.
Прадавец праглядае мае пакупкі. Падлічвае і гаворыць суму.
Знаходзілася яна вышэй за нас, таму я не бачыў, як яна забрала
грошы. Гаварыць, што яна іх забрала, было неяк няёмка, сорамна.
Прыйшлося плаціць яшчэ.
Некалькі разоў я замест 1 тысячы даваў 50. Па колеры яны
вельмі падобныя. Я ведаю, што памыляліся з гэтымі купюрамі і
іншыя. Некаторыя прадаўцы вярталі грошы, некаторыя не вярталі
альбо патрабавалі шакаладку.
Гэта было гадоў 8 таму, калі ў нас былі дача і машына.
Паехаў я на Смаленскі рынак за прадуктамі. Паставіў машыну на
бясплатнай стаянцы. Купіў мяса, рыбы на 7 дзён, аднёс у машыну.
Каля маёй машыны стаяла яшчэ адна. У ёй сядзелі некалькі чалавек
прыкладна ва ўзросце 30 гадоў. Паглядзеў у іх бок - весяляцца. Я
пайшоў яшчэ раз на рынак, купіў што мне трэба. Калі вярнуўся, не
заўважыў нічога падазронага, паклаў прадукты ў багажнік і паехаў
на дачу. А прыехаўшы, заўважыў, што няма маіх прадуктаў, тарцо-
вага ключа з доўгай ручкай і яшчэ некаторых рэчаў. Вярнуўся на
рынак - думаў, што недзе забыў. Аб’явілі аб прапажы па громкай
сувязі - нічога. Так і вярнуўся ні з чым. Пазней, калі прыязджаў,
прадаўцы гаварылі, што пакупнікі скардзіліся, што іх машыны
абкрадалі, забіралі рэчы і прадукты. Згубіў нешта - патурбаваўся і
забыў. А вось калі знайшоў—гэта ўжо праблема. Хтосьці прысвой-
вае знаходку сабе, хтосьці хоча вярнуць, але ж гэта турботы: куды
вярнуць, каму аддаць? Знойдзеш уладальніка знаходкі - сумленне
застанецца чыстым.
Калі я быў студэнтам у Мінску, знайшоў 10 рублёў. Я іх
падняў і патраціў на ежу. Падчас вучобы я жыў вельмі бедна. Ужо
прайшло многа гадоў, і цяпер гэты выпадак мне часта ўспамінаецца.
На Полацкім рынку я ўбачыў жанчыну без ног, у калясцы. Я дастаў
10 тысяч і даў ёй. На той час гэта было каля пяці долараў. Яна
праслязілася, спытала маё імя, каб памаліцца за мяне. Паспачува-
ла мне: пенсія, магчыма, невялікая, самаму цяжка. Я сказаў, што
мне хапае. Яна пажадала мне здароўя. Я пайшоў на рынак. Адчуў,
што мне стала лягчэй. Больш мяне думка пра 10 рублёў, знойдзе-
ных у студэнцкія гады, не турбавала. У кожнага з нас свой грэх - у
каго большы, у каго меншы. Мы павінны ад яго вызваляцца і ачыш-
чацца. Аднойчы я набываў прадукты ў магазіне ў “сінім доме”.
Я думаў, што паклаў кашалёк ва ўнутраную кішэню, а ён трапіў
міма і зваліўся. Яго знайшла жанчына ўжо на вуліцы. Там былі мае
дакументы. Пра гэты выпадак яна расказала сваім супрацоўнікам
на тэлезаводзе. Гісторыя дайшла да сваяка Генадзя Янкоўскага.
Так дакументы вярнуліся да мяне. Пасля гэтага я ключы і каша-
лёк прывязаў да шнурка і прычапіў да штаноў. Гэта было надзей-
на. І шукаць іх больш не прыходзілася. Другі раз мне гавораць: “У
вас зваліўся кашалёк”. Я дзякую і няспешна яго паднімаю: ён жа
прывязаны. Расказваю Ядвізе Андрэеўне пра гэты выпадак - яна
смяецца. Успамінае, як калісьці я дакараў яе за згубу кашалька,
ключэй, грошай. А цяпер я сам у такой жа сітуацыі апынуўся. Усё
гэта дробязі жыцця, але яны псуюць нам яго. Станоўчыя дробязі
нас радуюць. Гэта як касмічныя крупінкі, з якіх складаецца космас
і Сусвет, Зямля і мы. Гляджу на патокі машын у гарадах, на святло
рэкламы, рух людзей. Мы жывём па законах космаса, мы яго вы-
вучаем і ствараем на Зямлі. Мы ў ім жывём. Мастацтва таксама ас-
войвае космас. Асабліва гэта бачна ў ткацтве, у арнаментах. Ды і за-
раз, у час тэхнічнага прагрэсу. Структура клетак нашага арганізма
падобна на будову жывёльнага і расліннага свету, а рэкі і азёры, якія
сплятаюць нашу Зямлю, як павуціна, нагадваюць нашу крывянос-
ную сістэму. Так, мы сонечныя, так, мы касмічныя. Жывая клетка
з’явілася невыпадкова. Гэта прадыктавана космасам і яго энерге-
тычнай інфармацыяй.
7 лістапада 2012 года
Раніцай усталі ў 7 гадзін, уключылі тэлевізар, канал
“Еўраньюз”. Паказвалі выбары прэзідэнта ЗША. Лідыраваў Абама,
але нязначна. Потым набіраў усё больш галасоў выбаршчыкаў. Калі
стала зразумела, што Абама перамог, пра гэта пачалі гаварыць усе
вядучыя каналы Амерыкі. За некалькі месяцаў да выбараў Ганна
Янкоўская была ў нас. Размаўлялі пра выбары ў Амерыцы: хто пе-
раможа. Ганна лічыла, што пераможа Ромні, а я - што Абама заста-
нецца на другі тэрмін. Спрачаліся на бутэльку добрага віна. І вось
вынік! Ганна раніцай патэлефанавала: “Ну што, перамог Абама. Я
прайграла. Прыеду да вас у абед. Хачу зрабіць салату”. Мы з Ядвігай
паснедалі аўсянкай. У мяне баляць калені, цяжка хадзіць. Я намазаў
іх гелем з рагулек, прылёг і заснуў. Праз гадзіну прыехала Ганна.
Дастала бутэльку чырвонага віна, салату і слоічак капусты марына-
ванай. Калі купляла віно, у яе запыталі, што ў сумцы. “Я адказала,
што там закуска. Растлумачыла, што прайграла спрэчку, хто пера-
можа - Ромні ці Абама. Прадавец рассмяялася”. Калі Ганна зайшла
ў кватэру, то сказала: “Сёння свята - Дзень рэвалюцыі”. Я адказаў,
што гэта хутчэй дзень смутку і журбы. Надта многа загінула люд-
зей, аб іх трэба памятаць. За рэвалюцыяй была Грамадзянская вай-
на, а потым Вялікая Айчынная ў 1941 годзе. Гэта адзін ланцужок
вайны, які забраў сотні тысяч людзей. А на астатніх абрушыліўся
голад, холад і пакуты. Мы і сёння не можам усё гэта забыць і яшчэ
доўга будзем помніць. Сеўшы за стол, адзначылі перамогу Абамы,
успомнілі пра тых, хто загінуў падчас рэвалюцыі і пазней. Зараз
мы весялімся, п’ём віно, атрымліваем асалоду ад смачнай ежы.
А тыя, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, пакутавалі ад болю і
агню, паміралі ад ран, іх дзеці і жонкі пакутавалі ўсё жыццё. Вось
кошт свята. Ганна дапамагла нам па гаспадарцы, прыгатавала плоў,
зрабіла мне ўкол ад болю ў суставах. Праз гадзіну мне стала лягчэй.
Яна абяцала перагаварыць са сваёй сям’ёй, як быць з Ядвігай, калі
мяне пакладуць у бальніцу. Назаўтра патэлефанавала і сказала, каб
я займаў чаргу ў бальніцу. Ганна прыедзе на гэты час да нас.
8 лістапада 2012 года
Прыйшла паштальён і прынесла пенсію. Павялічылі на
14 % да свята рэвалюцыі. Калі разваліўся Савецкі Саюз, ва ўсіх
рэспубліках перасталі святкаваць 7 лістапада. Беларусь захавала
гэта свята. У нас гэты дзень нерабочы. Прыйшло пісьмо са Слуц-
ка. Чытаю: “На Ваш зварот у Слуцкі раённы выканаўчы камітэт
паведамляем: карціны, якія Вы падарылі ДУА «Грэская сярэдняя
школа», знаходзяцца ў асобным памяшканні. Умовы для захавання
жывапісных прац прымальныя. Карціны аформлены з эстэтычным
густам у драўляныя рамкі без шкла. Мастацкая галерэя ДУА «Грэ-
ская сярэдняя школа» з’яўляецца цэнтрам эстэтычнага выхавання
вучняў, таму адміністрацыя школы плануе праводзіць далейшую
работу па афармленні карцін. У перспектыве будуць зроблены яшчэ
15 работ. Аформіць адначасова ўсю падараную калекцыю ў багет-
ныя рамы са шклом школа не мае фінансавай магчымасці (адна ба-
гетная рама памерам 40 х 60 см каштуе 240 000 рублёў). Намеснік
старшыні А.І. Русак”. Званю дырэктару школы Ланюк Л.І. Пытаю-
ся, хто прыязджаў глядзець, што значыць: “у перспектыве будуць
аформлены 15 работ”. Адказ быў такі: з райана прыехалі, паглядзелі,
пагаварылі, але ж ніякага рашэння аб выдзяленні сродкаў на афарм-
ленне работ прынята не было. Абяцалі зрабіць гэта да юбілею
школы, калі спонсары падораць якія-небудзь грошы. Я вырашыў
напісаць начальніку ўпраўлення адукацыі ў г. Мінск.
Буду чакаць яго адказу. Сваімі карцінамі я прынёс усім
толькі клопаты. Я падарыў столькі карцін гораду Слуцку і Грэскай
школе. Ніхто з кіраўнікоў не сказаў мне дзякуй. Мабыць, гэта не
трэба?
16 лістапада 2012 года
У Цэнтры сучаснага мастацтва адкрылася выстава “Акно”.
Я даў на яе дзве свае работы - “Мая кватэра” і “Вокны”. Перад ад-
крыццём выступіў танцавальны калектыў. Паказалі канцэптуальны
эцюд у харэаграфічным танцы з удзелам двух клоўнаў. Пражэкта-
ры, балерыны, перасоўванне пустых рам стварылі нейкі рух аконў,
дамоў, кватэр, у якіх мы жывём, у якіх жывуць карціны мастакоў.
Гэта само жыццё. Экспазіцыя выканана, на мой погляд, цікава і не-
звычайна. На адных плоскасцях сцяны залы размешчаны пустыя
рамы. На другіх зверху да нізу павесілі жывапіс у стылі рускага
інтэр’ера. Далей па адной карціне ў рад. Атрымалася канцэпцыя
мастацтва ў акне. Думаю, у аўтараў атрымалася ажыццявіць гэту
ідэю. У якасці гледачоў былі мастакі, студэнты, журналісты, тэле-
бачанне. На выставе прысутнічаў мой знаёмы Сяргей Мацюшын.
Здымаў на камеру ўвесь працэс адкрыцця выставы. Яго графічная
работа была таксама на гэтай выставе.
19 лістапада 2012 года
Званок. Здымаю трубку дамафона, пытаюся: “Хто?”.
“Балтовіч”. Адчыняю: “Захадзі, дарагі чалавек”. Пытаюся, якія
праблемы. Гаворыць, што ніякіх, быў у райвыканкаме, зайшоў
да мяне пабачыцца, пагаварыць. Але ж ведаю, што не ўсё добра.
Мастака давялі да крытычнага стану. Тры гады ў Віцебскай аблас-
ной арганізацыі пры тайным галасаванні яго прымаюць у члены
Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь. Дакументы пасылаюць у
Мінск у Рэспубліканскі Саюз на зацвярджэнне. Там на пасяджэнні
праўлення нашы прадстаўнікі выступаюць супраць яго, і Мінск
згаджаецца. Знаходзяцца розныя фармуліроўкі: то не хапае ўдзелу
ў рэспубліканскіх выставах, то яшчэ якія-небудзь прычыны. Абяца-
юць прыняць на будучы год альбо вінавацяць віцебскае праўленне
і г. д. Не кожны мастак вытрымае такі націск на нервовую сістэму.
Можна звар’яцець. Саюз мастакоў - гэта грамадская арганізацыя, і
мастакі павінны дапамагаць адзін аднаму. Балтовіч В.І. удзельнічае ў
грамадскім жыцці нашай арганізацыі: у абласных, рэспубліканскіх,
замежных выставах. Ужо гэтага дастаткова. Чамусьці вінавацяць
яго ў развале камбіната “Мастацтва”, матэрыяльнай базы для
мастакоў, хоць гэта было зроблена раней, яшчэ да яго. Так, Балтовіч
выступаў за справядлівасць, за правільнае размеркаванне рабо-
ты сярод мастакоў. Нехта напісаў ананімку з абвінавачваннямі.
Працы яго знаходзяцца на такім жа ўзроўні, як і іншых мастакоў,
нічым не горшыя. Нядаўна ездзіў у Мінск, размаўляў, з кіраўнікамі
праўлення. Абяцалі дапамагчы ў прыняцці ў саюз. Балтовіч сабраў
усе дакументы, выпіскі, адвёз у Мінск. У бліжэйшы час абяцалі раз-
гледзець яго пытанне і прыняць рашэнне. Пабачым, як усё будзе.
2 снежня 2012 года
Пазваніў Балтовіч Вячаслаў: “Уладзімір Ільіч, павіншуйце
мяне з уступленнем у Саюз мастакоў!”. “Ну, нарэшце! - ускрыкнуў
я. - Скончыліся твае пакуты. Малайчына, я вельмі рад за цябе”. У
нас была Ганна. Яна і Ядвіга ведалі гэту гісторыю і павіншавалі
таксама. Усім нам было радасна ад гэтай навіны. Няхай цяпер бу-
дзе сорамна тым, хто перашкаджаў яго ўступленню. За Балтовіча
прагаласавалі 30 членаў, супраць - 6 чалавек. Гэта цудоўна. Я даваў
яму характарыстыку, а праўленне ў Віцебску было некалькі разоў
супраць. Атрымлівалася нейкае супрацьстаянне мяне і праўлення.
Амаль на кожным пасяджэнні я выступаў у абарону Вячасла-
ва, чым выклікаў непрыязныя адносіны да сябе. Няхай працуе і
выстаўляе свае работы на выставах. Віншую з гэтым яго яшчэ раз.
Справядлівасць перамагла!
Снежань 2012 года
Захаоджу ў аптэку і прашу абязбольвальны парашок
для суставаў. Правізар паказвае мне беларускія прэпараты. “А
імпартныя ёсць?” - “Ёсць”. «Нівясіл», але ён дараг?”. - “Нічога, я
багаты”. У чарзе чуецца смех, правізар таксама смяецца і гаворыць:
“Бачу, што багаты. Усміхаецеся, добры. Значыць, багаты”. Дамоў
вяртаўся з добрым настроем. У гэтым жа месяцы захаджу ў ганд-
лёвы цэнтр “Беларусь”. Хацеў купіць батарэйкі для дыктафона. У
адным з ралетаў працаваў хлопец гадоў 30-ці. Дае мне батарэйкі па
5 тысяч. Паставілі іх у дыктафон - не працуюць. Але ж агульнымі
намаганнямі ў нас усё атрымалася. Хачу расплаціцца, але прадавец
не ўзяў грошы. “Лічыце, што ўжо расплаціліся”, - сказаў ён. Мне за-
сталося толькі падзякаваць. Яшчэ паабяцаў прыйсці ў наступны раз
да яго. Хлопец усміхнуўся: “Добра, прыходзьце”. Я ішоў і думаў:
такое сустракаецца вельмі рэдка. Захаджу ў каўбасны аддзел. На
вітрыне выкладзены радамі каўбасы розных гатункаў, выразкі,
кумпякі і г. д. Прадавец з вялікім нажом гучна запрашае пакупнікоў
і абяцае адрэзаць ад любога кавалка. Я запытаўся: “Што вы адрэ-
жаце?”. - “Усё. І вам таксама”. За спінай у яе дзве жанчыны гучна
смяюцца, засмяяліся і мы. Іду далей, спяшаюся на выставу “Акно”
ў Цэнтры сучаснага мастацтва.
21 снежня 2012 года
У мяне зламаўся прынтар - збой электронікі. Патэлефанаваў
знаёмаму ў цэнтр абслугоўвання Дзіме. Дамовіліся аб сустрэчы. Іду
на Пралетарскую плошчу, лаўлю таксі, прашу давезці да ратушы за
25 рублёў. Таксіст згаджаецца за 30. Заехалі дамоў, я ўзяў прынтар,
нясу ў машыну. Каля пад’езда алкаголікі пытаюцца: “Што гэта?”
- “Самагонны апарат”. - “Цудоўна! Давай яго сюды!”. Па дарозе
вадзіцель і яго спадарожнік спыталі, што я раблю на прынтары.
“Друкую фотаздымкі. Хацеў зрабіць каталог. Я мастак”. - “Што вы
малюеце?” - “Усё. Усё жыццё ў рэалістычнай і абстрактнай фор-
мах”. Успомнілі пра квадрат Малевіча. Калісьці за гэту работу яму
заплацілі 300 рублёў, а зараз яна каштуе дзесяць мільёнаў долараў.
Вадзіцель спытаў: “Што можна ўбачыць у гэтым квадраце?”.- “Гэта
можна параўнаць з чорнай дзіркай у космасе”.—“Што вы разумееце
ў гэтым?” Пачаў распавядаць, якія працэсы там робяцца. Я гавару:
“Усё правільна. Але галоўнае тут думка, а не працэсы. Працэсы—
гэта для навукоўцаў”. Спадарожнік вадзіцеля гаворыць, быццам
недзе чытаў, што ў гэтым квадраце налічылі каля тысячы адценняў
чорнага, таму карціна так дорага каштуе. Я пра гэта не чытаў і не
чуў. “А куды вы аддаеце свае карціны? Маглі б прадаваць па элек-
троннай пошце”, - гавораць хлопцы. Я адказваю: “Не маю патрэбы.
Хапае пенсіі”. Прыехалі. Я разлічыўся, выйшаў і падумаў: чаму я
размаўляў з імі пра гэта? Яны ж нічога не разумеюць у мастацт-
ве. Думаюць, сеў дзядуля ў таксі і нясе розную бязглуздзіцу. Ад-
нёс прынтар, адрамантавалі праз 20 хвілін. Каля ратушы хачу ўзяць
таксі, але ніхто не хоча везці за 30 тысяч, просяць 50. Думаю: да-
нясу як-небудзь гэтыя 7 кілаграмаў да прыпынку. Сеў у маршрутку,
даехаў да скрыжавання з вуліцай Вастрацова. Хачу спыніць машы-
ну - ніхто не спыняецца. Трэба несці. Раптам бачу дваіх падлеткаў
на санках. Папрасіў давезці прынтар. Малодшы паставіў яго,
прыціснуў вяроўкай, каб не зваліўся, і павёз. Прывезлі да самага
пад’езда, метраў чатырыста. Я падзякаваў ім і дастаў кашалёк, каб
даць грошай на цукеркі. Старэйшы сказаў: “Не трэба. У нас грошы
ёсць”. Малодшы пажадаў, каб мяне ахоўваў Бог. Вось такі прыклад
дабрыні і спагады паказалі дзеці дарослым, якія адмовіліся мне да-
памагчы.
21 снежня 2012 года
Тэлебачанне на працягу ўсяго года абмяркоўвае тэму кан-
ца свету па календары племені мая. Лічылася, што менавіта ў гэты
дзень ён надыдзе. Многія верылі ў гэта. Суседка спытала ў мяне:
“Як вы лічыце, будзе канец жыцця на Зямлі?”. “Які канец? - гавару.
- Хутка Новы год. Трэба рыхтавацца да сустрэчы. Некалі паміраць.
Сустрэнем, а там паглядзім, што будзе”. Некаторыя людзі пачалі
распускаць грошы на розную лухту, піць, гуляць і г. д. Чалавек
памірае - вось гэта і ёсць для яго канец свету. Астатнія працягваюць
жыць. Цяпер нам тлумачаць, што няправільна зразумелі каляндар
племені мая. Гэта пачатак новай эры. Канец вайне на Зямлі будзе,
прыйдуць мір і згода паміж народамі. Людзі будуць паважаць адзін
аднаго, спачуваць і дапамагаць. Гэта было б цудоўна. Але да гэта-
га трэба дажыць. Шлях будзе доўгі і цяжкі. Ці справіцца з гэтым
наша цывілізацыя? У нас сёння свята. Прыязджае Ганна, сястра
Ядвігі, у яе дзень нараджэння. Я накрыў стол: прыгатаваў закускі,
паставіў віно. Ганна мне дапамагла ў гэтым. Пагаварылі пра ўсё,
у тым ліку і пра канец свету. Слава Богу, што яго не было. Жыц-
цё працягваецца. Жартавалі, смяяліся, радаваліся, што засталіся
жывымі. Мы з Ядвігай падарылі Ганне чайны сервіз на шэсць асоб.
Яна была задаволена. Пад нашым акном расце бэз. Я на ім зрабіў
кармушку для птушак. У мяне былі семкі сланечніка. Мы для пту-
шак наладзілі свята ў гонар дня нараджэння Ганны. Вераб’і і сініцы
зляцеліся цэлай чародкай, з ахвотай елі свае прысмакі. Садзіліся на
шыбу і дзюбкай стукалі ў шкло, нібы дзякавалі за шыкоўны абед. Я
ўзяў фотаапарат і зрабіў відэазапіс гэтага птушынага свята. Сытыя
мы, сытыя птушкі - усім добра. Ганна сабралася ехаць дадому. Мы
вырашылі адпачыць. Было ўжо 14 гадзін...
27 снежня 2012 года
За два дні да адкрыцця выставы ў Цэнтры сучаснага ма-
стацтва званю туды. Трубку зняла Марына. Павітаўшыся, пытаюся,
калі пачне працаваць выстава. Адказвае: 27-га ў 17 гадзін. Прашу
выбраць з фонду адну ці дзве маіх работы. Прыходжу на выставу
і не бачу сваіх работ. Пытаюся ў Андрэя Духоўнікава, дырэктара
цэнтра, чаму няма маёй карціны. Ён адказвае, што не ўвайшла ў
экспазіцыю, а з фонду не мае права выстаўляць. Але абяцаў зняць
чыю-небудзь работу і павесіць маю. Я адмовіўся. Іду па зале і гля-
джу на работы іншых мастакоў. Мяне знімае на відэа мой знаёмы
графік. Настрой у нас добры. Яго таксама не ўзялі ў экспазіцыю.
Усё ж такі павесілі маю работу, не з фонду, з мінулай выставы. Га-
вару пра гэта Сяргею Мацюшыну і іншым мастакам.
Перад урачыстай часткай усе супрацоўнікі музея апрануліся
ў маскарадныя касцюмы. Выстава была прымеркавана да Новага
года. Мне прапанавалі карону. Я спачатку адмовіўся - не па маім
гэта ўзросце, але ж потым надзеў на сваю лысіну. Урачыстая част-
ка скончылася. А. Духоўнікаў прычапіў заечыя вушы. Ён сказаў:
“Сёння можна гаварыць лухту, смяяцца і весяліцца. Канец свету
закончыўся, пачаліся радасць і вяселле. Будзем сустракаць Новы,
2013 год!”. Дзяўчаты вадзілі карагод, пелі нацыянальныя песні.
Было цікава і весела. Расказвалі навагоднія небыліцы, жарты. Да нас
з Сяргеем Мацюшыным падышла дазорца зала і сказала, што трэцяя
частка мерапрыемства толькі для запрошаных. Сяргей пайшоў. А я
застаўся - не адразу зразумеў, што гэта датычыцца і мяне. Я думаю,
што не пакрыўдзіў сваёй прысутнасцю астатніх. Былі розныя розы-
грышы, іграла музыка. Я танцаваў два разы пад музыку танга. Спя-
вала супрацоўніца музея. Быў стол, шампанскае... Андрэй падышоў
да мяне: “Ну як вВам, Уладзімір Ільіч?”—“Усё добра, цікава і
цудоўна. Я не чакаў такога”. З усмешкай ён адышоў. Я рабіў відэа
цікавых момантаў. Расказвалі анекдоты пра мастакоў. Весялосць
была ў кожнага на твары. 19 гадзін. А я пайшоў з дома ў 16. Ядвіга
будзе хвалявацца, што мяне доўга няма. Непрыкметна пакідаю свя-
та. Вітко быў - Вітко няма, ніхто і не заўважыць. Так і з жыцця сы-
ходзяць людзі. Каго памятаюць, а каго і не. Прыйшоў на прыпынак.
Трамвай прыехаў хутка. Захаджу ў пакой. Ядвіга пытаецца, чаму
мяне так доўга не было. “Дзе ты, варожы сын, бадзяўся?”—“Акіян
вялікі, плотак шмат, забаўляўся”. Пасмяяліся. Паказаў жонцы, што
зняў на відэа. “Да... Больш не пойдзеш на свае выставы забаўляцца
з жанчынамі”, - пажартавала Ядвіга. Назаўтра я ўзяўся падклеіваць
шпалеры, якія адклеіліся па швах. Доўга збіраўся гэта зрабіць, на-
рэшце выбраў дзень. Раней ногі балелі, а сёння - не. “Як да жанчын
схадзіў, так і ногі перасталі балець, за складаную працу ўзяўся. На-
ват памаладзеў. Прыйдзецца ўсё ж такі пускаць цябе да маладых”,
- смяецца Ядвіга, і я разам з ёй. Трэба рыхтавацца сустракаць Новы
год. Клопатаў шмат, але яны прыемныя. Гэта частка нашага жыц-
ця.
29 снежня 2012 года
У канцы лістапада звярнуўся да начальніка гарадско-
га аддзела культуры Шыянок Наталлі Аляксееўны з пытаннем аб
фінансавай дапамозе ў стварэнні каталога мастацкіх работ, якія
былі падараваны гораду Віцебску. Размова ішла па тэлефоне. Мне
было адмоўлена.
Маўляў, з бюджэтных грошай яна не можа выдаць - занадта
шмат расходаў: феерверкі, канферэнцыі, абеды і г. д.
5 студзеня 2013 года атрымаў ліст ад Духоўнікава Андрэя,
дырэктара Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. Вось яго змест:
“Паважаны Уладзімір Ільіч ! Згодна з пастановай Віцебскага
гарвыканкама № 1228 ад 15.10.2008 г. памяшканне па адрасе: вул. К.
Маркса, 62 было перададзена ў бязвыплатнае карыстанне аддзелу
культуры Віцебскага гарвыканкама пад майстэрню ўстановы куль-
туры “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”. У выніку праверкі ў
кастрычніку 2011 года фінансавым ўпраўленнем Віцебскага гарвы-
канкама была выяўлена незаконнасць утрымання Вашай асабістай
майстэрні з аплатай усіх расходаў за кошт як бюджэтных, так і па-
забюджэтных сродкаў дзяржаўнай установы. Парадак існавання
майстэрні супярэчыць і дзеючаму заканадаўству аб музеях. Такім
чынам, для таго каб Вам і далей карыстацца майстэрняй па адрасе
вул. Карла Маркса, 62, неабходна ад свайго імя заключыць дамову
з дзяржаўным прадпрыемствам ЖРЭТ Чыгуначнага раёна горада
Віцебска і самастойна аплачваць выдаткі па майстэрні.
Улічваючы Вашу значную ролю ў мастацкім жыцці
Віцебска, УК «Музей «Віцебскі цэнтар сучаснага мастацтва» можа
прапанаваць Вам магчымасць працягваць творчую дзейнасць у спе-
цыяльна адведзеным памяшканні пад мастацкую студыю па вуліцы
«Праўды», 5а, у адпаведнасці з рэжымам працы УК «Музей «Віцебскі
цэнтр сучаснага мастацтва». Дырэктар музея А.Духоўнікаў.
Мяне выклікалі для размовы па гэтаму пытанню ў гарадскі
аддзел культуры Шыянок Н. і Духоўнікаў А. Я ім адказаў: “Я
падарыў столькі творчых работ. Сотні, дзясяткі соцен”. Ну што ж,
на гэтым і скончыцца мая творчая праца. На працягу ўсяго май-
го творчага жыцця мне ўвесь час пагражалі і спрабавалі выселіць,
не даць працаваць, і я змагаўся як мог. Нядаўна мне тэлефанавала
юрыст з ЖРЭТ: “У вас няма дамовы з намі. Мы просім ачысціць па-
мяшканне для нашых патрэб. Прыйдзіце да нас”. Я адказаў: “Я да
вас не прыйду. Я маю пастанову гарвыканкама па маёй майстэрні.
Калі будзе пастанова ачысціць, у той час я і зраблю гэта”. Кожны
раз укол у сэрца мастаку ад безталентных людзей і супрацоўнікаў
рознага рангу. Як бы мастаку нашкодзіць… Побач з маёй майстэр-
няй – сантэхнікі. Брыгадзір Андрэй мне кажа: “Быў дырэктар наш,
прасіў, каб вы зайшлі да яго, таксама па пытанню аб высяленні”.
Зноў укол у сэрца мастаку. Я распавёў аб пастанове гарвыканкама.
Вось хутка і Новы, 2014 год. Мне 82 гады. Не ведаю, як я дажыў да
гэтага часу. Пакуль ціха, не выселілі з майстэрні. Я спяшаюся. Трэба
паспець зрабіць свае два каталогі з апошніх выстаў, якія былі падо-
раны мной гораду Віцебску і раёну. Надрукаваць другую кнігу, ад-
даць музеям усе творы. Вось і можна памерці спакойна. Што хацеў,
то і зрабіў, нягледзячы ні на што. Андрэй Духоўнікаў прапанаваў
забраць усе працы ў свой музей. Зараз, пасля маёй юбілейнай вы-
ставы, прысвечанай 80-годдзю, ён узяў для свайго музея сучасна-
га мастацтва толькі 16 работ. Маўляў, няма месца для захавання.
Астатнія прыдзецца аддаваць у іншыя музеі. Ну што ж, як кажуць,
усё, што ні робіцца, усё да лепшага. 15 лістапада 2009 года я перадаў
73 карціны Цэнтру сучаснага мастацтва, падарыў. У жніўні 2013
года яшчэ 16 работ, якія адабраў дырэктар Духоўнікаў А. Усяго
знаходзіцца 89 карцін. Я збіраюся яшчэ падарыць графічныя рабо-
ты. Колькі яны возьмуць, не ведаю. Каго гэта будзе цікавіць, няхай
звяртаюцца ў музеі горада Віцебска і раёна.
6 лютага 2013 года
Я раней за паўгода звяртаўся ў праўленне Саюза мастакоў
Віцебска з хадайніцтвам у абласны аддзел культуры аб выданні ка-
талога падараных мной гораду Віцебску, а іменна Цэнтру сучаснага
мастацтва, 73 жывапісных карцін. Гвоздзікаў С., старшыня Саю-
за мастакоў, адаслаў яго начальніку абласнога аддзела культуры
Аленскай Ларысе Канстанцінаўне. У студзені я звярнуўся да яе,
напомніў пра маю юбілейную дату і папрасіў асабіста аб дапамо-
зе ў выданні каталога. Яна сказала звярнуцца да яе намесніка, які
курыруе Саюз мастакоў, Генеральніцкага Станіслава Дзмітрыевіча.
Пасля ўсіх перагавораў мне дазволілі рыхтаваць макет каталога, а
потым трэба будзе прыйсці, каб знайсці сродкі для друку. Званю Ан-
дрэю Духоўнікаву, дырэктару Цэнтра сучаснага мастацтва. Ён раіць
самаму зрабіць макет - так будзе танней. Абгаварылі ўсе пытанні.
Выявілася, што трэба рабіць прафесійныя фотаздымкі работ. Гэта
ўжо за мой кошт. Звяртаўся да свайго сябра Галубцова Валерыя.
У яго прафесійны фотаапарат. Ён ужо рабіў здымкі маіх работ на
многіх выставах, прычым бясплатна. Валера згадзіўся дапамагчы. Я
папярэдзіў А. Духоўнікава, каб ён даў каманду сваім супрацоўнікам
зняць са стэлажоў карціны і вынесці іх у светлы пакой. Валера пачаў
рыхтаваць апаратуру. Я працёр свае работы. Кожную карціну ставім
на падрамнік. Галубцоў робіць некалькі здымкаў. Супрацоўнікі - Ге
Алена Сцяпанаўна, Гурына Алена Віктараўна, Барсукова Варвара
Аляксандраўна і іх дырэктар Духоўнікаў Андрэй Эрыхавіч - актыўна
дапамагаюць мне. Праглядаю свае работы. Столькі зроблена за ўсё
жыццё. Здаецца, што гэта напісаў нехта іншы. Гляджу крытычна. У
асноўным работы складаныя па кампазіцыі і жывапісе. У сховішчы
яны прастаялі пяць гадоў, нідзе не выстаўляліся. Што будзе з імі
ў будучыні, не ведаю. Большасць мастакоў і аматараў мастацтва
пабачылі іх - ужо добра. Лёс мастака і яго карцін - адно з галоўных
пытанняў для кожнага майстра. У гэтай працы маё жыццё, мае па-
куты і боль. Па дакументах мне спаўняецца 80 гадоў, а сапраўды
мне ў жніўні 2013 года будзе 82. Мама, Вольга Андрэеўна Вітко, га-
варыла, што я нарадзіўся, калі жыта жалі. І я ўдзячны за ўсё свайму
лёсу. Ну вось, праца скончана. Валера і я запрасілі супрацоўнікаў
сфатаграфавацца на памяць. Я падзякаваў усім за дапамогу і паехаў
дадому.
9 лютага 2013 года
Яшчэ за месяц да Новага года я сустрэў каля нашага дома
жанчыну з 56-й кватэры і запытаўся, ці ведае яна каго, каму па-
трэбен стаж працы для пенсіі па дагляду за хворым. Такі чалавек
неабходны маёй жонцы Вітко Ядвізе Андрэеўне. Глядчанка Зінаіда
Піліпаўна адказала, што не ведае такіх. Я схадзіў на кірмаш на Пра-
летарскай плошчы, які бывае па суботах. Тут прадаюць усё, што па-
трэбна, вельмі зручна. Вярнуўся дадому, і раптам званок у дамафон.
“Хто?” - “Зіна”. Адчыняю. Яна сказала, што будзе дапамагаць нам,
толькі грошы ёй не патрэбны. Яна і раней звяртала на нас увагу. Ідзе
з дачы, а мы ў гэты час на лаўцы сядзім ля пад’езда. Прыпыніцца,
пагаворыць, спытаецца, як здароўе, пачастуе агуркамі, памідорамі.
А зараз яшчэ дапамагае і па гаспадарцы адзін-два разы на тыдзень.
Мы вельмі задаволены і ўдзячны. Зінаіда Піліпаўна - рэлігійны ча-
лавек. Яна ходзіць у пратэстанцкую царкву, прыносіць Ядвізе кнігі.
Мы не злоўжываем яе дабрынёй. Але ж у будучым, калі аслабнем
абодва, яе дапамога нам вельмі будзе патрэбна. Зінаіда Піліпаўна
жыве ў чацвёртым пад’ездзе. Спакойная і культурная жанчына, до-
брая і бескарыслівая. Такіх людзей вельмі мала. У 18 гадоў яна за-
хварэла на рэўматызм, што прывяло да пароку сэрца. Доўга ляжала
ў бальніцы, накіроўвалі ў Мінск на кансультацыю, прапаноўвалі
аперацыю - адмовілася. Верыла Богу, малілася і праз некаторы час
паправілася. Працавала на шаўковым камбінаце. Пабудавала адна-
пакаёвую кааператыўную кватэру. Замуж не выйшла. Зараз ёй 75
гадоў, але адчувае сябе добра. Працуе на дачы. Зіна лічыць, што
калі Бог дапамог ёй пазбавіцца хваробы, яна павінна дапамагаць
людзям у цяжкім становішчы. “Бог дапамог мне - я павінна ад-
дзякаваць яму”, - у гэтым яе мысленне, вера. Дай Божа Зінаідзе
Піліпаўне здароўя і энергіі, дабрыні і любові да ўсіх людзей, доўгіх
гадоў жыцця! Як добра, што побач з намі жывуць такія людзі!
28 сакавіка 2013 года
Мой лёс - мая зорка. Час праляцеў, як куля ля скроні. Па
дакументах мне ў гэтым годзе спаўняецца 80 год. Рыхтуюся да
юбілейнай выставы, якая адбудзецца ў жніўні. Рыхтуецца каталог
маіх карцін, якія я падарыў Цэнтру сучаснага мастацтва. Робіцца
пераклад другой часткі кнігі “Белыя воблакі”. У Мастацкім музеі
паралельна будзе выстава маіх карцін, якія я падарыў яму. У Слуц-
ку, магчыма, таксама зробяць выставу да майго юбілею. Калі ўсё
гэта здзейсніцца, значыць, жыццё пражыта недарэмна. Гэта мой
лёс. Быццам кадры кінастужкі, прабягае ў думках маё жыццё. Пача-
так вайны. Чырвонае неба. Адступленне савецкіх войск. Прыйшлі
немцы. Наш белы конь, начное. Абстрэлы партызан. Бацька шые
боты. Немец незадаволены. Пісталет у руках. Нараджэнне сястры
Ніны. Арышт бацькі да вайны. Праз 3 месяцы вярнуўся. Смерць
бабулі і брата Івана. Слёзы, гора, пахаванне. Непасільная праца маці
і бацькі. Ежа - капуста і бульба. Прыйшлі нямецкія танкі. Разгром
магазінаў перад прыходам немцаў. Расстрэл яўрэяў. Іграў духавы
аркестр. Адступленне немцаў. Прыход чырвоных. Арышт бацькі
яшчэ раз. Адпусцілі. Паліцаі забралі белага каня. Бацька хавае
нас ад бамбёжкі. Снарад трапіў у суседскі дом. Бацьку забіраюць
на фронт. Мы яго праводзім. Насталі голад, холад, галеча. Гібель
бацькі. Хвароба маці. Адмянілі дапамогу на дзяцей. У нас на кватэ-
ры жыве лейтэнант НКУС з жонкай, потым начальнік пошты Зорын.
Іду пасвіць кароў на тры гады. Працую матарыстам з кінамеханікам
Васем, маім дваюрадным братам. Мяне скінулі з саней ў ледзя-
ную ваду дарослыя хлопцы. Ледзь не патануў. Здаваў на пасвед-
чанне кінамеханіка ў горадзе Бабруйску. Праца кінамеханікам на
перасоўцы. Служба ў войску. Вучоба ў тэхавіяшколе. Дэмабілізацыя
па сямейным становішчы. Праца ў кінатэатры ў Грэску. Кінастужкі
- мае ўніверсітэты. Вячэрняя школа. Паступленне ў мастацкае
вучылішча ў Мінску. Жаніцьба на Шурпяк Ядвізе Андрэеўне.
Размеркаванне ў горадзе Віцебск. Праца на фабрыцы імя КІМ і
шаўковым камбінаце. Удзел у выставах і праца ў мастацкіх май-
стэрнях. Прыём у Саюз мастакоў. Паездка з карцінамі ў горад Ма-
скву. Нараджэнне сына. Непрыязныя адносіны да мяне дырэктара
Бяляўскага. Непаразуменні сярод мастакоў. Будова кааператыўнай
кватэры. Атрыманне майстэрні. Канфлікты з заказчыкамі і
мастацкім саветам. Дагаворы ў Мінску з Міністэрствам культуры
аб напісанні карціны. Смерць маці. Развод сына з жонкай. Канфлікт
з сынам. Нараджэнне ўнучкі Вікі. Яе пражыванне з намі. Інсульт
у жонкі. Зараз яна інвалід I групы. Тры гады гляджу за ёй. Прадаў
машыну “Жыгулі”, на якой ад’ездзіў 25 гадоў. Падарыў музеям свае
карціны (ў Віцебску, Слуцку і школе ў Грэску). Напісаў кнігу “Бе-
лыя воблакі” і другую кнігу, якую думаю назваць “Лёс і зорка”.
Па прычыне хваробы жонкі зараз больш займаюся графікай. Зроблена
ўжо некалькі соцень лістоў. З-за няправільна пастаўленага дыяг-
назу ледзь не памёр. Падлячыў суставы. На працягу ўсяго жыцця
(а мне 82 гады) было мноства небяспек, пры якіх я мог загінуць
ці стаць інвалідам. У свеце былі тысячы аварый і катастроф, але
я пазбег іх. Смерць ідзе побач, але не кранае мяне. Мой лёс мяне
ахоўвае. Я ўдзячны яму. Я бачу многа інвалідаў і спачуваю ім. Мне
хочацца працаваць, тварыць, пакуль у мяне ёсць яшчэ здароўе. У
інвалідаў для гэтага абмежаваныя магчымасці. Тое, што я стаў ма-
стаком, прайшоўшы цяжкі шлях, - гэта мой лёс. Тое, што я, няглед-
зячы на цяжкасці, пражыў 82 гады - гэта мой лёс. І я ўдзячны яму
за тое, што магу жыць і тварыць. Колькі я яшчэ пражыву, не ведаю.
Гэта ведае мой лёс, але мне не адказвае на гэта пытанне. Мая рака
не ўзяла мяне з сабой. Мой самалёт не ўпаў на зямлю. Мой цягнік
не сышоў з рэек. Параход, на якім я плыў, не патануў. Быў пажар - я
не згарэў. Бандыты не забілі мяне. Сябры не здрадзілі. Я жыву і дзя-
кую лёсу за ўсё, хоць і бывала вельмі цяжка. Божа, даруй мне ўсё, у
чым я быў і не быў вінаваты!
Я веру, я ведаю, пройдзе пэўны час, і
мая зорка выйдзе з ценю і ярка засвеціць над маёй магілай.
18 ліпеня 2013 года
Быў у майстэрні, працаваў, замарыўся. Прыйшоў дадому,
троху паспаў. Забалеў жывот у вобласці пахвіннай грыжы. Грыжа
ў мяне даўно, каля 30 гадоў. Яна то з’яўлялася, то знікала. Я сам
запіхваў яе рукой. Звяртаўся да хірурга. Ён паглядзіць, махне ру-
кой: “Аперацыя не патрэбна”. Так я жыў да сённяшняга дня. Жонка
Ядвіга - доктар, сястра жонкі Ганна - таксама доктар. Яны заўсёды
мне казалі, што трэба вызываць хуткую дапамогу: “Кішка можа
лопнуць, і будзе горш”. Я заўсёды супраціўляўся: “Пройдзе само”.
На гэты раз вызвалі ўсё-такі хуткую дапамогу. Яна прый-
шла са спазненнем на дзве гадзіны. Папрасілі прабачэння: “Зашмат
працы”. Доктар агледзеў мяне і сказаў: “Едзем у бальніцу хут-
кай дапамогі”. У прыёмным пакоі дзяжурны доктар паспрабаваў
запіхнуць грыжу - не атрымалася. “Трэба рабіць аперацыю”. “Трэба
дык трэба”,- адказаў я.
Мяне палажылі ў палату № 21, койка мая справа пры
ўваходзе. Мяне адвезлі на ўльтрагуковае абследаванне. Я застаўся
ў трусах, мяне палажылі на драбінкі, накрылі прасцінай дзве мед-
сястры, а можа, санітаркі.
І вось вязуць мяне па калідоры. Мне здалося, што вязуць
мяне хутка; святло мільгае па баках: то цёмна становіцца, то зусім
светла. А таксама мільгаюць белыя халаты і твары маладых асоб.
Металічная каляска стукае, дзверы хлюпаюць, мяне паднімаюць
наверх. Мне здаецца, што я знаходзіўся ў нейкім касмічным
калідоры.
Мяне прывозяць у аперацыйную. З каляскі кладуць на стол.
Нада мной вісяць дзве свяцільні: адна - вялікая, другая - маленькая,
нібы сонца з месяцам. Я спакойны. Можа, таму, што аперацыя не-
складаная, а можа, таму, што мне 82 гады. Мне кажуць, што ціск у
мяне 140/70. Праз некалькі хвілін да мяне падыходзіць жанчына,
апранае маску мне на твар, кажа: “Дыхайце кіслародам”. Я разу-
мею, у чым справа. Я дыхаю і хутка засынаю.
Я чую жаночы голас: “Прачніцеся!” Я чую голас, але ска-
заць нічога не магу. Я з цяжкасцю варушу нагой. Мне хочацца
выйсці з гэтага становішча, але не атрымоўваецца. Праз некаторы
час я прачнуўся, мяне адвезлі ў палату. Я прачнуўся, я спаў некалькі
гадзін вельмі добра.
Раніцай я прачнуўся, мне здалося, што я дома. Мне
прысніўся цікавы сон, быццам я ляжу ў палаце, і ў мяне нічога не
баліць. Я падумаў: “Трэба ж, прысніўся такі добры сон: нічога не
баліць, а што я раблю ў палаце?”. Адкрыў вочы і бачу: я сапраўды
ляжу ў бальніцы. Узнікае сумненне: ці праўда, што я ў бальніцы? Я
рашыў праверыць і рукой пачаў чапаць павязку. Не, не сон.
Марудна паварочваюся, каб не парушыць шво. Два дні п’ю
аўсяны адвар. У палату прыходзіць лечачы ўрач Кірыа Алегавіч
Чэпік. Пытаецца, як справы. “Вельмі добра”,- адказваю я. “Калі спра-
вы так добра пойдуць і далей, то праз тыдзень мы вас выпішам да-
дому”. Прыходзіць медсястра зрабіць укол і паставіць кропельніцу.
Я спытаў: “Хто мне рабіў аперацыю?”. “Не ведаю,- адказала яна.
- Я даведаюся і скажу”.
На наступны дзень я ведаў, што аперацыю мне рабіў Ліфман
У.І. Ён знаходзіўся ў прыёмным пакоі, калі мяне прывезлі. Праз два
дні я хадзіў ужо па пакоі, прымаў ежу з астатнімі хворымі. Вось лёс
мяне закінуў зноў у бальніцу хуткай дапамогі, я тут усё ведаю: і
дворык, і некаторых урачоў.
У 2006 годзе я ляжаў тут з язвай страўніка.Аб гэтай сумнай
падзеі майго жыцця я пісаў раней. Тады маім лечачым урачом быў
Жулёў Сяргей Аляксандравіч. А калі ў 1983 годзе ў мяне быў гема-
рой, аперацыю мне рабіў урач Собаль Валянтін Мікалаевіч. Пра-
фесар, загадчык аддзялення. Тады быў 2006 год, а цяпер - 2013-ы.
Я яго памятаю. Ён мяне, вядома, не. Я хацеў напомніць прафесару
аб нашых сустрэчах, але пасаромеўся, падумаў, што нагадваць пра
сябе нетактоўна.
Прыходзіць на абыход сціплы пажылы прафесар Собаль
В.М. Я ўважліва назіраю за ім, як ён садзіцца да кожнага хвора-
га, як уважліва слухае і пальпуе хворыя ўчасткі цела. Собаль дае
ўказанні ўрачам, калі гэта трэба, падыходзіць да мяне і пытаецца,
як я сябе адчуваю. Доктар робіць пальпацыю ў вобласці таза і пы-
таецца: “Баліць?”. Я адказваю: “Так”.
Праз два дні мне прызначаюць праверыць кішэчнік і зрабіць
калонаскапію. Пачалася падрыхтоўка. Мне забаранілі есці і кожны
дзень сталі рабіць клізму, раніцай і ўвечары… Прыходзіць мой ле-
чачы ўрач Чэпік Кірыл Алегавіч, пытаецца, ці не баліць у мяне
страўнік, ці чысты кішэчнік.
Я сказаў, што ў мяне была язва, а страўнік я не правяраў
даўно. “Можна прыйсці і праверыць страўнік, кабінеты знаход-
зяцца побач”. Спачатку я праверыў страўнік, папрасіў, каб шланг
не прыціскалі да гартані, каб мяне не ванітавала. Два разы я адчуў
дыспепсію, але ў цэлым агляд прайшоў добра. Мне карціць даве-
дацца, які вынік. Я прашу: “Скажыце, калі ласка, у двух словах”.
Доктар адказвае, што ўсё вельмі добра. І хваляванне пераходзіць у
радасць.
Лаўлю сябе на думцы, што мне хочацца жыць дзеля ма-
стацтва: кніга не напісана, каталог не выдадзены, карціны, самыя
лепшыя, не намаляваны. Цяпер я чакаю, калі паклічуць правяраць
кішэчнік. Праз некалькі хвілін мяне запрашаюць, я ўладкоўваюся
на стале па ўказанні доктара. Мне робяць укол, медсястра сочыць за
маім тварам. Працэдура скончана, мне кажуць, што нічога дрэннага
няма.
Я задаволены, я адчуваю радасць, ногі самі нясуць мяне ў
палату. Паведамляю жонцы Ядвізе і сваячцы Ганне, што ўсё добра.
Мяне наведалі Янкоўскія - Света, Ганна, Гена - у розныя дні. Леча-
чы ўрач мне сказаў, што выпішуць мяне 26 ліпеня.
Бяру мабільнік і тэлефаную старшыні Саюза мастакоў
Гвоздзікаву Аляксандру Мікалаевічу. Мне патрэбна машына, каб
перавесці новыя карціны для маёй юбілейнай выставы “80”. Ён
спасылаецца на абласны аддзел культуры, але ў іх таксама не аказ-
ваецца машыны. Гвоздзікаў апраўдваецца тым, што ён у адпачынку,
і прапаноўвае звярнуцца да свайго намесніка Віктара Шылко. Тэ-
лефаную Шылко, той спасылаецца на Цэнтр сучаснага мастацтва.
Я кажу, што там няма ні машыны, ні грошай, а начальнік Цэнтра
Духоўнікаў у адпачынку. Тэлефаную зноў Гвоздзікаву: усе спасы-
лаюцца адзін на аднаго. Я пытаюся ў Гвоздзікава: “Вы хочаце сар-
ваць маю юбілейную выставу?!”. Ён абяцае пагаварыць з Шылко.
Мяне выпісваюць з бальніцы. Патрэбны трамвай ад'язджае,
а я не магу бегаць - баляць швы. Тады я бяру таксі і еду дадому.
Тэлефануе Шылко: “Машына будзе ў панядзелак, 29 ліпеня.
Скажы, які час цябе задавальняе?” Я адказваю, што мне трэба патэ-
лефанаваць свам сябрам і дамовіцца з імі, калі яны змогуць прые-
хаць на пагрузку.
Тэлефаную Лютко - на працы. Тэлефаную Чукіну - нага
баліць. Тэлефаную Славе Балтовічу, ён згадзіўся, але потым на па-
грузку не прыехаў, падвёў мяне. Тэлефаную Магучаму - яго няма ў
Віцебску.
Улічваючы абстаноўку, я папрасіў Пусцельникова Грышу,
суседа па дому, і суседа па гаражы Асіпенку Сяргея. У Сяргея ма-
шына на хаду, і сам ён часова не працуе. Суседзі далі дабро, і на
душы мне стала лягчэй. Перавозку карцін прызначылі на 10 гадзін.
Чукін патэлефанаваў паэту Алегу Іванову.
Мы сазваніліся і дамовіліся сустрэцца. Паэт прыехаў на
паўгадзіны раней - такі абавязковы. Шылко таксама прыехаў з
памочнікам. Мае суседзі прыехалі да мяне ў майстэрню на гадзіну
раней. Карціны я выбраў загадзя, і мы іх хутка пагрузілі. У Цэнтры
сучаснага мастацтва дапамагала разгружаць машыны Карман Ма-
рына.
У Мастацкім музеі ўсе карціны, якія знаходзіліся ў фондзе,
выставілі. Там рэкламнай расцяжкай паслужыла праца “Мая мара”.
У Цэнтры сучаснага мастацтва на рэкламным шчыце знаходзілася
мая карціна “Мой белы конь, вазьмі мяне з сабой”.
1 жніўня перад адкрыццём двух выстаў я патэлефанаваў
Лютко Анатолю, добраму мастаку і майму выдатнаму сябру, каб ён
закупіў прадукты для фуршэта.
У 16 гадзін адбылося адкрыццё выставы ў Мастацкім
музеі. У 15-30 я ўжо быў на месцы. Збіраюцца мастакі, гледачы,
журналісты. Было шмат гледачоў - зала была перапоўнена.
Адкрыла выставу і вяла яе супрацоўнік музея Крывенька
Алена Сямёнаўна. З добрай прамовай з абласнога аддзела куль-
туры выступіў Генеральніцкі. Шмат цёплых слоў сказалі мастакі
Уладзімір Вальноў, Анатоль Лютко, Аляксандр Дасужаў, Валерый
Чукін, вершы пра мае карціны прачыталі паэты Алег Іваноў і На-
талля Салаўёва. Мне далі слова. Я сказаў, што ўсе мае прамовы
знаходзяцца ў карцінах.
А яшчэ я ўспомніў словы Твардоўскага:
Я не гордый ,
Не заглядывая в даль,
Я скажу: не надо орден, -
Я согласен на медаль.
На маё 70-годдзе Саюз мастакоў узнагародзіў мяне ме-
далём “За развіццё беларускага мастацтва ”. Многія мастакі
ўзнагароджаны гэтым медалём, але мастакі - людзі сціплыя, яны
саромеюцца насіць медалі, а я на юбілейную выставу надзеў...
Я падзякаваў усім, хто прыйшоў на маю выставу, і
папрасіў перайсці ў залу сучаснага мастацтва, дзе працягваецца
асноўная выстава маіх работ, дзе будзе фуршэт. Мяне аддзячылі
апладысментамі...
У цэнтры сабраліся ў 17-00. Гледачоў стала яшчэ больш.
Добрыя словы ў мой адрас сказаў мастак А. Слепаў. З добрай пес-
няй выступіў расійскі спявак Міхаіл Якаўлеў. Я танцаваў пад яго
песню з Марынай Карман.Прыехалі журналісты з віцебскага тэле-
бачання, яны ўзялі ў мяне і іншых мастакоў інтэрв'ю. І на гэтай вы-
ставе пра мяне цёпла сказал Алег Іваноў.
Усё было цікава і весела - свята атрымалася. Я яшчэ раз
падзякаваў усім, хто прыйшоў на маю выставу, на маё свята. “Пра-
шу вас усіх прыняць удзел у маім фуршэце”.
Свята працягваецца…
Серада. 4 верасня 2013 года
Быў у Цэнтры сучаснага мастацтва. Размаўляў з
Духоўнікавым Андрэем аб перадачы сваіх карцін з выставы. Я думаў,
што яны возьмуць усе карціны. Саджуся насупраць Духоўнікава, і
ён пачынае выказваць свае думкі:
- Уладзімір Ільіч, на выставе поўна работ, дубліруючых
адна адну, у нас жа ёсць і вашы карціны з мінулай выставы. Мы
можам узяць 13 карцін з 95.
Духоўнікаў працягвае:
- Мы прапануем аддаць тры карціны ў гарадскі аддзел
культуры і двум бібліятэкам. Адну карціну мы можам прапанаваць
каледжу сувязі.
Я запярэчыў супраць каледжа сувязі і бібліятэк:
- Падораныя працы - гэта безгаспадарчыя працы, павісяць,
камусьці не спадабаюцца - спішуць і выкінуць.
Я звярнуўся да Андрэя:
- Ты хочаш пазбавіцца ад маіх работ?
Андрэй не пагадзіўся са мной:
- Бачыце, які ў нас тут ўціск? Нам няма дзе нават захоўваць
карціны.
Я прапанаваў Андрэю:
- Перайдзіце са сваім штатам у маленькую залу, а ў вялікай
зале зрабіце сховішча да тых часоў, пакуль скончаць рамонт музея
(стары будынак былога вучылішча, дзе працавалі Малевіч, Шагал,
Кандзінскі і іншыя вялікія мастакі).
Андрэй зноў мне пярэчыць:
- Малая зала - для маладых мастакоў, так як ім няма дзе
выставіцца!
У размову ўключаецца Гурына Алена, захавальніца музея
- У будучым музеі сховішча будзе часовым.
- Ну, што ж, - кажу я, - на гэтым і заканчваецца мая твор-
часць.
- Ну што вы, Уладзімір Ільіч, - спачувае мне супрацоўніца
музея Карман Марына, - творчасць павінна працягвацца ў любым
выпадку. Чаму вы так лічыце?
- Таму што мае карціны нікому не патрэбныя: зрабіў мастак
выставу - і забірай карціны дадому! Захоўвай дзе хочаш, а яшчэ і
плаці за майстэрню! Колькі загінула карцін пасля смерці мастакоў,
а разам з імі і іх імёны.
Калі Духоўнікаў Андрэй вярнуўся з адпачынку, выста-
ва яшчэ працавала. Я быў у зале з былым бухгалтарам Адаменка
Аленай Іванаўнай, яна прапрацавала ў Саюзе мастакоў 20 гадоў,
звольнілася з-за інтрыг. Алена Іванаўна прыйшла паглядзець маю
выставу.
У залу ўваходзіць Андрэй, і я звяртаюся да яго:
- Як вам мая выстава ?
Ён адказвае:
- Мне спадабалася некалькі работ, - і ён іх пералічыў.
Ён паглядзеў на мой бюст работы Валерыя Магучага:
- Ды яшчэ гэты бюст. Ён такі...
Па твары Андрэя відаць, што бюст яму не падабаецца. Калі
камусьці якая праца не падабаецца, гэта не значыць, што яна дрэн-
ная. А сам сабе падумаў: “Усім падабаецца бюст Магучага, аднаму
Духоўнікаву не падабаецца”.
Праз некалькі дзён захаджу зноў у цэнтр да Духоўнікава.
З Андрэем разам працавалі яго супрацоўніцы. У Андрэя зазваніў
мабільны тэлефон. Духоўнікаў выйшаў, і з ім разам выйшлі яго
супрацоўніцы. Я застаўся адзін у кабінеце.
Сяджу хвіліну, другую, паднімаюся, іду ў залу. У зале
Андрэй трымае трубку каля вуха, супрацоўніцы, смеючыся, па-
казваюць рукамі на мае карціны. Там жа знаходзіцца мой бюст.
Стрымліваючы сябе, кажу Андрэю, што і бюст перадаю ў дар Му-
зею сучаснага мастацтва. Андрэй знаходзіць контраргумент:
- Бюст гіпсавы, матэрыял далікатны, мы не можам узяць на
захоўванне.
Я пярэчу: “Магучы падарыў такі ж бюст Мастацкаму му-
зею, і Мастацкі музей узяў на захоўванне мой бюст”. Гэтага не трэба
было гаварыць. Мая шчырасць часта мне дастаўляе непрыемнасці
Зайздрасць нараджае нянавісць.
Аднойчы я спытаў у Андрэя: “Чаму ты мне зайздросціш?”.
Ён адказаў: “Нягледзячы на пажылы ўзрост, вы такі энергічны. У
вас так многа сіл, і вы так шмат паспяваеце зрабіць! Я таксама мог
бы выдаць каталог па сваім польскім выставам, але я так часта рас-
пыляюся”.
Так, у мяне ёсць і электронны каталог 2008 года. Усе
карціны падораны мной Цэнтру сучаснага мастацтва. Пры гатовых
фотаздымках цэнтр рабіў мой каталог чатыры месяцы. “Мы робім
каталогі пасля працы”, - тлумачыла мне Алена Гурына. За гэты час
я выходзіў з сябе, нервы здавалі, цярпенне пераўтваралася ў злосць.
Я працягваў усіх прасіць, настойваў на сваім прыніжэнні. У выданні
каталога мне дапамаглі начальнік абласнога ўпраўлення культу-
ры Аленская Ларыса Канстанцінаўна і яе намеснік Генеральніцкі
Станіслаў Дзмітрыевіч.
Пасля размовы аб маім бюсце з Андрэем зайшоў у яго
кабінет развітацца. Развітваюся і сыходжу. Але вырашыў прайсці
яшчэ раз па зале, разгледзець свае працы і прааналізаваць іх. І так
я пайшоў па крузе, прыйшоўшы да малой залы, дзе знаходзіцца
кабінет Андрэя і яго супрацоўніц. Чую размова ідзе пра мяне. Я
спыніўся і пачуў размову праз смех: “Якая ўнікальная асоба. Яго
бюст ёсць ва ўсіх музеях Беларусі. Хі-хі ... ха-ха”. Усе адмоўныя
эмоцыі вяртаюцца да мяне і ўзмацняюцца. Я чую крокі: ідзе нагляд-
чыца залы Алена Лялюга. Я раблю крок у бок ад дзвярэй - там вісіць
мая карціна, я разглядаю яе. Лялюга ўбачыла мяне: “Вы тут?”. “Так,
я гляджу сваю карціну «Шпацыр»”. Алена кашляе - падае ўмоўны
знак, вяртаецца ў кабінет, і смех замаўкае. У кабінеце быў і Андрэй,
але ён не спыніў здзеклівую насмешку.
Я перагледзеў свае карціны: “Усё зроблена правільна.
Правільна ўсё напісаў”. Вядома, я знайшоў недахопы, але яны былі
такія маленькія і нязначныя. Хутка, пасля аналізу старых карцін,
народзяцца новыя, іх трэба будзе напісаць.
9 верасня, у панядзелак, я дамовіўся аб сустрэчы з фа-
тографам Галубцовым Валерам. Ён прыйшоў, як мы і дамовіліся,
роўна ў дзевяць гадзін, мы сфатаграфавалі ўсе карціны дадзенай
выставы для новага каталога. Работы могуць і згубіцца, а ў катало-
зе захаваецца памяць.
Дзіўна, выйшлі дзве супрацоўніцы Цэнтра сучасна-
га мастацтва і са мной не прывіталіся пасля мінулага інцыдэнту.
Прыйшоў Андрэй, ён прывітаўся, але рукі не падаў. Мы з Галубцо-
вым працягвалі фатаграфаваць працы - ніякіх эмоцый з майго боку,
як быццам нічога не адбылося. Я перажыў тыя непрыемнасці, якія
мне зрабілі, і прабачыў: мне ж давядзецца звяртацца да іх па розных
пытаннях: то ўзяць аддрукаваны пералік прац з дадзенай выставы,
то трэба зрабіць ксеракопіі, ды яшчэ ідзе пераразмеркаванне прац
па розных музеях, - і ўсё звязана з Цэнтрам сучаснага мастацтва.
Хай гэта застанецца на іх сумленні, мая справа - працягваць пра-
цаваць.
Чаму я гэта пішу, дый навошта?
Гэта маё жыццё, гэта маё асяроддзе, у якім я жыў, дыхаў,
тварыў, нягледзячы на ўсе цяжкасці і нягоды. Гэта тыя людзі, з
якімі я сустракаўся, якія ўплывалі на мяне, на маю творчасць, на
маё жыццё.
Так і наша Зямля жыве ў Космасе, а на яе ўплываюць усе
планеты Сонечнай сістэмы і само Сонца, перад усім, а таксама Га-
лактыка і Сусвет.
Субота. 23 лістапада 2013 года
Прыкладна два месяцы я не мог узяцца за працу: лёс моцна
стукнуў па мне і па маёй жонцы Ядвізе Андрэеўне.
29 кастрычніка 2013 года я прачнуўся прыкладна ў тры-чатыры гадзіны раніцы адмоцнага хрыпу жонкі.
- Ядзя, што з табой? - спытаў я.
Жонка не адгукнулася. Я хутка падхапіўся з пасцелі і па-
бег да яе. З рота ішла слізь. Я павярнуў жонку на другі бок, але
нічога не дапамагло: жонка была без памяці. Мне здалося, што яна
памірае. Рукі ў мяне дрыжалі ад страху, я ледзь дазваніўся да хуткай
дапамогі. Адказаўшы на некалькі пытанняў “хуткай”, я абурыўся:
“Хопіць! Чалавек памірае!”. “Чакайце”, - адказала “хуткая”. Калі
я чакаў, час, нават пяць мінут, здаваўся вечнасцю. Я адчуваў сябе
бездапаможным, я нічым не мог дапамагчы роднаму чалавеку.
Тэлефаную яшчэ раз у “хуткаю”, адказалі: “Выехалі ўжо”.
Дамафон маўчаў. Стукаюць у акно. Бягу - адкрываю дзверы. Захо-
дзяць - доктар павольна пачынае распытваць. Сёстры чакаюць.
Урач у такім жа запаволеным стане мерае ціск. Мне доктар здаўся
выпіўшым і сонным. Пачынае пісаць. Я не вытрымаў і спытаў:
“Вы - доктар ці фельчар?”. Ён адказаў: “Не хаміце”, - і працягнуў
пісаць. “Трэба дапамога, а не пісаніна”, - абураюся я. І толькі тады
заварушыліся: зрабілі ўколы, кардыяграму. Жонку памкнуліся везці
ў абласную бальніцу. Доктар спытаў у мяне: “Вы паедзеце?”. “Не,
- адказаў я. - Там працуе родная сястра жонкі Ганна Андрэеўна”.
Пакуль не было “хуткай”, я пагаварыў з сястрой жонкі Ганнай
Янкоўскай.
І Ганна Андрэеўна чакала маю жонку ў прыёмным пакоі
абласной бальніцы. Праз дачку Ганны, якая працуе на “хуткай”,
Свету я даведаўся ад Ганны, што ў маёй жонкі другі інсульт. Сястра
жонкі Ганна з мужам Генадзем жывуць каля абласной бальніцы,
яны ўзялі таксі і паехалі да Ядзі. Ядвігу паклалі ў рэанімацыю, а ў
рэанімацыю не пускалі наведвальнікаў. Але Ганна як доктар узяла
халат, яна заходзіла да сястры, а потым я да жонкі, пакуль Ганна
стаяла на варце. Мне было прыемна, што ў рэанімацыі было чыста
і акуратна, Ядзюй добра даглядалі. Да Ядзі далучылі дыхальны апа-
рат, мая жонка знаходзілася ў коме, як казалі ўрачы. Мы гаварылі
з Ядвігай, краналі яе за рукі, нам здавалася, што яна нас чуе, а як
было на самай справе, я не ведаю.
Мы выходзілі, і ў нас цяклі слёзы. Асабліва горка плакала
Ганна. Ядвігу наведвалі ўсе: я, Генадзь, Ганна, Света. Я прыходзіў
праз два дні з Ганнай - яна ведала, як мяне правесці да жонкі…
Прайшло 10 дзён, Ядвізе ўставілі трубку на шыі, і яна ста-
ла дыхаць праз яе. Здавалася, што жонцы робіцца лепш і лепш, яе
перавялі ў агульную палату. Але праз два дні стала зноў вельмі
дрэнна. Урачы рабілі ўсё магчымае, але цудаў не бывае. Праз два
дні жонка сканала.
Ядзя памерла 6 лістапада каля 20 гадзін. Пры жонцы былі
Ганна і Генадзь. Потым сястра Ядвігі мне патэлефанавала, яна пла-
кала, але пра смерць не казала. Яна ведала, што мне дрэнна: баліць
сэрца, ды псіхіка мая даўно не ў парадку.
Раніцай Ганна патэлефанавала і сказала мне: “Ты чакаў
званка?”. “Вядома”, - адказаў я. “Ядвіга памерла ўчора вечарам, ха-
ваць трэба на трэці дзень, а тут свята 7 лістапада. Ва ўсіх выхадны,
свята, а ў нас дзень смутку. Гена сазваніўся з наглядчыцай могілак
“Мікраполле” (там пахаваны бацькі жонкі - У.В.). Мы з'ездзілі на
могілкі, паглядзелі, дзе будзе магіла, потым паехалі купляць новае
адзенне. Каля бальніцы знаходзіцца будынак морга.Там ёсць усе
рытуальныя прылады: труна, мошаст, вянкі і іншае. У моргу ёсць
зала для адпявання, а транспарт можна заказаць”.
Усе дамовіліся на 8 лістапада. Ганна купіла для сястры но-
вае адзенне. Прызначылі на 8 гадзін сустрэчу.
7 лістапада я патэлефанаваў сястры Ніне ў вёску Голь-
чыцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Трубку зняў яе сын Віця
Крот. Я папрасіў, каб ён не адразу сказаў маці пра смерць Ядвігі,
а падрыхтаваў яе. Хутка Ніна не толькі мне патэлефанавала, але і
ўсім сваякам. Брат Вася, з якім у мяне нацягнутыя адносіны, адра-
зу прабачыў мне ўсе крыўды. Сын яго, Сяргей, выедзе 8 лістапада
і паспее на пахаванне. Я, вядома, перажываў з-за Сяргея: дарога
мокрая, далёкая, слізкая. Вася сказаў: “Усё будзе добра, я і сам бы
паехаў, але за мной трэба заязджаць, а гэта 200 кіламетраў”. Родныя
працягвалі тэлефанаваць і выказваць спачуванні, я казаў ім, куды
ехаць і ў колькі.
Да 8 гадзін я прыехаў у морг, а там ужо былі Ганна з Ге-
надзем. Мы купілі труну зялёнага колеру, вянкі, крыж… Ганна за-
ймалася медыцынскімі даведкамі. Да гэтага часу прыехаў Сяргей з
Мінска. Купіў вялікі вянок, каробку цукерак і бутэльку гарэлкі. Нам
прызначылі адпяванне на 11 гадзін. Едзем да Ганны. Прыехалі на
пахаванне яе абедзве дачкі - Наташа і Света. Ганна і Гена пакармілі
нас сняданкам і чаем. Сяргей і Наташа заказалі ў кафэ стол на 8
чалавек. У прызначаную гадзіну едзем у залу, дзе будзе адпяван-
не. Там нас чакаюць нашы сябры Чачыла Рыма Паўлаўна і яе муж
Уладзімір Іванавіч. Яна - урач, ён - інжынер-будаўнік. Мы сябравалі
сем'ямі. Заходзім у залу: наперадзе вянкі ад суседзяў, родных і
сяброў. Пасярод залы стаіць труна, побач - лаўкі. Прыходзіць свя-
тар, і пачынаецца набажэнства, якое доўжыцца 30 хвілін. Словы ў
малітвах паўтараюцца, і ўвесь час успамінаецца пра грахі. Святар
некалькі разоў абыходзіць труну з кадзілам, з якога выходзіць рэзкі
атрутны дым. Набажэнства скончана. Трэба аднесці труну ў машыну. Грузчыкаў няма.
Супрацоўнік па афармленні аплаты і шафёр неахвотна згаджаюцца.
Сваімі паводзінамі яны даюць нам зразумець: патрэбна дадатковая
аплата. Труну мы паднялі самі: Уладзімір Іванавіч, Сяргей, я і Гена.
Некалькі крокаў - і труна ў машыне. Можа, парушылі канон, але ўсё
гэта дробязь… Наташа, Сяргей і Света паехалі аплаціць паслугі ў
банк, адтуль адразу на могілкі.
Мы з труной едзем па вуліцы Вастрацова, спыняемся каля
дома № 7, корпус 2. Пад'язджаем: нас чакаюць суседзі і жыха-
ры, якія ведалі Ядвігу. Многіх дзяцей і ўнукаў лячыла мая Ядвіга
Андрэеўна, калі была дзіцячым доктарам.
Віка, унучка, студэнтка 6-га курса медінстытута, прыехала
памыць бялізну, калі мы з труной пад'ехалі да дома. Віка мінула
машыну і не падышла да бабулі развітацца. Усе суседзі здзіўлена
зашапталіся.
Развітанне скончылася, і мы паехалі на могілкі. Калі ў ча-
лавека гора, пра цэны за паслугі не ідзе гаворка. Знаходзячыся ў
жалобе, чалавек за ўсё пераплачвае і маўчыць. Пахавальшчыкі не
саромеюцца называць велізарныя сумы: напрыклад, за машыну
700 000 рублёў. Дзякуй дзяржаве за так званыя пахавальныя. Пры-
язджаем на могілкі. Нас сустракаюць супрацоўнікі могілак. Бяруць
труну і нясуць да месца пахавання. Ставяць труну для развітання.
Ядвіга выглядае нармальна: бледна-ружовы твар з белымі плямамі.
Я пастаяў, уяўна развітаўся, заплакаў і адышоў. Так развіталіся і
астатнія. Труну апусцілі, кожны кінуў жменю пяску. Усю магілу
закрылі кветкамі і вянкамі. Я падышоў і сказаў: “Пад такімі вянкамі
і мне можна класціся”. Хтосьці запярэчыў.
Едзем у кафэ. Калі мы ехалі ў машыне ў кафэ, патэлефана-
вала Валянціна Васільеўна Сапацько і з крыўдай і слязьмі абурала-
ся, чаму ёй не паведамілі (гэта бабуля Вікі па мацярынскай лініі).
Я адказаў: “Занадта шмат было абраз у адрас Ядвігі Андрэеўны”.
Валянціна Васільеўна сказала, што я - жорсткі чалавек. Потым па-
тэлефанавала маці Вікі Іна і выказала ўсе тыя ж крыўды. Я адказаў:
“Трэба шкадаваць, пакуль чалавек жывы, тады і дапамагаць яму, а
што шкадаваць, калі чалавек памёр”. У іх адзін клопат - атрымаць
нашу кватэру пасля нашай смерці. Прыехалі ў кафэ, селі за стол і
сталі ўспамінаць цёпла і светла Ядвігу Андрэеўну, кожны знайшоў
штосьці асаблівае ў гэтай цудоўнай жанчыне і выдатным доктары.
Шмат было сказана добрых слоў у адрас Ядвігі Андрэеўны.
Хай заўсёды зямля для яе будзе пухам, хай заўсёды над ёю будзе
царства нябеснае. Мы смуткуем і будзем помніць Ядвігу Андрэеўну,
пакуль будзем жывыя.
3 студзеня 2014 года
Іду ў майстэрню на вул. Карла Маркса, 62. Уключаю святло.
Яго няма. Побач, у адным пад’ездзе са мной, займаюць сантэхнікі
два пакоі. Тут была цырульня. Яны прыйшлі, напалілі святла,
накруцілі лічыльнік рознымі прыборамі. ЖРЭТ не аплаціў за свят-
ло. Прыйшлі з энергазбыта і адключылі святло. 10 дзён няма святла.
Горад ззяе агнямі. Мастаку адключылі, сядзі ў цемры. Пайду за га-
зай, у мяне ёсць старая настольная лямпа, ёй больш за 80 гадоў. Для
мяне яна рэліквія. Гэта лямпа майго дзяцінства. Мне надакучыла
хадзіць скардзіцца, прасіць і кланяцца. Як гэта брыдка. Але дзеля
мастацтва даводзіцца рабіць усялякае. Магчыма, нашчадкі ацэняць
мае пакуты і тыя ўмовы, у якіх я жыў і працаваў.
10 студзеня 2014 года
Думаў больш не пісаць, але жыццё падкідвае новыя падзеі.
Мяне накіраваў уролаг у анкапаліклініку на кансультацыю на-
конт прастатыы. Прыязджаю ў абласную анкапаліклініку. Іду па
калідоры, куды ў 2013 годзе я і Ганна Янкоўская прывозілі Ядвігу,
маю жонку, на лячэнне і аперацыю. І вось Ядвігі ўжо няма. Яна па-
мерла 6 лістапада 2013 года. Зараз я іду па гэтым самым калідоры
адзін. І ўсё ўзгадваю, як мы прыязджалі і хадзілі з цяжкасцю. Іду,
эмоцыі перапаўняюць мяне, набліжаюся да свайго кабінета. Рап-
там бачу мастака Чукіна Валеру з жонкай. Ідуць насустрач. Усе
заўсміхаліся. Мне здалося, што ён высокі, з белай галавой, пышнай
шавялюрай. Мы абняліся. У яго быў інсульт у лёгкай форме, з дэ-
фектам маўлення. Зараз нармальна сябе адчувае. Раней яму выдалілі
адэному прастаты. Я пачаў дапытвацца, як дыа што, як ён сябе ад-
чувае ў гэтым пытанні. Вось такая сустрэча. Раней мы сустракаліся
на выставах у музеях, а зараз у паліклініках. Лёс гоніць да захаду.
Пачалася гаворка, успомнілі Ядвігу Андрэеўну. Я ўспомніў вершы
Чукіна Валеры “Срэбраная ніць”. Хто страляе і ў каго. “Дарагі, няма
твайго знатака вершаў – Ядвіга памерла”, – сказаў я. Жонка Чукіна,
Люся, змянілася ў твары ад нечаканасці. Валера зморшчыўся, на
твары адбіўся смутак. Такое жыццё. Цяпер наша чарга. Пажадалі
ўсяго найлепшага адзін аднаму і разышліся. Іду да уролага. Урач,
жанчына сярэдніх гадоў, агледзела мяне і накіравала на УГД. Праца
наладжана. Усё ідзе хутка і добра. Прыходжу зноў да яе. Глядзіць
мае паперы, вынікі даследавання і гаворыць: “16 студзеня мы вас
пакладзём. У вас знайшлі маленькі вузел, які нам не падабаецца.
Мы павінны ўзяць аналізы, таму паляжыце ў нас пару дзён”. Я
падзякаваў урачу і пайшоў. Пачуцці, эмоцыі, успаміны турбуюць
мае мазгі. Думкі бягуць адна за адной. Мы ўсе ідзём па адной даро-
зе ў небыццё.
Свидетельство о публикации №218040501577