Алабай

Сназорчае.

Ілона спяшалася на працу, упакаваўшы клуначкі з ежай і вопратку для дзіцяці - сёння яму прыйшлося ўстаць надзвычай рана, каб пайсці разам з маці. Аднаго ў хаце на ўвесь дзень пазаставіць сямігадовага актыўнага сантэніка-электрыка складана і небяспечна, а да таго ж сёння генеральная рэпетыцыя! Трэба будзе прасіцца, каб мімаездам даставіць артыста на сцэну. Вытанчаная Ілончына лагістыка разбурылася, калі адзіная Мількіна бабуля з'ехала ў санаторый, папярэдне аблаяўшы тую самую лагістыку апошнімі словамі. Ілона корпалася і марудзіла, амаль спазняючыся на працу. Мілька ўжо стаяў у дзвярах, прытанцоўваючы.
Праз некаторы час ён спяваў і пытанцоўваў, седзячы ў салоне "хуткай дапамогі", прышпілены да блакітнага крэсла, а Ілона раз-пораз пазірала на яго праз акенца, павярнуўшыся і скручваючы шыю. Каля дзіцяці сядзеў вялізны белы сабака, але Ілоначцы ані гэта не падалося дзіўным, ані тое, што больш нікога ў салоне не было. Машына была тая самая, навюткі "пежо", а вось кіроўца іншы, з вельмі млявым флегматычным тварам і расфакусаваным зеленаватым позіркам. Даволі абыякавы і спакойны, нават вусы ягоныя звісалі нерухома абапал вуснаў, а ўжо вусны ціха спачывалі адна на адной.
- Глядзі, што гэта там? - раптам пачула ад яго Ілона, а адначасова здрыганулася зямля, полымя паляцела з нябёсаў і ахутала горад, хіба знішчыўшы яго пякельнай зброяй. Грукат прыйшоў пазней, агаломшваючы, адбіраючы глузд і паветра. Людзі масава выскоквалі з панішчаных аўтамабіляў, падалі, качаліся па зямлі і паміралі з енкатам.
- Што рабіць, што рабіць, - засяроджана мармытаў кіроўца, моцна трымаючы стырно вузлаватымі ўчэпістымі пальцамі. Тым не меньш, сумныя ягоныя вочы нават не змянілі ані колеру, ані шырыні зрэнкаў. Ён нават не пачырванеў!
- Уцякаць. - упэўнена сказала Ілона. - Усё, кожны сам за сябе.
Асфальт парэпаўся і пачаў уздымацца ільснянымі чорнымі крыгамі, маленькі белы ледакол шмыгнуў на нейкую бакавую сцяжынку, счасаўшы шлагбаўм. Па правай старане паміж дрэваў нечакана з'явіўся легкавік перламутрава-нябескага колеру, выпруціўшыся, абмінуў хуткую і пачаў караскацца ўгару, на імгненне ператварыўшыся ў вялізнага гнуткага ката. "Ягуар, - падумала Ілона са здзіўленнем, - а мы хіба зараз звалімся."
Сцяжынка падымалася хваляй, куляючыся ў прасторы, перакручваючыся дагары нагамі, роў натужліва матор, колы сасклізнуліся б з грунту, але гвалтоўна зачапіліся за сасновы карэньчык, і "пежо" пабегла бадзёра за "ягуарам".
Ілона не здзівілася прысутнасці ў лесе аграменнага бліскучага мармуровага палацу, ёй было чамусці адчайна абыякава. Ані смутку, ані слёз, ані прыкрасці - татальны спакой ацалеўшага ў катастрофе, каму больш няма куды спяшацца і нічога не трэба. Яна нават не адчувала сябе госцем, яна была тут нібыта незаўважная, але звычайная прысутная. Не цярпелі яе і не ганялі, але ставіліся з ненадакучлівай павагай.
Шпаркі элегантны чалавек з "ягуару" дазваляў раз-пораз прыслухацца да сваех перамоваў.
Мілька з першай хвіліны пабег ціхамірна гуляць з трыма дзяцьмі, лёкка размаўляючы з імі на розных мовах. На дзіва, яны добра паразумеліся. Ніхто з іх нават крыху не спалохаўся.
Ані надзеі на сеціва ці якую-кольвек сувязь з астатнім светам.
Недзе побач заўсёды знаходзіўся маўклівы даверлівы цень з вялізнай белай сабакай алабай.



http://www.youtube.com/watch?v=HMaIz1SKnS4


Рецензии