Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 1 17

17.

Вокны дзевяціпавярхоўкі ўтульна свяціліся ў вечаровай цемры. На ўсякі выпадак, для ўпэўненасці, Кірыл спытаўся пра Ірыну Сяргееўну яшчэ раз – у трох бабулькаў, што гавэндзілі на ганку аднаго з пад’ездаў.
– Ёсць, жыве такая, – адказвалі бабулькі. – Вунь там, у трэцім пад’ездзе, восьмы паверх, кватэра трыццаць дзевяць. Толькі яе дома няма, яна гадзіну назад на работу ў начную пайшла.
Кірыл трохі разгубіўся. Ён нават падумаў, ці варта ісці ў госці, калі гаспадыні няма, а дома толькі Сярожка. Дый ці дома ён наогул?
– А табе яна навошта, гэтая Ірына Сяргееўна? – спытала адна з бабулькаў, бачачы ягоную нерашучасць.
– Я ёй сшытак пакінуў... – адказаў Кірыл першае, што прыйшло ў галаву. – Трэба абавязкова забраць. Можа, муж яе дома? Вы не ведаеце?
– Гэта ты пра доктара? – адразу ажывіліся бабулькі, відаць, учуўшы блізкую сваім інтарэсам тэму. – Ды ён з ёю ўжо два гады як не жыве. Заходзіць зрэдку, а так у яго ўжо даўно маруха, пры ёй і туліцца. Вось жа людзі: і не разводзяцца, і жыць не жывуць! А яшчэ інтэлігенцыя!
– А іхні сын? – ухапіўся Кірыл за апошнюю нітачку. – Ён дома?
– Які сын? – дружна здзівіліся бабулькі.
– Ну, хлопчык, Сярожка.
– Няма ў іх ніякага сына, – алказвалі бабулькі пераглядаючыся. – Гэта табе, хлопец, нехта няправільна сказаў. Дачка ў іх, ужо дарослая, у Іркуцку, здаецца, жыве. А хлопчыка ніякага няма.
Кірыл адышоў ад іх, абсалютна нічога не разумеючы. Ясна было адно: выйшла нейкая дзікая памылка. І яшчэ адно было ясна: у кватэры нумар трыццаць дзевяць Кірылу няма чаго рабіць. Хто і навошта пераблытаў адрасы, таксама высвятляць наўрад ці было трэба. Ва ўсякім выпадку, Кірыл вырашыў, што зараз вернецца дадому, а заўтра патэлефануе Сярожку і растлумачыць, чаму не прыйшоў у госці. Ён ужо пабрыў быў прэч, калі раптам яго паклікалі па імені.
Ён павярнуўся.
Проста перад ім, усміхаючыся сваімі прамяністымі ямачкамі на шчоках, стаяў Сярожка ў чырвона сіняй цёплай куртачцы і вязанай шапачцы з пампонам.
– Прывітанне! – сказаў ён і, як старому знаёмаму, працягнуў Кірылу руку.
– Прывіианне... – сумеўся той, паціскаючы яе. – Слухай, тут кажуць, што ты тут не жывеш. Я шукаў, шукаў...
– Жыву, жыву! – весела адказаў хлапчук. – Ты, напэўна, Лортмана шукаў, а я ж Багінскі. Я забыў табе сказаць, што ў мяне прозвішча татава, а не маміна.
– Ды тут і вуліца іншая...
– Чаму? Гэта ж рагавы дом: па Маякоўскага ён нумар дзевятнаццаць, а па Новай Індустрыяльнай – шэсцьдзесят два.
– Ну вось, а я зусім заблытаўся...
– Хадзем! – Сярожка ўзяў яго за локаць. – Не бойся, хадзем! Дома, праўда, нікога няма, але мама сказала, каб я цябе прыняў, як дарагога госця, а сама тэрмінова на работу пабегла – там у іх нехта захварэў, абавязкова трэба замяніць, хаця ў яе сёння выхадны мае быць.
Зусім збіты з панталыку, Кірыл паслухмяна пайшоў за хлопчыкам у пад’езд.
Ліфт дзейнічаў, і гэта надзвычай узрадавала Кірыла – узысці на восьмы паверх па лесвіцы з ягоным хворым сэрцам было б не так лёгка.
Усе сцены ў кабіне былі густа спісаныя: імёны, чыесьці тэлефоны, традыцыйныя формулы тыпу «Лена+Косця», нядобрыя словы пра фізіялёгію чалавека і недвухсэнсоўныя рысункі на тую ж самую тэму. Было проста дзіўна, як людзі паспявалі напісаць і намаляваць усё гэта за тыя секунды, што ліфт рухаўся паміж паверхамі. Цьмяная лямпачка на столі раз пораз трывожна мігала. Гэта было непрыемна – у галаву прыходзілі думкі пра тое, што зараз святло згасне, кабіна спыніцца, і колькі часу давядзецца правесці ў ёй, пакуль хто небудзь не прыйдзе табе на дапамогу, – невядома.
– Не звяртай увагі, – суцешыў Кірыла Сярожка, заўважыўшы, з якім недаверам той глядзіць на лямпачку. – Яна заўсёды так.
З ліфту Кірыл выйшаў з пачуццём вялікай палёгкі на душы. На шырокай, ярка асвечанай лесвічнай пляцоўцы ў адным куце стаяла дзіцячая каляска, у другім – вядро са смеццем, а пасярэдзіне ляжаў на зялёным плеценым палавічку шэры мардаты кот.
– Васільдзіч, Васільдзіч! – паклікаў яго Сярожка і растлумачыў Кірылу: – Гэта суседскі. Цёткі Тані, відаць, яшчэ дома няма, вось  і чакае...
Кот паглядзеў на хлопчыка нейк спадылба і замружыўся, злёгку варухнуўшы хвастом.
Пашнарыўшы ў кішэні курткі, Сярожка выняў ключ і адамкнуў карычневыя фарбаваныя дзверы з нумарам трыццаць дзевяць:
– Заходзь, Кір. Можна, я буду зваць цябе Кірам?
– Як Булычова? Можна... – паціснуў плячыма Кірыл, ступаючы за хлопчыкам цераз парог.
– Распранайся, – Сярожка зачыніў дзверы, уключыў святло і сам борздзенька сцягнуў з сябе куртку, скінуў чаравікі. – Павесь вось тут і праходзь. Я зараз.
І пабег у пакоі, дзе таксама адразу ж успыхнула святло.
Павесіўшы вопратку на вешалку, Кірыл прайшоў следам.


Рецензии