Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 1

РАЗДЗЕЛ  2.

1.

Цётка Вера жыла ў двухпакаёвай кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховай хрушчоўкі і мела вельмі кепскі характар, а апрача таго была вялікай ахвотніцай выпіць салодзенькай і пад чаркай станавілася абсалютна нязноснай, сварлівай і слязлівай. Калісьці ў яе была сям’я: муж і дзве дачкі. Цяпер яна жыла зусім адна: муж даўно памёр ад раку страўніка (таксама быў той яшчэ выпівака), дачкі павыходзілі замуж, параз’язджаліся і не падтрымлівалі з маці ніякіх адносін. Кватэру сваю цётка Вера трымала ў поўнай неахайнасці, з кухні яе вечна тхнула кіслай капустай і фруктовай бражкай, у ваннай увесь час падцякаў кран і, калі гаспадыня – па п’янай справе або проста так – забывала своечасова выліваць ваду з падстаўленай пад яго алюмініевай міскі, вільгаць прасочвалася да суседзяў і пачынала капаць ім са столі. Суседзі скардзіліся па інстанцыях, але цётку Веру гэта мала палохала. Прадстаўнікоў ЖЭКа яна проста пасылала на тры літары, міліцыі пару разоў плаціла штрафы, а суседзям, якія часам спрабавалі прымусіць яе пакрыць ім матэрыяльную страту, проста абяцала: «Вось пачакайце, даскачацеся: цярплю цярплю, дый сурочу вас калі небудзь, гадаў, – будзеце ведаць!» Сурокаў суседзі пабойваліся, тым больш што пра цётку Веру пагаворвалі рознае. Казалі, што і мужа свайго яна сама звяла нейкімі таямнічымі зёлкамі, і што дачкі ад яе паўцякалі аж кудысьці ў Кіргізію, таму што за сваіх мужоў апасаліся (яны, быццам бы, былі цётцы Веры не да спадобы), дый наогул цётка Вера мела рэпутацыю падпольнай ведзьмы, паслугамі якой часам карысталіся нават некаторыя гарадскія партыйныя кіраўнікі – асабліва тыя, якія спалі і снілі, як іх арыштоўваюць за хабарніцтва ды іншыя непрацоўныя даходы.
Святлана цётку Веру цярпець не магла, і неабходнасць час ад часу наведваць ейную брудную і смярдзючую кватэру была для яе проста пакараннем. Асабліва ж панурай дзяўчына станавілася тады, калі ў гэты бярлог даводзілася цягнуць яшчэ і Даньку – вось як цяпер, ды, да таго ж, пасля лютай прастуды, з якою хлопчык праляжаў у пасцелі два тыдні і дагэтуль поўнасцю не ачухаўся: сягоння раніцой тэмпература ў яго была яшчэ трыццаць сем і чатыры і ён пастаянна пакашліваў. Тым не менш Святлана добра разумела, што ні змяніць, ні паправіць яна на дадзеным этапе свайго жыцця нічога не зможа – яна была на службе (як, між іншым, і Данька) і падпарадкоўвалася загадам.
Стаяла цудоўная сонечная вясна, і Данька тупаў поплеч са Святланай у лёгкай чорнай куртачцы і без шапкі – яе надзець ён адмовіўся наадрэз, нягледзячы на ўсе просьбы дзяўчыны, якая страшэнна баялася, што ў хлопчыка могуць быць ускладненні пасля хваробы. Лёгкі цёплы ветрык варушыў ягоныя цёмна русыя, даўно нястрыжаныя валасы. Даньку было дзесяць гадоў, ён быў вельмі самастойны, маўклівы і сур’ёзны чалавечак, і з ім заўсёды было спакойна – не тое што з іншымі дзецьмі індыга, якіх Святлана пабачыла нямала на сваім параўнаўча кароткім вяку.
Снегу як такога ўжо даўно не было. У тых месцах, дзе ён калісьці ляжаў асабліва шчыльнымі гурбамі, цяпер засталіся вялікія лужыны, якія даводзілася абыходзіць, а часам і пераходзіць па кінутых цераз іх дошках або цаглінах. «Толькі б ён ног не прамачыў...» – з трывогай думала Святалана, гледзячы, як мініяцюрны, невысокі для свайго ўзросту Данька лёгка скача па хісткіх мастках, хлюпаючы бруднай густой вадою. З гэтым цудоўным хлапчуком дзяўчына працавала ўжо два гады і вельмі яго любіла. Хаця звалі яго Данька Рудкевіч, выгляд у яго быў зусім не беларускі і нават не славянскі. Цяжка было сказаць, якой ён нацыянальнасці. У дакументах, заведзеных на яго ў Інстытуце, пра гэта інфармацыі не знайшлося, а больш ніякіх афіцыйных папераў хлопчык не меў – апрача даведкі з дзіцячага дому, дзе гаварылася, што ён падкідыш і бацькі яго невядомыя. Данька быў даволі смуглы, з густымі бровамі, цвёрдымі вуснамі і рэзка абрысаваным носам. Твар ён меў шырокі, скуласты, і ў ім у практычна аднолькавых прапорцыях праглядаліся як каўказскія, так і сярэднеазіяцкія рысы, хаця вочы ў хлопчыка былі нечакана вялікія і зялёныя, і гэта прымушала думаць, што ёсць у ім нейкая кропля і чыста еўрапейскай крыві. Наогул жа гэта быў надзвычай прыгожы твар, дый сам Данька быў увесь ладны і, што называецца, добра скроены, нягледзчы на свой невысокі рост: за тыя два гады, што Святлана яго знала, ён, здавалася, аніколькі не вырас, хіба толькі з твару пасталеў трошкі ды стаў яшчэ больш сур’ёзным і маўклівым, чым раней.
На рагу ля гастранома цётка ў белым фартуху, падпяразаным на ватоўку, гандлявала гарачымі піражкамі.
– Купіць табе піражок? – спытала Святлана Даньку, успомніўшы, што ён сёння не абедаў і наўрад ці будзе вячэраць – на добры пачастунак у кватэры старой і вечна нецвярозай ведзьмы спадзявацца не даводзілася.
Хлопчык кіўнуў у знак згоды.
– З ліверам скончыліся, ёсць толькі з бульбай і капустай! – папярэдзіла прадаўшчыца, калі яны наблізіліся да яе піражковай скрыні.
– Дайце тры з бульбай, – папрасіў Данька і пытальна зірнуў на Святлану: – А табе?
– А мне не трэба, – адказала тая, расплачваючыся. – Патаўсцею яшчэ...
Піражкі аказаліся свежыя і сапраўды гарачыя. Данька з задавальненнем жаваў на хаду – відаць, ад добрага веснавога надвор’я ў яго прачнуўся апетыт.
– Чаму ты сабе не купіла? – спытаў ён Святлану. – Хочаш, я табе дзін пакіну?
– Еш сабе... – уздыхнула дзяўчына і дакранулася далонню да ягоных валасоў. – Мне і праўда не хочацца.
Данька кашлянуў – у ягоных грудзях дагэтуль трошкі хрыпела. Святлана падумала, што правільна зрабіла, што захапіла з сабой таблеткі ад тэмпературы. Калі сустрэча ў кватэры цёткі Веры зацягнецца, яны напэўна могуць спатрэбіцца, бо хлопчык, нягледзячы на вонкавую бадзёрасць, усё ж быў яшчэ парадкам такі хворы. «Праклятая праца... – горка, са злосцю думала дзяўчына. – Можаш, не можаш, а збірайся і ідзі. Эх, уцячы б куды небудзь! Узяць бы вось гэтага Даньку з сабою і ўцячы. У Амерыку, ці што... Але і там жа, мабыць, знойдуць...»


Рецензии