Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 4

4.

У дзверы зазванілі.
– Ага, прыйшла! Я ж казала, што прыйдзе! – узрадавалася цётка Вера і пацягнулася ў прыхожую адчыняць.
Гэтым разам яна не спяшалася, разы тры спытала, хто там, потым прачыніла дзверы на ланцужок, яшчэ пра нешта спытала і толькі пасля гэтага ўпусціла кліентку. З гасцінай было чуваць, як тая распранаецца, нешта мармыча паспешна і ўсхвалявана, а цётка Вера на правах гаспадыні супакойвае яе: «Ды вы не мітусіцеся так, шаноўная, усё будзе ў парадку. Вы да сур’ёзных людзей прыйшлі».
У прыхожай нешта грымнула – відавочна, нехта зачапіўся нагою за вядро – і нарэшце кліентка з’явілася на парозе гасцінай. Гэта была невысокая, несамавітая, вастраносая жанчына гадоў за сорак, у акулярах з тоўстымі шклечкамі, худзенькая, нервовая, адзетая ў шэры мехаваты швэдар з тоўстай пражы і доўгую чорную спадніцу. Убачыўшы людзей, што сядзелі перад ёю, яна нейк непераканаўча ўсміхнулася тонкімі анемічнымі вуснамі і збянтэжана прывіталася.
– Вы спазніліся на паўгадзіны, – прамовіў Барыс, змераўшы яе поглядам.
Жанчына замармытала нейкія выбачэнні, траха не ўпусціла карычневую дамскую сумачку, якую трымала ў руках, паправіла акуляры.
– Праходзьце, калі ласка, сядайце, – прапанавала Святлана, паказаўшы на фатэль насупраць канапы. – Не хвалюйцеся, мы ведаем пра вашу праблему і сабраліся тут, каб вас уважліва выслухаць. Мяне завуць Святлана, і я буду непасрэдна працаваць з вамі. Гэта наш памочнік Даня, а гэта кіраўнік групы Барыс Сцяпанавіч. А вас як завуць?
– Ірына Сяргееўна Лортман, – адказала жанчына, сеўшы ў фатэль. – Я ніколі не думала, што мне давядзецца звяртацца да такіх людзей, як вы. Толькі зразумейце мяне правільна: я чалавек адукаваны і ніколі не верыла ў прывіды. Але тое, што робіцца цяпер у маёй кватэры, – гэта можа пераканаць любога. Паверце, вы для мяне апошняя надзея. Я ўжо была ў свяшчэнніка, ён прыходзіў, крапіў святой вадою, але стала толькі горай, і калі цяпер і вы мне не дапаможаце...
– Супакойцеся, – перапыніў яе Барыс. – Запэўніваю вас, мы таксама людзі адукаваныя і таксама не верым у прывіды. Мы вучоныя, абсалютна не схільныя да містыкі, і пастараемся вам дапамагчы менавіта як вучоныя. А свяшчэнніка вы сапраўды дырэмна клікалі – тут не ягоная справа.
– Я не ведаю, чыя тут справа, – прамовіла жанчына, ціскаючы ў руках сумачку. – Я толькі хачу, каб усё гэта скончылася і я зноў магла спакойна жыць у сваёй кватэры. Вы зразумейце: я канчаткова страціла спакой, я не сплю начамі, у мяне пачынаецца неўрастэнія... Так трываць больш не можа, іначай я проста з’еду з глузду!
– Я на кухню пайшла, – падала свой хрыплы голас гаспадыня кватэры. – Паклічаце, калі што трэба.
Святлана кіўнула, і цётка Вера выйшла з гасцінай.
– На кухню? Чаму на кухню? – устрывожылася кліентка. – Вы што, не слухалі, што я гаварыла?
– Пакуль што вы яшчэ нічога асаблівага не сказалі, – спакойна і цвёрда прамовіў Барыс, удзячны цётцы Веры за тое, што яна сваім умяшаннем не дазволіла Ірыне Сяргееўне кінуцца ў істэрыку. – І давайце дамовімся так: мы задаём пытанні, вы адказваеце, і па магчымасці шчыра. Па іншаму проста няма сэнсу. І пастарайцеся без лішніх эмоцыяў.
– Вам лёгка гаварыць... – прамармытала кліентка. – Без эмоцыяў... Паспрабуй тут... Добра, пытайце. Што вас цікавіць?
– Даўно вы жывяце ў сваёй кватэры?
– Даўно, дваццаты год ужо. Засялілася, як толькі пабудавалі наш мікрараён. Наогул, гэта мужава кватэра. Яму далі па лініі прафсаюза.
– А хто ў вас муж?
– О, ён вядомы ў нашым горадзе ўрач, хірург, кандыдат навук.
– Як яго зваць?
– А гэта важна? Ігар Андрэевіч Багінскі.
– Значыць, вы жывяце ў кватэры з мужам? А чаму ён сам не прыйшоў? Яго прывіды не непакояць? Толькі вас?
– А чаму вы так пытаеце? – разгубілася кліентка.
– Таму што хачу належным чынам зразумець сітуацыю, – адказаў Барыс. – Як ваш муж рэагуе на прысутнасць палтэргейста? Ён жа ўрач. Што ён пра гэта думае?
– Ён пра гэта не ведае, – прамовіла Ірына Сяргееўна, памаўчаўшы. – З мужам мы не жывём ужо два гады з гакам.
– Чаму?
– Ну якое гэта мае дачыненне да маёй праблемы? Гэта наша асабістая справа...
– Мы дамовіліся, што вы будзеце адказваць на ўсе мае пытанні, – нагадаў Барыс.
Кліентка завагалася, пачырванела.
– Справа ў тым, – мякка ўступіла ў размову Святлана, якой, як заўсёды, здавалася, што Барыс празмерна цісне на субяседніка, – што з’явы падобнага гатунку амаль заўсёды бываюць звязаныя з канкрэтным чалавекам. У іх ёсць носьбіт, або той, хто правакуе іхнюю актыўнасць. У дадзеным выпадку гэта, хутчэй за ўсё, вы. Таму нам абавязкова трэба разабрацца ў вашых узаемаадносінах са сваякамі, жывымі і памёршымі, з калегамі на рабоце, з суседзямі і гэтак далей. Цалкам магчыма, што які небудзь эпізод вашага жыцця, які вы самі палічылі другарадным і нязначным, паслужыў прычынай вашых сённяшніх непрыемнасцяў.
– Вы хочаце сказаць, што мне шкодзіць мой муж?! – спалохалася Ірына Сяргееўна.
– Я нічога не хачу сказаць, – запярэчыла Святлана. – Я толькі хачу, каб вы адказалі на пытанне: чаму вы ўжо два гады не жывяце з мужам?
– У яго ёсць каханка, – выдушыла з сябе кліентка.
– Вы гэта дакладна ведаеце? – спытаў Барыс.
– А чаго тут ведаць! – кроў зноў кінулася ў твар жынчыне. – Яны і не тояцца! Ён жыве з ёю, у ейным доме, а мяне толькі так, зрэдку наведвае.
– Вы не разведзеныя?
– Не.
– Чаму?
– Таму што гэта ягоная кватэра, няўжо не ясна! Ён чалавек з імем, бывае ў вельмі высокіх колах, за мяжу ездзіць. У ягоным асяроддзі не прынята разводзіцца праз каханак – гэта ганьба! Таму ён сказаў мне, што, калі я не буду ўсчынаць скандал і закрыю вочы на ягоную сувязь з тою марухай, дык ён дазволіць мне жыць у сваёй кватэры. Ну, а калі я падам на развод, ён мяне папросту выкіне на вуліцу! Так, ён падлюга, падлюга! Але вы ж разумееце, што ў мяне проста няма выбару!
– Ну што ж, ясна. А дзеці ў вас ёсць?
– Так, дачка Наташа. Яна ўжо замужам, жыве з мужам у Іркуцку.
– Я так разумею, гэта ваша агульная з мужам дачка?
Кліентка перасмыкнулася:
– Канечне! Як вы толькі маглі дапусціць!..
– Давайце не будзем абурацца, – зноў спыніў яе Барыс. – А ў вашага мужа ёсць дзеці?
– Ад гэтай марухі?! – аж жахнулася Ірына Сяргееўна. – Барані Божа! Няма! Пакуль што няма...
– Так, добра. А ўнукі ў вас ёсць?
Кліентка ўздыхнула і прызналася:
– Не магу сабе ўявіць, што ў свае сорак два гады стану бабуляй. Не, унукаў таксама няма.
– А колькі гадоў вашай дачцэ?
– Дзевятнаццаць. Праз тры месяцы будзе дваццаць.
– Ну, тады ўнукі – гэта цалкам магчыма, – усміхнуўся Барыс. – Дзіўна, што гэта не здарылася значна раней.
Кліентка ўспыхнула:
– Паслухайце! Пазбаўце мяне ад вашых каментароў! Што за манера, далібог! Я, між іншым, да гэтага часу не разумею сэнсу вашага допыту. Чаму я абавязана вам адказваць? Але нават калі мае адказы і сапраўды неабходныя для справы, дык магу я прынамсі даведацца, да якіх вывадаў вы прыйшлі, выслухаўшы іх. Вам гэта хоць што небудзь дало?
– Пакуль што не, – адказаў Барыс бясколерна. – Каб канчаткова стварыць лягічны ланцуг, мне не хапае нейкага звяна.
– Якога звяна?
– Яшчэ не разумею. Спадзяюся, вы ад нас нічога не ўтаілі?
– А што я магла ад вас утаіць? Мне няма чаго саромецца, я прыстойна жыццё пражыла!
– Добра, – кіўнуў Барыс. – Падыдзем тады з іншага боку. Вы прынеслі тое, што мы прасілі?
Кліентка кіўнула, палезла ў сумачку і выняла з яе маленькую алюмініевую лыжачку.
– Вы ўпэўнены, што гэта менавіта тое, што трэба? – спытаў Барыс.
– Ва ўсякім разе, яна была сярод прадметаў, параскіданых прывідамі па маёй кухні, – адказала Ірына Сяргееўна.
– Ну што ж, паспрабуем, – Барыс узяў лыжачку з яе рук і перадаў яе Даньку. – Прасканіруй, жаўнер.
Хлопчык сціснуў лыжачку паміж далонькамі, засяродзіўся, ссунуў борвы.
– Ірына Сяргееўна схлусіла, – прамовіў ён, памаўчаўшы хвілінку. – У яе было двое дзяцей. Адзін памёр. Сын.
– Што... што гэта значыць? – кліентка спалохана залыпала вачыма. – У мяне ніколі не было ніякага сына! У мяне толькі дачка Наташа! Што вы тут выдумляеце! Як мог памерці той, каго не было!
Барыс пытальна зірнуў на Даньку.
– Ён памёр два гады назад, – упэўнена дадаў хлопчык. – І не проста памёр. Вы яго самым зверскім чынам забілі.
– Што о?! – вылупіла вочы Ірына Сяргееўна. – Я два гады назад забіла свайго сына?! Ды вы хоць разумееце, што кажаце?! Не, шаноўныя, я бачу, што памылілася, прыйшоўшы да вас! Я думала, вы мне дапаможаце, а вы замест гэтага на мяне такі паклёп узводзіце! Я – забойца?! Ды яшчэ самым зверскім чынам?! Ну, ведаеце, гэта ні ў якія вароты!..
Яна ўсхапілася з месца і кінулася прэч з пакоя.
– Калі вы зараз пойдзеце, больш мы з вамі размаўляць не будзем ніколі, – наўздагон ёй прамовіў Барыс. – У нас ёсць значна больш сур’ёзныя справы, чымся глядзець на істэрыкі людзей, якія самі не ведаюць, чаго хочуць.
– Ды я лепш зноў да папа пайду! – крыкнула з прыхожай Ірына Сяргееўна, нечым загрымеўшы, як і тады, калі ўваходзіла. – Чорт, панастаўлялі тут!.. Хоць бы святло ўключылі!..
Потым раптам настала поўная цішыня. А яшчэ праз мінуту кліентка зноў з’явілася ў гасцінай, бледная, са слязьмі на вачах.
– Я сапраўды вам не сказала... – голас яе дрыжаў. – Ваш хлопчык не памыляецца... амаль не памыляецца. Два гады назад я зрабіла аборт. Але я ж не магла ведаць, што гэта будзе сын!..
Яна заплакала.
– Вось! – задаволена прамовіў Барыс. – Гэта і ёсць тое звяно, якога мне не хапала!


Рецензии