Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 2 12, 13

12.

У гасцінай Данька ўжо расклаў на пакрытай паласам падлозе цацачную чыгунку і чакаў Пецю, правяраючы, ці дзейнічаюць батарэйкі.
– Цур, сягоння чырвоны паравоз мой! – папярэдзіў ён, убачыўшы хлопца на парозе.
– Дамовіліся, – адразу згадзіўся Пеця, сеўшы на падлогу поплеч з Данькам. – Колькі ў нас сёння семафораў?
– Пяць.
– Так не чэсна! Мінулым жа разам на трох спыніліся!
– А сёння пяць, – упарта страсянуў галавой Данька. – Ты мне адзін семафор прагуляў, памятаеш?
– Ну дык адзін, не два ж!
– Усё роўна, няхай будзе паяць. Так цікавей.
– Ну, добра. Толькі, глядзі, не махляваць! Калі будзеш, як мінулым разам, батарэйкі позіркам выключаць, я з табой больш не гуляю!
– Не буду, слова гонару.
– Тады паехалі!
«А яшчэ пакрыўдзіўся, што я яго хлапчуком назвала... – падумала Святлана пра Пецю. – Хлапчук і ёсць хлапчук. Дзесяцігадовы. Добра яму. Я такою ніколі не была».
Яна ціхенька прайшла ў свой пакой і прылегла на ложак, слухаючы, як за сцяной гудуць паравозікі і смяюцца, спрачаючыся, Пеця і Данька. Яна практычна нічога не ведала пра Пецю: як ён жыў да таго, як стаў тэхнікам Інстытуту, хто ягоныя бацькі, дзе ён вучыўся і якім, наогул, чынам знайшоў дарогу ў кампанію біяэнергетыкаў, сам біяэнергетыкам не з’яўляючыся. Святлана толькі цяпер злавіла сябе на думцы, што за ўвесь той час, што яны былі знаёмыя, ёй нават у галаву ні разу не прыйшло пацікавіцца Пецевым лёсам або прынамсі даведацца, хто ён і адкуль. Як быццам і не меў біяграфіі гэты вечна вясёлы і лёгкі хлопец з характарам падлетка; як быццам і не было за ягонымі плячыма цяжару мінуўшчыны, які так ці іначай мае кожны, хто лічыць сябе дарослым чалавекам. Святлана ўспомніла Пецеў папрок у павярхоўнасці і дала сабе слова, што абавязкова, пры першай жа магчымасці, распытае Барыса пра хлопца, які раптам стаў ёй цікавым, як ніколі раней.

13.

Позна вечарам, калі Пеця, абгуляўшы Даньку на два семафоры, сабраўся дадому, Святлана выйшла ў прыхожую яго правесці.
– Значыць, не хочаш з намі павячэраць? – спытала яна, трымаючы ў руках Пецеву шапку.
– Не, я лепш дадому пайду, – адказаў хлопец.
– Ну, як хочаш. Ты толькі не крыўдуй на мяне, калі я што не так тады сказала.
– Ды за што мне крыўдаваць, Светка? Мне ў вас заўсёды добра.
– Ты прыходзь яшчэ, калі вольная часінка выпадзе. Данька будзе рад.
– Ды ён на мяне надзьмуўся. Бачыш, нават правесці мяне не выйшаў.
– За што?
– За тое, што я яго перамог. Не любіць жаўнер прайграваць.
– Ты махляваў, – пачуўшы яго, гучна сказаў Данька з гасцінай.
– А вось і не! – адгукнуўся Пеця. – Гэта, наадварот, ты сёння па-сумленнаму гуляў, а калі ты гуляеш па-сумленнаму, у цябе шансаў супраць мяне няма.
– Ну, толькі не сварыцца на развітанне! – папярэдзіла Святлана. – Данілка, ідзі сказаць госцю бай-бай, не наравіся.
Паявіўся Данька, паціснуў Пецю руку, усміхнуўся:
– Заўтра не прыходзь, заўтра мы са Светай на могільнік едзем. А так заўсёды сардэчна запрашаем.
– Ну, дзякуй, – кіўнуў Пеця.
Пра могільнік Святлана Даньку не казала і таму збянтэжылася. Няўжо ён яшчэ з учарашняга дня ведаў? Або сёння размову на кухні пачуў? Або...
Калі Пеця пайшоў, Данька крануў яе за руку:
– Дапаможаш мне сабраць паравозікі?
Святлана зразумела, што ён просіць яе аб гэтым таму, што хоча, каб яна супакоілася і развеялася ад непрыемных думкаў. Канечне, свае паравозікі ён будзе збіраць сам – нікому ён такой адказнай справы не даверыць. Але няхай Святлана проста пасядзіць з ім на падлозе, паглядзіць, скажа што небудзь добрае. І ён ёй што небудзь добрае скажа. А потым яны разам замкнуць скрынку з паравозікамі ў шафу і пойдуць вячэраць.
– Добра, хадзем, – уздыхнула Святлана і абняла Даньку за плечы.


Рецензии