Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 3 5, 6

5.

У гасцінай раптам зазваніў тэлефон.
– Я вазьму, татка, не ўставай! – крыкнула з кухні Ленка і пабегла да апарата.
Са сваёй канапы Кірыл добра чуў кожнае яе слова:
– Алё! А-а, гэта ты... Чаго табе? Не, сёння я нікуды не пайду. Чаму-чаму... У мяне татка захварэў, «хуткая дапамога» толькі што паехала... Ага, сэрца... Ну, усё, бывай. Цябе толькі тут не хапала!
Яна сярдзіта кінула трубку.
– Хто там? Дзімка? – спытаў Кірыл.
– Дзімка, – адказала Ленка, уваходзячы ў кабінет.
– Куды ён цябе клікаў?
– Ды так... Дурам ён мучыцца.
– Ну і пайшла б, памучыліся б разам.
– Ну вось яшчэ! А цябе аднаго пакінуць?
– Ды я ўжо нармальна сябе пачуваю, Лен. Зараз вось устану, і будзем абедаць.
– Я табе ўстану! – прыгразіла Ленка. – А за Дзімку не хвалюйся, ён зараз сюды прыбяжыць. Ён, здаецца, таксама спалохаўся, што ты захварэў.
– Праўда? Вось і добра, няхай прыбягае, паабедаем утрох.
– У дадзеным выпадку па-беларуску кажуць «утраіх». Эх ты, а яшчэ нацыянальны пісьменнік! – упікнула Ленка і пайшла займацца сваімі справамі.
Праглынуўшы справядлівае ўпіканне, Кірыл паглядзеў услед дачцэ. «Зусім як маці, – падумаў ён з пяшчотай. – Таксама заўсёды кажа тое, што думае, і нічога не баіцца...»
Ляжаць на канапе не хацелася, тым больш што Кірыл і сапраўды пачуваў сябе ўжо абсалютна нармальна і бадзёра. Гэта было дзіўна, таму што звычайна сардэчныя прыступы не праходзяць так хутка і так бясследна. Ціхенька, каб не пачула Ленка, ён устаў, падперазаў свой дамашні халат («буржуйскі», як называла яго дачка), адчыніў фортачку і сеў да свайго стала, на якім ляжаў стос чыстай паперы і некалькі падрыхтаваных напярэдадні гістарычных часопісаў, у якіх ён збіраўся пашукаць матэрыялы пра Багдановіча. У фортачку ўлівалася салодкая майская цеплыня: надвор’е было ўжо зусім летняе, сярэдзіна дня наплывала бурштынавымі сонечнымі хвалямі, ветрык прыносіў пах маладога лісця, вераб’і радасна крычалі, не звяртаючы ўвагі на суседскага кацяру Васільдзіча, які пільнаваў іх, седзячы на невялікай бетонавай пляцоўцы на выгіне рынны. Стол стаяў перад акном, і Кірылу было добра відаць і Васільдзіча, і вераб’ёў. А яшчэ яму было відаць, як Ленка стаіць на балконе і ветрык варушыць яе валасы – яна адлюстроўвалася ў створцы фортачкі, і над галавой яе адлюстравання ў шыбцы танцавалі сонечныя блікі.
Зазванілі ў дзверы – гэта сапраўды прыбег Дзімка. З хвіліну паслухаўшы, як Ленка напаўголасу спрачаецца з ім у пярэдняй, Кірыл кашлянуў і басавіта прагудзеў са свайго кабінета:
– Заходзь, Зміцер Барысавіч, не звяртай на яе ўвагі!
Праз секунду Зміцер Барысавіч ужо стаяў на парозе кабінета. На ім былі аранжавыя трыкатажныя шорцікі, блакітная атласная футболка і чорныя шкарпэткі. Ён быў рыжы, хаця і не ў тым сэнсе, які звычайна ўкладаюць у гэтае слова: валасы ён меў мяккія, неслухмяныя і даволі цёмныя – можна нават сказаць, бронзавага колеру, а на ягоным злёгку кірпатым носе сядзелі пяць велізарных залатых вяснушкаў. І ўсё, больш на твары ніводнай вяснушкі не было. Дзімка быў на год малодшы за Ленку, вучыўся з ёю ў адной школе і з першага класа быў яе найлепшым сябрам. Натуральна ж, увесь гэты час за імі хадзіла мянушка «жаніх і нявеста». Кірыл таксама калі-нікалі паўжартам называў хлопчыка «зяцёк», зрэшты, надаючы гэтаму слову немалое значэнне: яму здавалася, што, калі Ленка і Дзімка за столькі гадоў ні разу не пасварыліся, дык, хто знае, можа, і не заўважыш, як яны і на самай справе стануць жаніхом і нявестай. Кірыл, між іншым, нічога супраць гэтага не меў: Дзімка ўжо даўно быў у ягоным доме сваім чалавекам.
Убачыўшы Кірыла за сталом, Дзімка здзіўлена расшырыў свае зялёныя вочы:
– А Ленка сказала, што вы захварэлі сур’ёзна!
– Чуткі пра маю хваробу трошкі перабольшаныя, – усміхнуўся Кірыл, паварочваючыся да хлопчыка тварам. – Але дзякую, што прыйшоў. Зараз абедаць будзем.
– Там вам дзядуля слоік салёных агуркоў прыслаў, – паведаміў хлопчык, – і сухога глогу – ён ад сэрца добра.
– І за гэта дзякую.
За Дзімкавай спінай вырасла Ленка:
– Татка, ты чаму ўстаў?! Табе ж урач не дазволіў!
– Алёна Кірылаўна, не палохай госця, – адгукнуўся Кірыл. – Я ж сказаў, што са мной усё ў парадку. Пастаў лепш боршч на фаерку і бульбу тушаную падагрэй, зараз мы яе з агурочкамі і ўмелем! Зяцёк, забірай гэтае дзяўчо на кухню, хай не крычыць на бацьку.
Тоненькі спружыністы Дзімка радасна падхапіў Ленку пад локаць і пацягнуў за сабою. Тая нешта нездаволена забурчала, як старая баба, але не ўпарцілася. Настрой у Кірыла зусім палепшыўся. Яму заўсёды станавілася прыемна і весела, калі Дзімка і Ленка бывалі дома разам. Ён з наогул не ўласцівай яму сентыментальнасцю любаваўся на іхняе сяброўства, на трошкі забаўную, але абсалютна шчырую ўзаемную закаханасць, якая нясмелым яшчэ агеньчыкам загарэлася ў іхніх душах апошнім часам і якой яны, як усе падлеткі, і саромеліся, і пабойваліся, і на тое, як Дзімка дазваляе Ленцы паводзіць сябе з ім, як з малодшым, і спакойна цярпіць яе бурчанне, хаця, калі захоча, дык адною вясёлай усмешкай умее зліквідаваць усю яе суровасць, так што праз хвіліну, глядзіш, яны ўжо абое смяюцца і самі не ведаюць з чаго. Так, Дзімка быў памяркоўны, лагодны, уступчывы і вельмі ўдала ўраўнаважваў рашучую, парывістую, а часамі і проста імпульсіўную Ленку. З ім заўсёды бывала лёгка. Можа быць, таму, што  ён быў сынам вельмі добрага, высакароднага і мужнага чалавека, з якім Кірыл шмат гадоў сябраваў, якога па-сапраўднаму паважаў і часта з болем у душы ўспамінаў пасля таго, як яго раптам не стала. Гэты чалавек, ветэран Афганістана і чарнобыльскі ліквідатар, не загінуў. Ён паросту знік недзе на тэрыторыі АЭС пад час выканання нейкага асабліва важнага задання, даручанага яму як былому баявому афіцэру. Яго так і не знайшлі – ні жывога, ні мёртвага. У ягоную смерць Кірыл дагэтуль не верыў. Дзімка таксама.

6.

З кухні сапраўды даляцеў вясёлы смех. Бразнула накрыўка каструлі, Ленка звонка і выразна сказала: «Дурак!» і зноў засмяялася. «Боршч, відаць, будзе са смехам...» – падумаў Кірыл, перагортваючы старонкі часопіса, што ляжаў перад ім на стале. Чытаць, зрэшты, расхацелася – занадта добрае было надвор’е і занадта весела смяялася Ленка. Думаць пра працу ў такіх умовах не было ніякага жадання.
Кірыл зусім не ўмеў гатаваць і быў вельмі рад, што гэты клопат узяла на сябе дачка. Калі яна была меншай, ён падумваў аб тым, каб наняць хатнюю работніцу, аднак Ленка адразу і рашуча паўстала супраць такой ідэі – бачыць у доме чужую жанчыну пасля смерці мамы яна катэгарычна не хацела. «Я сама табе буду кашу варыць!» – заявіла яна безапеляцыйна і з таго часу сапраўды варыла – і не адну кашу. Кірылу заставалася толькі хадзіць у краму па прадукты. Гэта быў зусім не цяжкі абавязак. Шпацыр па вуліцы з сумкамі ў руках пры ягоным сядзячым спосабе жыцця не прыносіў нічога, апрача карысці (свае «Жыгулі» у падобных выпадках Кірыл ніколі не выганяў з гаража), а стаяць у доўгіх чэргах, як усім іншым, яму не даводзілася – ён атаварваўся ў спецыяльнай краме, дзе па пасведчанні члена Саюза пісьменнікаў яму выдавалі любыя дэфіцытныя прадукты, і па значна ніжэйшых цэнах, чымся ў звычайных гастраномах. Бывалі, праўда, часы, калі, чарговы раз ідучы па пакупкі, ён уздыхаў і моршчыўся, як ад зубнога болю: калісьці даўно, у дні сваёй маладосці, Кірыл Цімафейчык лічыў амаральным само існаванне спецкрам; цяпер жа Кір Ціхі, бледны цень таго хлопца, спакойна паказаўшы пасведчанне дзяжурнаму, менавіта з такой крамы выносіў кілаграмы прадуктаў, пра якія радавыя грамадзяне маглі толькі марыць, і ўсё радзей і радзей пакутаваў ад згрызотаў сумлення. Больш таго, яму падабалася такая сістэма абслугоўвання, і ён разумеў, што адмовіцца ад яе цяпер ён не згадзіўся б ні за што на свеце. І дзе толькі падзеўся той маладзенькі бязвусы студэнт, які адварную бульбу з тушонкай лічыў самай смачнай стравай на свеце! Здавалася б, чалавек, у якога ён ператварыўся, па-ранейшаму любіў простую сялянскую ежу, да якой быў прывучаны з маленства яшчэ бабуляй. Аднак у ягонай сённяшняй бульбе ляжала зусім не тушонка, а вялікія кавалкі сапраўднай ялавічыны, прыпраўленай дэфіцытнымі фінскімі спецыямі, а боршч гатаваўся на свіным сале, пра якое раней ён марыў хіба што на святы, нават калі жыў у вёсцы. У гэтым і была ўся розніца, не занадта, быццам бы, кідкая – у іншай сітуацыі на яе можна было б папросту не звяртаць увагі, але ўся справа якраз і заключалася ў тым, што розніца гэтая назіралася ва ўсім: пачынаючы з дробязей і закончваючы перакананнямі і светапоглядам, яна нітачкай цягнулася праз усё жыццё, аддзяляючы свет Кірыла Цімафейчыка ад свету Кіра Ціхага. Канечне, ён мог бы апраўдацца тым, што людзі мяняюцца з часам, што гэта натуральна і што ідэалізм і максімалізм юнака амаль ніколі не атрымліваецца ў спадчыну дарослым чалавекам. Мог бы, калі б сам не разумеў, як бездапаможна і ўбога выглядаюць падобныя апраўданні нават перад самім сабою. Некалькі разоў ён спрабаваў разабрацца ва ўласным лёсе, стараўся зразумець, дзе і калі страціў сваё былое «я», але шторазу нібыта натыкаўся на неадольны мур: людзей, якія зналі яго маладым, у горадзе амаль не засталося – іх быццам бы нехта наўмысна паразганяў з ягонай дарогі, а тыя, з кім ён быў знаёмы сёння, бачылі толькі славутага пісьменніка і нічога не ведалі аб напаўгалодным студэнце, чые вершы ў свой час не згаджалася публікаваць нават заняпалая мясцовая газеціна, рэдактар якой цяпер пры сустрэчы кланяўся яму траха не да зямлі і часцяком прысылаў яму на рэцэнзію свае найболей важныя перадавыя артыкулы, каб не асарамаціцца перад партыйным начальствам.
І ўсё такі, калі б Кірыла спыталі, ці хоча ён, каб усё раптам стала па-ранейшаму і ён бы зноў ператварыўся ў Кірыла Цімафейчыка, ён бы з жахам закрычаў: «Не! Не! Ні за што!» Канечне, і тут можна было б знайсці апраўданне: у яго, маўляў, дачка, яна павінна мець тое, чаго ён сам у дзяцінстве не меў. Аднак у глыбіні душы Кірыл ясна адчуваў, што справа тут не ў дачцэ, а ў тым, што  ужо проста жыць не можа без свайго сённяшняга дабрабыту, які даўно стаў для яго галоўным і дзеля захавання якога ён гатоў быў ісці на кампрамісы з сумленнем, пісаць па заказу і хваліць няздараў. Маладога Цімафейчыка не патрапілі зламаць голадам і запужваннямі. Яго зламалі сытасцю: падпусцілі да кармушкі, ад якой, паеўшы раз, ён ужо не здолеў адарвацца і пачаў паступова апускацца, губляючы ўсё, у што верыў, пакуль нарэшце не апусціўся да таго ўзроўню, на якім знаходзіўся цяпер. Ці была гэта апошняя граніца яго падзення? Кірыл баяўся, што не.
А Ленка тымчасам весела смяялася на кухні.
Часамі, гледзячы на дачку, Кірыл з тугою думаў: а што, калі аднойчы настане дзень і які-небудзь Гузікар спытае яго, як Пэра Гюнта: «Скажы, дзе быў ты сам сабою?». Ці стане тады Ленка ягоным адзіным паратункам на дарозе ў пекла? Ці зможа яна, ягоная ясачка, засланіць яго сабою і, падобна да Сольвейг, адказаць: «В любви своей ко мне собою был ты!»? Усё часцей і часцей надыходзілі такія хвіліны, калі Кірылу пачынала здавацца, што нават гэтага апошняга паратунку ён не заслужыў.


Рецензии