Цёмны анёл темный ангел повесть раздел 3 9, 10

9.

У прызначаны дзень Кірыл сапраўды паехаў у інстытут, на сустрэчу са студэнтамі філфака. Ён уяўлення не меў, пра што будзе і імі гаварыць, але вырашыў не сушыць над гэтым галаву і не рыхтавацца загадзя, тым больш што слова «дыспут» падразумявала ўзаемны абмен думкамі, а значыць, яму па-любому давялося б імправізаваць. Дыстпутаў і іншых публічных спрэчкаў Кірыл, шчыра кажучы, не любіў – не таму, што баяўся вострых пытанняў у свой адрас. Хутчэй наадварот. Ён вельмі добра ўяўляў сабе, як выглядае ў савецкай навучальнай установе дыспут з удзелам мясцовай славутасці: спачатку госць доўга і нудна выступае з трыбуны, распавядаючы пра ўласныя заслугі перад партыяй і ўрадам, а потым усе прысутныя задаюць яму па паперцы абсалютна бяззубыя пытанні, з якімі, да таго ж, яго азнаёмілі незадоўга да пачатку мерапрыемства і нават дазволілі выкрэсліць тыя пытанні, якія яму не падабаюцца. Менавіта гэта заўсёды злавала Кірыла. Зрэшты, часы мяняліся, расло новае пакаленне моладзі, акрыленай перабудовай. Уласна кажучы, Кірыл таму і згадзіўся ўзяць удзел у мерапрыемстве, што спадзяваўся, што яно ўсё такі пройдзе як паўнацэнны дыспут аб сучаснай літаратуры, а не як чарговы партсход.
Ён наўмысна выехаў з дому трошкі раней, чым трэба. Спяшацца не хацелася, стаяла цудоўнае надвор’е, горад зелянеў, і рухацца па ягоных вуліцах у «Жыгулях» было адно задавальненне. Апрача таго, на любыя мерапрыемствы, на якія яго запрашалі, Кірыл заўсёды прыходзіў «з запасам часу», каб мець магчымасць агледзецца, пагаварыць з арганізатарамі, адчуць атмасферу. Гэта было своеасаблівае правіла, якое многія лічылі дзівацтвам і якое ён завёў сабе ўжо шмат гадоў назад і дагэтуль няўхільна яго прытрымліваўся.
Напярэдадні Кірыл паспрабаваў успомніць сваю студэнцкую маладосць і раптам са здзіўленнем зразумеў, што зусім яе не памятае. Абрыўкі ўспамінаў прыходзілі, як праз сон, і практычна ні аб чым яму не гаварылі. Ён добра памятаў усе  інстытуцкія аўдыторыі, мог з заплюшчанымі вачыма намаляваць сабе кожны калідор, кожную лесвіцу і кут, але зусім не памятаў людзей, з якімі вучыўся разам, пазабываў твары ўсіх выкладчыкаў, і гэта яго страшэнна бянтэжыла, як і ўсё, чаго ён не быў здольны сабе растлумачыць. Ён ведаў, што большасць тых, у каго ён калісьці вучыўся, у інстытуце ўжо не працуе, што іх на хвалі перабудовы замянілі новыя, маладыя выкладчыкі і што і рэктар, і прарэктар, і дэканы там ужо таксама іншыя, але Кірыла гэта зусім не суцяшала. Для яго гэта значыла толькі тое, што, прыехаўшы ў інстытут, ён так і не зможа нічога ўспомніць са сваёй мінуўшчыны, бо папросту не засталося тых, хто мог бы яму дапамагчы гэта зрабіць. Як быццам і не было той мінуўшчыны. Як быццам яна і сапраўды яму прыснілася.

10.

Яму чамусьці здавалася, што на ганку інстытуту яго абавязкова нехта павінен сустракаць, аднак ніхто яго не чакаў. Толькі два студэнты курылі, седзячы на прыступках, але яны не звярнулі на Кірыла ніякай увагі, калі ён выйшаў са сваёй машыны, узышоў на ганак і адчыніў парадныя дзверы. Затое ў вестыбюлі яго адразу ж спыніла вахцёрка:
– А вы куды, таварыш?
– Мяне запрасілі, – адказаў Кірыл, трошкі разгубіўшыся. – Мне патрэбны дэкан філялягічнага факультэта.
– Яго няма, ён у камандзіроўцы, – растлумачыла вахцёрка. – Ёсць толькі ягоны намеснік, але ён заняты, у яго мерапрыемства.
– А я вось якраз на мерапрыемства і прыйшоў.
– А вы хто будзеце?
– Я Кір Ціхі.
Хто такі Кір Ціхі, вахцёрка яўна не ведала.
– А вас па якім пытанні запрасілі? – пацікавілася яна.
– Наколькі я ведаю, для сустрэчы са студэнтамі.
– А, вы лектар?
– Ды не, я заўсёды думаў, што я пісьменнік.
– Пісьменнік? Мне пра вас нічога не казалі.
– Ну дык далажыце каму небудзь з вашага начальства, – пачаў ужо злавацца Кірыл. – Вы лічыце, што мне няма чаго рабіць, толькі з вамі спрачацца? Мой час, між іншым, занадта дорага каштуе, каб яго на вас марнаваць.
Вахцёрка нездаволена зірнула на яго, але ўзяла трубку тэлефона і камусьці пазваніла. Адказалі ёй, відаць, даволі рэзка, таму што яна змянілася з твару, а потым палажыла трубку і раптам заўсміхалася:
– Праходзьце, калі ласка, Кір Аляксандравіч! Даруйце, што не пазнала. Так, так, вас чакаюць у дэканаце. Другі паверх, кабінет нумар дзесяць.
– Ды ведаю я, дзе ў вас дэканат, – махнуў рукой Кірыл і пайшоў у накірунку да лесвіцы.
Намеснік дэкана, чалавек, намнога малодшы за Кірыла, энергічна ўсхапіўся з за свайго стала, калі ўбачыў госця на парозе дэканата.
– Добры дзень, Кір Аляксандравіч! – усклікнуў ён, увесь ззяючы. – Рады, рады вас бачыць! Спадзяюся, вы даруеце нам гэты недарэчны інцыдэнт? Мы не думалі, што гэтая курыца на вахце вас не пазнае. Вы проста трошкі рана прыйшлі, а то дык мы абавязкова б вас сустрэлі.
– Ну, чаму ж курыца? – запярэчыў Кірыл, сядаючы на крэсла, якое яму падставіў намеснік. – Яна проста рабіла тое, што павінна. Урэшце рэшт, знаць мяне з твару ніхто не абавязаны.
– Усе абавязаныя! – усё ззяючы, не згадзіўся намеснік. – Вы наш самы славуты зямляк, для нас вялікі гонар, што вы жывяце ў нашым маленькім горадзе, любіце яго, вершы пра яго пішаце. На вашым месцы кожны б ужо даўно паехаў у сталіцу, а вы нас не кідаеце, з намі застаяцеся. Вось і інстытут наш не забылі, сваю, так бы мовіць, альма матэр. Вы ж наш выпускнік?
– Выпускнік.
– Ну, вось бачыце!
Ён зноў сеў за стол, падсунуў да сябе графін з нейкай аранжавай вадкасцю:
– Хочаце ліманаду? А можа, кавы? Кацярына Віктараўна зараз прынясе.
– Не, не, не трэба, – адмовіўся Кірыл. – Вас як, даруйце, імя і па бацьку?
– Мікола Генрыхавіч, – адказаў намеснік, злёгку пакланіўшыся цераз стол.
– Вельмі прыемна, – кіўнуў Кірыл. – Дык вось, Мікола Генрыхавіч, вы лепш, калі ласка, растлумачце мне падрабязна, у чым сэнс мерапрыемства і чаго вы хочаце асабіста ад мяне. А то ваша Кацярына Віктараўна, калі тэлефанавала, так мне нічога толкам і не расказала. Дарэчы, дзе яна? У прыймальні нікога няма.
– Яна, відавочна, у актавай зале, – збянтэжыўся намеснік. – Сочыць за падрыхтоўкай сцэны.
– А як жа, у такім разе, яна прынесла б нам кавы?
– Ну... ну, я б вам сам заварыў... – прамармытаў Мікола Генрыхавіч.
– Строгая яна, відаць, жанчына, – усміхнуўся Кірыл. – Я гэта з размовы з ёю адразу зразумеў. І немаладая, напэўна. Даўно яна ў інстытуце?
– Яна ў нас ужо амаль трыццаць гадоў працуе, – растлумачыў намеснік.
– І ўсё сакратаркай?
– Ды не, што вы! Раней яна была парторгам інстытуту і выкладала навуковы камунізм.
– Дзіўна. Тады, значыць, я павінен яе памятаць. Але не памятаю. Дык за што ж яе цяпер так панізілі?
Мікола Генрыхавіч нейк засаромлена апусціў вочы і нават чамусьці пачырванеў:
– Ну хто ж сёння верыць у навуковы камунізм...
Кірылу стала шкада яго. Канечне ж, былы парторг і строгая выкладчыца навуковага камунізму з трыццацігадовым стажам была не той чалавек, які згадзіўся б заварваць і падносіць начальству каву. Хутчэй за ўсё, гэтым менавіта Мікола Генрыхавіч і займаўся замест сакратаркі, а яна, па старой памяці, кіравала – калі і не ўсім факультэтам, дык прынамсі многімі ягонымі справамі і, у прыватнасці, сённяшнім дыспутам, да якога, як Кірылу падказвала інтуіцыя, намеснік дэкана меў хіба што ўскоснае дачыненне. Тым не менш, Мікола Генрыхавіч вельмі ўзрадаваўся і ўздыхнуў з палёгкай, калі Кірыл зноў перавёў размову з Кацярыны Віктараўны на мерапрыемства.
– Справа ў тым, – пачаў тлумачыць ён Кірылу, – што сучасная літаратура ў нашай краіне перажывае надзвычай цяжкі, я б нават сказаў, крызісны перыяд. Сапраўдныя творы мастацтва, якія заўсёды лічыліся савецкай клясікай, сённяшнюю моладзь практычна не цікавяць. Новае пакаленне ў нас, на жаль, выбірае не «Пепсі», а тыя танныя кніжкі і брашуркі, якія рынулі на нас з за мяжы і літаральна засыпалі прылаўкі нашых кнігарняў. Ну, а што пішуць у падобных брашурках, вы, напэўна, і самі сабе добра ўяўляеце: бруд, насілле, парнаграфія... І як такая прадукцыя ўплывае на свядомасць маладога чалавека, які толькі пачынае жыць, таксама вядома. Іначай чаму ў нашай дзяржаве так рэзка павялічылася колькасць цяжкіх злачынстваў? Вось мы і вырашылі пагаварыць з нашымі студэнтамі на гэтую тэму. Не, канечне, мы не збіраемся абмяркоўваць з імі нізкапробны шырспажыў з камерцыйных кіёскаў, – паспешна дадаў ён. – Наадварот, мы маем намер нагадаць маладому чалавеку, што, апрача ўсёй гэтай замежнай дрэні, у наш час існуе і сапраўдная, высокаякасная літаратура, якую клапоцяць маральныя праблемы нашага грамадства, праблемы перабудовы, галоснасці, будаўніцтва новага жыцця. Вось гэтаму і будзе прысвечаны наш сённяшні дыспут.
– Ясна, – кіўнуў Кірыл. – Тэма цікавая. І праблема сапраўды існуе. Думаю, паўдзельнічаць у такім дыспуце будзе карысна як студэнтам, так і мне. Толькі ў мяне, калі дазволіце, ёсць дзве просьбы.
– Канечне, канечне! – паспешна заківаў МІкола Генрыхавіч.
– Па першае, размаўляць з аўдыторыяй я буду выключна на беларускай мове.
– М м... Думаю, гэта можна, – згадзіўся намеснік пасля кароткай паўзы. – У нас на філфаку, праўда, няма беларускага аддзялення, але я спадзяюся, што вас усе зразумеюць.
– Я таксама спадзяюся. А па другое, я вельмі прашу вас неадкладна адабраць у студэнтаў паперкі з пытаннямі, якія вы ім загадзя параздавалі. Мне б хацелася, каб у нас з моладдзю ішла жывая размова, а не падрыхтаваная і завучаная па ўказцы дэканата.
– А вось гэта не ведаю... – разгубіўся Мікола Генрыхавіч, лыпаючы вачыма. – Баюся, што, калі мы зробім так, дык ніякага мерапрыемства зусім не выйдзе.
– Чаму ж?
– Ну, я ж вам растлумачыў, чым цікавіцца сучасная моладзь. У яе наўме, груба кажучы, адны сіські піські. Калі адабраць у іх паперкі, дык пра сапраўдную літаратуру ніхто і гаварыць не захоча.
– Кепска ж вы думаеце пра нашу моладзь. Вам, прабачце, колькі гадоў?
– Дваццаць дзевяць.
– Ну вось, вы ж таксама, можна сказаць, яшчэ прадстаўнік моладзі. І ў вас што ж,таксама адны сіські піські?
– Я чалавек жанаты... – прамармытаў намеснік, зноў пачырванеўшы, як цнатлівая паненка.
– Ах, канечне, я гэтага не ўлічыў, выбачайце, – схіліў галаву Кірыл, зразумеўшы, што працягваць размову ў тым жа рэчышчы не мае ніякага сэнсу, а то сарамлівы Мікола Генрыхавіч, чаго добрага, яшчэ расплачацца ад успамінаў пра ўласную жонку. – Добра, можаце не адбіраць паперак, я сам пастараюся, каб нават з падрыхтаванымі прытаннямі наш дыялёг з аўдыторыяй набыў як мага болей свабодны характар.
Намесніка гэта, быццам бы, супакоіла, і ён зноў уздыхнуў з палёгкай.


Рецензии